— То анёлы па ім сыходзілі!
— Ах, бо-ож...— не ведала, як сябе паводзіць разгубленая мая мама, прыляцеўшы сюды таксама.
— І, скажыце, каб у каго багатаго?! Такое выдарэнне, і ў гэтай хаціне...
— Мацер божа заўсёды да такіх больш літасцівая!..
Кавальчыха сядзела ўжо на куфры з выразам фанатычнага шчасця на твары. Хоць яна і па-ранейшаму нікога не бачыла, але цяпер, як заведзеная, цвердзіла:
— А я ўсё жыццё маліласа, і бог мяне пачуў... Я ўсё жыццё малілася, і бог мяне пачуў...
Мы глядзелі на ўсё здзіўленымі вачыма.
І вогненны слуп, і крылатыя анёлы (якія так і снуюць па ім: то ўніз, то ўверх, то ўніз, то ўверх!!) кружылі галаву, забівалі дыханне, прымушалі заміраць сэрца. Ды мы з Валодзькам дзівіліся: абноўленая ікона — такая ж самая, як іншыя, няўжо і мама не бачыць?! Мо дарослым відаць тое, чаго дзеці не бачаць?!
З пугай у руках у хату ўваліўся Настусін муж — Доўгі Мікалай. Жанчыны прыціснуліся да сцен, замерлі. Прыгінаючыся, каб не чапляць столі, Мікалай азірнуўся па хаце, знайшоў вачыма жонку, ускіпеў:
— Няма табе іншай работы?!
І выцяў з усяе сілы цётку Настусю гнуткім пугаўём — раз! другі! трэці!
— Цяпер у Ліпнікі пешшу ідзі, вярціхвостка, а я — паехаў!
Калі Доўгі Мікалай выбег і не стала чуваць пад акном яго фурманкі, абураныя бабы кінуліся шкадаваць Настусю:
— Ля, як ён табе распаласаваў твар!
— Хто гэто ба-ачыў, каб так бры-ыдзіцца пры народзе!
— Шрам так і выступіў!
Мама суседку не любіла, але тут і яна нахілілася над Настусяй, пашкадавала яе:
— Бо-ожа, ну і мужык у цябе, Настуся, ці ж так мо-ожно!.. Я і дня не жыла б з такім!..
Хтосьці сунуў канец хусткі ў Кавальцова вядро і прыклаў да шчакі жанчыны. Настуся не плакала і не скардзілася. Была шчаслівая тым, як з ёю муж абыходзіўся, выстаўляла свой крывавы шрам, яшчэ і ўсміхалася.
— Дурна-ая будзеш, Настуся, калі цяпер пабяжыш за ім. Няхай адзін у лесе пуп сабе надрывае, тады ведацьме! — раілі жанчыны.
— О-о, я свайго правучыла б ху-утко. Убачыў бы ён мяне ў Ліпніках пасля гэтага, рыхтык!..
Настуся іх не слухала. Яна паправіла хустку, ускочыла з лавы і з паказной ахвотай пабегла за мужам.
Доўгі Мікалай сапсаваў усім песню. Разгубленыя бабы паўздыхалі яшчэ некалькі хвілін ды паразыходзіліся па хатах.
3
Болей пра абноўленую мацер божую ў Страшаве ніхто не гаварыў. Затое слава аб ёй пакацілася па суседніх вёсках.
Назаўтра з Меляшкоў, Грыбаўцоў, Вейкаў ішлі і ехалі людзі паглядзець на цуд. У Кавальцоў кампаніі нам не было, малых цяпер туды не пускалі. Мы тырчалі то на падворку, то на бруку і з вялікай цікавасцю спатыкалі і праводзілі кожнага госця.
Ашалеў Рыгораў Бобік. У вёску прыслалі двух паліцыянтаў пастраляць сабак. Паліцыянтам таксама захацелася паглядзець на цуд. Падыходзячы да Кавальцовай хаты, яны нават пазнімалі свае круглыя шапкі з сярэбранымі нумарамі.
У Кавальцоў паліцыянты забавіліся нядоўга. Выйшаўшы, зноў надзелі шапкі, і я чуў, як адзін кінуў па-польску:
— Яка цемнота!
Сябар пакруціў галавой і ўздыхнуў.