«Ці праўда, што ў Беластоку на адным доме надбудаваны яшчэ дамы? І што там няма платоў, свіней?.. Праўда, што горад такі вялікі, як страшаўскае поле?»
«Ці праўда, што вы ў горадзе з Лукашовым Іванам лазілі людзям у кішэні? — мяне надта цікавіў сам працэс такой «работы».— Раскажы-ыце, дзядзьку Мікалай, як гэта залезці, каб чалавек не пачуў?!»
Мне было вельмі шкада дзядзькі Мікалая. Я адчуваў, як яму сумна, цяжка, як ён пакутуе, перажывае, і мне здавалася — сваім прыходам раблю яму палёгку.
Доўгі спатыкаў мяне ахвотна, гаварыў, як з дарослым.
Пад плотам у Грушэўскіх ляжалі гранітныя глыбы — вулічны «клуб». На каменнях сядзелі, сабраўшыся, людзі і пра што-небудзь гаварылі.
І вось мы стаім удвух каля слупа. Я не ведаў, што рабіць з рукамі, намагаўся быць сур'ёзным. Пад нагамі ў Мікалая, як пад аркай, шмыгаюць малыя. Мікалай сяды-тады мірыць дачок, выцірае ім насы і ўсё сочыць за камянямі.
І мне цікава, што там робіцца.
На граніт прысела цётка Кірыліха. У эвакуацыі Кірыліха была на Каўказе, наш Валодзька яе атакаваў:
— Цётку, а што бывае на горах?
— Цякуць рэчкі, расце лес.
— Гы!.. На баку гары лес расце?!
— Ну!
— І не зваліцца з яе?
— Не зва-аліцца, укаранеў! О-о, ліха на яго, яшчэ які лес — аж буяе, што наш лопух!
— Гы!.. А больш там што?
— Анічога!
Ад нашага Валодзькі адчапіцца не так лёгка.
— Ну, а калі перайсці лес, рэчкі, лезці і лезці на гару, то што ў ёй на самым-самым версе?
— Адны свечкі ўжо толькі гараць! — незадумваючыся, кідае цётка.
— Ы-ы-ых! — уцягвае ў сябе паветра Валодзька.— І на кожнай гары?!
— Ну. На іншай яшчэ па дзве, тры!..
Брат заклапочана ўздыхае:
— Многа свечак трэба!
— А няўжо ж, мно-ога! — ахвотна згаджаецца Кірыліха.
Доўгі Мікалай не заўважае, як яго штурхаюць малыя. Ён шукае майго позірку. Я паслужліва задзіраю, як да вежы, галаву. Мікалай з іскрынкамі ў вачах хмыкае. Падрабляюся і я пад яго — хмыкаю таксама. Мяне распірае шчасце, што адзін аднаго разумеем.
З хаты выходзіць Верка з кубкам вады, ад слупа мерае цень, дае бацьку пілюлю:
— Тату, выпіце, мама казалі, калі цень будзе тры крокі!
Доўгі Мікалай глытае лякарства і запівае вадой так хутка, што я зноў нічога ў роце не паспяваю ўгледзець, хоць і чакаў гэтай хвіліны.
Дачка адыходзіць. Ён даверліва і з гідлівасцю мне скардзіцца:
— Фу, гарката якая!.. Не даводзілася каштаваць?