- Можа, табе яблычак кісленькі даць? А можа, кефіру? - прапанаваў ён Колю маміным голасам.
Коля скрывіўся, як серада на пятніцу: «Адчапіся!»
Тады Толя прынёс шахматную дошку з расстаўленымі фігурамі, паставіў яму на жывот.
- Белымі - я. Згуляем?
Коля грабянуў шахматы з жывата.
Толя раззлаваўся: хварэць хварэй, а рукам волі не давай! Але стрымаў сябе, моўчкі поўзаў па падлозе, пакуль не пазнаходзіў усе фігуры. Пачухаў макаўку - і ўспомніў: у нейкай кнізе, зусім нядаўна чыталі, хлапчукі скакалі «з парашутам».
- Ух, прыдумаў! Ух, і прыдумаў! - прынёс з калідора, з вешалкі, парасон. Не раскрываючы закінуў на шафу. Сам ступіў на мамін ложак, адтуль на спінку ложка, учапіўся рукамі за верх шафы. Падрыгаў нагамі - р-раз! - залез на шафу. Раскрыў парасон: - Ур-ра! - скокнуў на ложак. Пад нагамі ў яго штосьці трэснула.
Коля зацікавіўся, сеў у сваім ложку.
- Ух, здорава! Ух, здорава! - Толя не знаходзіў слоў.
- А ты пакладзі падушку - мякчэй будзе, - параіў Коля.
Толя паклаў дзве падушкі. Зноў палез на шафу.
- Гэй-гох! - рынуўся зверху на падушкі. Без парасона ўжо.
І другі раз нешта глуха трэснула. А з адной падушкі, дзе відаць была ружовая насыпка, з ражка вылецела жменька пер'яў, закружылася па спальні.
Не ўтрываў, вылез са свайго ложка і Коля. Стаў у нерашучасці...
- А-а, баязлівец! - Толя залез і скокнуў трэці раз. З падушкі выпырхнула яшчэ больш пер'я.
- Дасць нам мама, - сказаў Коля, але палез на шафу і ён. Пакруціўся там на кукішках, глянуў уніз. Не вельмі высока... Гоп! - скочыў і ён.
З падушкі вылецела воблачка пер'я.
Схамянуліся, пачалі лавіць, збіраць пёрцы, запіхваць назад у дзірку насыпкі. Потым сяк-так заслалі ложак, ускінулі на падушкі пакрывала. Было непрыгожа, не гэтак, як у мамы. Адразу пазнае, што тут была баталія.
Пасля скачкоў Коля выпіў крыху кефіру. Падумаў - сербануў разы два баршчу.
- Я цябе вылечыў! - радаваўся Толя. І ён крыху пасёрбаў баршчу.
Коля вярнуўся ў спальню. Пакуль Толя прыбраў са стала і таксама прыйшоў у спальню, рыбкі ўжо плавалі ў акварыуме. Толя разявіў рот, хацеў закрычаць: «Што ж ты нарабіў?! Тата казаў - праз дзве гадзіны!» Коля апярэдзіў яго:
- Мае рыбкі, што хачу, тое і раблю!
Рыбкі, здаецца, адчувалі сябе няблага, хоць вада і была мутная. Гупі ганяліся па крузе, нібы хацелі ўчапіцца адна адной у хвост. Неончыкі нерухома віселі сярод водарасцяў. Молі пасталі стаўма і штосьці дзяўблі з каменьчыкаў. Мечаноска стругала губамі водарасць, а мечаносец плаваў каля яе задам наперад, нібы хацеў укалоць хваставым плаўніком-«мячом». Адна куклянка нерухома ляжала на дне ў куточку акварыума, другая наўскос паўзла па шкле. Антэны-вусы распусціла шырока ў бакі, пакалыхвала імі - мо вынюхвала спажыву?
- Галодныя... Усе галодныя... - здагадаўся Коля. - А тата не купіў корму!
- Забыў, мабыць.
- А мо рыбкам хлеба накрышыць?
- Яны не ядуць хлеба. У садзіку бачыў? Іх кармілі такімі чырвонымі чарвячкамі і сушанымі мікробамі, - сказаў Толя.
- Сам ты мікроба сушаная! Гэта цыклопы такія з ножкамі. Выхавацелька казала, Зінаіда Аляксееўна.
- Сам ты цыклоп з ножкамі! - пакрыўдзіўся Толя.
- А ты... А ты... - пачаў заікацца ад злосці Коля і кінуўся да Толі біцца.