- Кіраваць намі па тэлефоне будуць. А мы адны будзем жыць!
Коля павярнуўся на другі бок і засоп носам.
- Эх... - махнуў на яго Толя і палез назад у свой ложак.
«Хочаш яшчэ торта?»
Першы выспаўся і вылез з ложка Коля. Ні таты, ні мамы не было. З кніжнай паліцы-шафы звісаў плакат.
«СЫНКІ! - гэтае слова тата напісаў чырвоным фламастэрам вялікімі літарамі. - Віншуем вас з днём нараджэння і моцна цалуем! - гэта зялёным. - Будзем святкаваць ваш дзень пасля абеду, а лепш за ўсё вечарам. У абед я прывязу рыбак і куклянку!» - гэта сінім.
А ніжэй чорным фламастэрам прыпісала мама:
«У духоўцы яечня. Кісель у кубачках на стале. Да кісялю адрэжце сабе па кавалку куплёнага торта. А той, што я спякла, яшчэ не гатовы, яму трэба выстаяцца. З дому не выходзьце, пагуляеце на двары пад вечар. Цалую - мама».
Коля тузануў плакат. Аб падлогу моцна ляснула кніга - яна прыціскала верх плаката да паліцы. Прачнуўся і Толя.
- Пісьмо табе, на чытай! - кінуў яму плакат Коля, а сам раздзеты пабег на кухню.
Праз хвіліны дзве, калі Толя прачытаў усё, што было напісана ў плакаце, ён завыў: «У-у-у-у...» - і таксама кінуўся на кухню.
Спазніўся: Коля ўжо адчыкрыжыў сабе вялізны кавалак торта і еў на поўны рот. Самы лепшы кавалак выразаў - зверху мармеладная кветка і лісцік з зялёнага крэму.
- О-о, тады я два кавалкі адрэжу, калі так! - сказаў Толя і адрэзаў сабе два кавалкі торта.
- Тады і я два, - сказаў Коля і адваліў сабе другі, яшчэ большы за першы.
- У цябе і адзін першы большы за мае два! Тады я адрэжу тры!
- А я - чатыры!
- А я скажу тату!
- А я скажу маме!
- А я табе не дам хамяка глядзець!
- А я хамяка ўжо бачыў. Я табе не дам рыбак глядзець!
Абодва пхалі за шчокі торт, як той хамяк харч, - хто хутчэй і больш з'есць? Павымазваліся, як чэрці.
І тут зазваніў тэлефон. Раз, другі, трэці...
- Бяжы паслухай, у мяне рукі ў крэме! - сказаў Толя.
- Сам слухай! І ў мяне ў крэме!
Толя запхнуў рэшткі другога кавалка ў рот, хоць ужо нудзіла ад торта, пабег да тэлефона. Ухітрыўся ўзяць слухаўку сціснутымі кулакамі.
- Умгу? - не мог добра варухнуць языком.
- Разбудзіў? - сказала слухаўка татавым голасам. - Дай, думаю, патэлефаную, мо яшчэ спяць... Засцілайце ложкі, умывайцеся, снедайце.
- Умгу!
- Што - умгу?
- Мы ўжо з'елі торт! - У роце Толі пасвабаднела.