— Якія мітынгі?! — адзываецца модніца ў чорным капелюшы. — Газеты чытаем!
— Пачыталі і праходзьце. Не замінайце дарожнаму руху.
Наўкол між тым няма ніякага руху. Скачыляс любіць без дай прычыны чапляцца да людзей. Вось Тадэк, сын цёткі Юстыны, той ні да каго не чапляўся. Летась нават дапамог лятаўца змайстраваць, якога я потым на Панарскай гары пускаў. А цяпер Тадэк недзе ў войску, з немцамі ваюе.
Зрэшты, нейкі рух усё ж такі адбываецца. Ад Пагулянкі выруліў чырвоны арбон, а з завулка выехалі калёсы, наладаваныя прадаўгаватымі скрынямі. Ці не трунамі? Калёсы спыняюцца, двое рабочых здымаюць з іх збітую з дошак скрыню з надпісам «Гасьнік».
— Што за халера? — азываецца Юзік.
— Ты што, не бачыш? Супрацьпажарныя скрыні, — гучна, каб усе чулі, кажу я сябру. — Іх на сцены павесяць, вогнетушыльнік упіхнуць і на замок зачыняць. А бамбіць пачнуць — будзе чым агонь тушыць.
— А як тушыльнік дастанеш, калі замок павесяць? — не сунімаецца Юзік.
— Ключ камусьці пакінуць. Магчыма, тваёй маці.
Сябар з лёгкай трывогай паглядае ў канец вуліцы.
— Не, хлопе, як пачнуць бамбіць, ніякі вогнетушыльнік не дапаможа, — керхае дзед у даматканай світцы.
У небе густым чмяліным гудам азываецца самалёт.
— Нельга збірацца грамадой, бо як гахне бомбу — і разляцімся на шматкі, — з загаднай інтанацыяй прамаўляе Скачыляс. Паліцыянтам, відаць, далі загад разганяць натоўпы — вось ён і прыдумляе розныя жахі.
Як ні дзіўна, народ пачаў разыходзіцца. І першай, падцягнуўшы спадніцу, адскочыла ад газет модная пані.
Больш за ўсё віленчукі баяцца нямецкіх самалётаў. Навокал толькі і гамоняць пра тое, як швабы бамбардуюць Варшаву. Нас, на шчасце, не бамбілі. Я ўвогуле не ўяўляю — як можна паляцець у чужую краіну і пачаць кідаць бомбы на жывых людзей? Дзялюся гэтай думкай з сябрам.
— Немцы палякаў здаўна ненавідзяць. Таму і пайшлі вайной, — тлумачыць Юзік, а чарговым разам зірнуўшы ў канец вуліцы, з адчаем гукае: — Матка! — і нырцуе ў падвал.
Ноччу доўга кручуся на ложку. Ляжу з расплюшчанымі вачыма, прыслухоўваюся да навакольных зыкаў: пошуму ветру, цікання ходзікаў і пошчаку конскіх падкоў. Гэта паліцэйскі дазор раз-пораз праязджае па начной Вільні. Сплю ў маленькім пакойчыку. Не ў пакойчыку нават, а ў катушку, дзе змясціліся адно рассохлы ўслон ды драўляны тапчан. Матчын ложак стаіць у святліцы. Маці таксама не спіць, а пачуўшы ляскат падкоў, штораз уздыхае.
Разам з парывам ветру недзе ўдалечыні нараджаецца мерны гуд. Цяжка сказаць — з якога боку ён далятае. Ці то ад Ландварова, ці то ад Новай Вялейкі. Штосьці бухае, я бягу да акна, адсоўваю коўдру. За акном цёмна, хоць пальцам у вока. Дзіва што. У доме насупраць надоечы загарэлася святло, на першым паверсе, дык тут жа Скачыляс палкай у шыбу пастукаў. Ён штовечар ходзіць ды паглядае на вокны — каб нідзе агню не было. Знадворку зноў, гулка і раскаціста, грымнула, і неба асвяцілася кволай яснасцю.
— Езус Мар’я, хаця б да нас не даляцелі, — шапоча маці і не спехам, як звычайна, а з павольнай урачыстасцю жагнаецца.
Раніцою мяне абуджае стук у дзверы і ахрыплы бацькаў голас:
— Ну, жывыя вы там?
Вомігам злятаю з тапчана і лячу адчыняць дзверы. Але позна: іх ужо адчыніла маці і з плачам торкнулася носам у левы бацькаў плячук. Я ціснуся носам да правага плечука. Палітон патыхае цвіллю.
— Вы надта не абдымайце, — кажа бацька, сунімаючы матчыны слёзы, — у вязніцы вошай да халеры.
— Цябе адпусцілі ці ты збег? — маці падхоплівае насоўку.
— З вязніцы не збяжыш. Адпусцілі. На загад віленскага ваяводы. Ім не да нас. Ну а ты як? Не сваволіш? — халодная бацькава рука кладзецца на спіну.
— У школу не пусціла, загадала дома сядзець, а ён збег ды ў нейкі склад убіўся, — маці адчыняе шафу, і адтуль сыплюцца на падлогу цыгарэтныя пачкі. — Іх на фронт збіраліся везці, а тут малыя рабаўнікі падаспелі.
— Ды які там фронт, — бацька падхоплівае з падлогі пачак. — О! «Гурнік»! Падсушыць трэба. Цыгарэты сёння даражэйшыя за грошы. — Бацька калісьці сам паліў, ды кінуў, бо лекары выявілі зацямненне на плюцах.
— Уся вопратка ў шафе тытунём прасмярдзела, — буркае маці.
Мы п’ем гарбату, слухаем аповеды пра вязніцу, і нечакана бацька звяртаецца да мяне:
— Збегай да дзядзькі Янкі. Скажы, што я на свабодзе.
Дзядзька Янка — лепшы бацькаў сябар. Жыве ў Зарэччы, поруч са старымі габрэйскімі могілкамі. Так што ісці да яго трэба праз усё места.