— Ну што, прамою дарогаю ў суд?
— Ведаеш, мне трэба адпрасіцца на рабоце...
— Пазвані і скажы, што затрымаешся.
У жонкі прапаў увесь яе азарт.
— Не. Разумееш, начальніку званіць...
У Валодзькі з’явілася рашучасць, і ён паехаў з жонкаю на пошту, дзе яна працавала тэлеграфісткаю. У аўтобусе жонка раптам узяла Валодзьку пад ручку, нібыта каб трымацца, але гэта азначала, што яна здае яшчэ адну прыступку сваёй пыхі. Дык што ж рабіць, задумаўся Валодзька, можа, яна абразуміцца? Але наўрад... Колькі ўжо было зарокаў! А жыццё тым часам ідзе па краі прорвы, якую капаюць штодня сваркі, знявагі, крыўды, прыдзіркі. Урэшце прорва можа аказацца такою глыбокаю, што і не выберашся з яе потым, тады стаў на жыцці кропку. На якім жыцці? Яшчэ такім кароткім і няплённым? Апошнім часам Валодзька адчуў, што гэтая сямейная няпэўнасць выбівае яго з каляіны і ў рабоце: чытае сцэнарый, а ў галаве нічога не застаецца — думкі пра іншае: што рабіць? Выходзіць, жонка не толькі белы свет, але і розум, душу яму завязала. І гэты сцэнарый пра Мішу Пруцікава, можа, апошняя спроба праверыць сябе, сваю сілу і здольнасці, колькі іх яшчэ ў ім засталося.
Жонка пайшла на пошту, а Валодзька спыніўся чакаць яе ў двары. Трохпавярховы будынак пошты стаяў, мабыць, у садзе; вакол раслі магутныя, кражыстыя яблыні і грушы. Яблыкі паспявалі, асветленыя сонцам, яны яркаю жаўцізною кідаліся ў вочы, на іх блішчалі сінія расінкі. Валодзька сеў пад яблыню на лаўку, чамусьці баючыся, каб яму, як таму Ньютану, не ўпаў на галаву яблык: на траве было густа насыпана яблыкаў, мабыць, падалі чарвівыя.
Жонкі доўга не было, але Валодзька сядзеў бяздумны: усё ўжо даўно абдумана, да апошняй макулінкі — і пра тое і пра другое, як кажуць. Ну, дачка — гэта зразумела... Шкада было і бацькоў, будуць перажываць. Але ж не менш ім перажыванняў і ад таго, што бачаць, як сын мучыцца.
Ляпнулі дзверы, на ганак выйшла жонка. Выраз твару ў яе быў рашучы і ганарлівы. Бакавым зрокам Валодзька раптам убачыў, што ў акне на трэцім паверсе нейкі мужчына крадком выглянуў з-за фіранкі і тут жа хуценька схаваўся. Кіно! Хто гэта: выпадковы чалавек ці, можа, палюбоўнік? Вельмі падобна, што не да начальніка хадзіла раіцца жонка. Але Валодзька падумаў: не трэба праясняць, навошта псаваць сабе нервы. Цяпер ужо ўсё роўна, слоў было даволі, нават лішняга ў запале нагаварыў, незаслужана навінаваціў.
— Пайшлі! — жалезным голасам сказала жонка. Дзяўчынка ты, дзяўчынка, падумаў з горыччу Валодзька, шкада цябе. Колькі легкадумнасці ў тваёй галаве, няйнакш, хапіла б на цэлы жаночы корпус. Ён ужо не адзін раз задумваўся: адкуль у некаторых жанчын гэтая, модна кажучы, інфантыльнасць? Адукаваныя, начытаныя, пры пасадах... Здавалася б, сур’ёзны погляд павінен быць на жыццё, падзеі, рэчы. Не, з такою лёгкасцю і без аглядкі ідуць на ўсякія непрыстойныя ўчынкі, знаёмствы, здрады, разводы, што нельга не давацца дзіву. Няўжо ўсё толькі ад таго, што мужыкі благія, грубыя, негаспадарлівыя, п’яніцы? Дык жа легкадумнасць, можа, яшчэ большая, і ў тых, чые мужыкі, як кажуць кіношнікі, «стопрацэнтныя ва ўсіх адносінах». Дзе, калі, чаму і што змянілася ў псіхалогіі жанчыны, якая спакон веку аберагала сямейнае цяпельца.
У такім скрушлівым роздуме Валодзька часам як бы пераконваўся: тая жанчына лёгка ператвараецца ў мяшчанку, нават мяшчаначку, якая не ставіць перад сабою ў жыцці высокай мэты, зводзіць яе да вузенькага, абмежаванага «мірка», які бачыцца ёй скрозь трубачку цыгарэты: усё дзеля сябе, дзеля таннага форсу, прыгожага, бестурботнага жыцця. Як зрабіць гэтую шчыліну шырокай, каб хлынула ў яе святло шырокай ракою, ці заканапаціць яе зусім?
* * *
Ночы стамілі Грышку. З раніцы балела галава, увесь дзень пачуваўся млява. Хацелася спаць, але сон не ішоў. А тут у абед прылёг на ложку на верандзе і заснуў, балазе ніхто не дурыў галавы. Лісаветка тырчыць у Мішы, як адвезлі ў бальніцу Ліду, а Ленка з малым некуды гуляць пайшла.
Прахапіўся Грышка ад стуку. Пакуль расшалопаў, што і дзе,— здаецца, нехта тузаў весніцы ў варотах. Во, гэта ж ён выпускаў парасят, дык запёр весніцы на завалу, а потым парасят, як трохі пачухалі па двары, загнаў у пуньку, а весніцы адперці забыўся. Хто тамака ламаецца? Можа, п’яны хто? Ад Паўлюка Аўгіннінага зачыняюцца ўсе людзі, каб не слухаць яго п’яную балбатню, дык ён, бы той сабака, праз весніцы перакінецца. І не выганіш яго, не адпрэчыш: Паўлюк першы на вёсцы «спец» па кабанах. Баба касы не паспее заплесці, як ён кабана заваліць, абсмаліць, на кавалкі тушу пакроіць, а тым часам у гаспадыні патэльня ўжо сквірчыць на стале. І дзвюх гадзін не прайшло, а Паўлюк з песнямі, з ружжом і торбаю свежыны на плячы ідзе дахаты. Але Грышка з ім варагаваў, не ішоў на прымірэнне, хоць той колькі разоў і вініўся, нават п’яную слязу пускаў,— была ў іх заварушка, была...
Грышка патрухаў глядзець: хто там грукаецца. У акно ўбачыў Людку Чубатчышыну, паштарку. А чаго яна не засоўвае газеты ў паштовую скрынку? Адпёр Грышка весніцы — Людка смяецца:
— Забарыкадзіраваўся ты, дзядзька Грышка, са сваім сямействам — носа не ўткнуць.
— У каго доўгі, той уткне,— пажартаваў Грышка, хоць яму было не да жартаў.— А ты што...— Грышка хацеў спытаць, чаму патрэба такая, у хату ісці, пенсію ж нядаўна атрымаў, але нешта як замкнула рот — бытта боязь ці асцярога якая.
— Зноў вам нейкае саліднае пісьмо... друкованае,— падала Людка газеты і наверсе канверт, і зноў усмешка да вушэй. Ну і здаравушчая баба! Адным вокам толькі глянь, і адразу відаць: чалавек не ведае хвароб. Твар круглы, цёмны, загарэлы, вочы ясныя, гараць, і ў паваротах, рухах столькі дужасці, спрыту, а лыткі — як плахі. Што значыць чалавек усё жыццё — бяжком і бяжком, як і матка яе. Гэта ж чатыры вёскі абыдзі, ну няхай аб’едзь на веласіпедзе, але той веласіпед яна болей у руках водзіць.
Грышка засунуў газеты пад паху, а канверт трымаў у руках і не ведаў, што з ім рабіць. Людка таксама стаяла і не адыходзіла, вопрама глядзела на Грышку, можа, думала, стане пры ёй адкрываць канверт, чытаць, што ў ім хаваецца. Ага, дурня знайшла, такой адно пачапі што на язык — мітульгою разнясе па ўсіх вёсках: «А ў Грышкі Пруцікава зноў...» Лёпалка яшчэ тая...
А пісьмо і праўда было «саліднае», як і тады на Мішу з часці, аддрукаванае на машынцы, з пячаткаю нейкаю. Затрэсліся ў Грышкі калені, але суняў сябе, не даў разыграцца нервам. Убачыўшы, як Грышка нахмурыў твар і завёў на пераноссі бровы, Людка падумала, што на яе раззлаваўся, і пакаціла невясёлая з двара. Дзякуй богу!
Грышка сеў на калодку пад хатаю, доўга не асмельваўся адкрыць канверт, сціраў з твару пот. Нарэшце выняў з канверта паперыну з сінім, як васілёк, гербікам зверху. Упіўся ў яе вачыма: «Копія.
Паважаны таварыш Пруцікаў Рыгор Мацвеевіч!
На Вашу скаргу ад...»
Фу! Грышка апусціў рукі і колькі хвілін сядзеў нерухома, як здранцвелы, а ў галаву на змену трывожным прыходзілі радасныя думкі: усё-ткі адгукнуліся, уважылі. Далей Грышка ўрыўкамі прабег вачыма па лісце: «Камісія праверыла Вашу скаргу... устанавіла... на дзень праверкі аказалася, што ў магазіне... Факты, выкладзеныя ў Вашым пісьме, не пацвердзіліся...»
Грышка ажно з калодкі ўстаў. Дык што ж гэта такое? Як «не пацвердзіліся»? «На дзень праверкі...» Загнулі казе хвост! Ты цяпер ідзі паглядзі. Зноў на прылаўках адзін адэкалон ды шмаццё ўсякае. Бач, як лоўка выкруціліся! Але не-е, браточкі, дуктавы-жлуктавы, я выведу вас на чыстую ваду...
Грышка зноў злажыў ліст па ўжо намечаных рубчыках, засунуў у канверт і пайшоў у хату. Не сказаць каб ён быў упэўнены, што пасля яго скаргі магазін заваляць таварамі, але і такой адпіскі-адмашкі не чакаў. Пыл у вочы, лухта непадмазаная. А столькі валаводзілі!.. Год, лічы...
Увесь астатак дня Грышка быў хмурны, Лісаветка гэта бачыла і не назаляла мужу, нават па ваду на самакаце паехала.
А назаўтра Грышка з раніцы надзеў чыстую блакітную кашулю, новы касцюм, наваксаваў туфлі і паехаў у райцэнтр. Дарога прывычная — колькі ад’ездзіў, як рабіў у «Сельгастэхніцы».
Па вуліцы горада Грышка ішоў невясёлы, з апушчанаю галавою, і вочы яго лавілі то мысы сваіх новых туфляў, то ўсякую драбязу-пацяруху на тратуары. Во нешта круглае, жоўценькае, бы малюпасенькая лісічка-пупсік, мільгнула ў вачах... Грышка ў задуменні яшчэ ступіў крокі два, але вярнуўся. У асфальт была ўціснута новенькая капейка. Сотні абцасаў ступалі на яе, адчышчалі, аддрайвалі, бы салдат гузік, але ніхто не сагнуўся, не падняў — атлусцелі, уніжэнне, бачыце... А яна ж, капейка гэтая, таксама грошы. На яе нехта рабіў, кроплю поту праліў, каб зарабіць, няхай сабе і не кроплю, а макулінку, ды ўсё роўна ёсць ёй цана чалавечай працы, нездарма на мазоль падобна, во колькі такіх «капеек» у яго на далоні. Грышка прысеў на кукішкі, цяжка яму было, хрумсцела ў каленях; азірнуўся вакол і калупнуў ногцем капейку. Дзе там — хоць і ногаць жалезны, шкло можна рэзаць. Як уплавілася, урасла. Канечне, сонца смаліла, асфальт размякчваўся, яна і ўехала туды, бы ў воск. А можа, і трыбухан які наступіў на яе, дык яна ў камень уплішчыцца, не тое што ў асфальт. Грышка калупнуў яшчэ раз, але толькі набраў пад ногаць чорнага асфальту. Устаў, галава закружылася... Што рабіць? Вунь чалавек насустрач яму ідзе, метраў пяцьдзесят яшчэ да яго. Можа, у яго ножык ёсць, свой складанец, як на тое, не ўзяў. Але чалавек раптам спыніўся, звярнуў з тратуара і перайшоў на другі бок вуліцы, і ўжо тады Грышка пазнаў Дуктава. Папаўся як муха ў кісель! Той прыпыніўся каля кіёска, купіў газету і, унурыўшыся ў яе, пайшоў далей. «Не хоча сустракацца...— падумаў Грышка.— Я табе яшчэ падсыплю солі...» Паляпаў па кішэні — зазвінелі медзякі. Во, можа, капейкаю... Ён выбраў сярод медзякоў пятак і, прысеўшы, выкалупаў ім капейку. Разам з іншымі медзякамі засунуў яе ў кішэню і пасміхнуўся з несур’ёзнасці сваіх разважанняў ды занятку. Убачыў бы хто — чаго б толькі не прыпісаў.
Райком партыі — белы высокі яшчэ даваенны будынак — стаяў у гушчыні клёнаў, ліп і кустоў бэзу, які ўжо адцвіў і выпрастаў акуратныя «елачкі» маленькіх зялёных струкоў. У праходзе да параднага пад’езда стаялі лаўкі, на якіх сядзелі людзі, мабыць, чакалі свае чаргі на прыём.