Калі ўваходзіць у Гарадок са Страшава, направа відаць мураванка. Вакол будыніны — ні кусціка, ні штыкеціны, ні агародчыка. Там жыла мнагадзетная ўдава з брыдкім прозвішчам. Нейкі пан пад п'яную руку ці для забавы такой абразлівай мянушкай абазваў свайго прыгоннага. Мянушка перайшла ў прозвішча і прыстала як кляймо.
Ніхто столькі не перацярпеў у школе, як дочкі няшчаснай удавы.
Дзіцячыя забавы і жарты не ведаюць мяжы. Бедныя сёстры не вытрымлівалі, кідалі школу з трэцяга класа. Пані Стражынская намагалася, каб дачка ўдавы Зося скончыла хоць чатыры класы.
Але найбольш варшавянцы даставалася ад жуліка і хулігана Шусціка.
Бацька яго быў адданы багамол у царкве і толькі пра тое і клапаціўся, каб людзі бачылі, што ён першы прыйшоў на малебен, стаіць найбліжэй да алтара, а бацюшка яму давярае ключы ад царквы.
Не вылазіла з паперці і Шусцікава жонка.
Пакінуты сам сабе, іхні Сашка здзекаваўся з яўрэек. У класы вячэрняй змены запускалі з Цыклопам варон. Адбіралі ў малых снеданне. І ўжо беднай Зосі не давалі праходу, смакавалі яе прозвішча ў розных варыянтах.
Выбрыкі хлопчыкаў не абыходзіліся без мяне. Ад пачуцця сваёй віны я дома расказваў пра Шусціка і Цыклопа, але пра сябе маўчаў. Пасля суровай ацэнкі бацькамі хуліганаў я выкрэсліваў з памяці свае ўчынкі, і на душы станавілася лёгка і шчасліва.
Паказаўшы паліцыянту палотнішча, у школу я прыйшоў як заведзены: у крыках і бегатні, мабыць, стараўся заглушыць пакуты сумлення.
Налілі мы вады ў калідоры на цэмент і коўзаліся. Шусцік штурхануў мяне, я стукнуўся галавой аб падлогу.
Пані Стражынская была нам, як маці, хацелася паскардзіцца, аблегчыць душу яе ласкай. На ўроку я падняў руку і, трымаючыся за гуз, расказаў пра здарэнне ў калідоры.
У малых — свая мараль. Калі б паскардзілася Зося, яе ўсе падтрымалі б. І аптэкараву Фаню падтрымалі б, скажы яна, што Цыклоп свіным салам намазаў ёй вусны. Але ж мы з Шусцікам коўзаліся разам!
З усіх бакоў пасыпалася здзіўленае абурэнне:
— Ы-ых, дано-осчык!
— Пла-акса!
Сардэчная настаўніца заступілася за мяне, але клас ужо мяне знішчыў, затаптаў. Падбадзёраны Шусцік з задняй парты адважна глядзеў пані Стрыжынскай у вочы, а на мяне — з пагардай.
І праўда — я паводзіў сябе як даносчык і плакса. Так мне і трэба! Я таго варты!
Выпадак хутка забылі, але не забыў яго я. Чалавек сябе ашуквае, што ён адзін. Малы ты ці стары, а ў табе заўсёды сядзіць нехта і вядзе ўлік тваім учынкам, ад яго нікуды не дзенешся. Прырода табе дала гэтага суддзю назаўсёды. Аблегчыць душу, расказаць аб усім бацькам таксама не мог: яны хацелі бачыць сына інакшым. І насіць у сабе такую бомбу не пад сілу. Агортваў страх, што выкідваю сябе з кампаніі страшаўцаў, бацькі, дзядзькі Івана.
Разбірала роспач — як у сне, калі топішся і няма табе ратунку.
Вярнуўшыся цяпер са школы, уцякаў я ў гумно ці хаваўся на ганак за дзікі вінаград і наследаваў маму. Падаў на калені, складваў далоні ды шчыра шаптаў:
— Я — кепскі, кепскі, кепскі, нікчэмны — не люблю, ненавіджу сябе!.. Бо-ожа, бо-о-ожа, чаму, чаму-у я такі?! Ісусе Хрысце, што рабіць? Мацер божая, ратуй, дапамажы — што хочаш табе за гэта зраблю!.. І ўжо ніколі, ніколі, ну, ніколі, павер, не ўчыню гэтак, от пабачыш, толькі даруй!.. Хочаш, сёння за гэта вячэраць не буду, хочаш?.. Або парэжу сабе руку, хочаш?!
Гэта былі скаргі маёй душы, якія не вытлумачыш халоднай логікай, разважаннямі, пошукамі цвярозага сэнсу. Яны ачышчалі і супакойвалі.
3
У Страшаве стварыўся вобраз ідэальнага чалавека, яшчэ прывезенага з эвакуацыі ў першую сусветную вайну з Савецкай Расіі. Кожны яго разумеў па-свойму, але назву меў агульную — камуніст. Бабкі яго сабе ўяўлялі падобным да Ісуса Хрыста. Старэйшыя — разумным і багатым натурай волатам, як Тухачэўскі, Блюхер, Варашылаў, Чапаеў...
З Савецкай Расіі прывезлі і ўпэўненасць — вялікую, раз і назаўсёды засвоеную: у СССР робіцца тое, што трэба простаму чалавеку.
Пілсудскі разграміў Грамаду, але заставалася ў падполлі моцная Кампартыя. Недзе каля 1928 года і ў Страшаве ўзнікла ячэйка, яе сакратаром абралі майго бацьку. Нашым сялянам было не ўсё роўна, што рабіў з імі ўрад.
На хутары страшаўцаў перасялялі пад прымусам.
Падаткі выдзіралі з дапамогай паліцыі.
Людзі да ўрада адносіліся дзёрзка, бо ведалі: на ўсходзе — магутныя плечы.
Валошына, Тарашкевіча, Мятлу, Рак-Міхайлоўскага і Дварчаніна Пілсудскі засудзіў, а бальшавікі іх выменялі на ксяндзоў, нацыянальныя героі паехалі ў СССР. Усе газеты змясцілі фота, як яны ў Стоўбцах перасякаюць польска-савецкую граніцу — у купэйных вагонах, бы паны.