Што я мог сказаць? Маўчаў.
— Няўжо ў вас не склалася яшчэ думка?
— Склалася. І даволі хутка.
— Усё зразумела.
Я ведаў, калі гаворыш пра чалавека кепскае, то пра цябе таксама не падумаеш добра. Гэта — ісціна. Ты гаворыш праўду, перад сабою і сумленнем чысты, а ўсё адно атрымліваецца, што ябеднічаеш, тым болей на чалавека, які вышэй цябе пасадаю. Тут можна прыпісаць табе што заўгодна — і кар’ерызм, і подласць. Нават калі сябры ў мяне пытаюць пра майго нядобразычліўца, я ніколі не «качу на яго бочкі». Не магу. Ніколі не трэба мераць чалавека па чужых, пачутых думках і меркаваннях, тут заўсёды будзе месца плёткам, трэба рабіць толькі свае вывады, даражыць толькі сваімі ўражаннямі пра чалавека. Можа, у падобных выпадках нехта робіць іначай, і якраз ён будзе лічыць іншага несумленным, бо не ўяўляе, як гэта, будучы ў ладзе з начальнікам, не плявузгаць на астатніх?
І радасна мне было, што Алёсін зразумеў мяне, хаця, можа, спярша і палічыў, што яму трэба ва ўсім давярацца, у размове з ім няма забароненага, таму і спытаў пра Пшоніка.
— Вы малайчына, а ён, між іншым, столькі нагаварыў на вас...
— Што я хуліган, бабнік, п’яніца?
Алёсін — разумны чалавек! — усміхнуўся.
— Максімум шчырасці і ноль фальшы, нават у дробязі — вось, мне здаецца, дэвіз для кожнага, хто бярэ ў рукі пяро, — сказаў Алёсін і паляпаў мяне па плячы.
Мы шчыра развіталіся. Праз тыдзень мяне зацвярджалі на бюро кандыдатам у члены КПСС. Я вельмі хваляваўся, але толькі да таго моманту, пакуль зайшоў у кабінет. Алёсін першы спытаў у мяне — не пра міжнароднае становішча, не пра статутныя патрабаванні, як я чакаў, а пра майго бацьку, якога не ведаў, але з анкетных дадзеных было відаць, што ён інвалід вайны.
— Як здароўе бацькі, дарма?
Я спачатку не зразумеў сэнс гэтага «дарма», а калі зразумеў, што сакратар ужываў яго ў сэнсе — як, нічога? — здранцвеласць зразу адкацілася; і болей не вярталася.
— Старая гвардыя не здае пазіцый! — напаўсур’ёзна, напаўжартам сказаў я, і многія з членаў бюро ўсміхнуліся.
Гэта быў самы шчаслівы дзень у маім жыцці, пра які Пшоніку я не сказаў ні слова.
...Пшонік, бліскучы ад поту, задаволена пакрэхтваў.
— Дзякуй! — паўтарыў я ўжо не ўсмешліва, а са злосцю.
— Дзякаваць будзеш потым, у рэстаране, — Пшонік, падобна, і праўда прымаў мяне за прасцячка, і гэта міжволі высмыквала з маёй душы нервовую нітачку, для якой толькі іголкі не было, каб укалоць. І я залез вышэй Пшоніка на лаўку і стаў з сілаю хвастаць сябе венікам, акурат за нешта дакараючы. За што, і сам не ведаў. «Во як табе! А во так табе! З перчыкам, з гарачанькім!..» — Я асатанела махаўся венікам. Мяне штурхануў локцем тоўсты дзядзька, у якога жывот сплыў на калені, як белы мяшок мукі.
— Не давядзецца, на жаль, мне весці цябе ў рэстаран,— сказаў я Пшоніку, стоячы ў душавой пад «дожджыкам» і падстаўляючы тугім халодным струменям твар, спіну, грудзі.
— Зажаўся?
— Не пайду я ў абласную газету.
— Чаму? — Пшонік закруціў кран і лыпаў мокрымі белымі вейкамі.
— А навошта... з тваёй помаччу?
— ?!
Пшонік нахіліў да пляча, набок, галаву, як курыца, калі глядзіць у неба.
«Ну і няхай думае, што я паверыў».
Пятро Максімавіч сядзеў у прымыльніку на лаўцы — шыза-ружовы, як сунічнае мыла; вузлаватыя локці яго стаялі на каленях, але ён не мог падперціся ў шчокі; на абрубках ужо не было ні майкі, ні ручніка — сашмаргнуў сам. Пятро Максімавіч у такой зажуранай позе быў нейкі мізэрны, убогі і няшчасны. Я спачуваў яму ўсёй душою, і калі б мая воля, то побач з воінам-пераможцам, волатам, я наставіў бы помнікаў калекам — ахвярам вайны, якіх праз нейкі час зусім не стане, і каб людзі пастаянна бачылі, што з чалавекам робіць вайна. Страх уявіць сябе калекам, бяспомачным, нямоглым, мабыць, мацнейшы за страх перад сілаю, якую, згуртаваўшыся, можна і пабароць, тады як у калецтве варыянтаў няма: мой бацька без нагі, я ведаю, колькі пакут выпала на яго долю.
І дарогаю Пятро Максімавіч быў маркотны.
— Давай па піву ўдарым! — нечакана бадзёра выгукнуў ён, калі параўняліся са шкляным павільёнам, на расчыненых дзвярах якога быў намаляваны жоўтаю фарбаю вялізны пеністы куфаль.