— Ну ўсё-такі.
— А я не думаў, што мяне штурхала! Што робіцца, тое і робіцца. Значыць, так трэба.— Міша глянуў незадаволена на Валодзьку. Бляск вады адбіўся ў ягоных вачах, і яны ззялі густым, цёмным бляскам, акурат рудыя гузікі на механізатарскай куртачцы, што вісела наапашкі на ім.
— Ну, подзвіг жа...
— Стукну, чэсна кажу, стукну!
— Ну хіба не подзвіг? — не здаваўся Валодзька.— Другі на тваім месцы, можа, кінуў бы ўсё ды сваю шкуру ратаваць... У агонь бы не палез. Усё-ткі нешта кіравала табою?
— А чаму я павінен быў думаць, што мною кіравала?
— Ну як жа!.. Чалавек так сабе не будзе рызыкаваць жыццём. У імя мэты будзе. Яна ім і кіруе, няхай у падсвядомасці...— Валодзька выводзіў Мішу на правільныя словы.
— Дзіўна мне! Падсвядомасць нейкую прыплёў...
— Добра, няхай не думаў у той момант, як кідаўся тушыць. А тады... ужо ў бальніцы, пра што думаў?
Міша першы раз за гэтую нялёгкую для яго размову ўсміхнуўся, неяк стрымана, суха, акурат баяўся выпусціць усмешку і загнаў яе глыбей у сябе, як заганяюць пад ногаць стрэмку зусім не чуючы болю.
— Пра любоў.
— Да зямлі?
Міша не ўтрываў, звонка рассмяяўся.
— Сур’ёзнае дзела, і давай, браце, па-сур’ёзнаму,— ужо раззлаваўся не на жарт Валодзька.
— З-за вас, сур’ёзных, няма праступу простаму чалавеку. З газеты ўжо прыязджалі, чапляліся... Думаў...— Міша ўздыхнуў.— Думаў! Што не ўратаваў я АВМ — во пра што думаў!..
Ластаўка праляцела нізка над азерцам, чыркнула грудкаю па шкляной вадзе, патрывожыла яе, пусціла ў бакі «стрэлы».
— Усё-ткі ж думаў.
— Думаў!
— А чаму?
— Маць з атцом мяне так васпіталі, разумеш? — Міша дзёрзка паглядзеў у вочы Валодзьку, той ажно сцяўся.— Што робіцца, тое і робіцца.
Цікава, падумаў Валодзька, падмеціўшы, што Міша другі раз паўтарыў фразу: «Што робіцца, тое і робіцца». Калі разабрацца, дык гэта свая філасофія. Тут, канечне, важна: што робіцца. Ва ўсякім разе, гэтая філасофія не адымае натуральнасці чалавечых паводзін, натуральнасці жыцця, яна пазбаўлена фальшу. Бо ёсць жа людзі, якія ідуць і жывуць проці сваёй сутнасці, маскіруючыся, і адно таму, што так загадвае розум. Трыумф розуму — гэта добра, але высокі палёт розуму яшчэ не заўсёды азначае высокі палёт духу. Валодзька, ударыўшыся ў высокія матэрыі, зусім забыўся пра Мішу, які стаяў побач і глядзеў удалеч.
Раптам з таго краю азерца нахапіўся мацнаваты вецер, пахіліў асаку, прычасаў яе, і яна заблішчала, узялася сівенькаю зыркасцю, як ураз выліняла ўсё роўна. І хмарка ўжо навісла над галовамі, пагнала разам з ветрам рабізну па вадзе, і азерца перастала быць падобным на шкло, а хутчэй на лапік узаранага і паскароджанага чарназёму. Толькі падумаў так Міша, як пайшоў дождж, зашумеў па вадзе, бы сухі авёс з парванага мяшка.
— Уцякаем? — Валодзька, не вымаючы з рукавоў рук, нацягнуў на галаву джэмпер.
— Зараз пройдзе...
І праўда, хутка дождж пацішэў, злёг вецер, толькі падалі рэдкія кроплі. Азерца зноў стала гладзенькае, бы шкло, і было відаць, як кроплі малявалі на ім кругі. Кропля — і круг. Кропля — і круг... Кругі расплываліся па ціхай вадзе, быццам запісвалі на пласцінку нейкую сваю, незямную, музыку. Музыка гэтая патанала недзе ў глыбіні вады. Во каб агучыць неяк яе, раптам падумалася Валодзьку, які ўсё яшчэ быў у палоне фантазёрства, і на душы ў яго стала незвычайна лёгка і да тужлівасці хораша.
Дождж зусім перастаў, і вецер пабег гуляць кудысь далёка за вёску, у глухі, цёмны лес, аж за Панітоўшчыну.
Зноў стала ціха, але толькі на імгненне. З куста лазы зацокалі ў ваду кроплі; па тоненькіх жалабках асакі пабегла серабрыстая нітка, на закручаных канцах асачын яна «плавілася» і капала ў ваду. Мабыць, каб сагрэцца, хутчэй абсохнуць, ярасна зацыкаталі ў траве конікі. Паднялася і трывожна (як заўсёды) кігікнула кнігаўка, незвычайна белая ў надвячэрнім астуджаным дажджом паветры, у мяккіх промнях залатога сонца. У гэтае гукавое ажыўленне ўнёс сваю траскучую ноту і трактар на бульбяным полі. Гукі змяшаліся, паплылі па наваколлі, і Валодзьку ўжо здавалася, што гэта і ёсць тая музыка, запісаная на ціхай вадзе дажджом, якую так хацелася яму разгадаць, агучыць і якая гэтак лашчыць слых і душу, з такою лёгкаю прастатою, якая можа быць толькі ў сне...
Ён засумаваў у горадзе па такой музыцы, простай, шчырай, натуральнай, там адурылі-аглушылі траскуча-барабанныя ўдарнікі і звон струн, усякія джазы і рок-н-ролы; напачатку як быццам і падабалася іх слухаць, нават здавалася, яны ўзбагачаюць душу, а потым, асабліва як пачала рушыцца сям’я, раздражняла, стамляла, і ад яе хацелася збегчы куды-небудзь у глухую зялёную заціш. І цяпер Валодзька быў у гэтай зацішы і ледзь не фізічна адчуваў, як гаючыя пахі, гукі, колеры ўліваюцца ў яго звярэджаную душу, як любы яму становіцца свет, і сам ён у ім не здаецца абузаю, і час не пакутліва цягнецца, а ляціць на хуткіх крылах імклівай кнігаўкі-чайкі.
Каб гэтую музыку раз і другі (асабліва ў дзяцінстве) паслухала жонка, можа б, і яна змянілася ды задумалася, можа б, і ў яе душы абудзіліся чыстыя, светлыя парыванні, што так неабходныя чалавеку, каб не даць забранзавець душы ў чарапашым панцыры эгаізму, трымаць яе калі не ў вострай чуйнасці да чужога гора, то хоць бы ў чысціні звычайнай прыстойнасці. Але жонкі ў вёску не зацягнуць: нудна там, кажа. Як прыпамінае Валодзька, толькі раз яна і ездзіла з ім у адпачынак да яго бацькоў, недзе на пачатку сумеснага жыцця. Смяяліся потым суседзі, Паўлюк кінуў калючку: «Выкачала нявестка ўсю траву ў Шапялёва на гародзе». Гэта — яна загарала. Не, каб памагчы свякрусе, тую ж бульбу паматычыць, жукоў абабраць. Памкнулася была разам з ім дровы з балота выносіць, але за другім паленам кінула, куст маліны аб’ела і назад дахаты пайшла. Маўчаў бацька, маўчала маці, нічога не гаварылі Валодзьку, але можна было ўявіць, як спачувалі яны ў душы сыну. Ды што зробіш? Так яна выхавалася ў сям’і, дзе маліліся не на кнігі, а на рэчы.
Эх, не хочацца больш кроіць сваю душу сярод такой прыгажосці, лагоды, спакою! Махнуў Валодзька рукою на свае беды, лепей з Мішам размову да толку давесці.