Цяпер у аўтобусе — нібы адна сям'я. Здаецца, каб магла, азалаціла б усіх.
Нехта ўступае месца, саджуся. Маё сэрца як бы раздалося ўшыркі, увабрала не толькі гэтых пасажыраў, але і цэлы горад! Зноў здаецца, што я ўжо некалі жыла на свеце, я — вечная...
Што мой незнаёмы робіць? Яшчэ, відаць, спіць. Паспі, даражэнькі! Спіце і вы, добрыя людзі, каму яшчэ можна не ўставаць!..
Знадворку да мяне ўсміхаецца твар сімпатычнай маладой асобы з жывым і здаровым бляскам вачэй і зубоў. Я ахвотней гляджуся ў шыбу, чым у люстэрка. Косця смяецца, што гэта — самаашуканства, бо так менш відзён узрост. Ну і няхай! Крадком падцягваю ззаду касынку, і над лобам паказваецца просты прабор. Прыглядаюся. Сапраўды, цяпер падабенства да італьянскай сіньярыны бачу і я. Толькі мой твар маладзейшы і сама я больш жвавая.
А вось і школа.
Як ні рана выехала з дому, аднак у настаўніцкай ужо нехта ёсць. Мяне адразу падхопліваюць тысячы спраў. Камусьці на гвалт патрэбна выставіць адзнакі за чвэрць, дырэктару неадкладна давай справаздачу аб выхаваўчай рабоце, нейкі бацька, дзівак, прыйшоў якраз цяпер, каб я напісала яго дачцэ распарадак дня...
Аднак праз занятасць і клопаты я агорнута і прадчуваннем сустрэчы. Маё сэрца то калоціцца, то ад жудаснага і незнаёмага шчасця замірае. Недарэчы лезуць у галаву яшчэ і вершы. Цякуць лёгка, самі сабой словы Межэлайціса, вычытаныя нядаўна:
18
Вяртаюся са школы. Іду паволі насцярожана, і ў мяне такое адчуванне, што вось-вось зараз нешта здарыцца. Здарыцца напэўна, няўмольна, немінуча — штосьці хвалюючае, важнае і фатальнае. Я нават ужо не ўпэўнена, ці сапраўды жыву, іду, ці мне толькі гэта ўсё сніцца.
Прадчуванне не ашукала.
Яшчэ здалёк бачу добра знаёмы капялюш, карычневае паліто і мяккую хаду мужчынскіх ног у замшавых чаравіках. Мне раптам не хапае паветра, замірае сэрца і падгінаюцца ногі. Хаваюся за прахожага, пачынаю аддыхвацца.
Спаткаліся мы на мосце. З нейкай п'янай рашучасцю ды толькі таму, што было раней запраграміравана, я запыняю яго і на гэта трачу ўвесь запас смеласці. Гаварыць ужо не магу.
— Вы штосьці хацелі сказаць мне? — пытаецца ён ветліва, але паспешліва.
— Я?..
«Ну, гавары ж ты, гавары, калі пачала!» — чую свой кволы ўнутраны голас скрозь узрушанасць.
— Хацела павіншаваць вас...
— З чы-ым? — у яго вачах шчырае здзіўленне.
Пакутліва і дарэмна спрабую ўспомніць тыя душэўныя і прыгожыя словы, якія падрыхтавала.
— Са святам...— выдыхаю.
— А! Узаемна!
— Дзякуй...
Няёмкая паўза.
— Прабачце,— кажа ён.— Я вельмі спяшаюся!
Маўчу.
«Спяшыш... Ну і спяшы, ладна! Збіралася толькі цябе павіншаваць і свайго дамаглася!»
«Але чаму я не хачу, каб ты адыходзіў? Чым такая расчараваная?..»
Ён збіраецца бегчы і апраўдваецца:
— Ля рэстарана даюць свежую рыбу!
— Калі ласка...
— Трэба паспець захапіць!