— Што-о захапіць?
— Ля рэстарана ў падвале — свежую рыбу выкінулі, кажу!
— Яку-ую?
— Свежую!
Аслупянелая, гляджу на яго і ніяк не магу зразумець, пра што ён гаворыць. Пры чым тут якаясьці рыба?!
— Паслязаўтра ж — свята! — тлумачыць.
«Мабыць, сню».
— Ну, пабягу, а то расхапаюць!
— Расхапа-аюць?..
— Яшчэ людзі не ведаюць, але зараз наваляцца!
«Бо-ожа, што ён вярзе?!»
Некалькі секунд маўчым. Паміж ім і мной убілася кампанія вёрткіх вучняў з ранцамі, раздзяліла нас, але я не кранаюся з месца. Стаю, не магу адысці ад здзіўлення. Мяне агортвае адчай.
Школьнікі прайшлі — і зноў мы дваіх.
— Ну, пайшоў! — паўтарае ён.
— А як жа я-а?! — вырываецца ў мяне не то скарга, не то адчайны крык.
— Можа, і вам трэба? — на хаду пытае ён з гатоўнасцю.— За адно магу ўзяць, мне ж — усё роўна!
— Чаго ўзяць?
— Свежай рыбкі.
— Наво-ошта?
— Вы яе не любіце?
«Не, я не сню».
Ён ужо бачыць — нешта здарылася, адчувае віну, спрабуе яе загладзіць. Бадзёра кажа:
— Давайце грошы! Колькі вам браць?
— Не! — паспешліва і з жахам баранюся я, нібы ён падбіваў на злачынства.
— То як сабе хочаце, я — ад шчырага сэрца!
— Не! Не-е!
— Тады я пабег! Бывайце!
ПА КВЕТКУ ШЧАСЦЯ
УСТУП
I