Паводле даўняга звычаю, манахі кінулі ў рэчку драўляны крыж, які меўся паказаць, дзе ставіць новую святыню. Крыж панесла вадой, «інакі» ішлі па беразе і сачылі, куды яго прыб'е.
Так узнік новы, славуты ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе — Супрасльскі, Благавешчанскі манастыр.
Потым перасяліўся ў Беласток і сам Хадкевіч, а Гарадок заняпаў. З колішняй яго славы засталася легенда ўзнікнення мясціны і Замкавая вуліца. Ад магната Хадкевіча і былога манастыра дайшоў да нас адно ўзгорак, зарослы буйным лопухам.
Кожнай келлі ў лесе манахі для выгоды далі сваю назву. Людзей прыбывала. Яны ўсё далей ад Гарадка высякалі пушчу. Але мясціны, дзе маліліся схімнікі, яшчэ доўга выклікалі пашану. Назвы келляў людзі перанеслі на вёскі — Грыбаўцы, Скраблякі, Зубкі, Зубры, Страшава, Бялявічы, Меляшкі, Валілы...
Яшчэ з тых часоў захаваліся на вёсках паўднёваславянскія прозвішчы, перайначаныя людзьмі для лепшага вымаўлення,— Цішэўскі, Дудзік...
III
У часы санацыі пры ўездзе ў Гарадок віднелася шыльда, а на ёй было акуратна напісана: «Мястэчка мае 2764 жыхароў, у тым ліку 1402 іудзеі, 615 праваслаўных, 521 католік і 226 іншых веравызнанняў. Жанчын — 1963, мужчын — 1715».
Ішлі гады, і людзі паміралі, нараджаліся, жаніліся ды пераходзілі ў другую веру, а лічбы на шыльдзе не мяняліся. Толькі потым я зразумеў — войт з Гарадка гэтым паказваў, які ў яго гміне парадак.
Без Гарадка нашыя сяляне не ўяўлялі свайго жыцця.
Пыхцела там каля дзесятка фабрычак сукна.
У Гарадку былі кузня, млын, воўначасалка, пошта і школа.
Там жыў доктар.
У мястэчку можна было прадаць масла, збожжа, цяля ці выменяць малако на флёкі для сенніка.
У Гарадку чалавек мог купіць і селядзец, і чаравікі, і сшыткі, і нават — з-пад палы — набоі для паляўнічай стрэльбы.
Між іншым, для мяне Гарадок яшчэ — мясціна, дзе я ўбачыў свет.
Аднойчы паехалі нашы часаць воўну — і ў маці пачаліся роды. Бацька завёў яе ў бліжэйшую краму, палажыў на тапчан. Маёй навівальнай бабкай стала гаспадыня крамы, прапахлая селядцамі і газай тоўстая Броха.
IV
І на мястэчка і на вёску ўплываў прамысловы Беласток, куды ад Страшава — сорак адзін кіламетр.
Каліноўскі ў Беластоку друкаваў «Мужыцкую праўду».
Забастоўкі рабочых там пачаліся яшчэ ў 1870 годзе.
З беластоцкіх школ выйшлі генерал Парыжскай камуны Валеры Урублеўскі, забойца Аляксандра II — Ігнат Грынявіцкі.
У недалёкім Заблудаве Іван Фёдараў выпускаў свае першыя кніжкі...
Паўстанні 1831, 1863 гадоў пакінулі па нашых лясах такія назвы ўрочышчаў: Стойбішча, Вісельнік.,.
Хаты ў нас даўно на гарадскі лад: крыліся чарапіцай, сцены гладка габляваныя, з шаляванымі вугламі, а вокны — вялізныя, на тры шыбіны. Замест печаў людзі ставілі ўжо пліты, а для цяпла — з белай кафлі грубкі. Па два, па тры і нават па чатыры пакоі мелі страшаўцы.
Гэта з аднаго боку. А з другога...
Вісельнікам называўся лясок ля Свіслачы. У 1831 годзе Мураўёў павесіў у ім вучняў Свіслацкай гімназіі...
Маіх продкаў лясок уражваў не таму, што ў ім загінулі змагары за народ. Праязджаючы ля сосен на кірмаш, яны заміралі ад жаху — на гэтых суках віселі людзі. Заміралі б гэтаксама, калі б там віселі звычайныя бандыты.
Мужыкі нашыя доўга лічылі цара бацькам, які не ведае, што твораць мясцовыя начальнікі, а рэвалюцыянераў называлі з насмешкай — «цацалістамі».
У 1905 годзе праз Гарадок ішла дэманстрацыя. Абураныя рабочыя неслі на тычцы акрываўленую кашулю ахвяры самадзяржаўя. Нейкі Самойлік залез на свой дом і стрэліў па «цацалістах» з дубальтоўкі соллю.
У Страшаве ён праслыў героем.