Магчыма, калі гэтая кніжка выйдзе (калі выйдзе), перамены ўжо надыдуць. Я спадзяюся, я прымушаю сябе верыць, што для маёй маткі, вяскоўцаў, усіх беларускіх людзей, для маёй мовы гэта будуць шчаслівыя перамены.
Я прымушаю сябе верыць, што мы лепш зажывём матэрыяльна, але будзем помніць і папярэджанне паэта, што «холодильник, рыдая, за гробом твоим не пойдет».
Зусім патаемна я прымушаю сябе верыць, што мой народ — калі не ўвесь, дык хоць бы частка школьнікаў і студэнтаў — задумаецца, чаму Бог пусціў яго ў свет менавіта беларускім народам, а ніякім іншым.
Я не веру, але прымушаю сябе верыць.