— Як баба, хіба ж я... — замяўся дзед.
Але падняўся, падышоў адчыняць дзверы ў калідор. Дзверы не падаваліся. Ён тузануў мацней, стукнуў, нават прываліўся плячом, потым уздыхнуў і развёў рукі.
Абое, і дзед, і Бляха, падумалі, што баба зачынілася знарок, каб яе больш не чапалі.
Пасядзелі трохі, Бляха пакурыў, ужо адзеў куртку, шапку, як раптам адкінулася зашчапка — і ў хату ўвалілася, ціха галосячы, ламаючы рукі, баба:
— А лю-у-дцы, а за што ж мне такая до-о-ля!.. Дзед, бяжы ў якую мілі-і-цыю... А ён жа і сцягно забраў, і рэбры, і са-а-ла...
Пакуль яны пілі, нейкі злодзей пралез у калідор, прыпужнуў і без таго нямую ад страху бабу, накінуў зашчапку, каб не ўвайшлі з хаты, і набраў чаго хацеў.
Бляха выскачыў у калідор, замітусіўся.
— Не магла крыкнуць? Пазваць? — напусціўся ён на бабу, што стаяла ў расчыненых дзвярах поруч з дзедам — такія аднолькава згорбленыя і няшчасныя.
— А ён даў бы чым па га-а-лаве...
З двара, недзе ад вуліцы, данеслася раптам сабачае віскатанне, гырканне, людскія крыкі, мат, і гукі гэтыя, збіваючыся ў клубок, рабіліся ўсё больш чутнымі і выразнымі, — клубок гэты каціўся бліжэй у двор, да хаты, пад самыя дзверы...
Баба зноў загаласіла і пабегла ў хату. Бляха схапіў са стала нож і стаў каля дзвярэй. Дзед выцягнуў з-за мяшкоў у кутку сякач.
Клубок з віскам і гыркатаннем ударыўся аб сцяну, трохі прыціх, і ў дзверы моцна закалацілі і закрычалі ледзь не дзіцячым спалоханым голасам:
— Мать, открой! Прошу, кто-нибудь!..
— Пастой-пастой... — адазваўся Бляха, калоцячыся ўвесь.
— Да люди милые, прошу!.. Бляха крыкнуў:
— Уб'ю падлу — толькі пікні! — і прыадчыніў дзверы.
У калідор уваліўся малады хлопец — як уваліўся, так і асеў спінаю да вушака на падлогу, заціскаючы між ног акрываўленыя па локаць рукі. На ім не было жывога месца. Скураная кароткая куртачка была скрозь пашкамутаная, праз аба драныя спартыўныя штаны відаць былі крывавыя пісягі, з носа — на губы і на бараду — цякла кроў... Сам твар быў белы, без крывіначкі, і вочы круглыя і глыбока западзеныя.
— Мать, прости, перевяжи! — узмаліўся хлопец, не бачачы нават, што «маці» на калідоры няма. — В машине... аптечка...
Бляха, які не спускаў з хлопца вачэй, апусціў руку з нажом.
— Дык цябе, значыць, перавязаць? — прыжмурыўся ён. — Дык ты, значыць, робіш такую работу? Дзе мяса?
— Люди милые — прошу... — прашаптаў хлопец, яшчэ больш сцінаючыся ў камячок — якраз як Бляха раніцаю.
— Дзе мяса?!
— Дзе — сабакі адабралі... — падступіўся бліжэй узбуджаны і давольны дзед, не выпускаючы з рук секача.
— Н-на!.. — Бляха ўдарыў хлопцу нагою ў бок.
— Люди, прошу!!! — дзіка, адкуль узяліся сілы, віскнуў той і паваліўся нічком.
— От табе красці! — засмяяўся дзед.
Каля вушака, на тым месцы, дзе сядзеў хлопец, цямнела пляма крыві. Бляха нагнуўся:
— Ану-ну, пакажы... — выцягнуў хлопцавы ру кі спаміж ног. — Самлеў, бляха... — сказаў ён збянтэжана. — Паглядзі, дзед, як парвалі... Мяса адно...
Паглядзеў, памацаў і дзед.
— Хаця б ні сканаў... — пачухаў ён патылі цу. — Гэтыя ж сабакі ўсе кручаныя... Коб міліцыю ці скорую...