На гары стаіць бальніца,
А над ёю зорачка —
Выйшла Анька із бальніцы —
Развязалась борачка...
«Борачка» — гэта ў нас тое, што і шнурок.
Цётка Аня сашчапіла маю рану маленькімі бліскучымі дужкамі, падобнымі на падкоўкі; зусім не балюча было, хоць і цяклі па назе тоненькія, бы нітка, струменьчыкі крыві; забінтавала; мяне павёз дахаты той жа «Беларус». Маці, убачыўшы мяне на руках у чужога чалавека, загаласіла...
Я часта думаю: чалавек не павінен гнаць ад сябе, з душы сваёй чуласць, а наўпярок, песціць яе, як мой былы гаспадар дзядзька Кузьма песціць птушак, і яны ляцяць да яго з усіх краёў, пазнаюць і не баяцца...
* * *
Тыдні праз два, як паехала з двара Галіна Андрэеўна, я ўжо ледзь не шкадаваў, што застаўся з Пятром Максімавічам, што звязаны, заўсёды вельмі трывалаю для мяне, вяроўкаю абяцання.
Мае апавяданні (штотыднёвік надрукаваў яшчэ адно) заўважыў той-сёй з сектара друку абкома, хаця, хто яго ведае, можа, нешта іншае, аб чым я і блізка не здагадваюся, сказала сваё апошняе слова. Але голас у трубцы, які запрашаў прыехаць у сектар друку, упамянуў іменна апавяданні ў штотыднёвіку.
Была раніца. На зямлі ляжаў снег, а на дрэвах — іней. Востра пахлі мазутам шпалы; як адуванчыкі, бялеліся на стыках рэек намарожаныя балты. Тоненька папіскваў ручкаю «дыпламат». Я думаў: няўжо павышэнне? Гэта запаветная мара, бадай, кожнага журналіста-раёншчыка — трапіць у вышэйшую рангам газету: там і часу болей, каб пасядзець над матэрыялам, і прэстыж, і, нарэшце, ганарары большыя, дый кватэру можна часам хутчэй атрымаць.
Загадчык сектара Тарасюк, маладжавы мужчына, з чорнымі, густымі, зачэсанымі назад валасамі, шырокім тварам, які ажыўлялі вялікія, па-мангольску раскосыя вочы, павітаўся са мною за руку; пачакаў, пакуль я супакоюся.
— Вы, мабыць, здагадаліся, што мы хочам прапанаваць вам павышэнне. Вызвалілася пасада карэспандэнта аддзела культуры ў абласной газеце.
— Трэба падумаць, — сказаў я, хоць шмат перадумаў дарогаю. У загадчыка сектара закраталіся ад здзіўлення чорныя бровы: мусіць, яму было непрывычна, што чалавек, якому прапанавалі павышэнне, не абрадаваўся, не падаў хапатліва ўдзячную руку і, відаць, не з-за разгубленасці або мінутнай слабасці, а свядома.
— Падумайце, — сказаў ён, кораценька бліснуўшы на мяне сваімі раскосымі вачыма; і гэты яго кароткі зычлівы пагляд — прымета сарамлівага і стрыманага чалавека, як часта думаў я, — пранік дакорам і спачуваннем у маю душу. За каго ён, мабыць, таксама вясковы хлопец, які выбіўся ў людзі, мяне палічыў?
Я хадзіў па скверы і думаў. Снег лёг пасля марозаў на цвёрдую зямлю і не раставаў: рыпаў пад нагамі, на лісці, па якім слізгала, бы па шкле, падэшва чаравікаў. На дарожках шукалі спажыву галкі, пухнатыя, шызыя, як дым; калі я набліжаўся да іх, яны ўзляталі і садзіліся на таполі, з галін сыпаўся дробненькі сіняваты пылок.
Мне было холадна: мароз ледзяною ніткаю сучыўся за каўнер паліто, калоў у пальцы левай рукі, на якую, падчас хвалявання, я не надзяваю пальчатку, трымаю ў правай руцэ.
Ці будзе яшчэ калі такая ласка? Можа, гэта, як кажуць, прабіў мой зорны час? Прапусці яго — і ты сярод тых людзей, якія лічаць сябе няўдачнікамі, а па сутнасці, людзі кволыя, бязвольныя і ў нечым нават абмежаваныя. Думаць, што ўсё жыццё фартуна будзе абмінаць цябе, неймаверна цяжка і горка. Апускаюцца рукі, душу разрывае адчай, не-не дый мільгане думка пра смерць. З-за дробязі? Не. Пісаў Случэўскі: «И капля волн полна трагедий и неизбежности полна».
Глупства! Трагедыя ў тых людзей, у якіх жыццё так ці інакш азмрочана, збеднена бязлітаснаю непазбежнасцю, і няма сілы, а часам і сэнсу яго паправіць, нават намаганняў усяго Сусвету мала, хаця ў магію Сусвету, яго тайн, што яшчэ не праясніліся да апошняй, нельга не верыць.
Ад промняў сонца снег здаваўся зіхатліва-белым, як дробненька пацёрты цукар, цені — сінімі, а лісце бурштынава-жоўтым; усе гэтыя колеры мяняліся ў маіх вачах, як і думкі ў галаве, як і сляды на дарожцы...
Я баяўся думаць пра Любу. Яна з такою надзеяй і пакорлівай дзіцячаю безагляднасцю кінулася ў загадкавае сіло мужчынскай прыязнасці, а яно ж так часта аказваецца нетрывалым і бяздушна-рацыяналістычным. Надзея, якая не спраўджаецца, падобна птушцы, што гіне ад холаду і голаду ў мароз; абедзве маглі б жыць і радаваць людзей: першая — чаканнем светлай азоранасці, другая — песнямі.
Пасля доўгага пакутлівага роздуму я зноў пастукаў у дзверы загадчыка сектара. Тарасюк стаяў каля акна, сашчапіўшы на грудзях рукі. У яго вялікіх раскосых вачах не было ранейшай дапытлівасці, у іх плавала пасляабедзенная млявасць, і шырокі твар яшчэ болей свяціўся дабрадушнасцю. Мне вельмі не хацелася засмучаць чалавека, але я сказаў:
— Прабачце, што прынёс вам столькі турбот... Я застаюся ў Рэпкавічах.
Ён чамусьці не спытаў, што мяне трымае ў тых далёкіх Рэпкавічах на ўскраіне Магілёўшчыны. Сеў за стол, хацеў падняць руку, але апусціў яе ў безнадзейнай вяласці.
— Глядзі, Бібічык, на адным месцы і валун мохам абрастае.
Я вярнуўся ў Рэпкавічы з няпэўнасцю і пустатою на душы. У акне ў зале гарэла святло. Пятро Максімавіч сядзеў на канапе, перад ім ляжала разгорнутая «раёнка»; без акуляраў, ён далёка адхіляў галаву; глянуў на мяне, але я ўпершыню не абазваўся да яго словам, адно падышоў і моўчкі начапіў яму на нос акуляры. Змрок бязвольнасці скаваў мяне ўсяго.
Шумеў за шыбамі снег, акурат нехта чвахаў сухім венікам. За перагародкаю, у глыбіні хаты, цікалі ходзікі — як водгалас нечага няздзейсненага, затуманенага часам і выкрасленага назаўсёды з душы.
А разабрацца, чаму яны зачапіліся за мяне? Няхай вунь Пшоніка бяруць, дзякуй скажа. Я засынаў недзе ўнутры, а тое, што заглушае свядомасць, было надзіва ясным, і думкі прыходзілі выразныя. Мабыць, у такой пачуццёвай раздвоенасці я і пратлуміўся ўсю ноч, бо ўранні не мог прысіліць сябе ўстаць з ложка: у целе і ў галаве не было бадзёрасці. Але чалавеку на тое і даецца воля, каб перамагаць слабасці, якімі ён абрастае, здаецца, шчодра і за якімі стаіць адмета ягонай жывой натуры.