Пагражала хлопцу турма за палітыку — ён уцякаў на ўсход.
З гарачкі пажэняцца маладыя, убачаць, што ў іх — ні кала, ні двара, ні работы,— падаюцца за Баранавічы...
За граніцай — краіна, дзе ўсім хопіць і занятку, і страхі над галавой. Абзавесціся можна сям'ёй. Толькі рамантык дзядзька Іван надумаўся ўцякаць туды праз Амерыку, іншыя рабілі гэта прасцей.
З аднаго прымака з-пад Беластока, мабыць, і цяпер яшчэ пацяшаюцца людзі.
Прымака-недарэку цешча выгнала з хаты. Пакрыўджаны мужчына зайшоў да маці, тая дала яму торбу ежы, і ён накіраваўся на ўсход шукаць долі. Ішоў цэлы тыдзень. За Баранавічамі распытаў людзей пра граніцу. Тыя растлумачылі: будзе моцная агароджа з калючага дроту, за ёю лясок, а там — СССР.
Ноччу прымак наткнуўся на высокі плот з калючым дротам, лёг пад ім чакаць світання. Раніцой наламаў ядлоўцу, паклаў на дрот, пералез агароджу і заявіў чалавеку са стрэльбай:
— Таварышу, бярыце мяне, я цяпер ваш!
А гэта быў вартаўнік. Недарэка залез у Радзівілаў сад.
Уцякалі беспрацоўныя, спецыялісты, студэнты, дапрызыўнікі, салдаты...
Хто ўцячы не мог, суцяшаў сябе: нічога, тут Пілсудскі, але ў мяне ёсць радзіма.
Ва ўяўленні страшаўцаў Савецкая Беларусь была раем на зямлі.
— У СССР прыязджаў з Лондана самы галоўны міністар,— прынёс да нас нехта навіну.— Англічане надта фанабэрлівыя і зайздросныя. Пахадзіў лорд па Маскве, па Мінску, паездзіў па краіне і сабраўся дамоў. «Ну, як?» — пытаюць яго. Ён уздыхнуў: «Крыўдна, што такую файную сістэму прыдумалі першыя не мы!..»
Я развесіў вушы, стараўся не прапусціць і слова. Дзядзька Марцін заўважыў у мяне падручнік:
— Вучыш, бедны, урокі: баішся, што цябе выкліча настаўніца?
— Ну!..
— А ў Саветах дзеці ўрокаў не зубраць. Выходзіць да дошкі адзін стараста і адказвае за цэлы клас!..
Практычная мама адразу ацаніла такі парадак:
— І дзіця мае час памагчы ў хаце, не трэба яму выседжваць над сшыткамі!.. А-а, падумайце, як добра, калі людзі самі сабой правяць!
К таму часу ўсе ўжо асвоіліся з думкай, што суды за перадзелы хутароў — недарэчная задума, бо як ні дзялі стрэшаўскую зямлю, а нездаволеныя будуць. У Савецкай Беларусі прыдумалі іншае выйсце. Людзі аб'ядналіся ў калгасы, працуюць на агульным полі, а за работу атрымліваюць залежна ад працаднёў.
Страшаўцы адчулі сябе праз калгас уладальнікамі тлустых палеткаў Рыжага Ігната. Калі б ім такую сістэму — працавалі б дзень і ноч!
Калі чалавеку цяжка, калі ў яго душы — беспрасветная цьма і няма перспектывы, яго запаўняюць міфы аб збаўцах, усёмагутных героях, цудах.
Пілсудскі стварыў цэлае ведамства, якое ўзамен «Маланкі» стала выпускаць ужо іншыя беларускія газеткі і рассылала сялянам бясплатна. А там — розная лухта пра Савецкі Саюз.
— Бачыце, як занепакоіліся паны?! Ой, мужчыны, там, відаць, пайшло дзело!.. Сталі б паны псаваць дарэмна грошы на прадажных пісак і на паперу!..
Гэтак пракаменціраваўшы газетку, людзі працягвалі сваё:
— Селі італьянцы ў цыпелін ды на чале з Нобіле паляцелі шукаць Паўночны полюс ды і разбіліса. Мусаліні да ўсіх звярнуўся за дапамогай, толькі СССР абмінуў. І амерыканцы, і французы, і немцы браліса ратаваць іх — усё панскай пароды, далікатныя, куды ім!.. Саветы глядзелі, глядзелі на гэта месяц, другі і не вытрывалі — ведайце нашых! Ледакол «Красін» выйшаў у Ледавіты акіян, іграючы, паздымаў з ільдзін адубянелых макароннікаў, прывёз іх у Архангельск і — у лазню!
— Ого, савецкія людзі ўсё могуць! — захапляўся Рыгор, Косцяў бацька.— Нельга было выжыць пырнік з палёў, спалучылі яго з пшаніцай і здымаюць па пяцьсот пудоў з гектара!.. А я сваё поле дзяўбу, дзяўбу бараной, выграбаю, выграбаю пырай на мяжу!.. Наваліў горы цэлыя, і што з гэтага? Толькі грыжу сабе нажыў — нават на падсцілку не прыдатны. Высахне — палю. Палічы, мэнш, колькі пшаніцы кожны год пускаю ў неба з дымам!..
Вера ў Савецкую ўладу была светлай да наіўнасці, упартай да смерці. І мой бацька быў у ёй гэтакі ж цвёрды.
За Беластокам недзе паліцыянты падпаілі падпольшчыка ды выпыталі ўсе таямніцы. Тады бацька сабраў сваіх камуністаў і камсамольцаў ды прыняў у іх клятву — ні ў якіх выпадках не піць гарэлкі.
Недзе каля 1930 года за мяжу ўцёк халасцяк з суседняй вёскі Зубкі — Раман, але пасля двух месяцаў чамусьці вярнуўся. Бацька запрасіў яго да нас. На цікавую гутарку прыбег і Турак — бацькаў знаёмы з далёкай Ярылаўкі.
Раман заявіўся разбіты, пануры, маўклівы і пастарэлы. Я вучыў урокі. Мужчыны мяне не таіліся, лічылі маленькім і дурным. Пасадзіў бацька госця за стол, выгодна рассеўся сам, сабраўся слухаць: