— Кандрат Панцеляймонавіч, я не паэт…
— І не брунет, — зноў перабіў шэф. — На наступным тыдні вершы Кароткіх павінны быць у газеце. Гэта ўказанне гарадскога камітэта партыі.
— Ну як? — шэптам запыталася Анюта, калі Ігнат выкуліўся ад рэдактара.
Ігнат у адказ страсянуў чупрынай і таксама шэптам адказаў:
— Была вайна… успомніць страшна!
Плюхнуўшыся на крэсла, Ігнат прыбраў з ілба вільготную чупрыну, убіў нос у ліст, над якім працаваў. «Яма замест пясочніцы», «звароты не далі плёну», «бачу заплаканых дзяцей з вядзерцамі ў руках», — заскакалі ўваччу няроўна напісаныя словы. Са штохвіліннымі ўздыхамі, бедалака пачаў правіць тэкст, але тут у кабінет праслізнула Анюта і паклала на стол знаёмы сіні сшытак.
— Просіць не цягнуць з друканінай, — усё так жа стоена шапятнула Анюта, даючы зразумець, што гаспадар сшытка сядзіць у прыймальні.
«Нават не зайшоў, сволач… праз сакратарку перадаў… ветэран… немаведама чаго… вось мой бацька — сапраўдны ветэран… ордэн меў… двойчы паранены… і памёр з нямецкім асколкам пад сэрцам», — замітусіліся ў галаве гарачлівыя думкі.
Ад сшытка патыхала цвіллю.
«Была вайна, успомніць страшна…», — бязгучна прашапталі вусны. І як гэта паправіць? З усяго верша прыдатная толькі фраза: «Была вайна». Усё астатняе давядзецца перапісваць. Ігнат падхапіўся, прайшоўся па кабінеце.
— «Была вайна, яе сустрэлі мы бясстрашна», — уголас прадэкламаваў загадчык аддзела лістоў, сціснуўшы кулакі і дэманструючы такім чынам народную адвагу. «Не, не тое… трэба нешта іншае…» Наступных пяць хвілін ён падбіраў рыфму слову «страшна». Паташны, бесшабашны, Вальтэр Запашны… Згадаўшы імя ўтаймавальніка тыграў, Ігнат сеў за стол, плаксіва застагнаў, але тут, надумаўшы штосьці, пажвавеў тварам і прыбраў з вачэй непаслухмяную чупрыну.
Пасля працы, пазычыўшы ў сакратаркі тры рублі, Ігнат накіраваўся да свайго сябра — паэта Бурноса. Дакладней, экс-паэта, бо сябрук апошнім часам нічога не пісаў.
Яшчэ пару гадоў таму імя Алеся Бурноса было на слыху. Ён выдаў паэтычны зборнік, рэгулярна друкаваўся ў часопісах і выступаў з вершамі ў школах. Але паехаў аднойчы на літаратурную сустрэчу, дзе творцаў добра пачаставалі. Там ён, ладна падпіўшы, завёўся з нейкім чыноўнікам ад літаратуры і ўрэшце заехаў таму кулаком у лабешнік. Чыноўнік тыдзень ляжаў у бальніцы, а на Бурноса завялі крымінальную справу. Праўда, тут жа і прычынілі, бо ў пісьменніцкім асяроддзі кулуарныя размовы пачаліся, і многія Ігнатавага сябрука падтрымлівалі. Маўляў, правільна зрабіў, што старому карчу ў лоб заехаў. Бо той корч, як казалі, са сталінскіх часін душыў у літаратуры ўсё маладое ды таленавітае. Пасля таго выпадку Бурноса кінулі друкаваць і нікуды не запрашалі. А неўзабаве ён развёўся з жонкай і цяпер жыў адзінцом у цеснай маласямейцы.
Бурнос сустрэў сябра з кіслай гіморай на твары, а зірнуўшы на пукатую Ігнатаву грудзіну, на якой вымалёўваліся дзве пляшкі, акрыяў духам і пабег рыхтаваць закусон.
— Выручай, — Ігнат з грукатам выставіў «чарніла».
— Калі гаворка пра грошы — нічым не дапамагу, — Бурнос падпаліў фаерку пад патэльняй.
— Размова, брат, не пра грошы, а пра паэзію, — Ігнат выцягнуў з кішэні пінжака пакамечаны сшытак. Туды ж была запхнутая пляшка, таму сшытак меў пажаваны выгляд.
Бурнос адгарнуў вокладку.
— «Была вайна — успомніць страшна…»
— Э-ээ, — перакрывіўся Ігнат, як ад болю.
— Зуб разбалеўся? — спытаў сябар і кашлянуў у жменю. — «Была вайна — успомніць страшна…» — удругарадзь прадэкламаваў Бурнос, і Гнат яго рашуча перарваў:
— Ты можаш не паўтараць?!
Сябар, падобна, пакрыўдзіўся. Моўчкі пляснуў на патэльню два яйкі.
— Дык навошта ты гэтую лухту прынёс, калі яе чытаць нельга? — гракнуў, перакрыкваючы злавеснае сквірчэнне патэльні.
Ігнат зразумеў, што перагнуў палку, таму прымірэнчым голасам зазначыў:
— Ну ты чытай, але пра сябе. А то я ад тых вершаў блізкі да вар’яцтва.
Першую бутэльку выпілі ў суворым маўчанні.
— Цяжкі выпадак, — прамовіў нарэшце былы паэт, нюхнуўшы замест закускі край пакамечанага сшытка. — Не ведаю, як да ладу давесці. «Была вайна» — толькі і можна пакінуць.
— І я пра тое, — са скрухай азваўся Ігнат. — А трэба ж хоць каліва пакінуць ад арыгіналу.
Бурнос нечакана ўскочыў, пайшоў у пакой і тут жа з’явіўся з пыльнай тэчкай у руках.