Пярэднія дзверы з рыпам, як бы нехаця, расчыніліся, і з аўтобуса па праву гаспадара першы выйшаў Валодзька Шапялёў. За ім барадаты дзяцюк у вузенькіх пакамечаных штанах-дудачках і белай сплюшчанай з брыльком кепцы. Пакуль хлапчукі разглядалі іх, не заўважылі, як выйшлі з аўтобуса астатнія. Нізенькі, круглатвары, як памідор, лысаваценькі мужчына з маленькімі шэрымі вочкамі, якія ўмелі шустра бегаць па баках і імгненна спыняцца, як застываць. Другі чалавек быў ганарыстага выгляду, спакойна-развязны ў рухах, нягледзячы на маладжавы ўзрост, ужо сівы. Хлапчукі адразу і ахрысцілі іх: Памідор і Сівы Дзед. І мы з дазволу хлапчукоў так будзем называць іх, чаргуючы Сівога Дзеда з рэжысёрам, а Памідора — з дырэктарам фільма. Апошні мог бы і не быць, не ехаць у такую далеч, але вельмі любіў вясковыя стравы і не мог перасіліць спакусы іх адведаць, бо як і многія нашы сучаснікі, ужо даўно трапіў пад абладу абжорства. Белая Шапачка, што вылезла з аўтобуса ўслед за Валодзькам Шапялёвым, павінна была здымаць і называлася інакш — аператарам.
Іван Лукіч Шапялёў ведаў, калі прыедуць кіношнікі, і падрыхтаваўся да сустрэчы. Ён адчыніў шырока вароты, паказваючы, што аўтобус можна загнаць і на двор; павітаўся з кожным за руку — інтэлігент, ён і ёсць інтэлігент, у чыстай светлай кашулі, адпрасаваных штанах (на рэмені), у туфлях па апошняй модзе — з вузенькім носам і на высокім абцасе.
— Заходзьце, таварышы, у хату,— запрасіў ён гасцей, звяртаючыся да Памідора, па інтуіцыі адчуўшы, што гэта — галоўны.
Валодзька першы ступіў за бацькам, паказваючы астатнім, што не трэба марудзіць, муляцца і скоўваць сябе: як кажуць, свае людзі. Госці, праўда, і не думалі таптацца, дружна, як гусяняты, пайшлі ўслед.
— Во памыйцеся з дарогі,— паказаў Іван Лукіч на рукамыйнік, што вісеў на дубовым слупку, які падпіраў невысокую стрэшку; тут жа на табурэце стаяла вядро з вадою, ляжала ў мыльніцы мыла; махровы зялёны ручнік вісеў на рагу сталюгі.
Госці няспешна памыліся, прычасаліся, а Памідор толькі прыгладзіў далонню каля вушэй рэдзенькія цямнявыя валасы.
Валодзька пацалаваўся з маці, яна ставіла на стол талеркі, здаецца, ці не ўпершыню неяк востра, балюча ўбачыў, што ў маці пасівелі валасы, памаршчынеў твар і глыбей пад лоб схаваліся вочы.
— Добры дзень у хату! — загрукалі госці каля парога нагамі.
— Не разувайцеся, не трэба,— сказаў Іван Лукіч.— У нас тут не наразуваешся, сто разоў выйдзеш за дзень з хаты.
Селі за стол — раскладны, таму і даўгі, як састаўленыя два звычайныя сталы.
— Як бываю ў вёсцы, самая лепшая яда мая — тваражок,— сказаў Памідор, зачэрпваючы лыжкаю з вялікай місы тварог; на мезеным пальцы ў яго бліскаў залаты пярсцёнак-пячатка.— Што за цуд, гэты тваражок! А калі яшчэ са смятанкаю ды з мядком...
— Ешце, ешце, такога дабра ў нас хапае,— засмяялася гаспадыня, Марыя Піліпаўна: у яе гладка, да бляску прычасаныя русыя валасы, з якіх вылузнуты маленькія белыя круглыя вушкі.
На стале і праўда была адна смаката. У крышталёвай талерцы залітыя смятанаю свежыя гурочкі. Смажаная курыца з ружоваю падпечанаю скураю, абкладзеная долькамі салёных памідораў і зялёным гарошкам і пасыпаная кропам. Параная бульба, аблітая падсмажанаю на тлушчы зялёнаю цыбулькаю. Роўны веярок скрылікаў паляндвіцы адліваў сіняватым перламутрам, як у маладой ракавінкі. А яшчэ самаробная каўбаска, парэзаная на даўгаватыя паленцы, з бліскучаю падсохлаю зверху скуркаю.
Насы гасцей дружна цягнулі ў сябе густыя, апетытныя пахі, якія на нейкі час прымусілі ўсіх за сталом маўчаць.
— Дык мы адразу пасля абеду і пачнём? — нарэшце пачаў дзелавую размову Сівы Дзед, глянуўшы на Валодзьку, які першы палажыў на пусты сподак відэлец. Не хацелася зусім есці, перасыхала ў роце.
— Дзе сёння Міша Пруцікаў, не ведаеце? — спытаў Валодзька ў бацькі і не змог стрымацца, злёгку пачырванеў: пытаў пра Мішу, а думаў пра Ленку.
— Здаецца, з раніцы сілас вазіў... Цяпер, можа, на абедзе, хаця ён на абед рэдка прыязджае.
Белая Шапачка і Сівы Дзед пераглянуліся: сцэна ёсць.
Знадворку, на ніжнім краі рамы раптам паявіліся пальцы, потым высунулася стрыжаная макаўка галавы і цікаўныя насцярожаныя вочы Ляксеева Жэнькі.
«Пайду спытаю ў яго, ён будзе ведаць»,— падумаў Валодзька і ўстаў з-за стала. Выйшаў на двор. За вёскаю трашчалі, раўлі трактары, адтуль далятаў глухі мужчынскі крык.
Каля хаты ні Жэнькі, ні каго іншага з хлапчукоў не было: ага, абманеш ты іх, пачулі, што нехта выйшаў з хаты, і бліснулі куды-небудзь, бы тыя зайцы.
— Эй, Жэнік, хадзі, значок дам! — гукнуў Валодзька, але ніхто не абазваўся, і ён павярнуў у завулак.
Вёска, аплытая крамянай, сакавітай зелянінаю, выглядала як бы прытоенаю і соннаю. Не варухнецца галінка. І ў гэтым спакоі рагачы антэн над хатамі здаліся Валодзьку дзвюма збліжанымі грудкамі вастракрылымі ластаўкамі, што раз-пораз белымі іскрынкамі мільгалі па вуліцы нізка над зямлёю.
Бліжэй, у радзе завулка, стаяла хата дзядзькі Грышкі, а ў яе за глухою сцяною, пад ліпамі,— Мішава. Нейкаю непадуладнаю сілаю Валодзьку пацягнула да ганка старой хаты, карцела, так карцела яму пабачыць Ленку зноў і сорамна было прызнавацца самому сабе, што ўвесь гэты час думкі пра Ленку не-не дый прыходзілі да яго, асабліва пасля жончыных выпадаў. Чорнаю маркотаю глянула на яго сваім вялікім вокам сабачая будка. Звычайна, пачуўшы крокі, з яе вылазіў Босы, віляў хвастом ці насцярожана бурчаў.
Валодзька не ўбачыў на гародзе цётку Лісаветку, яна абвязвала памідоры, а яна яго згледзела і, калі ён зайшоў у хату, падбегла да веранды і прыціснулася вухам да дзвярэй.
Валодзька з прыдзелка пераступіў у чыстую палову хаты. Яму насустрач ішла і прыпынілася акурат каля акна Ленка. Яна была ў лёгкім блакітным плацці, у тапачках. Яна застыла ад нечаканасці, і Валодзька нейкі міг не мог паварушыцца, не зводзіў з яе вачэй...
«Якая яна прыгожая!..» Нешта гордае і строгае, як у маладой, набрынялай мацярынскаю сілаю аленіхі, і разам з тым пакорлівае, млявае было ў павароце галавы. Чорныя валасы, разабраныя насярэдзіне, шчытна, бы хусткаю, атулялі лоб, скроні, спадалі на шчокі, да самых плячэй, за якімі спляталіся ў таўстую і цвёрдую, як таўкач, касу. Казалі, помніцца Валодзьку, у маладосці такая каса была і ў цёткі Лісаветкі. У Ленчыных вачах убачыў Валодзька і радасць, і тугу, што выбівалася з самых зрэнак. А можа, і не туга гэта, а шкадаванне — што нешта важнае не здзейснілася, прайшло міма, праплыло, як воблака, з якога не ўпала і расінкі дажджу.
Здаецца, упершыню ўбачыў Валодзька, што Ленка — ужо не тая хутканогая, імклівая, «як шабля» (так з усмешкаю называла яе Валодзькава маці), дзяўчына, а — сталая жанчына. Адно дзіўна, што сталасць прыйшла да яе не ў строгай апратцы самаўпэўненасці, а ў лёгкай сукенцы сарамлівасці: як толькі Валодзька затрымаў на ёй позірк, яна густа зардзелася, апусціла вейкі і ногцем сашкрэбвала з цыраты чарнільную плямку.
Валодзька адчуваў, што Ленцы ў глыбіні душы ўсё ж няёмка перад ім: за сябе, за свой няўдалы паварот лёсу, за тое, што гадуе дзіця адна, і з усяго гэтага сам сабою прасіўся на язык прысуд, быццам яна і не вартая лепшай долі, пустая дрындушка, легкадумнасць якой і прывяла да такога фіналу. Можа б, хто іншы і асуджаў Ленку, кпіў з яе, дакараў, толькі не Валодзька, які таксама апынуўся на раздарожжы, калі не сказаць — на мяжы прорвы. Дый, зрэшты, не гэта стрымлівала яго, а тое, што ён спазнаў ужо, на ўласным карку адчуў: вонкавы бок жыцця чалавека не ёсць копія яго душэўных памкненняў, часам на першы погляд шчаслівы чалавек тоіць у сабе, сваёй душы невыказную трагедыю.
— Прывітанне, Лена! — сказаў Валодзька з наўмыснаю лёгкасцю ў голасе, якая заўсёды надавала размове раскаванасць.