Чэсь, не патрапляючы нагой у каляіну, бяжыць насустрач. На ягонай галаве летняя канфэдэратка, і адтапыраныя вушы малінавыя ад марозу.
— Самалёт?! — задыхана пытаецца Чэсь, але Зьмітрок у адказ толькі ўздыхае — казаць пра зоркі, ды яшчэ на марозе, няма ахвоты.
З гасьцінца да школы бягуць западзіны прыбітага сьнегу — некалькі чалавек прайшлі тут, ступаючы нага ў нагу.
— А я думаў — мы першыя, — падае голас стрыечны брат, і Зьмітрок, не азіраючыся, прамаўляе: — Першая Цыба прыходзіць.
Цыбаю хлопцы называюць сваю высакарослую, прысланую з усходу настаўніцу. Цыба тая жыве ў Мартулёвай хаце і прыбягае ў школу дасьвецьцем.
Прамерзлыя завесы жаласна стогнуць, хлопцы разам пераступаюць парог, кідаюцца да гарачай галяндкі, ды іх, як заўсёды, спыняе незадаволены воклік цёткі Агаты:
— Доконд?
Цётка — яна ўжо гадоў дваццаць жыве пры школе — торкае ў Чэсевы рукі паскубаны дзяркач. Абабіўшы сьнег з валёнак, хлопцы бягуць да печкі, ляпаюць па ёй зьбялелымі далонямі, міжволі наструньваюць слых.
— Так ровно? — пытаецца за сьценкаю Цыба і цётка Агата, увайшоўшы ў кляс, разважліва, расьцягваючы гукі, прамаўляе: — Ву-унь той краёчак — чу-уць угору, — потым, ужо адрывіста, гукае: — Добжэ, — і падлога зьлёгку страсянаецца. — Настаўніца штосьці вешала на сьценку і цяпер скочыла долу.
Цыба ляпае далонямі, а цётка Агата нясьмела выдыхае:
— Пані наўчыцелька... дроваў... адзін абярэмак застаўся.
Хвіліну пануе цішыня.
— Агата Ивановна, — не называйте меня так. Я не пани, а простая советская учительница. А что касается дров... — у клясе гучна рыпае масьнічына, — я подумаю над этим вопросом.
Зьмітрок з Чэсем пераглядаюцца. Пані Яблоньска, што вучыла іх летась, з усімі размаўляла па-польску, настаўнік Скочык — таксама. А вось Цыба на ўроках гамоніць па-беларуску, зь цёткай Агатай размаўляе па-расейску і гэта дзівіць хлопцаў.
Завесы зноў стогнуць і ў парнай ад марозу пройме зьяўляюцца Лена Патыка і Дана Кур’янка. Дзяўчынкі, не абабіўшы валёнак, бягуць да галяндкі.
— Доконд? — жартам гукае Чэсь, раскрыльвае рукі, не падпускаючы дзяўчынак да печкі, і Лена хвацка б’е яго спачатку па плячы, а потым па брыльку канфэдэраткі. — Чаго гэта ты зіму пужаеш? — Лена цісьне далоні да печкі, — глядзі, каб вушы не адваліліся.
Чэсь хмурнее. Летнюю шапку ён носіць дзеля форсу, і пасьля такіх кпінаў вушы ягоныя яшчэ больш пунсавеюць.
Праз латку незацярушанага інеем акна зыркае, працінаючы пунсовыя Чэсевы вушы, сонечны прамень.
— Дзеці, заўтра кожны мусіць прыхапіць з дому палена, — вітаецца з вучнямі настаўніца, потым глядзіць на Чэся і незадаволена заўважае: — Пераступаючы школьны парог, трэба здымаць галаўныя ўборы.
Хлопец няўцямна лыпае вачыма, і Цыба стоена дадае: — Шапку здымі.
Кляса поўніцца сонечным сьвятлом. Шэрань на вокнах вясёлкава блішчыць, а на пашарпанай падлозе дрыжаць рознакаляровыя плямы.
— Што, фарсун, ва ўсіх шапкі, а ў цябе галаўны ўбор? — гукае Лена Патыка, дзяўчынкі пырскаюць сьмехам і раптам аціхаюць, пазіраючы паўзьверх шышкаватай Чэсевай галавы. Там, над кляснай дошкай, зьявіўся партрэт вусатага дзядзькі. Адбітак сонечнага сьвятла дрыжыць на глюгастым носе, кранаецца ваяўнічых вусоў і гэта стварае ўражаньне, што дзядзька залівіста сьмяецца.
“На солтыса падобны”, — думае Зьмітрок. У солтыса Брошкі таксама быў глюгасты нос і такія ж густыя, пракураныя вусы.
— Дзеці, сталі роўна! — прамаўляе настаўніца, ляпае ў ладкі і прыкметна суравее з твару.
— Чалавек, якога вы бачыце на партрэце — Іосіф Вісарыёнавіч Сталін! — Цыба вытрымлівае паўзу, гнеўна глядзіць на Чэся, які пацірае гарачыя пасьля марозу вушы, і працягвае: — Таварыш Сталін — правадыр працоўных нашай краіны і ўсяго сьвету, вялікі друг савецкіх дзяцей. Ён думае пра кожнага з вас, думае пра тое, каб... — настаўніца трасе рукамі, падбіраючы патрэбныя словы, і Лена Патыка, лыпнуўшы вачанятамі, уражана пытаецца: — Ён што... і пра мяне думае?
Настаўніца праводзіць далоньню па дзявочай галаве, парывіста ўздыхае: — Думае, Леначка: і пра цябе, і пра Дану, і пра... — рука цягнецца да Чэся, ды той гучна чхае і Цыба незадаволена трасе галавою.
На другім уроку Зьмітрака цягне на сон. Хлопец сядзіць, прыкрыўшы рот — Цыба ня любіць, калі хто зяхае — і асавела глядзіць на мапу Савецкага Саюзу, па якой шнарыць канец настаўніцкай указкі. Да вушэй далятаюць толькі асобныя сказы.
— ... А там, за бацюхнам-Уралам, ляжыць суворы і казачна багаты край — край вячыстых лясоў, магутных рэк, высокіх гор, якія хаваюць у сваіх нетрах незьлічоныя багацьці...
Зьмітрок употай пазяхае і зялёная, пакрытая атожылкамі рэк, Заходне-Сыбірская раўніна паволі расплываецца ўваччу.
— ... Сталінскія пяцігодкі непазнавальна зьмянілі гэты край... Там, дзе зусім нядаўна шумела тайга і блукалі непалоханыя мядзьведзі, сёньня паўсталі новыя гарады і пасёлкі, леглі сталёвыя рэйкі чыгунак, загулі турбіны заводаў і фабрык... Пройдзе зусім няшмат часу, вы станеце дарослымі і, магчыма, хтосьці з вас паедзе ў далёкую Сыбір, працаваць на будоўлях камунізму...