— Усё! — уздыхае адзін.— Закурым!
— Як усё? — пярэчыць другі.— А снеданне сябру?..
І кідае на тратуар кавалачак хлеба:
— Лаві сваю порцыю, браце. Наядайся!
Толькі цяпер у паўзмроку бачу жывы шэры камячок, які па тратуары скача да хлеба.
— Кожную раніцу, жэўжык, прылятае! — з захапленнем тлумачыць дзядзька мне.— Просіць есці...
Падкаціў бітком набіты аўтобус, уздыхае тармазамі.
Расшпільваю паліто, каб не адляцелі гузікі, складваю рукі клінам, прыціскаю локцем партфель і ныраю за тоўстай дзяўчынай. Ледзь зачыняюцца за намі пнеўматычныя дзверы. Вакол мяне — тугія бакі, плечы, локці ды незадаволенае гырканне. Людзі нязлыя — яны проста яшчэ сонныя.
— Не штурхайся!
— Яна так дыхае! — заўважае другі.
— Не заступайся. Лепш злезь з маіх мазалёў!
— Хіба ты тут выходзіш?
— А калі не выходжу, то не трэба злезці?.. А вы не падміргвайце!
— Я вам падміргваю?
— У вас такая звычка, вы і не заўважаеце!
— Елачкай, елачкай станьце, і — усім хопіць месца! А ты — не выхіляйся з акна! Закрый яго!
— Выхіляйся, выхіляйся, чым ты заўтра будзеш выхіляцца?!
У аўтобусе прачынаюцца, усім весела.
У гэтую пару нашым маршрутам ездзяць пераважна рабочыя з заводаў, людзі, якія любяць вострае і трапнае слова. У гуморы і наша кандуктарка.
— Грамадзяне, бярыце білеты, не саромейцеся! — крычыць зычным голасам і папраўляе на грудзях «Раман-газету», якая занадта вылезла з-за адвароту.— Тут мы усе свае, смялей, смялей! Вы, дзве дзяўчыны, чаго азіраецеся?
— А што, не пара ім хіба азірацца?
— Не хвалюйся, не на цябе!
— А чым я кепскі? Толькі што рыжы!
— Байчэй плаціце!
— Шукаем грошай у кішэнях!
— Доўга чагосьці!
— Ну, іншыя ў чужых кішэнях знаходзяць хутчэй, чым у сваіх!
— А ў мяне праязны!
— З праязным мог бы і прайсціся!
— Га-га-га-га!