Пакачаліся па падлозе. Сёння Толя хутка апынуўся наверсе. Але Коля раптам войкнуў і скрывіўся, давялося яго пусціць. Хворы ж! Пабег Коля са спальні.
А Толя пайшоў на кухню, бо сюды з акна даносіліся дзіцячыя галасы. Заглянуў у акно... Ух ты! Якія хвацкія вароты дзеці зрабілі з крамных цукерачных скрынак! Мог бы і ён з імі паганяць шайбу, нічога, што далёка да зімы. Але ж мама не дазволіла выходзіць... Во, Сцёпа Мармышка горла дзярэ, верхаводзіць... Таксама ў першы клас пойдзе. Ён амаль на паўгалавы вышэйшы за Толю і Колю.
Залез Толя на акно, стаў на дыбачкі, каб бліжэй была фортка.
- Гэй! У нас хамяк і рыбкі! У нас дзень нараджэння!
Пачулі!.. Сцёпа Мармышка абапёрся на клюшку і закрычаў угору:
- А які ну-умар!.. кватэры?..
- Пяцьдзесят!!! - зноў стаў на дыбачкі Толя. Сцёпа кінуўся ў пад'езд, за ім натоўп дзяцей, нават малая Танька з суседняга корпуса.
- Коля, ратуйся! Госці бягуць! - закрычаў Толя, саскочыўшы з акна.
На лесвіцы ўжо звінелі галасы, чуўся тупат.
Выбух у кватэры
Толя адчыніў дзверы, і яго ледзь не стапталі ў парозе. Большасць - амаль незнаёмыя хлапчукі, толькі Мармышка і яшчэ адзін, Андрэйка, знаёмыя. А Сцёпа стаяў і ўсё ціскаў клюшкаю на кнопку званка.
- Перастань! - тузануў яго Толя за рукаў.
- Вы, значыць, адны! - упэўнена сказаў Сцёпа, ступіў цераз парог. Толю з дарогі адгроб, як штосьці лішняе.
Апошняя ўскарабкалася на пляцоўку Танька. Расчырванелася, ледзьве дыхае. Папрасілася вельмі ветліва:
- Можна і мне на ваш дзень нараджэння? Толькі ў мяне няма чаго падарыць... - паказала яна пустыя далонькі і ўздыхнула.
- Заходзь, - дазволіў ён. Толю спадабалася, што яна ўспомніла пра падарунак, а ніхто з хлапчукоў і не заікнуўся нават.
Дзеці ўжо тапталіся на кухні каля слоіка з хамяком. Не, хамяка ў ім не было, Гаўрык сядзеў у Мармышкі на грудзях.
- Лезь, лезь! - падштурхоўваў Сцёпа хамяка знізу. Але той учапіўся кіпцюрыкамі за куртку і палахліва паглядваў на дол. Відаць было, як ён дрыжыць і трасецца.
Толя зняў хамяка, даў патрымаць Таньцы. Яна атуліла яго далонямі, атрымалася нібы гняздзечка. Дзяўчынка ўся свяцілася ад шчасця, і сам Толя глядзеў на яе і радасна ўсміхаўся.
- Пусці, хай пабегае! - Сцёпа сілком прыгнуў Таньку за рукі да падлогі, вытрас з іх хамяка. - Ату яго! Ату! - патупаў нагамі, пляснуў далонямі.
Гаўрык з пуду кінуўся пад буфет.
- Ой, уцячэ! Ой, не зловіце! - замітусіліся дзеці. Некаторыя палеглі, каб заглянуць пад буфет.
- Куды ён уцячэ, каратканожка? Волю яму давайце! У мяне быў хамяк, дык бегаў дзе хацеў! - сказаў Сцёпа і абмацаў вачыма стол, буфет, выцягнуў шыю і заглянуў у каструлю на пліце. - А дзе ж... вашы рыбкі?
- У спальні! - сказаў Толя. Яму не падабалася, як паводзіць сябе Мармышка ў іх кватэры. Усе сыпанулі ў спальню, а Толя і Танька пасталі на калені, папрыціскалі ён левае, а Танька правае вуха да падлогі. - Гаўрык! Гаўрычак! Гаўрунька! Бяжы сюды! - але хамяк так і не паказаўся з-пад буфета.
Толя яшчэ трошкі паляжаў вухам на падлозе, але глядзеў ужо не пад буфет, а любаваўся Танькай.
- Ён з кухні не ўцячэ, давай зачынім дзверы. - Танька ўстала і патузала Толю за рукаў.
У спальні было шумна. Дзеці тоўпіліся каля акварыума: хто заглядваў зверху, хто праз бакавыя сценкі, а Сцёпа стукаў кіпцямі па шкле - пужаў рыбак.
- У мяне ў акварыуме была чыстая вада, а ў вас... Хіба вы малака налілі? - гаварыў ён.
- Тата казаў - пачысцее, адстоіцца. - Толя распіхаў хлапчукоў, каб і Танька ўбачыла рыб.
- Хіба гэта рыбкі? - пагардліва крывіў губы Сцёпа. - Камары! Во ў мяне былі - вялікія, залатыя!