Лесніка падтрымаў Доўгі Мікалай:
— Пакуль да Ялоўкі даедзеш, з Гарадка ўжо вернешся і забудзеш, а вы, цемната, яшчэ ўпіраецеса!
— Ве-едам, што блізка!
— Блізка — аж занадта!
— То-то і яно!..
Калі дайшло да галасавання, мужчыны дружна паднялі рукі супроць. За прапанову войта быў толькі Доўгі з лесніком.
— Няхай ужэ нам, цёмным, гміна будзе ў глухой вёсачцы, куды нам да Гарадка,— пакпіў Марцін Грушэўскі.
— Дажыве-ем і гэ-этак...
Доўгі павёў раззлаваных гасцей да сябе. Яны ў Настусі цэлую ноч пілі.
Назаўтра сабраліся ў нашай хаце мужчыны абмяркоўваць сход.
Добра, што ўчора не паддаліся. Адно пачні выконваць панскія загады — ногі выцягнеш.
Май пабелены комін, плот. А навошта? Каб лашчыла вока пану, як будзе праязджаць у брычцы? Табе так хочацца — сам і бялі!
Каля студні зямлю выкладзі брукам, каб свінні ў лужыне не купаліся. І чаго ты, пане, брыдзішся? Нябось, сала ці кумпяк жэрці любіш! А зімой куды брук дзяваць — бабы ногі паломяць на абледзянелым каменні, калі пойдуць па ваду.
Не будзе сабака на прывязі — штраф. Ці ты таго сабаку заўсёды ўтрымаеш на прывязі?
Да воза чапляй бляшаную шыльдачку з адрасам. Яна мусіць быць без плямкі, з аднолькавымі памерамі літар. Каб набыць такую шыльдачку, цэлую курыцу трэба прадаць. На якую халеру селяніну гэтая шыльдачка — гной вазіць на поле? Калі ён раз у месяц прыедзе на кірмаш, а ты захочаш ведаць яго прозвішча — у цябе ж язык у роце!
Махорка дарагая. За пасаджанае каліва тытуню дваццаць пяць злотых штрафу. З якой рацыі! Каб нажыліся на ёй фабрыканты?..
Найгорш з падаткамі. Не заплаціш — прыедзе секвестратар і забярэ, што знойдзе: карову, швейную машыну, сувой палатна, што баба выткала на кашулі, мяшок зерня... Пабыць ва ўсіх, хто не плаціць, ён не можа. Секвестратараў пасылаюць толькі для страху, Далёка ад гміны ехаць яны лянуюцца.
Бялевічы належаць да Гарадоцкай гміны: ім, бедным, ні днём, ні ноччу няма спакою. У іх і падаткі заплачаны, і шарварак[4] выкананы, і пабелена ўсё...
Рыгарулька яшчэ ні разу не ўнёс падатку. Іншыя страшаўцы па некалькі гадоў не выходзілі на шарварак. У нас і тытунь у капусце расце, а — жывём. А там, глядзі, і перамена якая-небудзь прыйдзе.
— Добра зрабілі, што не паслухалі! — са здавальненнем і пашанай да сябе сказалі мужчыны.
Успомнілі і Доўгага Мікалая.
— Ліха яго ведае, ці ён знарок, ці не разумее? — дзівіўся бацька.— Столькі ўжо ў Страшаве — пара б і навучыцца!
Наш ляснік калісьці быў легіянерам, яго паны прыслалі з-пад Варшавы, каб сачыў за вёскай. Усе яго баяліся і ненавідзелі.
— Гэ, Сцяпан, разумее ён не горш за цябе! — азваўся Марцін Грушэўскі.— Толькі што за карысць яму ісці з табой?! Нябось ведаў з кім знюхацца — з легіянерам!
— Яму напляваць на тое, чаго людзі дамагаюцца! — уздыхнуў ужо бацька.— Ы-ых, без карысці чалавек жыве, цьфу!
— Горшы за лесніка! — падхапілі мужчыны.
— Той ідзе адкрыта. А гэты — нібы свой, здаецца, і з бедных, а — бачыш!
— Калі такі прадасца — бяда!
— Гарадскі фраер!
Настусінага мужа цярпелі як непаразуменне, як нешта чужое.
[4] Дарожная павіннасць