— Ага, а цябе з партыі выключаць!
— Як? За што?
— Бо ты — кулак!
Мабыць, наймацней пакрыўдзіць бацькоў могуць толькі дзеці.
Я раптам убачыў, як бацька мяняецца з твару. Ён паглядзеў на мяне так, што ад жаласці ледзь не разарвалася маё сэрца.
— То што ты ведаеш, што? Кажы...— прамовіў бацька змененым голасам і нешта з цяжкасцю праглынуў.
Я стаяў з апушчанай галавой.
— Гавары ўжо, калі пачаў! — насцярожылася і маці, спыняючы калаўротак.
Я ўсё расказаў і расплакаўся. Але слова не вернеш.
Ішоў мне дзесяты год. У школу мы з Валодзькам хадзілі ў Гарадок.
Аднаго разу валокся я з кніжкамі. Са мной крочыла Ніна — унучка Рыжага Ігната, найбагацейшага страшаўца. Часу па дарозе хапала. Уяўленне і фантазія ў мяне былі. Перад Нінай я выхваляўся, выстаўляў сябе героем.
Якраз ноччу падпольшчыкі спалілі гумно бялявіцкаму Ёзіку Госціку, бо ён купляў з распрадажы мужыцкія рэчы, забраныя за падаткі. Ля спаленага гумна на вярбе мы ўбачылі чырвонае палотнішча з лозунгам «ТАК БУДЗЕ ЎСІМ ХРЫСТАПРАДАЎЦАМ!».
Калі прайшлі паўдарогі, нас спыніў доўгі, як п'яўка, у сінім мундзіры паліцыянт з Гарадка, Лукашэвіч. Ніна ішла паперадзе. Ён спыніў веласіпед і спытаўся ў яе, ці не бачыла яна дзе чырвонага палотнішча.
— Не бачыла!
Тады паліцыянт пад'ехаў да мяне і паўтарыў пытанне.
На хвіліну я забыўся, што перада мной вораг. Яго ўладарны позірк старэйшага чалавека нібы загіпнатызаваў мяне.
З жахам я пачуў свой голас:
— Вунь, на крывой вярбе!
Ніякага значэння маё прызнанне не мела, паліцыянт праз мінуту заўважыў бы і сам палотнішча, бо ехаў яго здымаць. Але для мяне тут справа была прынцыповая.
Здарылася — і не вернеш. Ніяк!
2
У той самы дзень выкінуў я такое і ў школе.
У аднаго вучня нашай школы, Дыгендышавага сына, вока сядзела ледзь не пасярод ілба, і страшна было глядзець на хлопчыка. У першым і другім класе наша настаўніца, прывабная варшавянка пані Стражынская, апрача клопату, каб мы добра вучыліся, былі ўсе роўныя, хадзілі пастрыжаныя і памытыя,— мела яшчэ клопат бараніць хлопчыка ад здзекаў.
Бараніла, пакуль ён усіх нас не ўразіў лютасцю.
За доктаравай дачкой Соняй Цукерман увязаўся белы коцік. Соня ніяк не магла яго адагнаць. У перапынак выбеглі мы на падворак, а коцік вісіць на плоце на вяровачцы.
— Гэта ён зрабіў! — першакласнікі паказалі на касавокага.
— Ы-ых, Цыклоп!— з нянавісцю назваў яго так нехта ўпершыню.
Саша Шусцік з нашага класа аж падскочыў ад радасці:
— Дай мне! Дай мне! — схапіў ён нежывога ката і пагнаўся за дзяўчатамі.
Раней Сашка ўстройваў цэлыя спектаклі над Дыгендышыным сынам. Цяпер Цыклоп як бы здаў Шусціку экзамен і стаў яго правай рукой.