* * *
Круталобы жоўты «пазік» завёс нас, «партызан» (так кадравыя ваенныя лагодна называюць тых, каго прызываюць на зборы) у ціхае мястэчка; дамкі невялікія, акуратныя, і здаецца, у іх жывуць толькі сціплыя, добразычлівыя людзі. Рэдка дзе ўбачыш гараж; нямнога магазінаў. Пахла вастраватым сялянскім дымком. У адным двары скубла з капы сена чорная каза з фіялетавымі доўгімі рагамі, самыя кончыкі якіх былі жоўтыя, як свечкі.
Вайсковая часць была абнесена бетоннаю загародаю. Дрэвы стаялі аснежаныя, на ніжніх вузлаватых галінах сядзелі задуменныя, фарсістыя галкі, сонна лыпалі белымі вачыма. Мы ішлі па шырокай чыстай дарожцы да казармы, цёмна-рудой, быццам адлітай з медзі. На першым паверсе нас пераадзелі ў ваенную форму; ложкі былі на другім, мы з Пшонікам выбралі суседнія.
З раніцы нам чыталі лекцыі; пасля абеду вывозілі на палігон на тактычныя заняткі. Лекцыі былі нудныя, нецікавыя, пра вядомае па вучобе на кафедры; а стрэльбы ўсіх весялілі яшчэ і таму, што на прасторы, у вольнай непасрэднасці людзі заўсёды адчуваюць сябе лепш. Было і непрыемнае. Аднаго старшыню калгаса акурат у страі хапіў эпілептычны прыпадак. Ён немачна закрычаў і паваліўся на снег; твар у яго стаў сіні, з рота паперла пена. Усе разгубіліся, не ведалі, што рабіць. Пшонік першы спахапіўся, кінуўся на назіральны пункт і прынёс у сваёй шапцы вады. І хаця яна была тут не патрэбна, усё роўна Пшонік заслужыў пахвалу.
У першую выхадную нядзелю я забраўся ў бібліятэку: яна займала пры клубе часці два пакоі на другім паверсе. Там былі кнігі, болей ваенна-патрыятычныя, і я здзівіўся, калі ўбачыў серыю «ЖЗЛ» — цэлую даўжэзную паліцу сіваватых кніг з белымі факельчыкамі на спінках. Я выбраў жыццяпіс Бальзака, гэты пісьменнік імпанаваў мне яшчэ са студэнцтва, калі ўпершыню прачытаў яго «Озорные рассказы».
Цяпер на вольны час я меў занятак — чытаць; Пшонік адшукаў у мястэчку нейкага нібыта сваяка і кожны вечар прападае ў яго. Хлопцы расказваюць дасціпныя гісторыі, смяюцца, гарэзнічаюць. Нехта напіхаў Пшоніку ў сакваяж пустых бутэлек. Пшонік вярнуўся позна, падняў крык: «З мяне здзекаваюцца!» — і высыпаў бутэлькі на ложак суседа — інжынера з пээмка, якога ўсе дражнілі «Па рублю». Той, доўга не думаючы, хапіў бутэльку і агрэў Пшоніка па карку: быў не вінаваты. Пшонік заляпіў аплявуху ў адказ; вочы ў яго былі разгубленыя: рушыўся пясчаны замак ягонага аўтарытэту, за які ўвесь час дрыжаў бы асінавы ліст, і які з такою натугаю пнуўся будаваць высокім. Колькі цяпер Пшоніку перажыванняў! Як таму футбалісту, які не забіў мяч з пенальці ў важным матчы.
Зрэшты, перажыванняў хапала і мне. Радасна і той жа час страшна было думаць, што закахаўся. Праўду пісаў Купрын: слабае каханне разлука тушыць, моцнае распальвае з большаю сілаю. Я, каб пераканацца, ці па-сапраўднаму кахаю, прымушаў сябе знайсці ў Любе нешта такое, што сапсавала б мне настрой, засмуціла, але, як ні дзіўна, чымся болей я прыпісваў ёй заган, тым болей мацнелі пачуцці да яе. Я не спаў уночы; у шырокія вокны свяціў месяц, і ў яго блакітным святле я запісваў у блакнот думкі, якія бушавалі ў галаве яшчэ і ад таго, што ў кнізе Цвейга пра Бальзака было напісана шмат пра каханне і жанчын. Дзіўны, канечне, быў Бальзак да жанчын: яму заўсёды падабаліся тыя жанчыны, якія пераўзыходзілі яго вопытнасцю і ўзростам і дазвалялі яму глядзець на іх знізу ўверх. Адсюль выраз «бальзакаўскае каханне» — калі ён многа маладзейшы за яе. У мяне, на жаль ці на шчасце, каханне было звычайнае, яно жыло і трапятала ў душы ўпартым, рашучым, гарачым матыльком. Я баяўся, што гэты матылёк вырвецца і абпаліць крыльцы ў полымі якой-небудзь жыццёвай нягоды.
* * *
Пятро Максімавіч прыехаў у суботу надвечар. За вокнамі сіпеў вецер. Пад дахам за сенцамі стукала каса, а можа, яшчэ там нешта звінючае вісела. Галіна Андрэеўна не магла схаваць радаснай усмешкі, выйшла насустрач мужу.
— Як даехаў?
— Хо, такая маладайка праводзіла на аўтобус! — сказаў вясёлым голасам Пятро Максімавіч. — Ружовашчокая, з яснымі вачыма пампушачка... Аж нянечкай нязвыкла яе называць.
Потым яны доўга, да позняй ночы, сядзелі ў зале на канапе і ўголас гадалі, што будзе з сынам, Сцяпанам. Святла не ўключалі: ім, як і мне ў пакой, свяціў месяц. Яго мяккае, малочнае святло веяла спакоем, але на душы ў мяне было неспакойна, не давалі заснуць словы, якія Пятро Максімавіч сказаў жонцы: «Слязамі не паможаш. Слёзы — вада, калі галаве бяда. Лепей думаць, як жыць».
Уранні я зайшоў на кухню. Гаспадары сядзелі за сталом. Снедалі. У нос мне шыбанулі густыя змешаныя пахі: мабыць, Галіна Андрэеўна ўстала зусім рана, а можа, і зусім не лажылася спаць, нагатавала яды і цяпер карміла мужа. Твары ў абаіх былі невясёлыя, зрэзаныя вострымі маршчынамі. Я адчуў сябе ніякавата.
— Частуйцеся, Коля, апельсінамі, — сказала Галіна Андрэеўна.
На стале ў вялікай зялёнай паліванай місе горкаю блішчалі буйныя аранжавыя апельсіны, акурат маленькія тугія сонцы; на кожным прыклеены чорны ромбік, на якім лацінкаю напісана: МАРОКА. Апельсіны былі з далёкай Афрыкі, да якой змалку чамусьці адчуваў прыязнасць і цікавасць. Пра што ў жыцці мы толькі не марым. Дзівакі!
Пятро Максімавіч і Галіна Андрэеўна не хаваліся і нічога не ўтойвалі ад мяне. Званіў заўчора Сцяпан: з жонкаю развёўся і дачку (самае дзіва) прысудзілі яму, і было б яшчэ большае дзіва, калі б пакінулі яе пры маці-істэрычцы, якая здзекавалася не толькі з мужа, але і з малой, «за тое, што яна ад Сцяпана»: біла яе, нават выганяла на балкон; суседзі гэта пасведчылі. Як і многае іншае ў сямейным жыцці, я не разумеў, адкуль у жанчыны такая жорсткасць. Можна злаваць, крычаць, ірваць на сабе валасы, дамагаючыся ісціны, справядлівасці, але пры чым і навошта тут жорсткасць; можна апраўдваць адну жорсткасць, гэта — жорсткасць у праўдзе.
Дзяўчынка, дарэчы, Люба, сёлета пайшла ў першы клас: за ёй патрэбна вока, яе трэба сустракаць са школы, карміць, мыць фартушкі, вучыць з ёй урокі. Сцяпану аднаму, які з рання да вечара на заводзе, вядома, не выкруціцца. Хацелі спярша Любу прывезці сюды, да дзеда і бабулі; але нядобра будзе, падумалі, збіваць з тропу дзяўчынку, у якой толькі-толькі школьная сцяжынка пачалася. Пагадзіліся так: Галіна Андрэеўна пасля першай чвэрці падасць заяву на звальненне і паедзе на нейкі час гадаваць унучку. Лёгка сказаць — паедзе.
У акно я бачыў, як у небе пад воблакамі кружылі маленькія, бы ластаўкі, вароны, а яшчэ вышэй чарціў прамую, бы дрот, лінію белы самалёцік — яна, здавалася, злучала зямлю з нечым такім недасяжна-высокім і чыстым, што можа быць адно там, дзе няма людзей. А дзе іх няма? Існуюць гіпотэзы, што ў Сусвеце мы не адны, і ўсім трэба мірыцца, бо ўсім нам свеціць адно сонца. Хто б ні засціў яго — загінуць усе.
— Можа б, вы, Коля, паглядзелі пакуль за Пятром Максімавічам? — спытала нарэшце Галіна Андрэеўна, а мне стала сорамна: не мог сам наперад здагадацца. Дурань, вечна гэта стрыманасць падводзіць!
— Пра што гаворка! — сказаў я, злуючы на сябе.— Не хвалюйцеся...
Я не крывіў душою, мне і праўда не было страшна заставацца з Пятром Максімавічам: не такі ўжо ён бяспомачны.
...У першую нядзелю зімы Галіна Андрэеўна выбралася ў далёкую дарогу. Яна была ў рудым, з пясцовым каўняром, паліто, на галаве пуховая хустка, на якую мякка садзіліся лёгкія сняжынкі, гарэлі ў промнях ранішняга сонца ружовымі іскрынкамі. Мы з Пятром Максімавічам праводзілі яе да чыгуначнай станцыі; я нёс напакаваную сумку. Чакалі поезда нядоўга, ён прыйшоў як гарачы ўздыблены конь: і праўда, на такую далёкую дарогу патрэбна сілішча не абы-якая. Я пакінуў іх адных. Галіна Андрэеўна глянула на мяне з нейкай даверлівай самотаю.
Вярнуўшыся, я хацеў ісці ў рэдакцыю, мяне чакаў недапісаны нарыс, але ўтрымала дзіўнае пачуццё, якога раней не ведаў: нібыта я ўцякаю ад нейкай святой справы ці, прынамсі, адлучаю сябе ад таго, з чым абыякава размінуцца ніяк нельга.
За перагародкаю тупаў па хаце Пятро Максімавіч: людзі без рук моцна тупаюць нагамі; уздыхаў і кашляў... хай даруе! — неяк вымушана, каб толькі паказаць, мне, што ён заклапочаны. Я адчыніў фортачку: у твар патыхнула мятнай, цвярозлівай свежасцю, якую прынеслі пылінкі інею, што зрываў вецер з галін яблыні. Пастукаў, неяк нясмела зайшоў у пакой Пятро Максімавіч.
— Ну, абжыўся ў нас? — спытаў ён з усмешкаю на вуснах і ў вачах.
— Такіх ціхіх кватэр мала дзе знойдзеш! — сказаў я, і ён заўсміхаўся шырэй, вальней, з дзіцячаю непасрэднасцю гледзячы мне ў вочы і як бы спрабуючы нанова разгадаць мяне: мабыць, напаследак яны з Галінаю Андрэеўнаю абменьваліся ўражаннямі, думкамі, ці можна на мяне спадзявацца.
— Можа, вам што памагчы, дык — калі ласка? — спытаў я і ўбачыў, як з твару і вачэй Пятра Максімавіча імгненна знікла хваравіта застылая нерашучасць. Ён сеў за стол, глянуў у акно ў сад, прыжмурыўся.
— Без тваёй помачы я не чалавек, а палена дроў, — сказаў ён жорсткую ісціну, а засмяяўся звыкла і будзённа, бы ў адказ на які-небудзь пусценькі жарт. І толькі мне было не да смешачак, у мяне валасы дыбком сталі, заварушыліся. Вострае спачуванне абудзілася ў маёй душы, і я замяўся, думаючы, што адказаць, але так і не знайшоў слова: у такіх выпадках звычайна выручае жарт; але каб жартаваць нават з сябрам, край важна ведаць мяжу нахабства, якое можна дазволіць з ім, а тут... Я маўчаў, хаця мімікаю твару, вачыма, якіх не хаваў, рукамі паказваў, што гатовы на любую помач. — І ўсё гэта вайна, праклятая вайна!.. Што яна зрабіла са мною і з тысячамі такіх, як я... Быў жа ў шпіталі, бачыў...
— Ды ў мяне бацька без нагі... Сталінградзец!
— А, ага... Ну во! Што табе гаварыць, сам бачыў усё. У першыя гады пасля вайны я не мог адкараскацца ад сноў, яны душылі мяне за горла, за грудзі, я выў, стагнаў... так, як выюць, калі ляцяць, снарады... Думаў, што Галіна мая мяне кіне... дурны, падумае. Аж не. Устане, сядзе каля мяне і суцяшае... Цяпер жонкі так мужыкоў не глядзяць. У іх, кажуць, асабістае жыццё. Якое ліха асабістае, калі ты замуж ішла? Я вот часта думаю, цяперашняя жанчына не няньчылася б са мною і дня, кінула б. Яй-богу, кінула б. Яны цяпер харошых, здаровых мужчын кідаюць, не ладзяць з імі. Бачыце, характарамі не сышліся. Дзіва што — не сышліся: аднакавых жа людзей няма, хоць трэсні. І суды патураюць ім... А тут трэба строга, і з іх, гэтых легкадумных жанчын, пытаць: «Вы чаму рушыце сям’ю? Хто вам даў права? Яна — не толькі ваша воля». Пень вунь як паточаны чарвякамі ды жукамі, а стаіць... А то чуць што, якая трэшчынка — на развод. Безадказнасць! Канечне, цяпер лёгка жыць, дзяцей гадаваць, дзяржава клапоціцца... Паспрабавала б каторая пасля вайны мужыка адкінуць... Жыццё — як тая луста хлеба, намазаная з двух бакоў: з аднаго мёд, з другога гарчыца, так і жуеш горкае і салодкае разам, а то лізнеш з аднаго боку, тады з другога... І мы не святыя, і ў нас з Галінаю ўсякага было. Ну, але ж пасварымся, папсіхуем і тут жа памірымся... Заўсёды яна першая адтайвала... І было ёй чым і магла б сагразіць мне, але падыдзе пасля сваркі, абніме, пацалуе мне во сюды ў лысую макушку: «Што табе, Пеця, падаць?» Уткнуся ёй у рукі, слязамі іх памыю і далей жыць...