- Тата, а хто насыпаў туды грошай? І нашто насыпалі? - тузалі тату за рукавы Толя і Коля.
- Экскурсанты, турысты... Ёсць такое павер'е: калі кінуць у басейн мядзяк, то абавязкова яшчэ раз пабываеш у гэтым горадзе. А манеты акісляюцца, атручваюць рыб... - Тата падвёў Толю і Колю да вялізнага акварыума, які стаяў у кутку крамы, падсвечаны зеленаватым святлом.
У акварыуме ў дзівосна-загадкавым ззянні сярод раслін плавалі не менш дзівосныя рыбы: і трохкутнічкі з чорнымі доўгімі плаўнікамі, і блакітнавата-рубінавыя рыбкі-агеньчыкі, і лянівыя аксамітна-чорныя таўстуны, і залаціста-ружовыя з вялікімі, нібы марлевымі хвастамі. У іх былі вялізныя і выпучаныя, нібы не свае, вочы. Толя і Коля як прыліплі да гэтага акварыума, дык не хацелі і адыходзіць.
Тата адразу аблюбаваў круглы акварыум. Прыгожы!
- Не бярыце круглы - галава ў рыбак замарочваецца, - сказаў яму адзін дзядзька-пакупнік і нават не ўсміхнуўся.
- Чаму? - здзівіўся тата.
- Няма куткоў, арыенціраў для рыб. Плаваюць, плаваюць кругамі - і брык на дно...
Татава рука паднялася да патыліцы, каб пачухаць. А мо і праўду гаворыць дзядзька, не жартуе?
Пачалі аглядаць прамавугольныя акварыумы з шыбамі-сценкамі.
- Во гэты... - паказаў ён прадаўшчыцы на акварыум з вадою, што стаяў на прылаўку. Пад акварыумам было суха, ён не працякаў.
- Можна і гэты, - абыякава сказала прадаўшчыца. - Памажыце пераліць з яго ваду.
Паднялі, пералілі ў парожні акварыум.
- Яны ўсе трошкі цякуць, асабліва спачатку. А замокнуць - і нічога, - сказала прадаўшчыца.
- А мо... - Цяпер тату здалося, што лепшы акварыум той, у які пералілі ваду.
- Грамадзяні-і-ін!.. - з прыціскам сказала прадаўшчыца.
І тата засаромеўся, пайшоў да касы.
Дома акварыум напоўнілі вадою. Два дні ваду мянялі. А Толя і Коля набралі гравію і каменьчыкаў каля дома-новабудоўлі. І ўвесь час хлопцы спрачаліся, колькі і якіх рыбак купіць. Каб і цесна ім не было, каб хапала кіслароду. На кухні ў двух вёдрах адстойвалася вада. Нельга рыбак адразу пускаць у такую, што набярэш з-пад крана. У ёй многа вапны, яна таксама шкодзіць рыбкам.
Чатырохлапы тарбахват
- А што-о ў мяне ё-ёсць... - голасна сказаў тата, як прыйшоў вечарам з работы.
Ён спыніўся ля парога, палез рукою ў кішэнь пінжака. І раптам выхапіў руку: «Ой!» На кончыку сярэдняга пальца чырванела кропелька крыві.
- Парэзаў? Брытвачкай? - Толя і Коля пакідалі буквары, падбеглі да яго. Абодва спачувальна глядзелі тату ў твар.
- Не-е, - сказаў тата загадкава. - Не!
Але не паспеў растлумачыць...
- Хамя-я-ак!!! - закрычаў Толя і заскакаў, запляскаў далонямі.
З кішэні татавага пінжака якраз паказалася светла-рудзенькая галоўка з кароценькімі цёмнымі вушкамі. Паварушыла верхняю губкаю з доўгімі вусікамі, панюхала паветра. Чорныя бліскучыя вочкі-парэчкі ўтаропіліся на дзяцей. Памкнуўся Коля ўзяць хамячка - і ад страху хуценька пацёр далонь аб далонь, затупацеў нагамі: «О-ё ёй!» Схаваў рукі за спіну.
А Толя не спалохаўся, падставіў да кішэні руку, і хамяк успоўз на яе. Ён дробненька трымцеў, дрыжалі лапкі. Прыціснуўся жыватом да Толевай далоні, асцярожненька глянуў з рукі ўніз: ух, як высока!
- Маленькі, як мышка, - сказаў Толя. - Мякенькі, цёпленькі. А якія лапачкі - ружовыя, з пальчыкамі! І носік ружовы!
- А жывоцік белы! І бачок левы з белай плямкай! І хвосціка няма! - заглядваў знізу і з бакоў Коля.
Ад гэтых выкрыкаў хамячок задрыжаў яшчэ мацней. Сеў тым месцам, дзе павінен быць хвосцік, падняў пярэднія лапкі, пачаў іх вылізваць, старанна выціраць імі роцік і шчочкі. Мо знарок, каб не паказаць, што яму страшна.
- Ой, як мыецца пацешна! - крычаў Коля.