А Толя не ўтрываў, паднёс хамячка да рота, пахукаў на яго.
- От як схопіць зубамі за губу, будзеш ведаць... Паменш цягайце па руках, гэта не кацяня. - Тата схадзіў ужо на кухню і вярнуўся ў калідор. Палец яго быў карычневы ад ёду.
- Тата, а клетак у краме няма? - пытаў Толя.
- Толькі птушыныя. А для хамякоў трэба такія, каб не было драўляных частак, бо паперагрызаюць.
- Во-о, а дзе ж ён будзе жыць? Яму ж хатка патрэбна. - Толя пакрыўджана надзьмуўся.
- Пасадзім у трохлітровы слоік. Цётка, у якой я купляў, таксама ў слоіку іх трымае, - сказаў тата.
Пайшлі на кухню. Тата дастаў з шафачкі пусты вялікі слоік.
- Саджай сюды. Усё будзе відаць, як у акварыуме, - і паставіў слоік на стол.
Толя не змог прасунуць у слоік руку з хамяком. Давялося нахіліць слоік і пусціць хамячка. Ён з'ехаў на дно на жываце - нібы з ледзяной горкі. Слоік паставілі нармальна, і хамяк адразу ж забегаў кругамі ўздоўж сценкі. Потым стаў на заднія лапкі, такія ж карацелькі, як і пярэднія, выцягнуўся як мага ўгору і заскроб пярэднімі па шкле. Кіпцікі коўзаліся, тоненька шкрабацелі - не было за што ўчапіцца! Зноў прабег некалькі кругоў, вынюхаў сценку, зноў стаў на дыбкі, заскроб лапкамі. І гэтак скроб і скроб, а сам адступаў патрошку ўправа, нібы танцаваў на задніх лапках.
Перабраў усю сценку слоіка некалькі разоў - так і не зачапіўся!
Шкада стала хамяка. Нібы ў турму якую пасадзілі. Толя адкалупнуў ад батона невялікі, з арэх, кавалачак, кінуў у слоік. Хамячок не бачыў спачатку булкі, але вусы адразу заварушыліся - адкуль гэтак смачна пахне? Крутнуўся ў той бок, хап зубамі. Падтрымаў яду лапкамі і... запхаў кавалачак у рот цалкам! Левая шчака адтапырылася, як напакаваная торба. Такі ж кавалачак батона памачыў у малако і кінуў хамяку Коля. Хамяк палізаў трошкі булку, падхапіў лапкамі, як ручкамі, і запхнуў за тую ж левую шчаку. Яна адтапырвалася ўжо так, што пераважвала хамяка на адзін бок. Зрабіў круг па дне, стаў на дыбкі - глядзіць на Толю і Колю.
- Ой, яшчэ хоча! - замітусіліся яны. - Чаго б яму даць?
Тата ўкінуў кавалачак яблыка, зярняткі з яблыка. Хамяк тут жа іх прыбраў, засунуў за правую шчаку. Сыпнуў Толя семак сланечніку, яны разляцеліся па ўсім дне. Прапоўз хамяк, як пыласос, - не пакінуў ніводнай! Кінуў Коля белы гарбузік - хамяк узяў семку ў ручкі, пакручвае, як шафёр руль, абгрызае рубчык. Тузець зубамі - лупінкі адпалі ў бакі, пляскатае зярнятка знікла за шчакой. Абедзве шчакі тырчалі ўжо так, што хамяк упоперак стаў шырэйшы, чым удоўж. Не торбачкі былі ў яго за шчокамі, а сапраўдныя мяшкі - аж да паловы тулава.
- Ой, ха-ха-ха! - не вытрывалі Толя і Коля. - Не есць, а ўсё запасаецца.
- Ну і тарбахват! - смяяўся і тата. Прынёс ірваную шарсцяную шкарпэтку, камяк ваты, кінуў у слоік. - Хай робіць гняздзечка.
Хамяк трохі пацягаў, патузаў шкарпэтку і вату зубамі, падрапаў кіпцямі. Потым падлез пад іх. Думаў, ніхто не бачыць, а яго было відаць з усіх бакоў: прысеў на заднія лапы і цісне пярэднімі на шчокі, выпіхвае харч. Пачысціў зашчочныя мяшкі, узяў у лапкі аблузаны гарбузік - есць.
- Вой, як чалавечак! - дзівіўся Толя.
- Ага, пальчыкі ружовенькія, ручачкі маленькія, - захапляўся Коля.
- Хомка, мы Гуліверы для цябе, праўда? - Толя пастукаў пальцам у сценку слоіка.
Хамяк адвярнуўся да яго спінаю, але жаваць не перастаў.
- Хомка ў многіх завуць. Другое імя прыдумайце, - параіў тата.
- Гаўрык, Гаўрычак, - пазваў Толя і засунуў руку ў слоік.
Хамяк крутнуўся, выварочваючы ўгору галаву, выставіў для абароны зубы: «Ш-ш-ш-ш-ш».
Толя спуджана выхапіў руку.
- Гаўрык, Гаўрык, гэта ж я - ты не пазнаў? Але Гаўрык нікога не хацеў пазнаваць. Палез праз дзірку ў шкарпэтку.
Мама расказвае страхі
І тут прыйшла з работы мама.
- Міхась, не забаўляйся, як малы! Схадзі лепш у краму, малака, хлеба купі. Во, яшчэ цэлы спіс... А для торта я сама ўсё купіла.
- Калі ж пацешны вельмі... - Тата пайшоў да вешалкі з адзеннем.
- Мама! У майго хамячка лапкі ружовенькія! Бярэ пальчыкамі ўсё, як чалавек! Гаўрык! Гаўрычак! Пакажыся маме! - Толя пастукаў кіпцем па сценцы слоіка, але хамяк не хацеў паказвацца.