— От ужо натура! — сказаў Валодзька, не то асуджаючы Мішу, не то захапляючыся ім.
— Ён не любіць у нас пахвалы,— сказала Ленка.— Змалку такі шаламшывы. Раскажа вершык — мама яму цукерку. Усё. Болей не дапросішся расказаць.
— Тут пахвала такая — заслужыў... А колькі людзей прагне і чуе пахвалу незаслужана. Хвалі, узнось, захапляйся — дэвіз веку! А сваячок у мяне...— сказаў Валодзька бадзёра, але хутка зразумеў, што перабірае меру, не варта яму ўжо так падганяць падзеі: «Сваячок...» І хоць слова гэтае Ленку аніяк не зачапіла, ён, ведучы яе дахаты, быў маўклівы, стрыманы, у душы нават трохі раздражнёны. Ці будзе трымаць Ленка ў тайне гэтую іх змову? Бо і праўда, навошта адразу пускаць чуткі, можа, яшчэ ўсё задоўжыцца? Трэба з усім разабрацца, усё абдумаць, перагаварыць з бацькамі, якія даўно бачылі, разумелі, адчувалі, што ў сына нешта не клеіцца, і, помніцца, аднаго разу маці няпэўна спытала, так і не пачуўшы ад яго тады адказу: «Ці ты гэта, сын, так усё жыццё і будзеш мучыцца?» Не горад жа і не работу яна мела на ўвазе, на якую часам наракаў ён, а жонку ягоную, але не хапіла смеласці сказаць адкрыта, бо якая маці асмеліцца разбіваць сям’ю, нават самую няўдалую, і чуць потым папрокі.
Памацнеў золакавы ветрык, суха зашумелі лісцем яблыні і ліпы. На ўсходзе пасвятлела неба, малочнаю бледнасцю высвеціла стомленыя зялёныя твары Валодзькі і Ленкі.
* * *
Яны вярталіся з суда як чужыя людзі. Размаўляць калі і хацелася, дык з нястрыманасцю. Жонка вяла за руку дачку — як сімвал сваёй перамогі, сваёй праўды. Наташа, канечне, цяпер не разумела, якое страшнае злачынства перад ёю здзейснілі яе бацькі, яна была аднолькава радая і яму, бацьку, і маці і ўжо даўно забылася на пытанне суддзі: «Каго ты больш любіш, тату ці маму?» І адказ яе, па-дзіцячы непасрэдны і той жа час дыпламатычны і тонкі ў параўнанні з бязглуздым пытаннем: «І тату, і маму»,— быў імгненны, не скіраваны далей таго моманту, у які ёй не хацелася крыўдзіць ні бацьку, ні маці. Валодзька таксама хацеў забраць сабе дачку, але разумеў, што шанцы ў яго на яе зусім малыя: па-першае, дзяўчынка, а не хлопчык, па-другое, па старой звычцы ўсё яшчэ лічыцца, што ў сямейных неладах вінаваты мужчына, а па-трэцяе, ён, канечне, яшчэ трохі паважаў сябе і не стаў агаляць усю жончыну легкадумнасць, калі трэба было б гаварыць і пра такія рэчы, якія проста не рабілі б яму гонару і па-чалавечы не былі б зразуметыя суддзямі.
Было б кашчунна пасля таго, як дачку пакінулі пры маці, удавацца ў дробязі, дзяліць усякае пакіддзе, маёмасць, як гэта зрабіў адзін начальнік на кінастудыі, абясцэньваць сябе, сваю душу да кошту нейкага дывана ці халадзільніка. Душа нематэрыяльная, на яе не павесіш бірку «рубель дваццаць» ці «дзве тысячы сорак», уся цана ёй зусім сціплая і ў той жа час залатая: дабрата.
Жонка, трымаючы ў дрыготкіх вытанчаных пальцах пералік рэчаў, з апантанаю асалодаю, як здалося Валодзьку, называла, што яму, што ёй. З дзяцінства ўспомнілася Валодзьку сцэнка, як дзялілі яны, хлапчукі, налоўленых у сажалцы ўюноў, кідалі іх на траву і прыгаворвалі «табе-мне».
Суддзя — немаладая, з сівою высокаю прычоскаю жанчына, вельмі падобная на герцагіню дэ Бафор з партрэта Гейсбаро, глядзела на яе з такім страшэнным спачуваннем і мацярынскім болем, што Валодзьку аж не па сабе стала, ледзь скруціў у душы жаданне сказануць: «Няўжо вы не бачыце?»
І ўсё-такі ён разумеў, адчуваў, што пацярпеў крах. Жонцы, ёй усё роўна, як жыць, з кім жыць, адна ў яе сям’я была ці завядзе другую, галоўнае, выйсці пераможцаю, і ўжо адно гэта не тое што засмучала яе, наўпярок, надавала такой упэўненасці, якой яна не адчувала нават у першыя шчаслівыя два гады шлюбу.
А ён — страціў сям’ю. Гэта не забудзеш і ніколі не змыеш. Так да канца жыцця і застанецца ў сэрцы скруха, і не мае розніцы, па тваёй віне сям’я распалася ці не па тваёй, свеціць табе наперадзе шчасце ці яшчэ большае няшчасце. Неяк раўнадушна думалася цяпер і пра тое, што яго чакае ў Малінаўцы абнадзеяная Ленка Пруцікава, што абудзіліся ў ёй і ў ім юначыя пачуцці, з неймавернаю хуткасцю сталі расці, прабіваючыся скрозь шкарлупу ўмоўнасцей і абавязкаў.
А свет, горад быў шчаслівы, светлы, яркі, і што яму да адной нейкай бяды, свет будуецца на шчасці, поспехах, заваёвах, а гора і бяда калі ў яго прыходзяць, то як бязглуздая недарэчнасць, выпадковасць, якую чым хутчэй забудзеш, сатрэш са свайго твару, тым лепей. Яны і сціраюцца хутка і непрыкметна для ўсіх, толькі адзін ці два чалавекі ходзяць у цемры нуды і, можа, толькі вочы іх скажуць разумнаму ды чуламу назіральніку, што не вельмі ўтульна ў гэтых на душы. Але ж і ён не ўсё зразумее, хутчэй падумае, што нуда ў вачах ад зайздрасці, сквапнасці, незычлівасці ці, можа, яшчэ якой заганы. О, тайна чалавечай душы, ці адкрыешся ты калі-небудзь якому-небудзь Дастаеўскаму з трыццатага стагоддзя?
— Памый пасуду,— як толькі зайшлі ў кватэру, Валодзька яшчэ нават туфель не зняў, сказала жонка, ужо — былая жонка. Валодзька паглядзеў на яе бы на дзівачку, яе і развод не пахіснуў! А здавалася б, ну калі, як не цяпер, даказаць сваю прынцыповасць, застацца са сваёю справядлівасцю, назіраючы, як нягеглы і недастойны муж, выпаўшы з-пад апекі, лёгенька і шпарка паслізгае з алмазнай горкі жончыных вартасцей у парахню сваёй заганнасці.
— Не хочаш пасуду, ідзі памый што ў ванне ў тазіку замочана,— сказала жонка як ні ў чым не бывала, прычэсваючы перад люстрам валасы; расчоску з заблытанымі ў ёй валасамі палажыла на столік для прасавання.
— Ведаеш, не нахабнічай! — сказаў Валодзька строгім голасам.
— А што «не нахабнічай»? Абавязкі бацькоўскія ў цябе ніхто не адымаў.
«Бач, тут яна ўсё разумее!..»
— Не паважаеш мяне, паважай хоць сябе,— сказаў Валодзька, мяркуючы, але мала спадзеючыся прысароміць жонку.
— Я пахаць на цябе не намерана.
— А я ніколі і не прасіў цябе, гэта знявага для мяне — чакаць ад такіх, як ты, дапамогі.
— Калі ты дываны выбіваў?
Проста жах адзін з гэтай жанчынаю! Гаворыць, як ваду ў торбу лье, ніякай адказнасці перад сваім словам, ніякай логікі ў паводзінах, у тым, чаго дабіваецца. Проста нейкая псіхічная заскарузласць. Ну, бывае, што чалавек ідзе проці разумнага сэнсу, дзеля сваёй годнасці ці нейкіх там не зусім прыстойных ды асэнсаваных меркаванняў, але каб увесь час хадзіць у тумане бязглуздасці, які не развейвае сонца сумлення, не з’ядае холад цвярозай разважлівасці, тут ужо трэба гаварыць пра звычайную тупасць. Дык хто павінен саступаць?
Валодзька разумеў, што жонка за гэты час, пакуль раздзеляць кватэру, дапячэ яго, не дасць спакою ні на хвіліну. Ён даражыць праўдаю, яе трэба адстойваць, бо бяда таму, хто дае з яе здзекавацца, а жонка будзе раз за разам ліпнуць да яго. Гэта разаб’е яго ўшчэнт, яму трэба, як кажуць, «выходзіць з гульні». Горад не схавае яго на ўвесь час, начаваць трэба ўсё роўна прыходзіць. Пісаць сцэнарый ён хадзіў у бібліятэку, сядзеў у ёй да закрыцця, потым яшчэ гадзіны паўтары бадзяўся па раўнадушных вячэрніх вуліцах. Жонка ведала, што ён не гуляе, піша сцэнарый, за які заплоцяць грошы, і ўсё роўна не апраўдвала яго, не хацела разумець, не спачувала яму. Сустракала моўчкі.
Дзіва было ў тым, што і пасля разводу ў жыцці нічога не змянілася, дні ішлі, плылі — аднастайныя, шэрыя, як частаколіны ў плоце. Дык, можа, і прычын ніякіх для разводу не было, можа, ён проста не вытрымаў звычайны сямейны цяжар, абавязковы для ўсіх, і паспяшаўся яго скінуць на паўдарозе? І ці толькі ён адзін такі — развод на разводзе едзе і разводам паганяе. Валодзька разгубіўся. Ратунак бачыўся толькі ў вёсцы, у Ленцы. Толькі яна, толькі вяртанне ў свет тых пачуццяў, што трапяткою, тонкаю цеплынёю апаноўвалі яго ў юнацтве, змогуць зноў наструніць душу. І што тут доўга думаць, балазе ён член Саюза кінематаграфістаў, мае права на творчую працу. А ён не з тых, хто будзе лайдачыць, абы чым-небудзь прыкрыцца, нічога не рабіць. Будзе пісаць дакументальныя сцэнарыі, рэцэнзіі на фільмы, а калі натхненне дасць волю і прастор думкам, ён можа напісаць нават сцэнарый мастацкага фільма. Галоўнае для творцы — спакой, разуменне, павага, цяпер і Валодзька, не сумняваючыся, можа сказаць: шчаслівыя тыя мужчыны, з якімі жонкі заадно, якія сустрэнуць, суцешаць, прыгалубяць... І тады любая няўдача, любая подласць, інтрыга незычліўца адскочаць ад цябе, як мяч ад сцяны.
Мабыць, Валодзька не вельмі быў даспадобы дырэктару кінастудыі (задумаўся толькі цяпер), бо той не прымусіў яго адпрацоўваць месячны тэрмін, а зразу падпісаў заяву. А можа, гэты вопытны, сталы, біты-перабіты жыццём чалавек без усякіх патуг на сваё высакародства, без навязлівага павучання, моўчкі, але з годнасцю пайшоў насустрач маладому хлопцу, непрыкаянасць якога, канечне ж, не магла не кінуцца яму ў вока.
* * *
...Валодзька прыехаў у вёску надвечар. Сосны абапал дарогі сустрэлі яго ціхім, густым шумам, на сухой вершаліне адной з іх нудна стукаў дзяцел-гарахвянік — чорная, у белыя плямы птушка: тук-тук — цішыня, тук-тук — цішыня... Неба на захадзе закрылася цёмна-сінім полагам, і толькі ў адным месцы, як размытая, свяцілася аранжавая пляма. Валодзька ішоў па дарозе, несучы ў руцэ цяжкі чамадан, глядзеў на гэтую пляму і думаў: недзе там за полагам столькі залітага сонцам чыстага прастору. Успомніў і тое неба, на якое любаваўся з дачкою,— стала моташна, пагана на душы. Не хацелася з такім настроем заходзіць у хату, перад вёскаю ўскрай могілак ён пастаяў і выкурыў цыгарэту.
Прыезд яго для бацькоў быў нечаканы. Нечаканы іменна сам прыезд, а не тое, што за ім стаяла. Можа б, хто іншы стаў бы Валодзьку дакараць, маўляў, і сам вінаваты, добрая цаца, толькі не Іван Лукіч. Вопытны педагог, а значыць — і псіхолаг, ён разумеў: не час і блізка не час чытаць сыну натацыі. Тады, як усё ўляжацца, як сын скіне з сябе здранцвеласць, можна будзе пагаварыць — і па-бацькоўску, і па-настаўніцку, і па-чалавечы,— нешта параіць. Цяпер жа трэба паводзіцца так, каб сын адчуваў падтрымку з боку іх, бацькоў.
А Валодзьку карцела, так карцела расхінуць насцеж душу, адным махам, дужым рыўком, як у кіно раздзіраюць матросы цяльняшкі перад катаваннем,— каб відаць было ўсім, колькі ён нацярпеўся, колькі рубцоў на сэрцы, якое закарэлае ад загуслага болю яго нутро. Але ўтрываў, нешта здаровае, моцнае, што заўсёды застаецца ў чалавеку нават у жудаснай бядзе, невыносным адчаі, перамагло, толькі і сказаў: «Колькі мог, цярпеў... Патрабуе як ад мужа, а адносіцца, як да ворага».— «Відаць, што пякла яна цябе, сын, так пякла...— Іван Лукіч палажыў сыну руку на плячо і паціснуў.— А на волю, на душу пасягаць нельга».
Спаць Валодзька палез на сена — у сянніцу: яму ўсё яшчэ хацелася адзіноты, волі і суму. Паслаў старое, выцвілае пакрывала, лёг і накрыўся мяккаю байкаваю коўдраю — маці загадзя занесла туды па яго просьбе. Сена пад ім спачатку трашчала густа, потым радзей і радзей, а як стала толькі пахрустваць, ён пачуў, што ўверсе ў латах скрыгочуць шашалі. Здалося нават, што на твар яму сыплецца пылок. Ён правёў рукою па твары — не, сяніна.