— От жа людзі! — абурыўся Елавікоў, зразумеўшы з першых слоў, што прывяло Грышку Пруцікава.— А чаму перш з намі не параіліся?
— А што раіцца, падумаў... Вы ўсе тута адзін з адным звязаны. Закруціце, замуціце, і толку не даб’ешся.
— Не давяраеце, выходзіць? Дарэмна вы. На скаргі з месц стараемся рэагаваць канкрэтна... Дык што ў вас там з магазінам... э-э, крамаю? — з тонкаю ўсмешкаю на вуснах глянуў на Грышку Елавікоў — чалавек, які любіў гумар і жартаваў усюды: і на рабоце, і нават на трыбуне, не кажучы ўжо пра сям’ю і таварыскія кампаніі.
— А тое, што забываюць часценька на яе, бытта ў яе і людзі не ходзяць. Няхай нас прыгаршчы, як той казаў, але ж і мы курыць хочам,— Грышка ўсміхнуўся, пранікліва глянуў на сакратара райкома.
— Не завозяць прадукты?
— Завозяць гады-наўрады. А перад праверкаю нябось усяго навезлі. Рыбы, каўбасы, масла... хоць на спіну маж!
— Меры мерамі, а спяцоў вочы замазваць хапае! — ужо хмурнеючы не толькі лбом, але і вачыма — хавалася ясная сінь,— сказаў Елавікоў і зняў тэлефонную трубку.— Ды яшчэ колькі такіх! — Крутнуў некалькі разоў катушку.— Аркадзь Фаміч? Елавікоў. Што там у цябе з малінаўскім магазінам? Ага, скардзіцца прыйшлі...
Па твары Елавікова Грышка зразумеў: пык-мык, нічога сказаць не можа Дуктаў, круціцца, як той вуж, калі прышчэміш яму хвост.
— Дык кажуць, што толькі перад праверкаю...— Елавікоў жмурыўся яшчэ больш.— Ну добра. Гадзіны ў чатыры чакаю вас з намеснікам. Так, Міротнікавым...— Палажыў трубку, некалькі імгненняў засяроджана глядзеў перад сабою; падышоў да карты раёна, што вісела на сцяне, змераў пядзяю адлегласць.— І недалёка ж! А як дарога?
— Цяпер хоць бокам каціся. Новы старшыня асфальт палажыў.
— Новы? Малайчына! Не глядзіць, маленькая вёсачка ці вялікае сяло.
— Ягорычам мы давольны... Не дае распусты! Во трактарысты. Раней што напішуць сабе ў нарад, за тое і плоцяць. А Ягорыч сам правярае пуцёўкі... Спярша бурчэлі, нават мацюгалі, а пасля прывыклі.
— Дысцыпліна ёсць дысцыпліна, у ёй сіла свядомага чалавека...— Елавікоў вярнуўся да стала, пачаў гартаць паперы, але безуважна неяк, абы заняць рукі.— Як, ветэраны вайны, не ў крыўдзе?
Грышку мёдам на сэрца лягло: гэта ж чалавек не забыў і пра іх, удзельнікаў вайны, спытаў, як ім жывецца. Нічога такога, а прыемна, чорт! Часам добрага слова і не хапае людзям, каб мірна жыць. Развучыліся людзі спачуваць, падтрымліваць, шкадаваць адно аднаго. Так і стараецца каторы языком-асцюком укалоць.
— Нам шмат не трэба — трохі павагі, трохі ўвагі,— бадзёрым голасам сказаў Грышка.— І пуцёўкі ў санаторый даюць кожан год... Але я не езджу, кажуць, каб справіцца там з усякімі працэдурамі — туды трэба здаровым ехаць,— засмяяўся лагодна Грышка.— Мы там лішнія людзі, а ў калгасе, слава богу, не лішнія. Умеем, вопытныя, бітыя...
— Малайцы, старая гвардыя! І з крамаю вашаю ўсё будзе добра. І мякенькі хлеб пенсіянерам будзе...— Елавікоў гаварыў суха, упэўнена, быццам хацеў надаць упэўненасці і Грышку.
Грышка ўстаў, недаверліва глянуў на Елавікова, падаў яму руку. Ішоў, турбаваўся, нават пабойваўся, успамінаючы ранейшае, а тут быдта паразуменне з першым сакратаром выйшла. Не сыходзіў Грышка па прыступках з трэцяга паверха, а ляцеў уніз, бы які свавольны калыглуз. Вылецеў на вуліцу — і спыніўся: перад зелянінаю, аблітаю сонцам, яркімі чырвонымі плакатамі, светлым дамком на другім баку вуліцы, каля якога гулялі ў пясочніцы пад стрэшкаю-мухаморам дзеці. Туга раптам сціснула сэрца ў клубочак болю, а туга заўсёды сеяла ў ім сумненні ды расчараванні. Зняверыўшыся за сваё некароткае жыццё, прывыклы, што адусюль яго штурхалі, выправаджвалі, гналі, ён сумняваўся: ці верыць яму ва ўсё, што пачуў ад Елавікова, ці спраўдзяцца яго надзеі? Гэта ж манер у начальнікаў такі — абяцаць. Людзі ідуць, ідуць, а начальнікі ваду льюць, льюць... І ўсё застаецца як і раней. А што ўжо ён, Грышка, такога несусветнага хоча, дабіваецца? «Трохі павагі, трохі ўвагі?» А навошта яму ўсё гэта, для чаго — каб хто растлумачыў? Толькі для таго, што ён — чалавек і што ў яго душы, як ва ўсіх, жыве і точыць сум і па радасці, і па чужой жаночай ласцы, і па вялікім, проста боскім прызнанні ягоных заслуг, даражэй за якія, часам здавалася яму, няма нічога на свеце... Ёлупень ты, Грышка! Пнешся, пнешся, а дарога-то вядзе не ўверх, а ў зямлю. Жахліва, але так.
Ён пачуў за спінаю шапаток на лаўцы — там, дзе сядзелі два пузатыя дзядзькі: «Во які расчырванелы! Няйначай персанальную выбіў?» Схамянуўся, але не аглянуўся нават Грышка, пайшоў у бок аўтастанцыі.
* * *
Ад Грышкі Пруцікава пайшла ў Малінаўцы мода на «самакатах» ваду вазіць. Лічы, кожны двор займеў самакат гэты: на вёску ўсяго два калодзежы, і паспрабуй кіламетр два вядры пранесці. Іван Лукіч Шапялёў таксама зрабіў сабе вадавозку — схадзіў на трактарны стан, і яго былы вучань, які рабіў кавалём-газазваршчыкам, сын Паўлюка Аўгіннінага, змайстрачыў яму за гадзіну. Залатыя рукі ў хлопца былі, рабіў санкі, каляскі, качэргі, вілкі, завесы, матыкі... Але чарка загубіла, па бацькавых слядах пайшоў. Таго хвароба не бярэ, а сын... Напіваўся да чорцікаў, да бясцямнасці. У нядзелю не прадавалі гарэлкі. Паехаў па вёсках на матацыкле шукаць. Там няма, там няма... Не вытрымала сэрца — і на дарозе, акурат каля могілак, зваліўся, а матацыкл яшчэ метраў пяцьдзесят бег...
Доўга не мог Іван Лукіч бітона дастаць, але шэфы з Магілёва прыязджалі буракі палоць дый пакінулі пасля сябе бітон у школьнай сталоўцы.
Валодзька ўзяў першы раз у рукі самакат, і адразу адкінула памяць назад: яны, хлапчукі, чаго толькі не рабілі: і самакаты, і канькі, і нават лыжы; гэта пазней на змену ўсё магазіннае прыйшло. А помніцца і са шчымліваю радасцю ўспамінаецца якраз тое, самаробнае.
Валодзька начапіў на крук бітон і выруліў з двара. Завярнуў у завулак і ўбачыў, што каля калодзежа нехта ў белай сукенцы стаіць — бы мятлушка пырхае. Бліжэй пад’ехаў — ф’юць! — Ленка Пруцікава ваду бярэ. Даўнавата не бачыў яе: сэрца аж застукала ў грудзях. Што яму там не месціцца? Ногі хоць і абвялі, але борздка панеслі да калодзежа. Ленка круціць калаўрот ёмка, хвацка, ажно сукенка туга напінаецца на ёй: ногі то вышэй, то ніжэй адкрываюцца — загарэлыя, стройныя. І сама Ленка ўся як спружына, сіла ва ўсім целе адчуваецца.
Валодзька звярнуў, каб пераехаць на другі бок вуліцы,— бітон забразгаў вечкам на калдобінах, Ленка павярнула галаву —і вядро з рук у калодзеж выпала. Засвістала ручка, як бізун у вопытнага рамізніка, закруціўся шалёна калаўрот, не спаймаеш, так дасць у пальцы, што толькі хруснуць, як сучкі. Ленка трымала далонь высока над калаўротам, а сама не зводзіла з Валодзькі вачэй, і думкі круціліся ў галаве з шалёнасцю калаўрота. Засаромелася, відаць, шчокі чырванню наліліся, як памідоры сталі, тугія, сакавітыя.
Валодзька павітаўся. Ленка невідучымі вачыма глядзела і лавіла ручку калаўрота.
— Давай памагу,— сказаў Валодзька і, прыставіўшы да частакола свой самакат, узяўся за ручку.
Вядро чаплялася за выступы, няроўнасці кольцаў, і Валодзька круціў павольна, падпраўляў рукою ланцуг на сярэдзіну калаўрота. Звінелі, пайшлі ў перапляс на вадзе ў глыбіні кроплі, з калодзежа дыхала халадком.
З непрывычкі ледзь выцягнуў няпоўнае вядро, стаў ліць у Ленчын бітон: там было толькі палавіна; вада палілася і міма бітона на зямлю, і на босыя Ленчыны ногі, звужаныя ў пальцах, белыя, бліскучыя, як дзве ёмкія плоткі. Валодзька, сам у красоўках, збянтэжыўся, падняў вышэй вядро. Рукі не слухаліся, служылі як не свае. Ленка трымалася адной рукою за цёмнае дубовае шульца, у замасленым прарэзе якога ляжала вось калаўрота.
— Як БАМ? — спытаў Валодзька, апускаючы вядро ў калодзеж.
— Калі б не малы, яшчэ засталася б,— сказала Ленка, упершыню глянуўшы Валодзьку ў вочы.