Адзін чытач... Адсюль назва заключнай часткі — «магчымы» (можа ж і гэтага не быць) і «чытач» у адзіночным ліку.
Цяпер час адказаць на пытанні:
— Дык ці варта ўвогуле выпускаць кнігу? Ці варта на аднога чалавека траціць паперу, уцягваць у выданне столькі людзей — ад рэдактараў, карэктараў, наборшчыкаў да бібліятэкараў, прадаўцоў і інш.?
Пытанне другое — на яго я адказваў, але толькі часткова:
— Раз ужо кніга выпускаецца, дык мастацкі твор павінен сам сказаць за сябе; што хаваецца за гэтай спробаю пісаць да сябе ж тлумачэнні — прэтэнцыёзнасць, псеўда-арыгінальнасць альбо проста мастацкая слабасць твораў?
I трэцяе:
— Калі твор сапраўды складаны, наватарскі і цяжка паддаецца разуменню — дык для чаго тады крытыка, гэты мост паміж чытачом (няхай сабе і адзіным) і творам?
* * *
Скажыце: а няўжо душа чалавечая, нават настрой — не вартыя любых затратаў на любыя паперы? «Спасая одного из малых сих, спасаешь Меня» — замест «спасая» можна падставіць і «помогая», сэнс не зменіцца. Але дзе гарантыя, што кніга сапраўды ратуе, сапраўды памагае? Вось гэтае пытанне непазбежна цягне за сабой другое, на якое пісьменнікі звычайна не вельмі любяць адказваць і якое не прынята (лічыцца няветлівым) ім задаваць:
— А для чаго я ўвогуле пішу?
Адказваць не вельмі любяць, але, несумненна, кожны пісьменнік для самога сябе адказ мае. Напрыклад:
– Бо мяне чытаюць.
– Для грошай, славы.
– Гэта мая прафесіія.
– Бо партыя загадала.
— Бо трэба, каб нехта пісаў, каб было што выдаваць...
Адзін мой знаёмы малады пісьменнік адказаў: «Папытай у вераб'я, чаго ён чырыкае».
Адказы гэтыя ўсе могуць быць шчырыя, але, вядома, далёка не поўныя. Яшчэ на пачатку нашага стагоддзя Талстой казаў (пра прозу Буніна, дарэчы): «Не разумею, няўжо яшчэ нехта чытае белетрыстыку, можа чытаць? Я думаю, усё гэта павінна хутка скончыцца».
А вось некалькі цяперашніх тыповых «чытацкіх» выказванніяў пра белетрызаваную прозу:
– Літаратура сваё аджыла, непатрэбна ніякая, тым больш беларуская.
– Ну, прачытаю, ну нават спадабаецца... Што далей? Бегчы рабіць так, як герой рабіў? Ад літаратуры няма карысці, а каб забіць час, лягчэй і цікавей глядзець тэлевізію.
I ці не самае распаўсюджанае:
— Пісьменнікі — гэта дармаеды, якія нічога не «производят» матэрыяльнага. Яны жывуць з працы іншых людзей.
Добры адказ на такое ў Вайновіча; ён адказваў шахцёру: «Я таксама не ем твой вугаль». Адказ моцны, але зноў-такі не поўны, бо настырны «абвінаваўца» дабярэцца да: «Вугалем паляць грубкі, пліты і розныя іншыя ТЭЦ, дзякуючы якім можна варыць есці і сядзець у цяпле». Вось тут трэба спытаць — а шафёр, які падвозіць шахцёраў да шахты? Кухар, бухгалтар, паштальён?.. Яны ўсе маюць дачыненне да шахцёраў, у прынцыпе, такое ж, як і пісьменнікі, бо, у рэшце рэшт, на шахту можна хадзіць пехам і насіць з сабою «тармазкі». Значыць, цэлая армія, куды большая за шахцёрскую (не будзем забываць, што і шахцёры працуюць на некага, у прыватнасці на пісьменнікаў, толькі ўскосна) служыць для зручнасці, для таго, каб шахцёру было лягчэй працаваць. Яны, салдаты гэтай арміі абслугі, раўнаважныя з тымі, каго абслугоўваюць: не павазі шафёр рабочага за дваццаць, трыццаць кіламетраў — шмат ён накапае свайго вугалю?
* * *
Цікавы празаік Алесь Наварыч неяк казаў:
— Кожнага пісьменніка, нават самага безнадзейнага графамана, які надрукаваў за ўсё жыццё хоць адно апавяданне, хоць адзін верш, трэба багатварыць, усяляк хваліць, паважаць, даваць да канца жыцця добрую пенсію, можа, нават ставіць помннік пры жыцці; трэба помніць, што і ў яго, безнадзейнага графамана, былі недаспаныя ночы, нейкія надзеі, спадзяванні, грызенне кончыка ручкі, і каля яго жонка хадзіла на дыбачках, баючыся патрывожыць, і ў яго былі нейкія свае адкрыцці, героі, над якімі, магчыма, ён плакаў...
Я спачатку толькі пасмяяўся, не прымаючы гэтых слоў усур'ёз, ведаючы пра схільнасць Наварыча да своеасаблівага рамантычнага гуманізму, пасмяяўся і забыў бы, каб у хуткім часе неяк выпадкова не трапіла пад руку чэхаўскае: «Праца пісьменніка павінна так аплочвацца, каб ён быў казачна багатым, каб меў магчымасць, калі захоча, аб'ехаць увесь зямны шар...»
«А чаму б і не? — падумалася. — Чым гэтыя выказванні больш абсурдныя за тое, што пісьменнікі едуць на чужых карках? Ну, графаманы ёсць, ну, пішуць шмат — і хай пішуць на здароўе! Не забіваюць, не крадуць, не аб'яўляюць вайну — хіба што ў сваіх творах, на паперы... Ну, скаргі пішуць, хамамі могуць быць — не самае гэта страшнае!»
Да мяне дайшло раптоўна, што хацеў сказаць Наварыч і што меў на ўвазе Чэхаў: праца пісьменніка, яе вынік — у прыватнасці, кнігі, гэтак сама важныя і неабходныя, як і вынікі працы шафёра, шахцёра, кухара, касіра. Пісьменнік — няважна, геніяльны, звычайны ці нават графаман — як суб' ект, як звяно ў ланцугу развіцця грамадства неабходны гэтаму грамадству як пасрэднік паміж людскімі душамі.