— Нічога не зробіш, як людзі кажуць, жыццё-быццё...— пахітаў галавою гаспадар i, каб ужо супакоіць ix, адарваць ад цяжкіх дум i пачуццяў, нібы па-зямному будзённа, а на самай справе мудра ледзь не загадаў: — Ну, вы схадзіце, праведайце хворага, а я за гэты час падрамантую ўсё як след. Паслязаўтра ў горад з'ездзім, у музеях пабудзем.
3
Удзень было сонечна, цёпла, а вось цяпер, увечар, закрапаў дождж, папоўз ці то зверху, ці то з нізін холад — канчаўся верасень, дык восень брала сваё, змушаючы адкрасаваць i апасці тое, што ўвабралася ў сілу за лета, астыць паветра i зямлю, запрашаючы сівер i зябкасць.
Жэня паволі крочыла да Буслоў — упершыню пасля таго, калі ажаніўся Васіль i прывёз у дом Раю. Не заходзіла сюды нават тады, калі памёр стары Бусел i амаль услед за ім далася Бусліха: тыя, працавітыя, заможныя, трохі фанабэрыстыя людзі, не зрабілі ёй вялікага зла, але i вялікай дабрыні не выявілі, лічачы, што яна, сірата, ды яшчэ не з ганаровага роду, не вартая іхняга сына. Праўда, перад смерцю абое нібы адумаліся, перадавалі праз дачку грошы, прасілі дараваць — Жэня ці то адчапнога, ці то падарункаў не ўзяла, але, калі ix хавалі, на могілкі хадзіла.
Жэня ішла адна: рашылі з Косцем не змушаць Юлю ісці сюды супраць яе волі. Няхай падумае, сама разбярэцца, што ў яе на душы i, можа, зойдзе пазней. Яна i так узрушылася сёння, што не пайшла ў клуб, распранулася i легла ў пасцель. Здаецца, нават з павышанай тэмпературай.
У Бусловай хаце трапіла якраз на вячэру. Рая борздзенька падхапілася з-за стала, пачала памагаць распранацца, падала тапачкі, a дзеці, сямікласнік Пятрок, выліты бацька, i пяцікласніца Люся, падобная на маці, сумеліся, паапускалі галовы — яны, змалку пра ўсё ўведаўшы, заўсёды саромеліся яе i Юл i, стараліся не трапляць на вочы.
Буслова хата была вялікая — ажаніўшыся i стаўшы лесніком, Васіль да трохпакаёўкі прыбудаваў яшчэ два прасторныя пакоі i веранду. Жэня ішла ўслед за Раяю па калідоры i пакоях, вельмі не прыглядалася, але міжволі бачыла: на падлозе i на сценах шмат дарагіх дываноў, усюды нямала новай мэблі, люстраў, аж два тэлевізары — малы, мусіць, чорна-белы i вялікі, відаць, каляровы.
Васіль ляжаў у бакавым пакоі на шырокім драўляным ложку, накрыты коўдраю ў бялюткім чахле і, можа, ад гэтай белі сам таксама быў вельмі ж бледны. Яна, які ўжо час не бачыўшы яго нават здалёку, цяпер аж разгубілася: які зблажэлы! Не мужчына, а цень ад яго! Злямчаныя валасы, нібы васковы лоб, запалыя вочы i шчокі, тонкая шыя i белыя, лічы, кастлявыя рукі.
Рая моўчкі падала ёй крэсла, а сама, не сказаўшы i слова, выйшла з пакоя.
— Садзіся,— прамовіў ён зліплымі сухімі i патрэсканымі вуснамі, a калі яна апусцілася зусім непадалёку, квола ўсміхнуўся: — Што — не пазнаць?
— Змяніўся,— шчыра адказала яна, адчуваючы нейкую няёмкасць, што яна цяпер такая папаўнелая, ружавашчокая і, можна сказаць, маладзей сваіх гадоў.
— А дзе Юля? — схмурыўся.— Не захацела прыйсці?
— Можа, i не варта настойваць, каб яна вось так адразу ўзяла i прыйшла сюды...— апускаючы голаў i абцягваючы на круглыя калені ў цёплых панчохах спадніцу, адказала яна.
— Можа,— згадзіўся.— Хоць папрасіць яе дараваць, развітацца хочацца...
— Ты што — некуды пераязджаеш? — нібы нічога не зразумеўшы, запытала яна.
— Думаю пераехаць. За вёску, да бацькі i маці...— ціха прамовіў, i ў яго патухлых, нібы шкляных,вачах нагарнуліся слёзы.
— От выкінь дурное з галавы! — знарочыста сярдзіта сказала Жэня.— I сам трымайся, i сям'ю не мардуй.
— Не, Жэня,— прамовіў, пазіраючы не на яе, a ў столь.— Не жылец ужо я. Пракляты рак стачыў мяне, дык з кожным днём слабею i слабею.— На хвіліну замаўчаў, выцер рукавом белай кашулі скупыя, але адчайныя мужчынскія слёзы.— Думаў: сто гадоў пражыву. Век буду малады, здаровы, дужы. Але не. Знянацку нешта падсекла. I паратунку, душой адчуваю, няма.
— Кажу, выкінь абы-што з галавы,— паўтарыла яна тое, што найперш магла сказаць цяпер.— Пра другое думай. Пра тое, як жыць далей ды каб дзяцей падняць на ногі.
— Цяпер то я ўжо ведаю, як трэба жыць...— уздыхнуў i глыбока ўвабраў ў сябе свой цяжар.— A некалі гарачы, легкадумны i бесталковы быў. Якраз з-за гэтага зламаў табе маладосць. Ты мне падабалася, вабіла, але я, выбачай, не думаў браць цябе замуж. Думаў: пагуляю — i ўсё... Сказала ты мне са слязамі, што зацяжарыла, а я не толькі раззлаваўся. Зненавідзеў цябе, нібы найперш ты ва ўсім вінаватая. Таму i з Раяю ажаніўся лёгка, жыў без турбот. Але ішоў час i штосьці само па сабе пачало лезці ў галаву, грызці душу: не, даражэнькі ветрагон, не цеш сябе, ты не цаца, а падманшчык, двудушнік i мярзотнік! Заліваў няпрошаныя думкі i згрызоты гарэлкаю, бывала, піў ледзь не да смерці, на іншых жанчын кідаўся, звярэў, дзічэў, а лягчэй не было. Наадварот, станавілася ўсё цяжэй i цяжэй. Калі ты выйшла замуж, акрыяла, нават расцвіла, я адчуў: зусім дабіты. Я табе такога не даў бы. Я змучыў бы цябе, як вось змарнаваў жыццё Раі...
Жэня не перапыняла, слухала і, глушачы растрывожаныя пачуцці, боль, ціха плакала. Васілёвы словы не крыўдзілі, не абуджалі гнеў — не, яны супакойвалі, нават радавалі, што чалавек нарэшце зразумеў тое, што павінен быў ведаць даўно. Такой бяды, што гэтае пакаянне позняе.
— Які не цяжкі мой грэх перад табою, але я сябе магу суцешыць: ты не прапала, зажыла так, як трэба,— спавядаўся Васіль далей.— А вось перад Юляй няма мне даравання. Не за тое, што з-за юру, незнарок даў ёй жыццё, што жыве без бацькоўскай ласкі. Я не магу дараваць сабе адзін жудасны выпадак, які i яна мне ніколі не даруе. Як цяпер помню: яна, маленькая, харошанькая, чысценькая, ідзе са школы, а я лячу насустрач на матацыкле, бачу яе — i ўва мне, п'янага дзікуна, падымаецца, расце нейкая сляпая злосць. Не збочваю, a наўмысна наязджаю на лужыну i абліваю дзіця з ног да галавы...
— Я ўсё, Васіль, разумела, а вось гэтага — не,— пахітала яна галавою.— Я — адно, а вось невінаватае дзіця ды яшчэ ў такі для яго дзень — зусім другое...
— I ведаеш, найбольш пад'юшчыла тое, што Юля якраз на мяне падобная...— Прызнаўся, памаўчаў крыху, выціраючы рукавом спацелы лоб, а пасля дадаў: — Да гэтага веска адносілася да мяне яшчэ больш-менш нармальна: што ж, i такое бывае... Але вось пасля гэтага я адчуў: усё, людзі мяне не любяць. Амаль ніхто, апроч маці i бацькі, мне нічога не сказаў, але ўсе нібы адмяніліся... Каб ты ведала, як мяне пранізаў гэты іхні холад! Але я, ёлупень, не стаў на калені перад усёй вёскай, перад Юляю, а яшчэ болей зацяўся...
Жэня змаўчала, выцерла хустачкаю слёзы.
— Даруйце...— ціха, з просьбаю прамовіў Васіль, зноў, як i на пачатку сустрэчы, замыліў вуснамі.— А я сабе ніколі гэтага не дарую...
— На мне таксама віна ляжыць,— сказала яна, трохі суцешваючы яго.— Не паслухала старых людзей, не шанавалася. Не падпусціла б цябе — усё зусім іначай было б...
— Даруйце,— зноў папрасіў ён.— Бо якраз я ўсё гэта натварыў.— Павярнуўся, пасунуў руку пад падушку i дастаў адтуль невялікі згортачак.— Жэня, Юля налета канчае дзесяць класаў i, відаць, паедзе ў горад. Я хачу тое-сёе падарыць ёй на абновы.— Падаў дрыготкаю рукою.
— Не трэба, Васіль,— шчыра сказала.— Яна не возьме гэтых грошай, ды мы цяпер не без капейкі. Косця любіць Юлю, нічога ёй не шкадуе. Як і для свайго дзіцяці.
— Я разумею,— засаромеўся, нават нездароўча паружавеў.— Але хай бы была ёй памяць.