— Здрасце! — адказала Ленка, пераплёўшы пальцы апушчаных рук, сарамліва захіталася.
— Адна? — спытаў Валодзька, хоць і зразумеў ужо, што яму, як і першы раз, не пашанцавала: Мішы няма дома.
Ленка кіўнула на спальню, і Валодзька ўбачыў, што на ложку накрытае коўдраю спіць дзіця.
— Мама на гародзе, Міша возіць сілас, а тата павёз у раён здаваць грыбы,— адразу пра ўсіх расказала Ленка, бо ведала, што Валодзька прыйшоў не да яе, і каб не падумаў ён, быццам яна вельмі радая яго прыходу.
— Як жыццё? — Валодзька не знайшоў іншага пытання, акрамя гэтага банальнага, якое страшна не любіў, калі задавалі яму, і раззлаваўся на самога сябе: «Дурань, паспрабуй сам адкажы!» — і каб выручыць Ленку, стаў гаварыць далей: — Памаленьку жывём, скажы... Я таксама кручуся: сям’я-работа, работа-сям’я...
— Каму-каму, а табе скардзіцца!..— здзівілася Ленка, падняўшы чорныя бровы, пад якімі сінела дробнымі жылкамі скура.
— Усё адносна, таварыш Лена...
Ох, як яму карцела разняволіцца, выказаць усё набалелае, надуманае, не ўтаіць і пра заяву на развод... Але стрымліваў гонар: мужчына і плачацца, ды хто — Валодзька Шапялёў. Няўжо і ў яго можа нешта не ладзіцца? Усё ж так гладка, роўна, бы па рэйках, бегла, ішло, кацілася з самага дзяцінства. Якая гэта памылка — думаць, што толькі адзін ты няшчасны!
— Жонка гарадская...— сказала Ленка, як падкусіла.— Сядай, а то я не запрашаю.
— Няма калі. Гэта ж мы ўжо прыехалі Мішу здымаць... А што да жонкі, то якая розніца, адкуль яна. Кажуць: абы чалавек добры быў, так? На жаль, пра гэта мы пачынаем думаць пасля...
— Ты гаворыш так, быццам дрэнна жывеш з жонкаю,— падобна, у голасе Ленкі скрозь іронію прабівалася калі не радасць, то задавальненне, што ён, Валодзька, прамахнуўся ў жаніцьбе. «Во, во як табе, не хацеў мяне браць!» — быццам гаварылі Ленчыны вочы ці, можа, яму адно так здавалася. Ён уздыхнуў: расказваць ці не? Яшчэ разнясе па вёсцы. Завіхураць плёткі... Плётак Валодзька баяўся як агню, і ён змаўчаў, не сказаў, што ў яго расклеіліся адносіны з жонкаю, перавёў гаворку на жарт:
— Бог яго ведае, у народзе кажуць: мілыя чубяцца — толькі любяцца.— Але жарт не падсаладзіў гаркоту на душы, сорамна было перад Ленкаю: бясхітрасная дзяўчына, а ён круціць-муціць.— А ты, Лена, чыстая прыгажуня,— каб павініцца за сваю няшчырасць, сказаў Валодзька, разумеючы ўсю недарэчнасць сваіх слоў.
— Прыгажуня, ды ты не паглядзеў,— раптам зусім сур’ёзна, нават з крыўдаю сказала Ленка і з большаю зацятасцю зашкрэбала ногцем па цыраце.
— Яшчэ не позна паглядзець,— напаўжартам, напаўсур’ёзна сказаў Валодзька, і доўга не сыходзіла ўсмешка з яго твару, а вочы глядзелі на Ленку, шукаючы сустрэчы з яе вачыма.
— Гавары, гавары,— аж пачырванела Ленка, гэта Валодзька ўбачыў, але не мог ён пачуць, як застукала пад блакітным плаццем дзявочае сэрца.
— Ну пакуль! — развітаўся ён, адчуваючы, што яму трэба ісці, што ён не можа зараз падаць ніякай надзеі Ленцы.— Няма часу. Прыходзь на здымкі — буду рады...— Ён гаварыў і злаваў на сябе, што словы ў яго нежывыя, не свае, чутыя ад іншых.
Валодзька павярнуўся. Ленка скранулася з месца, але не пайшла праводзіць, а потым з-за фіранкі доўга глядзела Валодзьку ўслед. «А што? І прыйду!» — ад сораму, ад прыхлынутай раптоўнай тугі, упартасці, што не раз густа замешвалася ў ёй, гарачыла яе напаўцыганскую кроў, аж застукала ў патыліцу, а ў вачах запырхалі зноў тыя жоўтыя мятлушкі, што аб’явіліся ўпершыню ў радзільнай палаце...
Закрахтаў на ложку, піснуў Сярожа. З нейкаю хваравітаю апантанасцю кінулася яна да яго, баючыся, каб ён не ўпаў.
* * *
— Так-так, давай, хлопчык,— падштурхваў да трактара, да Мішы Ляксеева Жэньку Сівы Дзед.— Прасіся ў дзядзі на трактар... Во-о-о, так! Усміхайся, жмурся!
Жэнька, загарэлы, з ліловым носам, распатлачанымі белымі, як пух, валасамі, падступаўся да Мішы, але рот бы сашчаміла прышчэпкаю: не мог асмеліцца сказаць слова, баяўся, што Міша турне яго ад трактара. Так яно і было б, калі б гэта было ў звычайны дзень, а не на здымках. Мішу ўгаварылі «даць якому-небудзь мальцу патрымацца за руль», маўляў, цікавасць да тэхнікі з дзяцінства. Колісь і праўда Міша аціраўся каля трактароў-машын. Што аціраўся, то аціраўся, і не толькі каля тэхнікі, жывую «тэхніку» любіў — коней, пругкіх, гарачых, імклівых, як вецер, як вярхушка полымя, якое рве ў комін неўтаймоўная цяга.
Міша бярэ Жэньку за падпашкі, ставіць у ажно гарачую кабіну. Жэнька ўплятаецца бруднымі рукамі за руль, круціць яго, нахіляючыся то ў адзін бок, то ў другі.
Стракоча кінакамера — Белая Шапачка прысядае, жмурыць незаслоненае акулярам вока — трасуцца вейкі,— перабягае на другі бок, цэліцца камераю ў запыленае шкло кабіны; з галавы спадае белая кепка, падае ў пясок, але аператар не зважае. Кепку падымае Памідор і стукае ёю аб калена — з яе пылу, як з порхаўкі. Рэжысёр падымае ўказальны палец: цы-с-с-с.
— Герой ляпае мальца па плячы! — падказвае Мішу Сівы Дзед.
Міша ўжо ведае, што «герой» — гэта ён. Нехаця, з кіслаю ўсмешкаю Міша штурхае Жэньку ў худы плячук.
— Смялей, натуральней! — зноў крычыць рэжысёр. Мішу ўжо абрыдла, іржою ў пячонкі ўелася гэтая «рысоўка», гульня: паўдня глумяцца. Перш здымалі яго самога за рулём у кабіне — вязе сілас. Вясёлы, радасны, усміхаецца, песенькі высвіствае... Потым, наўпярок, сумнага, паніклага, здымалі на збожжатоку, каля агрэгата вітаміннай мукі, які ён ратаваў ад агню. Якраз туды і Ягорыч пад’ехаў, заступіўся за Мішу: «Што трактарыста мне мучыце?» Але ён хацеў сказаць: навошта гэтая паказуха?
І яшчэ чортведама колькі сцэн трэба: сярод аднавяскоўцаў, у сям’і, на возеры... «Ну і гад жа печаны гэты Валодзька! — злаваўся Міша.— Уламаў! Пад’ехаў, задурыў-затлуміў...»
А сонца смаліць, пясок скрозь падэшву пячэ, глядзі, засмярдзіць гума.
Надвечар спякота спала. Лісце на ліпе, яблынях аж пабялела, мяккае стала, бы вата, бы валосікі на галаве ў немаўляці, бы душа беларуса. На пагоне над азерцам павісла рэдкая, белаватая плевуцінка. На ўсім ляжала стомленасць, адно конікі зацята, ядрана цвіркаталі ў сухой, запыленай траве, і Валодзьку, які слухаў іх, здавалася, што ў яго на зубах трашчыць пясок.