Мая вёска завецца Страшава. У ёй сорак восем двароў, раскіданых на пяцістах гектарах, або пяці кіламетрах квадратовых,— каля лесу Ліпнікі.
За страшаўскімі хлявамі праз рачулку перакінута дубовая кладка. На груба абчасанай і набрынялай гэтай бэльцы чарнелі выразанае прозвішча, праваслаўны крыж і дата смерці пачынальніка нашага роду — Кучынскіх. Нам, дзецям, гаварылі, што надпісу мо сто, а мо і больш гадоў.
Яшчэ на вёсцы казалі, што Кучынскі і быў першы страшавец. Чалавек гэты стаў мне блізкі, а ўсведамленне, што наш род заснаваў цэлае селішча, напаўняла мяне гонарам.
Я — незвычайны страшавец.
Радаслоўная нашай сям'і вядома толькі да чацвёртага калена. Пачынаецца з прадзеда, які служыў краўцом у пана Златніцкага.
Калі адмянілі прыгоннае права, прадзед не асеў на зямлі, а пайшоў на заробкі. Ён заходзіў да каго-небудзь у хату, жыў там тыдзень-два, покуль усіх не абшываў, тады кіраваўся далей.
Страшаўскія бабкі расказвалі, як кравец любіў жартаваць.
— Дзеці, прынясіце жменьку попелу, будзем іголкі вастрыць!
Тыя прынясуць. Ён нібы водзіць па попеле іголкай — раз! — і ўколе ў руку.
— Што, вострая?
А то ў адной хаце нявесткі пачалі варыць абед і пасварыліся. Гаршкі сабе кіпяць, а кравец, падкурчыўшы ногі, сядзіць і шые. Нявесткі то заходзяць, то выходзяць, надзьмутыя, маўчаць, а спытацца адна ў адной, ці пасолена страва, не дазваляе гонар.
Вярнуліся мужчыны з малацьбы. Села сям'я снедаць. Толькі паднеслі лыжкі да рота, і ўсе разам выплюнулі страву.
— То хіба і ты саліла? — вінавата спыталася адна
маладзіца ў другой.
— Саліла...
Кравец дадаў:
— А я думаў, сёння такое свята. Бачу — усе соляць. Узяў зачэрпнуў жменю солі са збанка, кінуў у вар і я!
Краўцоў сын — мой дзед — гадоў сорак служыў лесніком. Ён амаль не начаваў дома. Дзень і ноч з кіем і сабакам, а зімой на лыжах праводзіў на службе. Памятаючы, як бацька пабіраўся па мужыцкіх хатах і прыкідваўся дзіваком, каб пракарміць з іголкі сям'ю, ён упарта, настойліва імкнуўся зрабіць сваіх пяць дачок (маіх цётак) і двух сыноў (майго бацьку і брата яго, Аляксея) незалежнымі. Дзед не піў, нікуды з вёскі не выязджаў. Збіраў грошы год, два, дзесяць, дваццаць...
Нарэшце, калі ў нашым Страшаве распрадавалі маёнтак пана Златніцкага, на саракавым годзе службы, дзед на ўсе грошы купіў зямлі і адразу памёр,— жывіце, дзеці, мацуйце наш род, бо я сваё зрабіў.
Зямлю пан прадаў, вядома, у палосках, ды падаспела Сталыпінская рэформа. У Страшаве з'явіліся каморнікі і выдзелілі гаспадарам асобныя надзелы для хутароў.
Леснікова ўдава, мая бабка, за нешта пасварылася з каморнікамі, і тыя са злосці далі ёй вялізны ўчастак, але дурны — пясчаную гару і балота.
Покуль перамервалі зямлю, цёткі павыходзілі ў суседнія вёскі замуж. Дзядзька Аляксей адправіўся ў Маскву служыць прыказчыкам. Памерла і бабка.
Мае продкі — вялікія гаротнікі, сумленныя людзі, няхай пухам ім будзе зямелька.
ІІ
Паабапал рэчкі Супраслі раскінулася мястэчка Гарадок.
Недзе ў XI стагоддзі ў глыбіні Блудаўскай пушчы, дзе крыжаваліся гандлёвыя шляхі, узнік умацаваны гарадок, якому чамусьці людзі не прыдумалі назвы.
У Гарадку хаваўся ад брата Вітаўт, і мястэчка тады было за сталіцу літоўскаму магнату.
У 1498 годзе беларускі князь і навагрудскі ваявода Аляксандр Хадкевіч пабудаваў тут манастыр Іаана Багаслова. З Афонскай гары, з Кіева-Пячорскай лаўры ваявода прывёз манахаў, якія пачалі жыць па ўзору ўсходніх схімнікаў.
Манахі жылі ў раскіданых па лесе келлях і толькі па суботах і на святы збіраліся ў манастыры на малітву. Калі ж Хадкевіч пабудаваў тут яшчэ і мураваны замак, суседства буяністага ваяводы і разгульнай світы стала манахам перашкаджаць.
«Трудно было,— гаворыць старажытны летапіс,— блюсти строгости иноческого жития ради докуки мирской». Хадкевіч дазволіў перанесці манастыр у іншае месца.