Пісьменнік працуе на ўсіх без выключэння — няхай сабе і ўскосна, як шахцёр.
I тыя, што называюць пісьменнікаў дармаедамі, пражылі б без гэтых «дармаедаў», самі таго не разумеючы, столькі ж, колькі шахцёры без шафёра, кухара і г. д.
Паглядзіце, колькі людзей топчуцца ў кнігарнях, каля кніжных кіёскаў, ніічога не купляючы, — проста глядзяць, бяруць кнігі ў рукі, гартаюць... «Вунь колькі кніжак — і ўсе напісаны для мяне аднаго! Значыць, нешта ж я значу ў гэтым свеце! Што ж, магу купіць — магу адкінуць...» Чалавек, думаго, павінен выходзіць з кнігарні з пачуццём рабаўладальніка, што пабываў на нявольнічым базары.
* * *
Кніга сама па сабе — няважна, якога зместу, проста як рэч — не можа быць злом. Чалавек з кніігай пад пахаю не можа асацыявацца з небяспекаю. Кніга, разгортванне яе, пагладжванне па вокладцы — гэта спакой, утульнасць, неадзінота.
Кніжны бум канца шасцідзесятых быў не толькі модаю, як многія лічаць, бо, па-першае, ён яшчэ не скончыўся, кніг па-ранейшаму скупляецца шмат, а па-другае, гэты бум якраз супаў тады са скачком тэхнічнага прагрэсу, з асваеннем космасу і г. д. — чалавек падсвядома пачаў шукаць ратунку ад наступу НТР, ад магчымай будучай бязлікай уніфікацыі, ён пачаў скупл.яць кніжкі, з якіх, можа, сапраўды ніводнае не чытаў, але на якія глядзеў, браў у рукі, гартаў і супакойваўся.
Успамініце, як цяжка бывае ў гасцях у людзей, якія не трымаюць у сябе кніг; увогуле ў любых гасцях цягнешся адразу і позіркам, і рукамі да кніжнай шафы альбо паліцы.
Талстой лічыў, «што хутка ўсё гэта павіінна скончыцца». Але ён падыходзіў да кнігі толькі як да зместу, не ўлічваючы яе неацэннай для сучаснага чалавека каштоўнасці проста як рэчы. Гэта — каштоўнасць, неабходнасць кнігі як матэрыяльнае рэчы — не можа скончыцца да тых часоў, пакуль чалаввк будзе адчуваць адзіноту і страх смерці.
Вось гэтыя разважанні, хай сабе ў нечым прымітыўныя, недасканалыя, але якія на цяперашні час мяне задавальняюць, я і ўзяў за правіла:для чаго я пішу і ці трэба выпускаць кніжку, калі яе прачытае ўсяго адзін чалавек.
* * *
Творы самі павінны сказаць за сябе... Сказаць-то павінны...
Помню, калі ў «ЛіМе» было надрукавана апавяданне «Камандзіроўка», адзін паважаны вядомы літаратар, па кнігах якога я ў свой час вучыўся ў школе, пры сустрэчы сказаў:
— Паслухайце, апавяданне недацягнута. 3 яго ледзь не вынікае, што вы супраць перабудовы. Можа, я нечага не зразумеў?
Як мог, я пачаў тлумачыць, што добра ведаю вёску, ведаю выказванні пра «новыя часы» вяскоўцаў, свайго дзядзькі, маткі, лічу, што цяперашняя дэмакратыя яшчэ больш далёкая ад сапраўднай дэмакратыі, чым колішні застой... Літаратар слухаў і змяняўся ў твары.
— Божа мой! — усклікнуў ён. — Як у маладога чалавека ў галаве можа жыць такая дзікасць! Ды пры застоі людзі пухлі з голаду, я год не мог купіць сабе туфлі... Я гатовы галадаць і цяпер, толькі б ведаць, што той кашмар скончыўся... Калі б вы не былі маладым, я напісаў бы на вас разгром!
Мне было сорамна, няёмка, я павярнуўся і пайшоў, праклінаючы і сябе, і гэтую «Камандзііроўку», думаючы, што ніякая праўда не варта быць выказанай, калі яна можа пакрыўдзіць чалавека... Тут я наткнуўся на другога літаратара, маладзейшага, які моцна паціснуў мне руку:
— Малайчына! Вось моцны, але і хітры, не лабавы, удар па застоі — вачыма антыперабудоўшчыка! Да людзей ідзе новае, а яны гатовы адгарадзіцца ад усяго свету — вясковае адвечнае дзікунства плюс камуністычныя забабоны!
Вось так літаратурны твор можа гаварыць сам за сябе.
Акрылены, заднім розумам я падумаў, што таксама мог бы адказаць першаму, вядомаму літаратару. «Добра, няхай Вы перабудаваліся да таго, што пачалі проста ненавідзець той ранейшы лад, пры якім жылі і выдавалі кнігі, не можаце нават слухаць пра яго, хочаце нават пісаць разгром(?),— але няўжо, калі Вы бегалі басанож, калі лавілі першую рыбіну, атрымлівалі ў школе першую пяцёрку, цалавалі ўпершыню дзяўчыну — няўжо Вам у тыя хвіліны думалася, што ўсё гэта атручана нейкім застоем? Няўжо ў Вас не засталося звычайнай чалавечай настальгіі — па сабе маладым, па маладой матцы, па безчарнобыльскіх часах?..”
Ненавідзець тыя часы з такой непрымірымасцю — тое самае, што ненавідзець сваё ранейшае жыццё, сябе самога. А ненавідзець сваё ранейшае жыццё можна толькі тады, калі ў ім было нешта несумленнае, саромнае.
* * *
Твор павінна тлумачыць крытыка — калі, вядома, ёсць што тлумачыць. Ізноў адкажу: павінна-то павінна...
Пачатак будзе падобны. Пасля выхаду ў «Маладосці» аповесці «Смута» я выпадкова сустрэўся з вядомым крытыкам, якога шчыра люблю, паважаю, артыкуламі якога ў свой час зачытваўся (цяпер ён адышоў, на жаль, ад літаратуры і займаецца палітыкаю). Крытык адвесіў мне перабольшана-ветлівы паклон і голасна павітаўся:
— Здравствуйте, господин Федаренко!
Што абазначала такое «тлумачэнне крытыкі»— для мяне загадка па сённяшні дзень.
Але тут трзба зрабіць агаворку. Мне ў ніводнага пісьменніка не даводзілася чытаць, каб ён асабліва шанаваў ці нават увогуле прызнаваў крытыку як важны літаратурны працэс. Самае распаўсюджанае выказванне (яго аўтар — Чэхаў) — «крытык — гэта авадзень на спіне ў пісьменніка». Відаць, гэта проста даніна модзе, своеасаблівая традыцыя: калі не палаеш крытыку, дык быццам не можаш лічыцца сапраўдным пісьменнікам. На самай справе крытык і пісьменнік — гэта два валы ў адным ярме, якія цягнуць адзін плуг, вядуць адну баразну. I крытык нават часта «пацягвае» больш за пісьменніка — згадайце вядомыя літаратурныя артыкулы Л. Шзстава. Нашая беларуская крытыка, на маю думку, таксама вельмі моцная, асабліва цэлая плеяда маладых; іхнія артыкулы часта чытаюцца цікавей за творы аўтараў, пра якіх пішацца ў артыкулах.
Тым не менш у творчасці кожнага пісьменніка ёсць куточкі, у якія крытыку заглянуць проста немагчыма.
* * *
Наш цяперашні «дзікі рынак» быў, несумненна, зроблены не Ельцыным з Гарбачовым, не дэмакратамі альбо камуністамі — як пэўнымі рухамі, партыямі, а ў прынцыпе нейтральнымі прэсаю і тэлебачаннем. Журналістамі, якім хацелася, каб іх чыталі і слухалі.
Я пачаў пісаць «Омуту», калі зрабіў страшнае для сябе адкрыццё: тыя самыя газеты, з тымі ж самымі назвамі, з тымі самымі журналістамі пішуць зусім адваротнае таму, што пісалі яшчэ ўчора, на ўсіхняй памяці. I гэтыя людзі маглі прынесці нешта новае?! Мала таго, што яны ніяк не саромеліся адмаўляцца публічна ад саміх сябе — яны ўсё больш распаляліся, усё больш у іхніх словах гучалі заклікі да помсты некаму за нешта...