— Не-а! — трасу галавой.
— Праглынеш — нібы палыну з'ясі, цьфу!.. І колькі мне яшчэ яго...
Мікалай змаўкае на паўслове, а я ківаю галавой са спачуваннем, па-мужчынску стрымана. Гэты вялізны, таямнічы і страшны чалавек становіцца мне блізкім-блізкім — як Валодзька. Аж дух забівае ад нейкага шчасця.
Зноў назіраем.
Па лісцях над намі забарабанілі кроплі. Малыя зрываюцца з камянёў, узрадавана крычаць:
— Дождж! Дождж!..
Мікалай выцягвае руку, ловіць кроплю і таксама нібы дзівіцца, нібы пытаецца:
— Гэ, падае?!
Я з апошняй сілы стрымліваю сябе, каб не сарвацца з месца і не памчаць як апантанаму разам з Валодзькам насустрач хмарам і дажджу.
11
Калі Доўгі Мікалай захварэў і пачаў выходзіць да слупа, мужчыны на камянях пачалі збірацца як бы часцей.
Бацька абвясціў навіну:
— Лукашоў Іван, кажуць, дабіраўся да золата ў Супрасльскім манастыры. Ужо выдраў іканастас, але манахі пачулі.
— От, зараза, і ведаў куды дабірацца, скажы ты!..
— І нічога не баіцца!
— Стары Лукаш ляжыць пры смерці, нават вады няма каму падаць, а сын, глядзі,— усё сваё!
Лукашоў Іван сябраваў з Доўгім. Усім было вельмі цікава пагаварыць пра багацце манастыра, але з-за Мікалая загаварылі пра другое.
Вярнуўся стары Кот з млына і прывёз навіну:
— Аптэкар зноў ездзіў у Беласток сала зразаць з жывата!
З аптэкаравай дачкой я хадзіў у школу. Маленькая шустрая Фаня была вельмі сяброўскай. Бацька яе цярпеў на сэрца, не раз бываў пры смерці, але ў Страшаве гэта тлумачылі па-свойму: калі чалавек тлусты, значыць — пан. Па таўшчыні пана вызначалі, колькі ён выпіў народнае крыві.
— Ну. У яго трыбух ужо быў у тры полкі! — падтрымаў бацька Ката, і ўсе дружба загаварылі:
— От крывасмокі! У цябе кішкі ад работы і пустой бульбы да крыжа папрысыхалі, а яны ўсё тлусцеюць!..
— На нашым поце і крыві!
— Калі на іх згіненне прыйдзе!
— Прыязджаў сёння войт і напаў на Рыгора, што ў яго ёсць зямля, дзве рукі, а падатку не плаціць. Рыгарулька слухаў, слухаў і кажа: «Пано-очку, бярыце мае абедзве рукі, зямлю і рабіце з імі што сабе хочаце!»
Мужчыны засмяяліся.
— Саветы, нарэшце, разбілі кітайцаў на Далёкім Усходзе! — паведаміў Сахарышын Юлік.
Зыркнуўшы на Доўгага Мікалая, пераканаўшыся, што слухае, Марокін паставіў кропку.
— Цяпер яны і ўнукам закажуць не зачапляцца з рускімі!
Нагаварыўшыся пра тое, як буржуі баяцца бальшавіцкага духу, пачалі ўспамінаць хто пра што.