Санюковіч пытаўся, я адказваў і як бы між іншым намякаў, што мне няма дзе начаваць. Санюковіч прапускаў мае намёкі міма вушэй, нёс лухту, называючы мяне «класікам» (зразумела, з іроніяй), і не забываў раз-пораз устаўляць, што ён яшчэ ў студэнцтве надрукаваў у насценгазеце эпіграму на маё апавяданне.
Санюковічава балбатня мне ўскорасці надакучыла, і я маўчаў, пыхцеў, як паравоз, у трубку, пакуль нарэшце Санюковіч не адчуў, што перабірае меру. Перадыхнуўшы, ён сказаў:
— Трэба нам было б сустрэцца ды пагаварыць не з наскоку, але, бачыш, еду з жонкаю і сынам да цешчы. Білеты ўжо ў кішэні. Кабанчыка намецілі калоць. Лафа, скажу табе, выгаднае дзельца... Сумку свежаніны прыпру ў Мінск. Гэта не тое, што ў гастраноме...
Санюковіч быў чалавек дужа хваткі, практычны, але і я ў душы згадзіўся з ім, бо таксама езджу «на кабана» да бацькоў у вёску; праўда, халасцяку, мне сумка не трэба, хіба што «гасцінца», як кажа маці, вазьму: трохі мяса, трохі пячонкі-лягчонкі.
Я пажадаў Санюковічу шчаслівай дарогі і палажыў трубку. З будкі не выходзіў. Цямнела хутка. З прасветлін між дамамі ўжо глядзелі на мяне зоркі, яны былі бледныя, ледзь хліпалі ў павалоцы дыму, пары і туману, якія заўсёды падымаюцца над вячэрнім горадам. Да шкляных дзвярэй тэлефоннай будкі вецер прыклеіў жоўты кляновы ліст з рудымі жыламі-баразёнкамі — быццам звонку падпірала дзверы нечая далонь, не давала мне адчыніць.
А што, калі?.. Я думаў, ці варта званіць дзяўчыне, з якою некалі сябраваў і якой нават зрабіў, як цяпер разумею, немалую паслугу. Яе звалі Света. Вучылася яна курсам ніжэй, а пазнаёміў нас мой зямляк-аднакурснік, які хадзіў да дзяўчыны, што жыла са Светаю. Аднаго дня, здаецца, на свята моладзі, ён запрасіў мяне з сабою. Света была дзяўчына вясёлая, раскаваная, і мы пацалаваліся з ёю ў першы вечар — у паўзмроку за шырмаю, куды адышліся пад чуллівую музыку танга. Мне было сорамна, а Света гаварыла, што ў пацалунках няма нічога кепскага, яны не пранікаюць пад скуру, як татуіроўка, і жанчына, памыўшыся, кожны раз новая і свежая.
Света была не толькі вясёлая і раскаваная дзяўчына, але і рацыяналістычная. Выпадкова, у затлумленай мройным чадам гутарцы я сказаў, што ў Мінску жыве сябар майго бацькі, палкоўнік міліцыі, яны разам ваявалі ў Сталінградзе. Света тут жа ўссела на мяне: «Памажы прыпісацца ў Мінску». (Дзіва, але тады, ужо студэнт-трэцякурснік, я і блізка не думаў, што пастаянная прыпіска ў Мінску многа значыць.) За гэтую паслугу Света ледзь не ахвяравала мне самую сябе: «Прыпіска — і я ўся твая», але мяне гэта яе цынічнасць раззлавала. Па-першае, мая доля ў прыпісцы не здавалася мне нечым «звыш», а толькі звычайнаю студэнцкаю выручкаю; па-другое, і гэта галоўнае, мне даволі было радасці ад самой магчымасці аказаць дзяўчыне ласку.
У адну з паездак дахаты я абрысаваў бацьку сітуацыю, шматзначна, хаця і не без іроніі, назваўшы Свету «сяброўкаю жыцця»; ён даў мне адрас і асабістае пасланне сябру-палкоўніку. Потым, пазнаёміўшыся з палкоўнікам, бяздзетным мужчынам, я звёў з ім і Свету. А далей яна ўвіхалася ўжо сама, дзівячы мяне ўменнем ладзіць з людзьмі і ўсё болей выклікаючы да сябе недавер.
Я счакаў, пакуль параўнела дыханне, і пазваніў Свеце: у першамайскай паштоўцы яна пахвалілася, што «выбіла тэлефон». Я хваляваўся, і голас мой зноў задрыжаў, як у студэнта, які адказвае па шпаргалцы, а выкладчык яго хваліць.
— О, Колька!.. Прывітанне! Ты ў Мінску? — Мілы, пяшчотны галасок быў повен радасці, як спелая ягада соку, і мне міжволі стала прыемна ад гэтае радасці. — Хвіліначку... — Яна, мабыць, некуды схадзіла; потым зноў узяла трубку, здаецца, я чуў, як ад хвалявання стукае ў яе сэрца. — Ну, расказвай, як ты там, у сваіх Рэпкавічах... Не жаніўся яшчэ?
Што было рабіць: я паўтарыў амаль усё тое, што гаварыў Санюковічу, і гэтак жа сама чакаў запросін. Света — знаць было — адчувала гэты мой неспакой, але апраўдвала сябе, мусіць, тым, што непрыстойна ўсё ж ёй, адзінокай дзяўчыне, зазываць да сябе хлопца. Я набраўся смеласці, бо цярпенне ў мяне лопнула, а выйсця не было:
— Слухай, Светка, можа б, я пад’ехаў да цябе? — У маіх вушах звінела кроў. Света не чакала ад мяне такога нахабства, думаючы, што ў мяне адна мэта. Голас яе прыкметна пацішэў, яна сказала вінавата:
— Колечка, даражэнькі, толькі не сёння... Сёння не магу. Я падрыхтавала хну, буду фарбаваць валасы. Давай сустрэнемся заўтра, а?.. — Жаданне ўбачыць мяне, здаецца, было ў яе шчырым, але, адчуваў, яна хлусіць, што сабралася фарбаваць валасы. А чаму? Ну чаму мы не гаворым з чалавекам адкрыта, прама, шчыра, а мудруем-інтрыгуем, як быццам і з высакароднаю мэтаю не ўскладняць адносіны, але ўсё атрымліваецца наўпярок. І толькі ў злосці, у гневе мы пачынаем гаварыць праўду, але ўжо, на жаль, нядобразычліва і рэзка.
— Ну, добра, — сказаў я, — можа, заўтра пазваню... — А сам сабе падумаў: «Наўрад ці пазваню...»
— Толькі не крыўдуй, калі ласка, — Света ледзь не маліла. — Я радая, што ты... Я табе многім абавязана.
А я, прызнацца, і не крыўдаваў. Кажуць, гэта страшны чалавек, які не ўмее абурацца, злаваць на іншых, акрамя, канечне, сваякоў, між якімі адносіны ўсёдаравальныя і памяркоўныя. Няўжо страшны? Калі шчыра, дык у мяне няма такіх сяброў, якім бы я мог даверыць як сабе, безаглядна адкрыць усе свае тайны, не баючыся, што яны будуць пляткарыць.
Жарты жартамі, але шанцаў пераначаваць у каго-небудзь са знаёмых у мяне ўжо не было. Дый, урэшце, што я пястун які ці Мінска не ведаю? Я з сілаю піхнуў дзверцы будкі, яны лёгка адмахнуліся і стукнулі па сцяне дома. На прыпынку стаялі два тралейбусы. Я сеў у першы і паехаў у «Паляўнічы бар», мне падабаліся ў ім умлелыя ў грыль-апараце сялянскія каўбаскі з кіслаю капустаю; у бары прадавалі яшчэ піва, але яно ў дзяцінстве мне збрыдзела. Мы тады паехалі з маці ў горад, і нам дужа захацелася піць; мы знайшлі ў шкляны адпацелы ўсярэдзіне павільёнчык, а там толькі піва, і маці купіла цэлы куфаль. Піва было горкае, нясмачнае, але сасмяглы, я выпіў ледзь не ўвесь куфаль; пасля мне было дрэнна, я доўга кволіўся.
Раней у бары завіхалася худзенькая, шустрая, як сініца, жанчына з прыветлівым тварам і нямымі вачыма, а цяпер стаяў бармен. Я ледзь не павярнуў на выхад, убачыўшы яго: перапрашаю за крутасць, але мне заўсёды не па сабе, калі за афіцыянта бачу мужчыну, здаровага, выпешчанага. Не мужчынскі гэта занятак — хоць забі! Апетытны пах каўбасак, іх тлусты бляск за гарачым шклом грыль-апарата ўсё ж утрымалі мяне ў бары, і я стаў у чаргу.
На сцяне была распята вялізная сівая шкура ваўка з пафарбаванымі жоўтымі кіпцямі; вакол яе віселі вазончыкі дробных белых кветак, якія ў народзе называюць «бабскія плёткі». Прылавак быў мокры ад піва, і меню, якое я ўзяў у рукі, таксама было мокрае.
На выгляд бармен меў гадоў трыццаць, быў апрануты ў чорны касцюм, на белай кашулі крыкліва вылучаўся чырвоны гальштук; быццам шматкі з гэтага гальштука бармен прыклеіў сабе на вусны, яны былі поўныя, чырвоныя, як у жанчыны; і ўвогуле ў далікатным, бледным твары, мяккіх, плаўных руках было шмат жаночага.
— Каўбаскі і бутэльку мінеральнай вады.
— Усё?.. — спытаў бармен, быццам я папрасіў у яго нешта зусім-зусім не тое, дзеля чаго ідуць сюды людзі, а скажам, газету ці рыбалоўных кручкоў.
— Усё, — сказаў я і высыпаў у глыбокую жоўтую талерку дробязь. Бармен уважліва паглядзеў на мяне, і гэты ягоны позірк чамусьці прымусіў мяне сцяцца: ён быў нейкі прытарна-ліслівы і нахабна-працяглы.
Недалёка ад прылаўка быў вольны столік, і я сеў за яго. Мае любімыя каўбаскі з кіслаю капустаю не лезлі ў рот, хоць і былі сакаўныя, прыемна казыталі пярцоваю гаркавінкаю кончык языка: увесь час я адчуваў на сабе позірк бармена.
Ён што, ведае мяне, гэты бармен? Ці палічыў за рэвізора? А можа, я так яго ўразіў тым, што не ўзяў піва? Цяжкае, гнятлівае пачуццё, што пачынала ўсё мацней абрыньвацца на душу, будзіла ў галаве непрыемныя думкі, і яны скакалі ў бязладным, тлумным танцы.
Ачуўшыся, я зноў паехаў на вакзал. Ён сустрэў мяне агнямі, маленькімі і вялікімі, зялёнымі і чырвонымі, блакітнымі і жоўтымі, таямнічым моракам нізкага неба. У розных накірунках ішлі людзі. Раптам адна жанчына з мяккімі чорненькімі, бы пушок рагозу, вусікамі дакранулася да майго локця: «Давай, красавец, пагадаю... Усю праўдачку раскажу. У цябе непрыятнасці, але цябе чакае харошая радасць. Хочаш, красавец, раскажу...»
Нюх яны маюць, гэтыя гадалкі, ці што? Так і ловяць тых, у каго засмучаны твар, ці дзяўчат з разбітымі сэрцамі: ведаюць нябось, што ў горы чалавек больш даверлівы. Але ў мяне здаўна жыве непрыязнасць да ўсякіх гадалак. З тым земляком, што са Светаю пазнаёміў, было раз. Прыходзіць з кіно сумны, знерваваны... Расказвае: каля паштамта прыліплі гадалкі і не то выманілі, не то ўкралі «пяцьдзесятку» — усю павышаную стыпендыю. Думаў, чаравікі за яе купіць, бярог...
«Хочаш, я табе пагадаю?» — чапляецца цяпер і да мяне маладзіца. Я сцяў пашчэнкі, нахмурыў бровы, каб паказаць сваю строгасць ды непрыступнасць, і тая адкаснулася. Я завярнуў у хлебны магазін і купіў Галіне Андрэеўне дзве буханкі сітнага хлеба; папрасіў прадаўшчыцу загарнуць іх у паперу.
На вуліцы ў кіёску купіў «Вячэрні Мінск», каб, седзячы на вакзале, пачытаць. Падняўся на другі паверх у пачакальню, сеў у куце на лаву і прабег вачыма па газеце — загалоўках, аб’явах, тэлепраграме... Адчуванне, што пад павекамі цвёрдыя каменьчыкі — хіліла на сон: стаміўся, дзень на нагах. На мяне падазрона паглядваў дзяжурны міліцыянер. Ужо скрозь дрымоту пачуў мужчынскі голас: «Каму трэба ў напрамку Рэпкавіч?» Я скеміў імгненна, падбег да мужчыны.
— Адзін? — спытаў ён.