Пакуль дабеглі, паліцыянтаў ужо загналі на падворак да Кандрусікаў. Утульваючы галовы ў плечы, яны праз плот скакалі ў садок. Узлаваны Сашкаў брат Сцяпан з мужчынамі шпурлялі ім услед каскі, крычалі:
— Падбярыце!
— Будзеце зноў выязджаць з Беластока — запасныя споднікі захапіце!
— Цюцікі Готлібавы!
Узрушаныя і падахвочаныя перамогай, рабочыя перавярнулі яшчэ грузавічкі і накіраваліся ў Пясчанікі.
Я доўга глядзеў ім услед. Паабапал калоны насіліся шчаслівыя хлапчукі. Яны маглі пайсці з ткачамі: у каго бацька, у каго брат быў у шэрагах. Я ж мусіў вяртацца ў школу, цешыць сябе тым, як буду дома апавядаць пра здарэнне, а брат пазайздросціць.
У той дзень у школе сынкі чыноўнікаў і крамнікаў — нібы вады ў рот набралі. Чамусьці пакрыўдзіўся і Шусцік. Стаў панылы, як бы меншы ростам...
6
Старэйшыя дзеці — другі светапогляд.
Цяпер нашы зрэбныя кашулі, запэцканыя ў чарніла пучкі суровых нітак на чаравіках выклікалі насмешкі ў аднакласнікаў. Панічы ахвотна гулялі з намі на перапынку, але сядзець за адной партай лічылі за абразу. Яны забаўляліся з намі, як з сабачкамі, з якімі потым не сядаюць за стол.
Купілі мне атлас.
Атласы былі дарагія. Такога яшчэ не мелі ні дачка доктара Цукермана, ні аптэкарава Фаня, ні сын каменданта паліцыі. Бацька знарок вазіў у Беласток прадаваць цэлы воз бульбы, патраціў на дарогу двое сутак. Затое на другі дзень са схаванай гордасцю гартаў я, шчаслівы, каляровыя лісты з картамі і так, каб усе чулі, нядбайна казаў Кандрусіку:
— Во, Францыя, Германія. А во — Расія... Глядзі, якая вялізная: вунь, вунь, аж сюды цягне, да Кітая!..
Самалюбівыя панічы не падавалі і выгляду, што іх цікавіць.
На мяне нечакана наляцеў Шусцік:
— Ну і што? Германія маленькая, а пойдзе вайной на тваю вялізную Расею, за тыдзень і заваюе ўсю!
Гаварыў ён з перакананнем, як гавораць не толькі сваю думку, але і тых, хто стаіць за плячыма. Я разявіў рот ад здзіўлення. Не верыць у плаціны, камунізм, высокія ўраджаі з гектара? Які ён варты жалю, сумны, нецікавы. Яшчэ злосны, не скажы і слова.
Мы былі тады яшчэ ў такім узросце, калі выражалі светапогляд сям'і, не свой выражаў і Сашка... А бацька казаў, што стары Шусцік — бяскрыўдны выскачка, хоча толькі быць на вачах у людзей.
Нібы сутыкнуліся два светы. За ўсіх страшаўцаў я ўзненавідзеў Песцікавага сына.
Зрэшты, хутка яго я і зусім перастаў заўважаць — было не да Шусцікаў.
7
Зімой мама ўпрасіла бацьку, і ён мяне ўзяў на выправу, падобную да той, якую рабочыя арганізавалі ў Пясчаніках.
Беластоцкі буржуй Кацман купіў у Ліпніку дзялянку. Лесарубы сосны яму спілавалі, але бярвенне павінны былі падвезці ў Валілы да чыгункі сяляне.
Вазілі лес тады толькі фурманкамі.
Нашым людзям зімой рабіць не было чаго. Дзядзькі ахвотна паехалі б на заробкі і за два злотыя за кубаметр, якія даваў купец. Але загаварыла ў іх злосць.
Кацман купляў лес, каб перапрадаць яго ў Беластоку другому купцу і зарабіць. Ах ты, абармот, яшчэ хочаш на нашых конях, нашымі мазалямі нажывацца?! Тады плаці нам па тры злотыя за куб!
Мужчыны забаставалі.
Кацман хацеў падкупіць возчыкаў. Паліцыя разумела, што ўсю заваруху зрабіла падпольная ячэйка, і паабяцала купцу падмогу.
За лесам ад Страшава была маленькая шляхецкая вёсачка Вераб'і. Шляхту тут калісьці насадзілі каралі, каб яна была носьбітам польскай культуры сярод беларусаў. За стагоддзі вераб'ёўцы асіміляваліся, нават размаўлялі ўжо толькі па-нашаму, і хто цяпер на каго больш уплываў, нельга было разабраць.
Чатыры шляхціцы паддаліся спакусе заробку (штрэйкбрэхерам плацілі ў пяць разоў больш), павезлі лес на станцыю. Для бяспекі падводы з Ліпнікаў да Валіл праводзілі паліцыянты.