— Тое, што ты сказаў нядаўна, найлепшая памяць,— адказала Жэня.— А грошы аддай Петраку i Люсі.
Васілёва рука аслабела, апусцілася на коўдру. Жэня, адчуваючы, што настала хвіліна развітацца, паднялася, падышла i пацалавала яго ў шчаку. Ад нечаканасці ён нават не варухнуўся.
— Ну, будзь здароў,— прамовіла.— Гані прэч хваробу, думай пра жывое.
— Дзякуй табе, добрая душа,— усміхнуўся, пазіраючы на яе з любасцю.— Пагаварылі — i мне стала нашмат лягчэй.
— Ну то i добра,— падбадзёрыла яна, махнула рукой i хуценька, глытаючы салёныя слёзы, падалася з пакоя.
4
Неўзабаве, калі выпаў першы малады снег, Васіль памёр.
Разам з іншымі адпраўлялі яго ў аношні шлях Жэня i Юля. Спачатку яна, Юля, была пахмурая, блізка не падыходзіла да труны, да нябожчыка, нават чужанілася людзей, але на могілках, калі труну з бацькам апусцілі ў глыбокую сырую яміну, прытулілася да маці i заплакала. Ужо не дзіцячымі, a сталымі слязьмі. Ад страты нялюбага, але роднага чалавека.
1986
ПЯТРО З ДАБРЫНІ
Міжгародні аўтобус.
Дарога далёкая, недзе за сем гадзін язды, дык міжволі нагледзішся i наслухаешся, што робіцца-дзеецца ў салоне, што за людзі твае выпадковыя спадарожнікі. Бывае, нехта спадабаецца паважнай гутаркай i такімі ж паважнымі паводзінамі, нехта насцярожыць падазронымі позіркамі i мітуснёй, нехта прыцягне ўвагу маўклівасцю i заклапочанасцю, a хтосьці так абрыдзе балбатнёй, выхілкамі, непавагай да суседзяў па паездцы, што зненавідзіш яго на ўсё жыццё. Адным словам, кожнае падарожжа — штосьці знаёмае, адно i тое ж, клопатнае i крыху стамляльнае, але разам з тым i асвяжальнае на ўражанні, на сустрэчы з людзьмі. Такое ж было i ў маёй леташняй паездцы па дарозе «Рэчыца — Мінск». Як помніцца, тады ў Светлагорску пасажыраў прыбавілася. Заскочылі маладзенькія, чырванашчокія дзяўчаткі-модніцы («З вёскі, паступілі некуды вучыцца»,— падумаў я), увайшла са старой, перавязанай аборкаю сумкай старая кабета («едзе ў Бабруйск альбо ў Мінск да дзяцей»), а пасля зайшла i аблюбавала за мной месца дзябёлая, рыжаватая i крышку рабаціністая, але вабная маладзіца i амаль услед, паставіўшы ў аўтобусны багажнік чамадан i развітаўшыся на пероне з пажылой кабетай, заявіўся гонкі, сіваваты мужчына ў сціплым шэрым касцюме, ведучы перад сабой малога, гадоў трох, паўнаватага, рыжанькага хлопчыка, вельмі падобнага на жанчыну, якая толькі што зайшла. Селі разам. Значыць, гэта была адна сям'я. Пра ix я падумаў тое ж, што маглі падумаць, мабыць, i вы: былі ў бацькоў, у адной з вёсак за горадам, а вось цяпер вяртаюцца туды, дзе цяпер жывуць. Зноў жа — у тыя ж Бабруйск альбо Мінск, куды неўзабаве памкнецца наш аўтобус.
Хутка вярнуліся з ведамасцю ад дыспетчара два шафёры, адзін сеў у кабіну, другі — на пярэдняе месца, i вялікі, з мяккімі, пакрытымі белымі чахламі крэсламі, аўтобус пачаў вырульваць з перона на вуліцу. Кабета на пляцоўцы пайшла побач i замахала рукой рыжанькаму ўнуку i яго бацькам.
— Шкадуе, што рана ад'язджаем, што не ўсё яшчэ зрабілі...— незычліва прамовіла маладзіца.
Мужчына не адказаў, толькі, здалося мне, нялёгка ўздыхнуў i ўсеўся ямчэй — здаецца, адкінуў назад спінку крэсла i прылёг.
Як i казаў, хочаш ці не хочаш, але мне прыходзілася ўсё чуць. Спачатку я, канечне, не зразумеў, з каго i з чаго кпіць маладзіца, а затым, калі яна пачала болей гаварыць, пачаў пакрыху i здагадвацца.
— Я ўжо не раз гаварыла, а цяпер скажу цвёрда: больш да тваёй мамачкі не паеду,— ужо гнеўна дадала яна.— Добра гэта ці блага, залюбіш ты ці не залюбіш — мне ўсё роўна. Не пакажу больш носа — i ўсё. Ты як хочаш: не дарагая табе свая сям'я, не шкадуеш, не клапоцішся пра нас, даражэйшая мамачка i яе гарод — ездзі адзін, рабі. Даставай дровы, матэрыялы, хату рамантуй, гной выкідай, соткі ўпарадкавай. Аблізніся (яна так i сказала: аблізніся) — i назад. Ледзь упаўзі ў кватэру — i на канапу! Што табе з таго, што мне трэба дзяцей у школу адправіць, у кватэры прыбраць, абед падрыхтаваць, у час на работу паспець, а пасля пабегаць па магазінах, вячэру зрабіць, бялізну памыць ды прыглядзець, як дзеці ўрокі вучаць... Не, больш сюды я ні нагою. Не хачу ні сумак цягаць, ні здароўе апошняе лажыць на сотках. Не хачу, каб людзі з мяне смяяліся, што дурная як пень...
Слухаючы, я аж хітнуў сам сабе галавой: старая, як i гэты свет, гісторыя — нявестка не ладзіць са свекрывёю, адваблівае ад яе сына.
Мужчына доўга маўчаў, a маладзіца ўсё выгаворвала i выгаворвала тое, што, мусіць, непакоіла яе ўжо даўно.
— Знайшла дурных! Калі якая цяжкая работа, дык адразу ж звоніць нам: «Прыедзьце, памажыце, Пятро i Зоя!» Што там вашы клопаты?! Галоўнае — мае. Але як памагчы, даць што — дык найперш Васільку i Верачцы...
Яна то гаварыла шэптам, то, забываючыся i абураючыся, павышала голас — скардзілася, папікала i тое, што не чула нічога ў адказ, здаецца, яшчэ болей распальвала яе. Я перастаў усміхацца: не, тут не звычайнае жаночае непаразуменне, тут — ужо сапраўдны канфлікт.
— Хоць бы калі разочак запытала: можа, i вам, Пятро ды Зоя, памагчы? Купіце ўжо i вы такую мэблю, якую маюць Васілёк i Верачка, а заадно вазьміце халадзільнік, тэлевізар каляровы. Усе жывуць як людзі, дык i вы пажывіце ўжо... Толькі падайце голас — памагу, падзялюся. Дык не. I не папытае ніколі пра тое, што трэба, i не дасць. I ты, цямця-лямця, не загаворыш пра гэта. Сорам, ніякавата ўсё табе! А вось Васілёк i Верачка не саромеюцца выцыганьваць ад маці i ад цябе. Саплякі яшчэ, a ўжо вунь што маюць! Не ты, старэйшы, a Васілёк «Жыгулі» мае, а Верачка на «Масквіч» збірае. I збярэ. Ды што я кажу? Не збярэ, а забярэ ад маці, а то яшчэ i ў цябе апошняе падчысціць. А ты, дурань, укалвай i на сваёй рабоце, i на матчынай гаспадарцы, памагай ім грошы зарабляць! Сябе не глядзі: ат, не трэба мне пышноты-дурноты, я i так, як ёсць, пражыву. Не ў лапцях жа хаджу i не на лаве сплю!
— Перастань, Зоя,— ціха папрасіў мужчына.
— Што — перастань, замаўчы?! Згарчэла ўжо мне чуць гэтае тваё — «сціхні», «цярпі», «неяк жыць будзем, не згінем», «трэба ж адзінокай маці, меншым памагчы», «пажывём—лепшае нажывём»!
— Па-твойму, я павінен адвярнуцца ад маці, родных?
— А яны — якія? Твая любімая мамачка, як толькі ты падцягнуўся, выпхнула цябе з хаты, а сама прымака ўзяла. А яны, яе новыя дзеці? Ды яны ўсё жыццё ваўчанятамі на цябе зыркаюць, але, кажу, не саромеюцца ўварваць штонебудзь ад нас...
— Нашто ж так гаварыць, Зоя? Няпраўда ж гэта. Мама зусім маладая была, калі мой бацька памёр. Гадоў Дваццаць пяць толькі мела. Пакуль быў я дома, яна нікога не брала. А як сам падаўся ў горад, дык яна толькі тады прыняла дзядзьку Хведара. I то абое пыталіся ў мяне згоды. Ды i Вася з Верай не такія паганыя ўжо. Можа, праўда, не зусім кроўныя, блізкія. Яны ж без мяне раслі, у людзі пайшлі. Цяпер таксама без бацькі. Дык хто ж ім паможа, калі не мама?
— А чаму яны маме не памагаюць? Гной выкідаць, сена касіць, бульбачку выбіраць альбо дровы загатаўляць?
Мужчына змаўчаў.
— Ara, маўчыш! — пазлараднічала маладзіца.— Бо сказаць няма чаго. Па-нершае, доўга пры маці i бацьку былі, не прывучаныя да работы, а па-другое, куды ім такую чорную, брудную работу пыніць: вучоныя, інцелягенты! Адзін — хірург, а другая — скрыпачка! А ты, Пятро, цёмны, дурны, ля станка стаіш, дык i ездзі, рабі тое, што ім сорам рабіць...