Яна з лыжкі карміла Пятра тоўчанаю бульбаю ўжо спакайней, смялей, чымся ўчора ўвечары, і ў галаве ў яе зноў пачалі карагодзіць тыя думкі, што і ўночы, яны як бы выстройваліся ў шчытны рад і першая была, бадай, самая цвёрдая і пэўная: Пятра нельга адпускаць, ён малады, але бяспомачны, яму трэба жыць, ладзіць сям’ю, а ён будзе абмінаць дзяўчат, ведаючы, што бязрукі, нікому не патрэбны. Чым больш яна разжальвалася, тым ясней адчувала, што ў яе не толькі шкадаванне да Пятра; яна баялася прызнацца, але ёй увесь час здавалася, быццам сам бог паслаў ёй гэтага скалечанага блакітнавокага хлопца; яна мела мужную натуру, яна разумела (і бачыла), што прырода паскупілася ёй красы, агрубіла ёй твар, голас. Тое, што ў ёй жыла цнатлівая, пяшчотная жаночая душа, хлопцаў, канечне, не вабіла, яны абміналі яе, і за ўсё жыццё ёй ніхто не прызначаў спаткання.
Было крыўдна і балюча. Але вайна заглушыла гэтую крыўду і гэты боль, і вось цяпер яны ўскалыхнуліся з новаю ярасцю. Разумела яна: вайна бязлітасна прарэдзіла мужчын, старых і маладых, яе равеснікаў, і яна ўжо змірылася, што застанецца адзіночкаю, будзе аддаваць сябе рабоце. Толькі брала сумненне, не адступалася, мучыла, ці можа жанчына жыць адною работаю, няхай сабе і любімаю да зацятасці? Нейкае нутраное, як у лісы, чуццё падказвала ёй: не, не можа; шчасце, сапраўднае, поўнае, салодкае, жанчына без сям’і, дзяцей, як бы ні старалася, не знойдзе. Гэта не была халодная разважлівасць дзяўчыны, якая страціла ўсякую надзею выйсці замуж і якой напляваць на ўсё, абы дабіцца мэты. Проста яна дачакалася свайго: каханне заўсёды прыходзіць неспадзявана, яго нельга запланаваць ці заказаць, як страву ў рэстаране, і пасмакаваць загадзя.
Што пакахала, яна амаль ужо не сумнявалася, іначай якая б яшчэ сіла прымусіла яе ісці на вечную сувязь з чалавекам, ад якога не будзе ёй, жанчыне, аніякае апоры і палёгкі. І ён, Пятро, вельмі хутка да яе прыгарнуўся — бачыла яна, і гэта нараджала, а расхваляваная фантазія песціла ў ёй думку, што імкненне ў іх да згоды ўзаемнае. Вось толькі адно пакуль трывожыла і сумненнем клалася на душу: ці зможа? Ці зможа, ці хопіць сэрца і духу ўсё жыццё быць яму нянькаю, хадзіць каля яго, шанаваць, аберагаць, бы тое немаўля, ні разу не папракнуць? Адказаць цяпер яна не магла, але старалася ўявіць усё тое, што выпадзе ёй на долю, ляжа на яе жаночыя плечы, адганяла сорам і страх, калі думала пра самае патаемнае ў жыцці мужа і жонкі. Як ёсць непазбежнасць у птушыным лёце, так у цнатлівым кодэксе жаночых законаў, ведала, ёсць пункт, які рана ці позна павінен быць парушаны. Нягледзячы ні на што.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
...Яна доўга ляжала нерухома, набіраючыся смеласці, і ёй увесь час здавалася, што спіць і бачыць сон — з тых прыемных і салодка-трапяткіх, што часта прыходзілі да яе перад вайною, калі яна выспявала, круглела на дзяўчыну, і ў яе паглядах на хлопцаў звычайная блазенская гарэзлівасць змянілася сарамліваю і даўкаю ўзрушанасцю. Бо ўвесь гэты час, як яна думала, Пятро не ляжаў спакойна, гарачліва дыхаў ёй у шыю недзе каля вуха, цалаваў і шаптаў, шаптаў: «Ты стала маёй жонкаю... адзіная мая... ты самая добрая ў свеце...» О, пакута боская! Якая магія ў гэтых слоў, якая сіла: на цябе абвальваецца цёплы імглісты морак, разнявольвае ўсё цела, бы той гіпноз, якім некалі ў школе чараваў барадаты, з дзяркатымі, нейкімі пустымі ў глыбіні вачыма дзядзька, і здаецца, ты не можаш напружыцца ніводнаю мышцаю, процістаяць нават рагатаму чорту, які гатовы рынуцца на цябе і бязлітасна растаптаць.
Яна прамовіла: «Пеця...» — і не магла болей анічога сказаць, але нават у адным гэтым слове, у прыдыху, з якім яно вышапталася, Пятро адчуў і маленне, і загад, і прызыў, і, урэшце, рашучасць — усё разам цяжка было імгненна ўсвядоміць і, баючыся неасцярожным, няўмелым рухам пакрыўдзіць жонку, Пятро адкінуў у знямозе галаву на падушку.
Яна павярнулася да яго ў нейкай прытомнай гарачцы... Далей пачатак і канец таго, што здзеялася, замкнуліся ў тым, што спачатку цёплымі мяккімі рукамі яна сарамліва лашчыла яму грудзі, твар, а потым, ужо гарачыя, пруткія, ён адчуў іх на сваёй шыі.
* * *
Рэдакцыя штотыднёвіка была ў старым жоўтым высокім будынку — я прачытаў гэта на шыльдзе, прыбітай на фасадзе. Аддзел прозы быў зачынены, і я пастукаў да адказнага сакратара — у масіўныя дзверы з маленькаю ручкаю. За сталом, на якім ляжаў высокі стос папер, сядзеў лысаваты чалавек, і адно я павітаўся, ён падняў на мяне вочы. Ён быў у акулярах, з рыжай барадою і вусамі а ля «Песняры». Ён глядзеў на мяне, спрабуючы адгадаць, хто я і чаго зайшоў. Я назваў сябе, і ён абрадавана, можа, нават залішне мітусліва падаў мне руку, пасадзіў на крэсла каля стала. Як пішуць журналісты, ён адразу ўзяў быка за рогі: стаў хваліць мае апавяданні, «шчыра, непасрэдна напісаны...».
— Паверце мне, — сакатаў адказны сакратар,— пакладзіцеся на мой вопыт, бо я сам таксама пішу, і ў часопісе працаваў... Чытаю амаль усё, што выходзіць на беларускай мове. Так што магу параўноўваць. Некаторыя пішуць фальшыва, хлусяць самім сабе, бо ў іх ёсць жаданне пісаць, але няма, як пісаў Талстой, «потребности внутренней, задушевной высказаться».
Я не разумею, як пра сэрца, пачуцці можна схлусіць. Няпраўду можна сказаць пра падзеі, пра факт, пра палучку, пра тое, што ў магазіне ёсць, а чаго няма, ахвотна я іду на футбол ці дзеля кампаніі, але пра сэрца... Як пра яго можна схлусіць? Яно — адно, і з ім, як гавораць, усё ясна. І таму мне не здавалася гэта «адсекава» пахвальба нечым нязвыклым ці нячыстым, я прымаў яе як заслужаную ўзнагароду за ўменне пісаць; і толькі многа пазней я зразумеў, што і пахвальба тая была завышанаю, мабыць, з педагагічных меркаванняў — падтрымаць хлопца з «раёна», і ўменне маё пісаць «шчыра, непасрэдна» было не чым іншым, як толькі першаю кволаю спробаю пяра, пасля якой ставала ўсяго: і ваганняў, і адчаю, і сумненняў, хапала і крытыкі, часам з’едлівай, незычлівай. Гэта ўжо на старасці, хоць ты і не стаў лепей пісаць, не чапаюць, не крытыкуюць, і калі не абыходзяць маўчаннем, то адно хваляць. Мабыць, узрост шануюць, а яшчэ ўсім стала ясна, чаго пісьменнік дасягнуў і што прыступка, на якую ён узабраўся, ніжэй за тую, што асядлалі славалюбы і пыхліўцы, каб яе раўніва аберагаць.
Адказны сакратар, гэты мітуслівы і, мусіць, добры чалавек, завёў мяне да галоўнага рэдактара, і тут я хачу сцвердзіць адну ісціну, якую, бывае, той-сёй і аспрэчвае: мне здаецца, што людзі, якія зрабілі табе дабро, помняцца лепей і даўжэй, чымся злыя.
Галоўны, статны, высокі мужчына з разумным позіркам шэрых вачэй на бледным, хваравітым твары, сустрэў мяне як даўняга знаёмага, і толькі яго звыклыя пытанні — хто, што, дзе і як? — сведчылі, што мы бачымся ўпершыню. Гэта, аднак, не бянтэжыла галоўнага, і ён вёў са мною размову ў такой вольнай непасрэднасці, якую можна растлумачыць хіба што высокай і чуйнай унутранай культураю, якой, мусіць, болей, чымся астатнія, усё-такі надзелены людзі творчыя.
Адно цяпер, здалёк, бачу, што яго практычныя парады — сабраць «што ёсць» ды аддаць у выдавецтва на рэцэнзію, бо чарга на выданне першых кніжак надта вялікая, — былі карысныя, слушныя, пра што на той час не хацелася нават думаць. Яно заўсёды ў жыцці так і будзе: які б чалавек разумны ні быў, якія і ад каго парады ні слухаў бы, ён абавязкова павінен перажыць усё сам, набыць свой вопыт, які, можа, і на жаль, іншаму перадаць нельга, ім не засцеражэш ад неладоў і пакут іншага, нават пры самых добрых ды шчырых намерах.
Я выйшаў з рэдакцыі акрылены. Паветра пагусцела і было сіняе, бы чарніла. Імглістаю ўтульнаю ружовасцю свяціліся ў дамах вокны. У тралейбусах і легкавушках калінавымі плямкамі «крывавелі» стопсігналы. Ад праспекта далятаў цвёрды, тупы ляск — гу*паў шматпудовы пнеўматычны молат. Пахла дымам і карбідам.
Тралейбус завёз мяне на вакзал. Я падступіўся да акенца касы. Белавалосая дзяўчына ў акулярах з вялікімі круглымі, як накрыўкі слоіка, шкельцамі, міла ўсміхнуўшыся, сказала, што на Рэпкавічы ўжо ўсе білеты прададзены. Дзіва што: на суботу і нядзелю многа людзей едзе дахаты. Клянчыць-прасіцца ў шафёра, каб ўзяў на «лішні білецік», я не ўмею, мае просьбы заўсёды такія нясмелыя, адкрытыя, што шафёру прасцей простага адказаць «не». Ведаючы сябе, я ўжо даўно не прашуся ў аўтобусы, на якія няма білетаў.
Што рабіць? Я дастаў са сподняе кішэні пінжака блакнот-алфавітку, куды запісваю адрасы і тэлефоны. Глянуў на гадзіннік: во-во стрэлкі выструняцца зверху ўніз у адну лінію. Трэба хутчэй званіць, пакуль у людзей не скончыўся рабочы дзень. Некалькі маіх аднакурснікаў размеркаваліся ў Мінск: сын дэкана, рэдактара адной з рэспубліканскіх газет, начальніка міліцыі. Хаця яны хлопцы і добрыя, неганарлівыя, надзейныя, ім, бадай, званіць не буду: навошта трывожыць?
Пару чалавек, такіх жа вясковых, як я, таксама засталіся ў сталіцы. Гэтыя, як у народзе кажуць, «узялі сваім гарбом» — здольныя, працавітыя, самаадданыя журналісты і, можа, крышачку нахабныя, ці што, можа, проста смелыя.
«Пазваню Коктышу...»
З Коктышам мы паўтара года жылі на адной кватэры. Высокі чорнагаловы, шчыры і непасрэдны, як дзіця, ён быў любімец курса, надта ўвіхаліся каля яго дзяўчаты. Яго залішнюю эмацыянальнасць і нервовасць многія подленька тлумачылі тым, што ў яго бацька алкаголік. Так гэта ці не, але я ведаю іншага хлопца, які не падабаецца мне якраз сваім закамянелым, «таўстаскурым» раўнадушшам і ўнутранай глухатою, хаця бацька яго таксама п’е.
Жы-ры-ры, жы-ры-ры... — журчыць тэлефон.
— Алё! Сельгасаддзел? Добры дзень! Можна Коктыша?
— Кто спрашивает?
— Сябар.
— Ушел уже и больше сегодня не будет.
Коктыш нядаўна атрымаў у Курасоўшчыне кватэру, але адраса я не ведаў. Ды калі б і ведаў, то наўрад ці паехаў бы: не папярэдзіўшы, заходзіць да людзей? Мала што ў іх можа быць, а тут яшчэ я са сваімі клопатамі.
На абласным радыё працаваў Санюковіч. Ён зрэдку званіў мне ў Рэпкавічы, заўсёды па нейкай патрэбе, а не проста так, каб спытаць, як жыву-маюся; часцей за ўсё ён заказваў мне нарыс пра даярку ці пастуха — «з глыбінкі».
Пазваніў яму. Трубку падняў акурат Санюковіч. У яго добра пастаўлены голас, гаварылі, ён хораша спявае, але сам я ніколі не чуў. Знешне ён занадта хамавата-грубы, але па натуры справядлівы, шчыры, дзейны, таму і веру, што ён можа спяваць.
Санюковіч мне абрадаваўся, усклікнуў: «О!» і доўга смяяўся сваёй захліпістаю ўсмешкаю, якая многім здавалася яхіднаю і адпуджвала, а мне яна такою не здавалася. Я, мабыць, нейкі «не от мира сего», бачу іншы раз у чалавеку зусім не тое, што бачаць іншыя, з-за гэтага часта пакутую і мяне лічаць некамунікабельным; я магу раструшчыць, бы арэх, усякія каноны пра чалавека, іменна каб сказаць яму нешта прыемнае, хаця тут усё адносна, бо мы ацэньваем сябе па добрых учынках, а людзі нас — па благіх.