— Прыходзь і ты, Валодзя,— сказаў асобна яму, Валодзьку. Марыя Піліпаўна чула, як запрашаў Грышка, і толькі ён адышоў, сказала сыну: «Чаго ты пойдзеш?» — «Ну як, мама, чаго? За кампанію. Што падумаюць мае калегі, калі я не пайду...» Не паспелі пагаварыць — прыляцела Лісаветка і пацягнула Валодзьку: кемлівая, бы ліса, жанчына, няўжо яна нешта магла наперад прадчуваць?
Ён з цяжкасцю пазнаваў цётку Лісаветку, дзівіўся: адрасла назад жанчына. Твар падмаляваны, нарумянены, у валасах чырвоная стужка. Сама ў даўгім чорным плацці з вясёлымі белаватымі кветкамі, у светлых туфлях-лодачках. Маладзіца як царыца! А вось дзядзька Грышка ссівеў зусім.
Усе вокны новай — Мішавай — хаты свяціліся, таўстыя слупы святла рэзалі густую цемру, клаліся ў спелы бульбоўнік, на частакол, на чорны ствол ліпы, маладыя бухматалістыя яблыні, і здавалася, што хата апіраецца на зямлю; а то і зусім пойдзе зараз па зямлі, як той лунаход па Месяцы. Неба над хатаю густое, зацягнутае мутнаю малінаваю наміткаю, праз якую ледзьве зырчэюць жаўтлявыя дзіцячыя кулачкі зорак, і сярод іх маладая скібачка месяца, цікаўнага, зіркастага, рахманага сузіральніка ўсёй зямлі.
З хаты на вуліцу ляцелі вясёлыя крыкі, крамяны смех, і месяц іх, канечне, не чуў, затое ён падгледзеў, як з дзвярэй на ганак выкаўзнуліся адна за другою дзве постаці — белая і чорная. У белым плацці, і толькі на спіне цёмным — закрывалі валасы,— была Ленка, а побач з ёю Валодзька. Яшчэ перад застоллем Ленка, вылучыўшы момант, з крыўдаю ў голасе сказала Валодзьку: «Твои артисты меня оскорбили...» — «Ды кінь ты! — сказаў Валодзька незадаволена, але тут жа зразумеў, з балючай бязлітаснасцю адчуў, што за гэтай дробязнай Ленчынай крыўдаю тоіцца і нераўнадушша да яго, жаданне паставіць хоць бы ў маленькую залежнасць.— Пагаворым пасля...»
Ноч была халаднаватая. Па нагах шастаў бульбоўнік. Яны ішлі па сцежцы між барознаў. У канцы гарода пад частаколам былі складзены дровы, пра гэта сказала і вяла туды Валодзьку Ленка. І трывога, і хваляванне, і прызабытая юнацкая зухаватасць — усё разам перапаўняла яго, кіпела ў сэрцы, рабіла нерашучым і нейкім тупавата-бязглуздым.
На акораным сасновым сухастоі матава льсніліся тоненькія, бы дроцікі, палоскі, тупымі гладкімі бычынымі рожкамі выпіралі гузакі. Дровы былі цёплыя, ноч яшчэ не забрала ад іх дзённага цяпла, і Валодзька з Ленкаю сядзелі бы на чарэні печы ў маленстве, калі, адгойсаўшы паўдня на марозе, спяшаешся хутчэй адагрэць анямелыя ногі.
— Давай забудзем пра артыстаў... Ведаеш, Лена, апошнім часам я часцей і часцей успамінаю сваё дзяцінства, юнацкае жыццё тут, у вёсцы, нас з табою...— Ён павярнуў твар да Ленкі: яна глядзела на яго даверліва, з затоенаю нецярплівасцю ў вачах: «Што далей? Што далей?» — Сорамна цяпер прызнавацца, але ты падабалася мне ўжо тады. Асабліва я любіў чамусьці назіраць за табою, калі ты ездзіла на веласіпедзе. Вецер матляў твае валасы за спінаю, і мне хацелася ўтапіць у іх свой твар. Дзіўна ўсё гэта, праўда? — Не дзіўна было Валодзьку, а прыкра — за сваю незразумелую запозненую чуллівасць і адкрытасць.— Цяпер я аналізую, свядома ўсё то было ці несвядома? Можа, кожны ў юнацкую пару на ўсё і на ўсіх глядзіць добрымі, улюбёнымі вачыма, а пасля ўжо становіцца і злым, і подлым, і зайздрослівым, і нахабным... Я тады іншы раз палохаўся гэтага свайго любавання табою. Ты была зусім юная, пяцікласніца, здаецца... У цябе такога не было?
— Тады — не. Пазней, ужо калі ты прыязджаў з Мінска, мне так хацелася, каб ты правёў мяне з танцаў, але ты... не заўважыў мяне. Я і адзявалася модна, каб не здавацца забітаю вескаўчанкаю... джынсы, імпартная кофтачка, туфлі на шпільцы... Чапурылася!
— Ведаеш, гад я, відаць, наўмысна прытупіў, забіў у сабе тыя першыя яркія пачуцці!..
— Я бачыла... Я бачыла, што ты зусім абыякавы да мяне, і жартавала скрозь слёзы, калі Іван Лукіч сватаў мяне да цябе.
— Паверыш ці не,— Валодзька накрыў сваёй далонню Ленчыну руку, якая ляжала на бервяне,— я цяпер шкадую, што не даў развіцца пачуццю да цябе... Куды там: я — у горадзе, студэнт, яна яшчэ школьніца, без адукацыі... Які цынізм! І што перад ім — першае каханне, самая шчырая, самая тонкая чысціня пачуццяў... Я, як і ўсе мае кіношнікі, гавару, мабыць, надта цвяроза, высокімі словамі і, можа, не зусім зразумела, але да гэтага мяне прывучыла маё новае жыццё, у якім я са сваімі «ета» ды «ідзець» быў бы пастаяннай мішэнню для іроній і рэплік. Мяне ў душы да вар’яцтва абурае любая фальш, падтасоўка, артысцызм... і тут я разумею Мішу вашага. Сам многае не прымаю ў кіно. Не прымаю, але нічога не магу зрабіць. Не падабаецца мне і мой сцэнарый — шаблонны, сухі, прэсны,— але я не рву яго, па ім здымаюць фільм. Я адчуваю, што ўсё маё яшчэ наперадзе, яно чакае мяне, яно ляжыць недзе ў падсвядомасці мёртвым грузам, зародкам... Ці, можа, гэта толькі так здаецца ад маёй незадаволенасці жыццём? Шчыра кажучы, я разгубіўся...— Захмелены чаркаю наліўкі за сталом, загадкаваю цішынёю вясковай ночы, блізкім Ленчыным дыханнем, усім гэтым месяцава-зоркавым ззяннем, што квола, як скрозь марлю, цадзілася на іх з недасяжнай вышыні, Валодзька разгаварыўся да канца, спавядаўся, ачышчаючы душу ад набалелага і наспрасаванага ў ёй.— Я не хачу таіць нічога і ад цябе... Я нават бацьку з маці нічога не гаварыў, а табе скажу...— Ён, змоўкшы, адчуў, як пахаладзелі Ленчыны пальцы пад яго далонню.— Я разводжуся з жонкаю.
Яе рука тузанулася і выслізнула з-пад ягонай далоні, бы рыбіна, калі яе ловіш у траве. Яна глядзела на яго шырока адкрытымі, поўнымі жаху вачыма, быццам яе аглушылі. Але навіна гэтая не была для яе вялікай нечаканасцю, Валодзька не мог гэтага не заўважыць. Можа, маці яе, цётка Лісаветка, ужо пранюхала нешта: зямля чуткамі поўніцца, а тым болей што апошнія месяцы ні ён, Валодзька, ні жонка не хавалі свайго разладу. Лёгка расколваецца любы цурбак, нават кражасты, у параўнанні з расколам сям’і. Валодзька ведаў, колькі сілы ён забярэ, як стоміць, знервуе, а можа, і зусім загоніць у якую хваробу, і ўсё роўна наважыўся: рана ці позна трэба ставіць кропку, дык лепш цяпер, пакуль маладзейшы і здароўе моцнае. Але хоць і не быў пакуль Валодзька ў ролі разведзенага, ён добра разумеў, што яму, асабліва на першым часе, не будзе ставаць душэўнай утульнасці, спакою, добрага сну. У гэтым стрэсе патрэбна будзе нейкая апора. А што можа лепей паслужыць апораю, падняць апушчаныя крылы, як не каханне, сапраўднае, першае, хоць і прыглушанае, перацёртае ў жорнах часу? Лепей позна, чым ніколі,— калі народ сачыняў гэтую прымаўку, дык, можа, акурат і меў на ўвазе вяртанне да чыстага і яснага, у чым бы яно ні выяўлялася. Нават травінка з-пад асфальту прабіваецца, калі ў яе ёсць прага жыцця, святла. А ў кахання такая сіла!
Закалыхаўся на пагоне ў нізіне туман, пацягнуў адтуль вільготны ветрык, студзіў гарачую Валодзькаву галаву, цела скрозь лёгкую баваўняную тэніску. Ленка пахілілася да яго бліжэй, зябка сцепанула плячыма, яе востры локаць упёрся Валодзьку ў бок.
— Во не апрануў пінжака, акрылася б,— сказаў ён.
Яна з хвіліну маўчала і сказала зусім спакойным голасам, неяк залішне па-дзелавому:
— Абнімі.
Ён абняў яе за плечы. Так сядзелі доўга. Ужо ў хаце сціхла гамана, толькі на кухні гарэла святло. І над усёю вёскаю стаяла мёртвая, глухая, як у падзямеллі, цішыня. Але — дзіўнае адчуванне: нібыта ад вялікага круглага і тонкага месяца плыла незямная, малочна-туманная музыка, нейкі эфір мройлівасці, быццам нехта закінуў на неба жоўтую пласцінку, і яна грала бясконцую чуллівую песню.
— Мне так добра,— сказала Ленка ўжо летуценным голасам, гледзячы некуды ўдалеч: на пагон, на балота, спавітае да самага верху белым укладзістым туманам.
«Няўжо ўсё так лёгка і проста можа вырашыцца?» — думаў Валодзька, яго калацілі дрыжыкі, сутарга зводзіла сківіцы — пачні гаварыць, будзеш заікацца. Ён фізічна адчуваў, які ў яго халодны кончык носа. Няўжо Ленка — гэта выратаванне, боская міласць? Няўжо яна верне яго ў той свет, у якім рос і ў якім было так утульна, радасна і бестурботна, нягледзячы на шматлікія дзіцячыя засмучэнні і непаразуменні з дарослымі, бацькам і маці? Ужо адна думка пра гэта рабіла яго шчаслівым, і ён баяўся, што нешта грубае, бязлітаснае, як вастрыё мяча, перашкодзіць яму, не дасць збыцца жаданню, адсячэ яго.
— Гэта будзе нешта незвычайнае,— сказаў Валодзька няпэўным голасам, лунаючы думкамі на самай вяршыні мар.
— Ты пра што? — не зразумела Ленка ці зрабіла выгляд, што не зразумела.
— Я думаю, што будзе, калі мы, няўдачнікі, зладзім наш новы саюз,— сказаў ён наўмысна з пафасам, каб прыдаць словам трохі жартаўлівае адценне — на выпадак, калі Ленка рэзка яму запярэчыць. Яна, можа б, і запярэчыла, калі б сама не жыла гэтаю мараю.
— Папляўкаюць, папляўкаюць людзі языкамі дый змоўкнуць,— Ленка нібыта баялася, каб ён не перадумаў ці не аб’явіў свае словы жартам.— А да каханага я па любым дзярме пайду...— надзіва суха і нечакана сказала яна.
Яны нічога не чулі, а толькі ўбачылі, разам павярнуўшы галовы, постаць — каля частакола: прыгнутую, у фуфайцы. Чалавек, бы злодзей, ціхенька шапацеў па бульбоўніку. Іх ён не бачыў.
«Міша?..» — амаль адначасна мільгнула ў іх галовах. Так, гэта быў Міша. Куды ён? Не на рыбу, хоць і ў ботах, але без вудачкі, без вядзерца.
— Міша, куды ты? — гукнула Ленка. Міша выпраміўся, на імгненне замёр, як воўк, пачуўшы стрэл, а потым ірвануў з месца так, што бульбоўнік, адрываючыся, узлятаў вышэй галавы.
— Стой! — закрычаў Валодзька, зразумеўшы, што Міша ўцякае, хаваецца ад кіношнікаў, і, саскочыўшы з гары дроў, кінуўся наперахапкі.— Стой, пагаворым! Пачакай, ну!..
Дзе там Мішу дагоніш: ён натрэніраваны, што вецер. Паляцеў да балота, і неўзабаве туман праглынуў яго, быццам і не Міша то быў, а нейкая здань.
— Маліце богу, што хоць так даўся вам зняць,— сказала Ленка, смеючыся: зубы ў святле месяца былі белыя-белыя, як прасвечаныя знутры лямпачкаю.
Калашыны ў Валодзькі абрасяніліся і холадам ліплі да ног.