— Паслухай, адкуль у табе столькі радасці? — раптам спыталася Таня. — Ты калі-небудзь сумуеш, злуешся, плачаш?
— Толькі калі ніхто не бачыць! Я ж з некаторае пары не маю права на слёзы.
— Чаму?
— Ну, сама падумай: як можа нудны песіміст весяліць людзей? Калі ты ўжо ўзяўся несці людзям святло і радасць — будзь ласкавы, рабі гэта пастаянна, працуй на публіку, не расслабляйся, а то з цябе будуць кпіць, пачнеш выглядаць дурнем! Публіка не даруе двудушнасці.
— Як можа маркотны чалавек радаваць іншых? Правільна: ніяк! — сказала Аліна на чарговым пасяджэнні цэнтра. — Таму пачнем з сябе! На «тры-чатыры»: усе шырока і ветліва ўсміхнуліся, а хто будзе выглядаць найбольш весела і жыццярадасна, таму выпішу прэмію!
Праз пятнаццаць хвілін сядзення з шырокімі і ветлівымі ўсмешкамі, з вачэй Наташы пабеглі буйныя слёзы, а Мікіта прамямліў:
— Аліна, ты дэспат! Ну ладна, Наташа, — яна сакратар, ёй гэта патрэбна, а я ўвогуле рэжысёр, у мяне задача — быць заўсёды суровым, каб выканаўцы слухаліся. Альбо вось Асю вазьмі: нашто аператару ўвесь час лыбіцца? Яе ж з-за камеры не бачна!
Ася згодна заківала галавою, але нічога не змагла сказаць: у яе анямелі сківіцы.
— Мікіта! Што за шапіто? Мы ж забаўляльныя кліпы здымаем, а не палітычныя дэбаты! Вось, бярыце прыклад з Міхала Барысавіча!
Лоер Міхал, і праўда, усміхаўся лёгка і нязмушана: ён прывык усміхацца кліентам, каб тыя больш ахвотна падпісвалі нявыгадныя для сябе дамовы.
— Ага, канешне, яму што? — узвіўся Мікіта. — Я наогул не ведаю людзей больш усмешлівых за юрыстаў і стаматолагаў! Яны аднае пароды і прывыклі карыстацца паслугамі адно аднаго!
Тым не менш, у цудоўнай сіле ўсмешкі ніхто не сумняваўся, і пасля непрацяглых баёў усе супрацоўнікі цэнтра «MoST» навучыліся ззяць, як майскія сонейкі, без асаблівай напругі.
— Няўжо табе і праўда падабаецца пісаць усе гэтыя песенькі? Вершыкі-пацешкі? — ніяк не магла зразумець Таня.
— Так. Я люблю, калі людзі ўсміхаюцца. Мая праца іх радуе. У чалавечым жыцці дужа многа непрадказальных непрыемнасцей, я намагаюся разнастаіць яго прадказальным аптымізмам! Калі жадаеш, каб людзі паводзілі сябе так, як табе хочацца, проста дапамажы ім. Гэй, Мо! Усміхніся мне, Мо, мы едзем у Гомель!
— Я дужа рады, аміга, — адказаў Дзіма. — Але адчуваю сябе так, нібыта на мне лазерны прыцэл.
— А ты што хацеў? Нас ужо, хутчэй за ўсё, пачалі шукаць, і мы яшчэ вінныя пяць мільёнаў еўра, так што… проста ўсміхніся і падумай пра тое, што, можа, гэта першая і апошняя прыгода ў тваім жыцці, так што пастарайся атрымаць асалоду ад кожнага моманту!
Фура заехала на заправачную станцыю. Аліна кулём выкацілася з кабіны, прыхапіўшы нататнік з тэлефонам і Дзіму.
— Ты пойдзеш са мной, таму што, па-першае, мяне там ізноў могуць скрасці, а ў адзіноце сядзець мне будзе сумна, а па-другое, калі нам патрапіцца дзяўчына, угаворваць яе падзяліцца мабільнікам будзеш ты!
Дзяўчына, і праўда, не змагла супраціўляцца Дзімавай абаяльнасці і працягнула, запунсавеўшыся, яму трубку. У той жа момант да Дзімы падляцела Аліна, і, выхапіўшы тэлефон, паспешліва набрала нумар, каб пракрычаць у дынамік:
— Алё? Прыёмная? Наташа, родненькая, гэта Аліна Мікалаеўна тэлефануе! Мікіта Алегавіч дзе-небудзь побач? Не, не трэба клікаць, у мяне зусім мала часу! Перадай яму, каб тэрмінова — чуеш, тэрмінова! — адсылаў машыну ў Гомель, да Міхала Барысавіча! Канешне, з сек’юрыці! І ведаеш што? Прадыктуй мне нумар тэлефона Міхала Барысавіча. Хутчэй, міленькая!
Аліна стаяла, скрыжаваўшы ногі, і малявала ў нататніку вялікі рамонак, падобны на звышновую зорку. Раптам яна ўбачыла за акном, як на запраўку заязджае, пабліскваючы чорнымі бакамі і храміраванымі дыскамі, яе любіменькі «буцэфал». Аліна моўчкі ўшчыкнула Дзіму, той паглядзеў у акно і збляднеў.
— Так-так, Наташа, пішу, пішу… Усё, дзякуй!
Аліна пачала набіраць нумар Мішы.
— Алін, яны сюды ідуць! — захваляваўся Дзіма.
— Бяжы ў прыбіральню!
— Без цябе не пабягу!
— Бяжы, кажу!
— Што юрыст?
— Не адказвае!
Двое адкрылі дзверы. Дзіма схапіў Аліну і пацягнуў у прыбіральню. Аліна войкнула і выпусціла з рукі трубку, якая ўпала і разбілася.