— А што гэта вы рабілі ў трыццаці кіламетрах ад Брэста, га? — пацікавіўся вадзіцель, калі ў яго скончыліся выпадкі з уласнага жыцця.
— Брэста? А мы… грыбы збіралі! — не задумваючыся, адказала Аліна, выцягнула з кішэні сваю «здабычу» і паказала вадзіцелю.
— А дзе ж вашыя кошыкі, грыбнікі?
— А іх скралі, уявіце сабе! Кошыкі, курткі, грошы, тэлефоны — усё спёрлі! Тут сапраўдная мафія ў лесе. Як жывыя засталіся — не ведаю! Захаваць здолелі толькі гэта! — Аліна пагладзіла газнічку.
— Дык вам трэба тэрмінова заяву ў міліцыю падаць!
— Не, нам трэба тэрмінова дабрацца да горада, дзе нас чакаюць цёплая вопратка і новыя мабілкі!
— А гэта што за штука? — спытаўся вадзіцель у Дзімы, які трымаў на каленях вінчэсцер.
— А гэта мы… гэта мы знайшлі ў лесе! Нехта згубіў, а можа, стаміўся цягнуць: цяжкі прычындал, — адказаў Дзіма.
— А можна з вашага тэлефона пазваніць? — спыталася Аліна.
— Званіце, канешне! — дазволіў вадзіцель і пайшоў на абгон гужавога транспарту.
Аліна схапіла мабілку і раптам зразумела, што не памятае ніводнага нумара тэлефона сваіх калег і сяброў. Яна не памятала нават свой нумар, таму што дарагія візітоўкі з залатым кангрэвам, заказаныя ў друкарні, раз і назаўсёды пазбавілі яе ад неабходнасці чыркаць лічбачкі на кавалках паперы, што патрапляліся пад руку, і такім чынам запамінаць іх.
— Ш-шапіто! Хто ведае нумар службы даведак?
— Сто восемдзесят два! — адказала Таня.
— Дайце мне нататнік і аловачак, калі ласка! — папрасіла Аліна.
Вадзіцель выцягнуў з бардачка маленькі нататнік і пакусаны аловак. Аліна набрала нумар і, выслухаўшы папярэджанне лагісткі пра тое, што званок платны, спыталася тэлефонны нумар свайго цэнтра і занатавала яго. Пасля яна паспрабавала дазваніцца да цэнтра, але трубка міргнула і згасла.
— Акумулятар! — сказаў вадзіцель. — Забыўся зарадзіць, дайце-ка сюды.
Калі тэлефон ажыў і Аліна зноў паспрабавала звязацца са сваімі калегамі, прыемны жаночы голас сказаў: «Дадзены тып сувязі забаронены!»
— Што такое? — спытаўся Дзіма.
— Грошы скончыліся. Не шанцуе дык не шанцуе! А вы куды шлях трымаеце? — Аліна вярнула трубку і з надзеяй паглядзела на вадзіцеля.
— А куды вам трэба?
— Нам тэрмінова трэба ў Гомель.
— У Гомель? Не ў Мінск? — перапытала Таня.
— Так! — Аліна нахілілася да таварышаў па няшчасці і зашаптала: — У Гомелі застаўся наш лоер Міхал, ды не адзін, а з цэлым стосам важных паперак. Калі тыя, хто скраў нас, дабяруцца да яго, я згублю цэлы шэраг дакументаў і афіцыйна завераных дамоў, над якімі працавала болей як паўгода! Да таго ж, там ёсць паперкі, пра існаванне якіх ніхто не павінен ведаць, бо гэта раўназначна гераічнай гібелі!
— Не думаю, што мы ўтраіх дужа яму дапаможам збегчы з Гомеля, — сказаў Дзіма.
— Яму лепш зусім на вуліцу не выходзіць і зачыніцца ў прыбіральні, толькі не ў гатэлі, бо там знойдуць! А калі дакументы знікнуць, я апынуся вінная суму, роўную бюджэту «Сібірскага цырульніка», а мяне гэта зусім не цешыць!
— Дык, можа, на першай заправачнай станцыі пазваніць яму і сказаць, каб хутчэй бег на вакзал і вяртаўся ў Мінск?
— Не. У мяне сёння на позні вечар была запланаваная яшчэ адна сустрэча там, у Гомелі. Вельмі важная персона, я на яго доўга палявала, і вось — ён будзе праездам у Гомелі, трэба разам сабрацца, абмеркаваць некаторыя нюансы і падмахнуць паперы.
— Што вы там шэпчацеся? Вы есці хочаце, грыбнікі? Мне жонка паёк у дарогу сабрала! — сказаў вадзіцель. — Яна ў мяне дужа смачна гатуе. Жонка мусіць смачна гатаваць і нараджаць прыгожых дзяцей, інакш на халеру яна трэба? Праўда, хлопец?
Вадзіцель засмяяўся і штурхнуў Дзіму локцем у бок. Дзіма адказаў: «Можа быць, і так», — і ўтаропіўся ў акно, за якім прабягалі куртатыя елачкі і голыя палі. Жніво завяршылася, да азімых было яшчэ далёка, зямля палохала сваёй маркотнай шэрасцю і выглядала так, нібыта яе абакралі. Дзіма таксама адчуваў сябе абкрадзеным, але не таму, што ў яго не было з сабой грошай і мабільнага тэлефона. Яму не хапала сонца і летняе рознакаляровасці. Ён здзіўляўся аптымізму Аліны, якая падпявала песенькам, што даносіліся з магнітолы, і расказвала Тані, якія з гэтых песень былі створаны, запісаны і зведзены ў яе цэнтры ды ў колькі гэта абышлося выканаўцам. Дзіма лавіў краем вуха абрыўкі сказаў:
— А з гэтых я ўвогуле грошай не ўзяла, сказала: хлопцы, разлічыцеся, як станеце знакамітымі, што, канешне, малаверагодна. А вось гэтыя — такія жмінды, за капейку ўдавяцца, таму і працуюць вельмі прафесійна, каб мы на іх памылках не зараблялі! А гэтая паненачка зусім спяваць не ўмее, мы зрабілі восемдзесят тры дублі, уяві сабе! Але ж яна так усміхалася…