— Паспе-е-ем!..— супакоіла Лісаветка.— Трэба легкавічку купляць... як людзі. Сеў і паехаў.
Грышка як не пачуў, нахіліўся над галінкаю з завялымі лісцікамі, што тырчала з травы, вырваў яе.
— На-ка, сын, прачытай, без акуляраў не бачу.
На саструганай мецінцы хімічным алоўкам было напісана: «Пруцікаў Р. М.»
— Наша,— сказаў Міша і памахаў рукою маці і Ленцы, якія адсталі і пра нешта між сабою перашэптваліся.
— Дай-ка хустку,— сказаў Грышка Лісаветцы. Тая неахвотна зняла з галавы белую хусцінку. Грышка ўзяў яе, наматаў на граблі.— Ідзі, Міша, на той канец і кіруй мною...
Міша ведае: бацька хоча адвесці «след» з правага боку, з левага Чубатчышын Ляксей ужо адвёў і адкасіў.
Грышка пачакаў, пакуль Міша зайшоў на той канец паласы і паставіў граблі. Цэлячыся на іх, Грышка пайшоў, ледзь соўгаючы па траве нагамі, быццам шукаў упоцемку грыбы: ззаду заставалася сцежачка-след, яна і раздзяляла палосы. Бывае, што трапіцца сквапны сусед, тады ўсчынаецца сварка з-за гэтага «следу»: ты маю траву закасіў, ты маю. Быццам і праўда набярэш сена з таго «следу». Смех...
Адвялі «след». Міша скінуў з сябе кашулю, майку, узяў у рукі касу. Махнуў ёю. Дужае, моцнае ў хлопца цела, вузлы мышцаў так і заварушыліся, бы змеі, пад скураю. Толькі вось сляды апёкаў — як намуліны на скуры, быццам Міша доўга ляжаў на траве і ўстаў.
Косы ўжо звінелі-спявалі на ўсе лады, і ў іх хор далучыліся яшчэ дзве мелодыі — Грышкава і Мішава. Парванай струною дзвынкалі каля вуха злыя, патрывожаныя галодныя чмялі.
Раскідвальніцам пакуль што не было чаго рабіць, і Лісаветка пайшла да гурту баб, якія нешта ажыўлена абмяркоўвалі, як потым выявілася: Мар’я Чубатчышына скардзілася, што ў іх на паласе азярына, а камісія і пядзі не набавіла, «ета несправядліва».
Ленка колькі часу панаглядала, як бацька з Мішам косяць: даўжэюць за імі пакосы, высокія, калматыя, бы той мядзведзь у тайзе, на якога напаролася Ленка са сваім кавалерам, калі пайшлі гуляць далёка ад лагера. На скошаным залацістымі шлейкамі блішчаць дарожкі ад ног — акурат сляды ад палазоў узімку. Косы ў руках мужчын ходзяць лёгка, хвацка, але, ведае Ленка, гэта адно так здаецца: цяжэйшай работы, чым касьба, наўрад ці знойдзеш, пасля яе ўсё баліць. На БАМе што ні рабіла — капала, рэйкі, шпалы насіла, раствор мяшала, і стома, здаецца, не вельмі брала яе, а ўзялася аднаго разу за касу, як на хату прайшла пакос — назаўтра ні рукой ні нагой паварушыць не магла.
Успамін пра БАМ яшчэ болей згусціў тугу на сэрцы. Паверыла яна Трышчанку, майстру з іх брыгады, штодня ў каханні кляўся, на каленях стаяў, замуж усё абяцаў узяць, а як дайшло да... адным словам, зацяжарала яна — адразу ў кусты, балазе іх у тайзе хапае. А ён, гэты Трышчанка, прайдзісветам аказаўся, яшчэ адна дзяўчына клюнула на яго салодкія слоўцы, потым раўла, як бялуга тая ў Амуры. Праўда, і ён паплаціўся, вытурылі яго з майстроў, пайшоў ломам мярзлячча дзяўбаць. Ды Ленцы ад гэтага не лягчэй. Куды цяпер, да каго?
Каб не труціць душы бацьку і маці сваёй змаркатнеласцю, Ленка пайшла з вачэй. Дзе-небудзь у ціхім месцы, за кустамі пасядзіць, пагаруе, можа, і праясніцца ў яе на душы. Яна ўзяла з пакосу сцябліну лугавой чымы і, накручваючы на палец яе вусік, падалася да Сажа.
Ужо як бліснула скрозь прыбярэжны лазняк рака, згледзела на беразе чалавека: здаецца, ён лавіў рыбу. Набліжаючыся, думала, куды лепей звярнуць, управа ці налева, і раптам пазнала чалавека, гэта быў Іван Лукіч Шапялёў. Сорамна ўсё-такі абмінаць свайго настаўніка, і яна падышла. Ён не рыбу лавіў, а выграбаў шуфлем з затокі глей і нешта ў ім шукаў.
— О-о, Лена Пруцікава! — абрадаваўся ён.— Можа, скупнуцца хочаш, а я затоку заняў? Тут вада цёплая, што ў лазні...
— Ды не, Іван Лукіч! — зачырванелася Ленка.— Проста гуляю...
— А-а, самы раз, пакуль не накасілі вашыя касцы,— сказаў Іван Лукіч і падняў вышэй на макаўку саламяны брыль. Быў ён у сіняй безрукаўцы, цёмных штанах, калашыны якіх былі закасаныя да калень; на пяску стаялі чаравікі, з іх тырчалі шэрыя шкарпэткі. Па-вясковаму загарэлы, але той жа час і з яснаю далікатнасцю ў твары, якая сведчыла пра яго інтэлігентнасць, а можа, яснасць гэтая ішла ад позірку вачэй — праніклівага, адкрытага і лагоднага — і ад думак, што знаходзілі заўсёды нечаканы паварот і гумарыстычнае адценне.
— Там мама засталася...— Ленка сышла на пясок.
— Малайцы, усе разам, як мурашкі! А нам жа, настаўнікам, сена не даюць, дык я во...— паказаў шуфлем на глей.— Прынаду рыбу лавіць шукаю.— Прысеў на кукішкі, стаў рукамі разграбаць фіялетавы глей. Чаго толькі ў ім не было: і тонкія, як ніткі, рудыя чарвякі, і скручаныя ў бараноў рог смаўжы, і зеленаватыя крохкія ракавінкі, і жоўценькія, бліскучыя сліняўкі, якія дрыгалі ножкамі і скакалі, бы конікі ў траве, і нават «скарпіёны» — плоскія, на даўгіх нагах вадзяныя павукі... Але ўся гэтая ўсячына не цікавіла Івана Лукіча, ён ці то не звяртаў на яе ўвагі, ці то кідаў назад у ваду. Шукаў у глеі нешта такое, да чаго трэба пільна прыглядацца.— У нас неяк прывыклі лавіць толькі на дажджавога чарвяка, а людзі на ўсё ўмеюць: хлеб, пярлоўка, гарох, рачынае мяса, птушыныя кішкі... На матыля ловяць. Гэта я матыля і шукаю... Хадзі паглядзі во! — Іван Лукіч і тут, за такім, здавалася б, дробязным заняткам заставаўся настаўнікам. Толькі цяпер Ленка заўважыла на беразе паўлітровы слоік — на дне быццам малінавае варэнне. Яна ступіла яшчэ два крокі, сагнулася: у слоіку варушыліся маленькія ярка-чырвоныя чарвякі з чорнымі галоўкамі і чорнымі ножкамі.
— У спякоту на чарвяка брацца не хоча, а на матыля клюе,— Іван Лукіч ступіў у ваду, паставіўшы тарцом шуфель, пацягнуў яго па дне да сябе.— Гэта Валодзя мой нядаўна прыязджаў... да Мішы вашага, дык параіў мне.
— Во, трэба будзе і сваім сказаць,— падхапіла Ленка.
— Скажы. Міша ж рыбак... А можа, Валодзя з ім падзяліўся ўжо? Казаў, у іх у Мінску ледзь не ўсё Камсамольскае возера выграблі, шукаючы гэтых матылёў. Некаторыя... забулдоны ўсякія, прадаюць, запалкавы карабок — рубель.
Валодзя... Валодзя... Ленка адчула, як прыліло ў душу цяпло, стала ясна ў вачах, і вада, здаецца, у Сажы пасвятлела. А можа, і не таму, што пра Валодзьку гаворка тут была. Можа, сустрэча з настаўнікам падвесяліла Ленку, засланіла сабою ўсе нягоды і маркоты: Іван Лукіч ветлівы, добры, гасцінны, з ім заўсёды і проста, і прыемна. Нездарма ж яна, Ленка, колісь, яшчэ школьніцаю, жарцікі строіла: «Ні ў жысць мяне не возьме ваш Валодзька, а я хоць зараз згодна за яго замуж...» Журба адпала, і Ленцы зноў жартаваць хочацца, сказаць што-небудзь гарэзлівае, але ж не дзіця яна ўжо, і Іван Лукіч не на падпітку, а то б спыталася, ці будзе ён, Іван Лукіч, цяпер сватаць яе сыну. Зароіліся думкі вакол гэтага жарту, і Ленка, каб часам у запале не ляпнуць чаго лішняга, падумала, што лепш пайсці.
— Ну не буду вам замінаць, пайду...
— Што ты, Лена! З табою, наадварот, весела заўсёды.
Ні цені незадаволенасці ці насцярожанасці нейкай не ўбачыла Ленка ў паводзінах, словах Івана Лукіча, наўпярок, прыязнасць, адкрытасць, і гэта яшчэ больш вяртала яе думкі да Валодзькі, да іх сустрэчы каля калодзежа. У яе, канечне, тады сэрца апала, затрапятала, як злоўленая ў сіло сініца, і ажно праз усю ноч стаяў перад вачыма Валодзька, яго пальцы на тонкай восілцы вядра...
Яна ішла каля самай вады і глядзела задуменнымі вачыма на шырокае, круглае, як блінцы, лісце гарлачыкаў: спакойна ляжыць, не варухнецца, як прыліпла ўсё роўна. І думка пра Валодзьку прыліпла да яе гэтаксама, не адагнаць, не адбіцца. Нельга нічога з сабою зрабіць, хоць плач. «Дурніца, дурніца нейкая! Што тут скажаш...» — бэсціла сябе Ленка, адчуваючы, як мутнее яе позірк, быццам яна ўваходзіць у ваду...
* * *
Аўтобус быў маленькі, куртаты, аранжавага колеру, на баку яго — ніжэй вокнаў — белымі, трохі прыпудранымі пылам літарамі напісана: КІНО. Аўтобус акружылі вясковыя хлапчукі, і Ляксееў Жэнька тут жа правёў пальцам палоску, якая перакрэсліла ўсе літары, выявіўшы ярчэй і белую, і аранжавую фарбы.