Чаго? Тады я не ведаў. Я ўвогуле вельмі мала ведаў тады, бо думаў, што ўвесь свет — гэта толькі Я. Я не ведаў, у прыватнасці, літаратуры вялікіх расейцаў, не ведаў, што «люди спасаются только слабостью своих способностей, — слабостью воображения, внимания, мысли, иначе нельзя было бы жить». Тое, што нельга не нельга, а жыць мне будзе цяжка, я ўжо здагадваўся, але не больш. Магчыма, мяне суцешыла б першая частка, дадала б гонару, што хоць «способности» мае не слабыя... Хто яго ведае, як бы яно там было.
***
«Можа, для пачатку і гэтага нямала?» — паныла цешу сябе я і цвёрда ведаю — не толькі нямала, а гэта ЎСЁ, нічога, нідзе і ніколі з гэтай дзяўчынкаю ў мяне больш не будзе.
На нашай лаўцы сядзіць Васіль і плюецца семкамі. Разламаны сланечнік — як кола з воза.
— Васіль, што толькі што було... Толькі ні кажы нікому. Анжэла як стала мяне цалаваць!..
— Так? Цьфу, такіе семкі вялікіе, я аб'еўся – жую цераз сілу... А мяне яна ўчора цалавала. Сучка. Ты нешта ж мало зь ёю і буў, а я — трохі ні да ранку. Яна заснула, а я ўцёк. Затое і рабіў зь ёю, што хацеў. Чуў, як яна сёні — трус, трус...
— Нашто ты яе чапаў... — У мяне не словы, а нейкі стогн.
— Яна сама, штоб я так жыў буў! Ну, што ты, ё-маё... Мало іх шчэ ў нас будзе!..
***
Вось усё апавяданне. Хоць не, ледзь не забыўся: гадоў праз дзесяць, калі я ўжо вучыўся ў інстытуце, за адзін дзень я цалкам убачыў тое, што мне ў трынаццаць гадоў яўлялася дзіўнымі, імгненнымі малюнкамі. Я нават выпадкова, пераслухваючы ў інстытуцкай фанатэцы пласцінкі, напароўся на мелодыю, якую чуў некалі, вяртаючыся з лесу, — яна называлася Л.-В. Бетховен, рэ мажор, саната № 17 А1еgretto. Я доўга слухаў, успамінаў, а калі стаміўся і захацеў дужа курыць, выйшаў на цёплы дзень, спусціўся па прыступках, пазнаючы іх (дзядзька Сцяпан, помню, тады касіў, а мне ўбачыліся гэтыя дзверы і прыступкі). На сцяне вісела шыльда, і я ўжо ведаў, што пад ёю будзе ў тынку трэшчына формаю лацінскага S, ведаў, хоць ні разу не падыходзіў да гэтай шыльды бліжэй за тры метры.
У гэты ж дзень раптоўна і на дзіва лёгка вырашылася для мяне адна далікатная справа, якая даўно мне карцела. Я заўсёды панічна баяўся расстанняў, моцна адчуваў, што «все мы, в известный срок живущие на земле вместе, должны были бы питать друг к другу величайшую нежность, чувство до слёз умнляющей близости и просто кричать должны были бы от боли и страха, когда судьба разлучает нас, всякий раз имея полную возможность превратить всякую нашу разлуку, даже десятиминутную, в вечную». I аднак жа ні ў той дзень, ні пазней я не паехаў на спатканне да аднае знаёмай, якую, на манер іншых, зваў «сваёй дзяўчынаю». «Адкуль я ведаю, мая яна ці яшчэ чыя, калі самае большае бачымся па дзве-тры гадзіны на дзень?» — і гэтую прымітыўную думку я не мог выгнаць з галавы ўжо нічым, ніякімі светлымі ўспамінамі. Праз тыдзень я атрымаў ліст (мне ўжо гэтыя лісты!), у якім пісалася, што «я паўгода сустракаюся з адным чалавекам, акрамя цябе, і так прывыкла да яго, што жыць не магу без яго» і інш. Я да канца не чытаў, можа, там далей і было што цікавейшае, чаго я не ведаў і пра што не здагадваўся.
***
...Ну, а пакуль што — стаю на чужым балконе, палю. Думаю, як выбрацца адсюль ды напісаць апавяданне. Душна, з пакоя ўсё нясецца п'янаваты “базар”:
— ...Лёс наш увесь пры нас, ад самага нараджэння... Трэба добра ўспомніць, напружыць памяць, і ўбачыце, што многае з таго, што з намі цяпер, ужо яўлялася...
Бляха
(Апавяданне)
Бяда ўсіх раўняе. Толькі пасля Чарнобыля Бляха пазнаў, што і ён чалавек. Хто б мог падумаць — дзед, лепшы колісь гаспадар на вёсцы, сам прыкульгікае да яго і будзе прасіць памагчы заўтра зарэзаць кабана. I як прасіць! «Ужо ж мне, Віця, капцы — сам бачыш... Гэта вам, маладым, як кажуць...» Успомніў, што і Віцем завуць. Віна пляшку прынёс. Мог бы яму Бляха сёе-тое прыпомініць — як некалі яго, яшчэ малога, дзед не пусціў у хату калядаваць, хоць другіх пускаў і даваў больш чым хто — па рублю. А на яго сказаў: «Яшчэ й гэты поўзае!» Мог бы напомніць, як дзе дава баба выдумала на яго неяк, што ён пакраў у яе нейкія вёдры, ці што, а Бляхі ў той дзень нават дома не было — ездзіў у Нароўлю да зубнога... Мог бы, але нічога, вядома, не напомніў, паляпаў дзеда па плячы і сказаў: «Прыйду, дзе я, бляха, дзенуся...»
Бляха гэты быў рахманы, бяскрыўдлівы чалавек, які за чарку ішоў да любога рабіць любую работу, але ў вёсцы яго асцерагаліся і не любілі, як увогуле асцерагаюцца і не любяць на беларускіх вёсках людзей няўдалых. Ды і як любіць такога: дохлы, п'яніца, да таго ж злодзей, «цюрэмшчык». Жыў без бацькі, маткі не слухаўся, вучыўся абы-як, у восьмым класе ўкраў мапед і адсядзеў за гэта паўтара года. Пакуль сядзеў, матка памерла. У турме, відаць, гора цяпнуў, папабілі добра, бо вярнуўся адтуль з «групаю». На мізэрную пенсію — шаснаццаць рублёў — ён неяк і перабіваўся. Жыў адзін — ні адна дзеўка не пайшла б за яго, ды ён і сам да іх падыходзіць баяўся.
Калі пасля Чарнобыля панаехала ў вёску ваенных, якія пачалі паліваць з брандсбойтаў хаты, потым — укопваць за вёскаю бетонныя слупы і нацягваць на іх калючы дрот, калі з суседніх вёсак, з-за дроту, як перад вайною, пачалі ехаць гружаныя людзьмі і жывёлаю машыны, калі пакрысе, самахоць, пачалі выбірацца і з іхняе вёскі, Бляха ажыў. Ён памагаў людзям грузіцца, праводзіў, хадзіў разам на могілкі, калі хадзілі развітвацца з нябожчыкамі, слухаў плачы, галашэнні, лаянку, сам устаўляў накшталт: «От зрабілі...» Яму многа і ахвотна налівалі. Калі глядзелі і размаўліялі з ім, дык так, быццам ён быў гэтым чужым людзям блізкай раднёю; упершыню бачыў ён на тварах не пагарду, не спагаду да сябе, а тую самую любоў, якой яму так не хапала ўсё жыццё.
К зіме ў іхняй і да таго невялікай вёсачцы, акрамя Бляхі, асталіся толькі дзед з бабаю ды адзінокая старая фельчарка, якой Бляха яшчэ да Чарнобыля асабліва ахвотна ішоў памагаць — яна прастаўляла чысты медыцынскі спірт. Апошнім з'язджаў Бляхаў сусед. Правёўшы яго, Бляха тым жа вечарам пералез цераз плот, адарваў ад вакна дошкі, выцягнуў шыбку і, сам не ведаючы чаго, залез у суседавую хату. Пасядзеў за сталом, за якім зусім нядаўна плакала гаспадыня і ён, Бляха, выпіваў з гаспадаром, прайшоў у большую хату, дзе стаяла пустая шафа з расчыненымі палавінкамі, два голыя ложкі з палатанымі матрасамі, два табурэты паўз сцяну, перакуленыя дагары ножкамі — знак на добрае і хуткае вяртанне... Бляха нічога не шукаў, нічога не збіраўся красці, проста цікава было: жылі-жылі людзі, раптам — нікога... Пасля таго ён яшчэ залазіў у хаты аднавяскоўцаў, але нічога не браў. Разоў колькі вечарамі схадзіў у «зону», у суседнія кінутыя вёскі. Там было яшчэ цікаівей: былі хаты з дыванамі на сценах, з тэлевізарамі, халадзільнікамі, поўнымі шафамі адзення... Каб не патыхала так нежылым духам, можна было падумаць, што людзі жылі тут, проста выйшлі некуды на агарод. З паходаў гэтых Бляха прынёс радыё, хоць у яго і сваё было такое ж, пляшку алею, люстэрка, куртку балоневую на кнопках... Потым перастаў хадзіць — стала нецікава, ды і страшнавата. Адзін раз ледзь уратаваўся ад здзічэлых сабак, якія апошнім часам бегалі па вёсках цэлымі гайнямі і шматалі, дзе што бачылі (у дзеда нядаўна пад самым вакном, у будцы, загрызлі сабаку Туза); другі раз яго каля дрота злавілі салдаты і далі пару кухталёў; трэці раз, вяртаючыся з «зоны» ў прыцемках, ён убачыў каля адной хаты дзве легкавушкі з патушанымі фарамі і пачуў прыглушаныя галасы. Бляха сядзеў у кустах, баючыся рыпнуцца, і глядзеў, як выносяць нешта з хаты і піхаюць у машыны. Пасля гэтага і расхацелася яму хадзіць у «зону».
Вось так пасля Чарнобыля п'янчужка, якога дражнілі Бляха, стаў чалавекам. I яго, як сапраўднага мужчыну, сталага, гаспадарлівага, сямейнага, звалі біць кабана.
Прачнуўся ён пазнавата, глянуў у вакно і зразумеў, чаго так добра спалася — снег ішоў. Бляха адзеўся, нацягнуў куртку, шапку зімовую, дапіў нашча астаткі віна, якое прынёс учора дзед, і пасунуўся на двор. Дзверы ледзь адчыніліся, столькі за ноч наваліла снегу. Падаў ён і цяпер — пахучы, густымі пухнатымі камякамі. Вуліца — нават нежывая, без адзінага следу на дарозе, без дымкоў над белымі стрэхамі — была па-зімоваму ўрачыстая, з белымі дрэвамі паўз платы і з правіслымі ад снегу правадамі на слупах.
На крыжаванні вуліцы з Нараўлянскай шашою Бляха ўбачыў светлую легкавушку з расчыненымі пярэднімі дзверцамі. Каля машыны стаяў малады хлопец у карычневай скураной куртцы і ў спартыўных штанах і, не саромеючыся, паліваў снег. Легкавушкі — і ваенныя, і міліцыянерскія, і любыя — цяпер часта шнуравалі па гэтай шашы, і для Бляхі не было тут асаблівай навіны; ён, знарок гледзячы сабе пад ногі, паказваючы, што ніяк не цікавіцца, хто тут што робіць, прамінуў машыну.
— Мужичок, одну минуту!.. — пачуў ён і павярнуўся.
Хлопец, зашпільваючы куртку, падыходзіў да яго. Ён быў зусім малады, відаць, яшчэ да войска, коратка падстрыжаны, — ён падыходзіў і глядзеў на Бляху кругла-бліскучымі, бяздумнымі вачыма. Што за людзі з такімі вачыма, Бляха ведаў добра. Такім людзям чамусьці заўсёды хацелася біць — без прычыны, без зачэпкі, проста, каб размяцца; такія вочы помніў ён са следства, з турмы, з вакзалаў, з нараўлянскае забягалаўкі...
Бляха сцяўся. Хлопец моўчкі ўдарыў яму нагой у грудзі. Бляху развярнула, ён адляцеў да плота і закапаўся носам у снег, але хуценька ўскочыў і пабег у бліжэйшы двор — добра, веснічкі не былі зашчэпляныя, — заскочыў і стаў за шулам, задыхаючыся. На вуліцы завуркатала машына. Бляха аж прысеў проста ў снег, так у яго калаціліся калені. Добра, што не пагнаўся... Яшчэ лёгка абышлося — толькі грудзі балелі і шыя кепска паварочвалася.
Асаблівай крыўды на хлопца ў Бляхі не было, было толькі трохі крыўдна, што гэта ў сваёй вёсцы, дома, на сваёй вуліцы.
Галодны падсвінак бохаў у свінюшніку карытам, снег усё валіў, а Бляхі не было й не было. Баба падхапілася шчэ гадзінаў у пяць, выпаліла ў печы, вымыла чыгуны, выпарыла кубел, спаласнула начоўкі для кішак, злазіла на гарышча і скінула куль саломы, а цяпер расчышчала каля свінюшніка снег, штораз кідаючы шуфлю і выбягаючы на вуліцу, клянучы ў думках і такога байца, як Бляха, і гэты снег, які валіць, калі не трэба, і такую жытку. Клыпаў і дзед, якому сёння было трохі лягчэй: пабіў малатком соль у скрыначцы, паклаў пад паветкаю навостраныя нажы, вяроўку, паставіў вядро з кружкаю — пад кроў, падаліваў бензінам паяльныя лямпы... Ён бачыў, што баба нервуецца, не хоча нават гаварыць, і сам вінавата маўчаў. А ў чым, падумаўшы, ён быў вінаваты? Што захварэў? Што снег такі валіць і трэба яшчэ падумаць, як гэтага кабана смаліць, калі яшчэ яго хто зарэжа сёння? Хіба ж ён, дзед, заўсёды быў такі, як цяпер? Ды ён за кіламетр абыходзіў не тое што такіх, як Бляха, а любых памочнікаў! Хіба б ён біў у такі снег кабана? Ён выбіраў дзянёк ціхі, каб і снег невялічкі ляжаў, і марозік; ён гаварыў з кабаном, чухаў яму жывот, за вушамі, надзяваў на заднюю нагу шворачку, раз — куляў і цаляў заўсёды ў самае яблычка — кабан і не вішчаў у яго, як ва ўсіх, а толькі хрыпеў і душыўся, ад чаго больш набіралася крыві. I смаліў ён сам, перш — акалоткам, тады — лямпаю, жоўта, роўненька... Дарма, што рабіў усё сам, а да такога часу кабан быў пасмалены і вышараваны — толькі разбірай.
А яшчэ, на добры лад, хіба б ён рэзаў такога малога, з лета, кабана, каб не закруціла так усё з гэтым Чарнобылем, пра які раней ніхто ніколі нават не чуў, што ён такі ёсць? Добра, што хоць хапіла розуму нікуды не ехаць. Раней і да іх з бабаю прыходзілі, прасілі з'язджаць у горад да сына, абяцаючы, што іх прапішуць там на любую плошчу, пагражаючы, што рана-позна ўсё роўна вывезуць сілаю. Добра, што не паслухалі, — цяпер і прыходзіць перасталі, ніхто нікому не трэба.
Ні ў які Чарнобыль, ні ў якую радыяцыю дзед з бабаю, вядома, не верылі, як не верылі ў гэха 90 працэнтаў ад усіх, каго высялялі ці хто з'язджаў самахоць. I як можна было верыць у такую дурату?! Ніколі раней не чутая, не бачаная радыяцыя была ж не сама па сабе, а нешта зробленае людзьмі і прама з людзьмі звязанае; не яна ж, радыяцыя, гнала з хатаў, прыдумляла, гарадзіла «зону», не яна забараняла касіць сена, не прымала на базу малако, кароў, свіней... Усё гэта рабілі людзі — такія ж, як і дзед з бабаю. А ад людзей дзед з бабаю заўсёды прывыклі бараніцца: да вайны, у вайну, пасля вайны, — трэба было толькі жыць сабе ціха, нікога не чапаць, зносіць усё маўчком, тады і цябе ніхто не зачэпіць — ні чалавек, ні радыяцыя.
Адна была бяда — перастаў з горада прыязджаць сын з унучкаю. I да сябе не запрашаў, як раней. Старыя не крыўдавалі, наадварот, хвалілі сына. Не таму, што верылі, быццам радыяцыя можа пашкодзіць унучцы, а таму што ўсе так рабілі, ніхто не прыязджаў з малымі дзецьмі. Дзед з бабаю нават абгаварылі фельчарку, калі да яе на «акцябрскія» прыязджала пляменніца з малой дзяўчынкаю. Але як было не пабачыць унучку, калі дзед так расклеіўся, што ўжо ўпрамую кажа, што дажывае апошні год. Таму і знайшлася прычына ехаць — не з пустымі рукамі, са свяжынкаю. А другая прычына — на чорта гэты кабан, якога адкармі і не знай, дзе дзець? Усё, прайшло жыццё, і гаспадарства не трэба — хопіць трох курэй, калі яшчэ і тыя ацалеюць — парвалі ж вунь сабакі Туза, толькі будка засталася ды прыкручаны да слупа ржавы ланцуг...