У канцы тыдня ў горад нечакана зноў вярнулася восень — цяпло і сонца. Растаў снег. Над раскіслаю зямлёю паплылі густыя слаістыя туманы, якія цяпер часта нейкім чынам выпускаюць на сцэну, калі на ёй спявае ансамбль ці які спявак. З цяплом і сонцам да чалавека прыходзіць радасць, і я пакрысе забываў сваю паездку ў абком.
Але восеньская пагода ненадзейная, як ласка жаночага сэрца. І зноў усхапіліся шорсткія паўночныя вятры, вылізалі паветра да празрыстай, ледзяной яснасці. З неба падалі дробныя белыя крупкі, падскаквалі над зямлёю.
Дзівосаў у чалавеку колькі заўгодна; мне дзіўна было, што я, ходзячы ў лазню, ніколі і блізка не падумаў, каб запрасіць з сабою Пятра Максімавіча. І раптам мяне пранізала: «А Пятро Максімавіч?..» І я ўспомніў той жа міг і зразумеў, чаму з безнадзейным сумам глядзелі мне ўслед вочы Пятра Максімавіча, калі я з венікам пад пахаю выходзіў з двара; ён жа, Пятро Максімавіч, таксама неяк мыецца ў лазні і, як кожны мужчына, мабыць, любіць дух.
Пятро Максімавіч сядзеў перад тэлевізарам. На экране ў блакітнай мітуслівай смузе стаялі цыбатыя белыя птушкі з дзіўнаю назваю — фламінга.
— Я іду ў лазню, дык хачу і вас запрасіць, — сказаў я, палюбаваўшыся колькі хвілін на птушак. Пятро Максімавіч спавольна падняўся з крэсла, а потым нечакана замітусіўся, як хлапчук. Голас у яго быў дрыготкі і разгублены, калі ён гаварыў мне:
— Сетка вунь на цвіку вісіць, каля акна... Махровы ручнік у шафе, там і бялізна на змену. Вяхотка і мыла ў сенцах на паліцы...
Па Рэпкавічах унутрыгарадскія аўтобусы не хадзілі: горад невялікі, з канца ў канец яго певень пераляціць. І ў лазню мы пайшлі пехатою. Вецер гнаў па небе валавяную, густую каламуць, кратаў лысыя чубы таполяў, закручваўся і свістаў у падстрэшшы. Людзі на вуліцах атульвалі высокімі каўнярамі патыліцы; стоячы на месцы, не вымалі з кішэняў рукі і прытупвалі нагамі. Падцяўшы хвост, бег сярэдзінаю дарогі худы, высокі клышаногі сабака, а насустрач яму ніца ляцелі вароны; у руху і сабакі, і варон было жаданне як хутчэй убіцца куды-небудзь у заціш.
Лазня займала нізкі і даўгі мураваны будынак, пафарбаваны ў брудна-сіні колер, па якім унізе каля вокнаў, каля вентылятара і трубы-аддушыны пачварна распаўзліся рыжыя плямы, фарба лушчылася і адпадала. Вераб’і, што сядзелі на кустах бэзу, час ад часу зрываліся, хапалі яе на ляту, уяўляючы, а можа, і думаючы, што гэта матылькі.
У касу, па білеты, чаргі не было; затое ў самую лазню мы прастаялі з гадзіну, памалу пасоўваючыся да дзвярэй, з якіх адзін за адным выходзілі мужчыны — ружовыя і свежыя ў твары; на хаду дамаўляліся — што лепей: выпіць піва ці, можа, скінуцца па рублю.
Прымыльнік быў цеснаваты, вузкі, як тунель. Каля сцен стаялі высокія блакітна-зялёныя тумбачкі з пранумараванымі тазамі наверсе. Моцна пахла распараным бярозавым лісцем і мылам. На кафельнай падлозе блішчэла вада, па ёй шлёпалі босыя ногі.
У душавой на нізкіх шырокіх мармуровых лавах ляжалі і сядзелі мужчыны, з іх курэла пара, яны церліся вяхоткамі, плюхаліся, бы гусі, у вадзе. Мы з Пятром Максімавічам абдаліся пад душам; пайшлі ў парылку. Сухі гарачы дух пекануў за плечы і вушы, бы калючкаю. Бледнае худое цела Пятра Максімавіча вобміг пакрылася жоўценькімі, як проса, папурышкамі.
— Не, я ў такой гарачыні не магу, — сказаў ён; мы выйшлі з парылкі. — Рукі смыляць... — Паглядзеў на мяне як бы вінавата. — Калі не цяжка, абкруці мне іх майкаю і ручніком.
Я абматаў Пятру Максімавічу рукі.
— Во! Цяпер і я магу пацёпацца!.. — Пятро Максімавіч патузаў вузкімі, як у падлетка, неразвітым плячамі.
Венік у тазіку з гарачаю вадою разбрыняў, і лісце сочна духмяніла бярозавым гаем, травою з узлеску. Успомнілася дзяцінства і ты распластаны ў траве на баравіне, стомлены пасля ягад ці грыбоў; угары шумяць сосны і відаць, як з галіны на галіну пералятаюць маленькія, бы мухі, птушачкі.
Пятро Максімавіч улёгся на сярэднюю лаўку, і я лёгенька патрос над яго спінаю венікам; рукі ён падкурчыў пад сябе, бы чалавек, які збіраецца паспаць на зямлі. Скура спярша схапілася рэдкаю чырванню, а потым густа пабарвавела. Пятро Максімавіч круціўся-варочаўся, як уюн. З мяне сыпаўся градам пот.
— Можа, падмяніць? — раптам пачуў я за спінаю. Каля мяне стаяў Пшонік і лыбіўся, скакала між бровамі бародаўка.
— Хопіць, Коля... Дзякуй!.. — сказаў Пятро Максімавіч і скаціўся з лаўкі. На хаду павітаўся з Пшонікам.
— Дык што не хвалішся, таварыш Бібічык? — У Пшонікавых вачах зноў было тое цынічнае чаканне, што і тады, калі пытаўся ў мяне пра новую кватэру.
— Было б чым, — сказаў я спакойна і, бадай, падсвядома, бо гэты час, як гаварыў, у галаве шукала выйсця думка: «Ужо пранюхаў! Не іначай жа, маю паездку ў абком мае на ўвазе». Я, канечне, здзівіўся не таму, што Пшонік ведае, куды і чаго мяне выклікалі, а таму, з якою фальшываю дабрадзейнасцю звярнуўся ён да мяне.
— Ну як жа, як жа... — Пшонік гулка барабаніў пальцамі па днішчы пустога таза. — Думаеш, не ведаю, чаму табою абком цікавіўся?
— А тут няма ніякае тайны.
— Калі б і хацеў утаіць, то не атрымалася б! — Пшонік пакараскаўся на лаўку. — Тарасюк, загадчык сектара, сябра мой. Разам некалі пачыналі селькорамі...
«Ну і добрая ж ты цаца, калі нават уплывовы сябар не можа выцягнуць цябе», — падумаў я, уразіўшыся тым, што Пшонік ні з таго ні з сяго перайшоў на шчырасць.
— Гэта я неяк намякнуў Тарасюку пра цябе, — Пшонік правёў венікам па крывых кароткіх і тоўстых, як слупы, нагах, да самых пятак аброслых валасамі.
— Ну, дзякуй табе! — сказаў я, усміхнуўшыся: не сумняваўся, што Пшонік ніколі мне не паспрыяе, хутчэй — нашкодзіць, а па-другое, ведаў я, што ён, можа, як ніхто іншы, даўно цэліўся шмыгануць з Рэпкавіч і, здаецца, наблізіўся да мэты, афармляў дакументы на нейкую вучобу.
Пшонік адчуў маю іронію, але не хацеў яе прымаць, бо, мабыць, ўсё-такі не вынюхаў галоўнага — што я адмовіўся ад павышэння, — і хацеў, каб я прыпісваў і яму заслугу. Як ён паслужыў мне, я ведаю. Той званок з прыёмнай сакратара райкома Алёсіна быў незвычайны. Я падаў заяву на ўступленне ў партыю, і натуральна, са мною хацелі пагаварыць. Алёсін быў чалавек пажылы, з блакітнымі вачыма, высокаю сівою прычоскаю кучаравых валасоў і абаяльнай, даверлівай усмешкаю. Некалькі разоў ён званіў мне па тэлефоне, каб «пракаменціраваць» мой матэрыял, і я ведаў ягоны голас — мяккі, лірычны тэнар. Мне было прыемна і лёгка з ім размаўляць, я не адчуваў скаванасці, словы не блыталіся, самі прасіліся з языка. І тады я зайшоў у кабінет з дзіўным спакоем. Кабінет быў вялікі і светлы, усё ў ім ведала сваё месца, не кідалася надта ў вочы, была тая сціплая ўтульнасць, што ствараецца прыроджаным густам акуратыста і гаспадара.
— Як вам калектыў? — спытаў Алёсін, калі мы пагаварылі з ім пра жыццё-быццё, пра палітыку, пра тое, як у Хельсінкі праходзіць заключны этап Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Я бачыў, сакратар з цікавасцю слухаў мяне. — Чалавек вы новы.
— Працуем! І журналісты ўсе неблагія.
— А якая ў вас думка наконт Пшоніка? — нечакана спытаў сакратар.