Ноччу, паскрыпваючы валёнкамі па снезе, прыйшлі мы з бацькам на дзялянку. Там ужо сабраліся сотні сялян у кажухах са Страшава, Скраблякоў, Грыбаўцоў, Бялявіч і Зубкоў. З сякерамі, піламі, дручкамі. Я аж жахнуўся — падобны малюнак ужо аднойчы бачыў! Пры святле месяца маляўнічае зборышча выглядала дакладна такім, якое я сабе ўяўляў, спяваючы некалі «Ад веку мы спалі...». Толькі гэтыя людзі кос і сярпоў не мелі.
— А мы з вамі знаёмы! — узрадаваўся я чалавеку з Зубкоў, які мяне часта падвозіў да школы.
— Знаё-омы...— нездаволена буркнуў дзядзька.— Вунь твая кампанія!
На такіх сходках не паказваюць адны адным, што знаёмыя.
Зубкоўскія і бялявіцкія мужчыны прывялі маіх равеснікаў. Я, прысаромлены, прыстаў да іх.
У ролі прамоўцы давялося бачыць бацьку.
Залез ён на пень, пачаў штосьці гаварыць, а мы слухалі.
Зрабілася няёмка, хоць ты праваліся ў сумёт. Мой аўтарытэт і пагроза стаяў цяпер на пні якімсьці нясмелым, а тое, як гаварыў, не вязалася зусім з тым, пра што гаварыў. Нібы сарамаціў Валодзьку за падраныя нагавіцы, нібы ўшчуваў маці. Але паступова ён набіраўся адвагі і голас яго мацнеў.
— Адным словам, хлопцы, хопіць мітынгаваць! — крыкнуў бацька раптам.— Трэба ўсім кагалам ісці ў Вераб'і і правучыць іх!
— Раз і назаўсёды! — падхапілі людзі.
— Дамо-о, гадам!
— Пайшлі-і! — аж затросся лес ад рашучых галасоў — з галін паляцелі пласты снегу, узнялі малочныя віхры.
8
Такую лавіну людзей на змёрзлым снезе, мабыць, было чуваць за тры кіламетры, і перапалоханыя шляхечы даўно патушылі лямпы, пазаганялі ў сені сабак.
Хлопчыкаў мужчыны паслалі ў разведку. Шчаслівыя ад даручэння і робячы выгляд, што нам зусім не страшна, адзін перад адным бегалі мы ад хаты да хаты, прыстаўлялі вушы да шурпатых сцен і чулі, як у кожнай хаце прытаілася жыццё. Святло не гарэла нават у памешчыка Шастаковіча, яго доўгія будынкі выцягнуліся на сінім фоне, як крэпасць.
— Збаяліса, прадажнікі!..
Паліцыі не было нідзе.
Знайшоўшы каго трэба, мужчыны выбілі штрэйкбрэхеру вокны, папілавалі воз, сані.
Уваліўшыся на другі падворак, спаткалі растрапаную жанчыну. Яна выбегла з хаты босая нам насустрач, упала на калені, узмалілася:
— Лю-удзі, рабіце што сабе хочаце на падворку, толькі не біце вокан! У мяне дзе-еці хворыя, куды іх зімой дзену!.. Ко-оклю-шам зляглі!
Мужчыны пасталі ў нерашучасці.
— Шкадаваць тваіх бахуроў?! — напаў на яе Вінцак Грабцэвіч з Меляшкоў.— Каб павырасталі новыя прадажнікі?!
— Яны яшчэ надта малы-ыя!.. На мяне, рабі са мной што хочаш, толькі пакінь шыбы! — расхіліўшы на грудзях кофту, прапаўзла яна каленямі па снезе і ўшчаперылася Вінцуку ў валёнак.
— Вар'ятка, каму ты патрэбна, цьфу! — адскочыў хлопец, вырваўшы валёнак.
— Ла-адна, вокан чапаць не будзем! — супакоіў яе
Сахарышын Юлік.
— Толькі скажы свайму дурню, калі заўтра выедзе ў Ліпнікі, то выражам яму гэта самае...— дадаў нехта.
— Я сама вочы яму выдзеру!
— Во, во! А цяпер — уставай, бяжы дахаты, не стой на снезе, пяткі памарозіш! — стаў падымаць яе Юлік.
Шляхцянка ўстала. Ад спагады соцень мужчын яна лёгка, як дзяўчынка, паляцела дамоў. Такая радасць адчувалася ў яе постаці, нібы шляхцянка дасягнула чагосьці самага галоўнага ў жыцці.