- Як - увесь? - здзівіўся тата.
- Трохі яшчэ не. Коля даядае.
Слухаўка маўчала, слухаўка цяжка дыхала.
- А яечня? Кісель?
Цяпер памаўчаў Толя.
- Няма на іх месца ў жываце.
Зноў памаўчала слухаўка.
- А як тэлефанаваць у «хуткую дапамогу», ведаеце?
- 01!
- 01 - гэта ў пажарную. Спадзяюся, да пажару ў вас не дойдзе. 03! Але я сам патэлефаную - у псіхіятрычную! Скажу, што вы павар'яцелі, каб вас забралі ў вар'яцкі дом.
Слухаўка шчоўкнула, у ёй пачуліся кароткія гудкі.
Толя вярнуўся на кухню. На трэці кавалак торта не хацелася і глядзець.
Коля сядзеў на крэсле з нагамі, калені каля падбародка. Далонямі ціснуў на горла, нібы душыў сам сябе. Твар бледны-бледны, як пабелены, вочы вылупленыя. На талерцы каля яго пуста - з'еў чатыры вялікія кавалкі!
- Хочаш яшчэ торта? - пасунуў Толя свой трэці кавалак да яго.
Коля дзіка гыкнуў, затуліў далонямі рот, закруціўся па кухні - ледзь не перакуліў вёдры з вадою, не пабіў акварыума. Кінуўся ў туалет.
Толя адшчыкнуў кавалачак торта без крэму, паклаў у слоік.
Праз хвіліну хамякова схованка, шкарпэтка, уздрыгнула, паказалася мордачка з вусамі, уся галава... Вочы хамяка былі заплюшчаныя, вушы вялыя, нібы пакамечаныя. Панюхаў - цап здабычу зубамі.
Галава знікла...
Хамяк таксама любіў торт.
«Сушаная мікроба» і «цыклоп з ножкамі»
Тата яшчэ два разы тэлефанаваў: «Як вы там? Як Коля?» І кожны раз Толя дакладваў: «Кепска... Ляжыць...»
Прыехаў тата на абед, прывёз у слоіку з вадою рыбак і куклянак. А Коля не ўставаў! Толькі крыху павярнуў у яго бок галаву і папытаў:
- Колькі? Якія?
- Як і дамаўляліся: пара неонаў, пара гупі вуаляхвостых, пара чорных молі, пара мечаносцаў. У знаёмых браў, не ў краме. Гэтыя дарослыя ўжо, а ў краме маляўкі.
Коля адвярнуўся, заплюшчыў вочы.
- Э, брат, як цябе скруціла... А ўсё з-за прагнасці. Хамяк і то ўсяго адразу не есць, надалей пакладзе.
Тата пайшоў на кухню. Вычарпаў з акварыума - у апошні раз! - ваду, рэшткі сцадзіў ва ўмывальнік, падняўшы акварыум. Засыпалі на дно гравій, налілі паўвядра адстоенай вады, пасадзілі некалькі водарасцяў - іх тата купіў разам з рыбкамі. І панёс акварыум у спальню, паставіў на стол. Потым схадзіў на кухню і прынёс яшчэ поўненькае вядро вады, выліў у акварыум. Коля толькі злёгку паварочваў галаву, каб паглядзець, што робіцца, і нічога не гаварыў. Нічога яго не цікавіла!
- Гадзіны праз дзве пусціш рыбак у акварыум, - сказаў тата і паналіваў у талеркі разагрэты боршч. Сабе не наліваў, не было калі ўжо сёрбаць, і пабег на работу.
Толя застаўся ў хаце поўным гаспадаром. Што хочаш, тое і рабі! Ад такой волі ў яго ажно галава закружылася...
Забыў пра боршч: кульнуўся некалькі разоў на дыване, паспрабаваў пахадзіць «на галаве». Упаў, балюча стукнуўся нагою, костачкаю, аб крэсла.