— Ну, як людзі жэняцца? Пярсцёнкі, вэлюм, лімузіны, рэстаран, «горка-горка», першая шлюбная ноч. Я адказала на тваё пытанне? — Аліна працягвала шукаць выхад сценах.
— Дзіма, чаму — з ёй? Што я рабіла не так? — прамовіла Таня тонам капрызлівай прынцэсы.
Дзіма ізноў прамаўчаў.
— Ты ўсё рабіла правільна. Кахайцеся сабе на здароўе далей, я вам замінаць не буду. Мы з Дзімам толькі распішамся — і я да яго нават не дакрануся, забірай на здароўе.
— Як гэта — забірай? Жанатага? Ты што, вар’ятка? Дзіма, нашто яна табе, яна з катушак зляцела зусім, а ты малады і прыгожы! Прыгожыя людзі мусяць аб’ядноўвацца, каб паляпшаць генафонд!
— Ага. І біць непрыгожых! — Аліна апусцілася на стульчык. — Непрыгожыя перамогуць — нас больш. І ўвогуле, вось што я вам скажу. Побач з Чалавекам Прыгожым заўсёды мусяць існаваць наступныя падвіды: першы — Чалавек Таленавіты. Ён патрэбны для таго, каб узносіць прыгажосць. Другі — Чалавек Прадпрымальны, каб удала прадаваць прыгажосць першага і талент другога. Трэці — Чалавек Выканаўчы, каб не задаваў лішніх пытанняў і моўчкі выконваў даручэнні першых трох. І, нарэшце, — Чалавек Моцны. Фізічна моцны, каб гэту ўсю кампашку абаранняў, а то з такім раскладам у іх заўсёды будзе процьма ворагаў.
— Якіх ворагаў? — не зразумела Таня.
— Ды розных. Усялякіх. Зайздроснікаў. Сама ж па сабе прыгажосць ніякай каштоўнасці не ўяўляе ні для таго, хто ёй валодае, ні для ўсяго чалавецтва, бо яна — панняцце дужа адноснае. Жывуць сабе два прыгожых чалавекі разам і ніякае карысці з гэтага не маюць. Але вось Чалавек Таленавіты ўгледзеў у іх прыгажосць і ўзнёс яе да нябёс. Чалавек Прадпрымальны адразу ж прызначыў кошт усім песням, вершам, палотнам, фотаздымкам, Чалавек Выканаўчы і Чалавек Моцны сталі на абарону інтарэсаў справы, і нехта дужа багаты, паддаўшыся на ўгаворы, купіў твор. І вось тады, мае даражэнькія, Прыгажосць займела свой кошт і ўсе зразумелі яе вартасць. І вісіць, скажам, такая «Мона Ліза» ў музеі некалькі стагоддзяў, і культурныя людзі глядзяць на яе і пляскаюць у ладкі: «Якая цудоўная карціна!» А я, хоць забіце мяне, ніякай прыгажосці ў гэтым твары не бачу і загадкі таксама аніякай не назіраю. Проста аднойчы Чалавек Таленавіты неасцярожна ўразіўся. Канешне, на такую хітрую схему — рабіць грошы з анічога — заўсёды знойдуцца зайздроснікі, што хацелі б адарваць тлу-усты кавалак.
— Слухаю цябе, — падаў голас Дзіма, — і разумею, чаму мы тут сядзім.
— Цікава — чаму?
— Ты памылілася з выбарам Чалавека Прыгожага, і Фатум цябе пакараў.
— Я магу памыляцца, але з дзясятак Чалавекаў Таленавітых, якіх спецыяльна вучылі ў Мастацкай акадэміі прыўзносіць пекнасць, не могуць памыляцца разам са мной. Яны глядзелі тваё фота і пастанавілі: прыгожы. А далей — мая работа. А ты, Мотуз, не выварочвайся і не камплексуй, лепш дапамажы мне, і, як прыйдзе тэрмін, я сама адпушчу цябе з мірам.
— Што за глупства! — усклікнула Таня.
— Якая нявыхаванасць! — адказала Аліна. — Я тут вам сваю тэорыю распавядаю, душу выварочваю, а вы яе глупствам называеце. Няхораша, спадарынька. Я ж табе не кажу, што ў цябе ў валасах тырчыць бліскучая безгустоўная заколка, якая табе не пасуе. Вось і ты маўчы, тым больш, што выбірацца адсюль нам усё роўна разам. Шапіто. Што ў нас з кодам доступу, Дзіма?
— Нічога не атрымліваецца.
Аліна ўспомніла, як на пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці працавала ў адным Доме культуры. З моманту адкрыцця згаданай установы сцэнарыі там набіраліся на друкарскай машынцы, а камп’ютары калектыў бачыў толькі па тэлевізары ў выпусках навін. Але ўсё мяняецца, і на змену старому дырэктару, які даслужыўся да медаля і маразму, прыйшоў новы: малады, здаровы і актыўны. Адразу ж услед за ім у Доме культуры з’явілася некалькі новых камп’ютараў. Цёткі бегалі вакол камп’ютараў і войкалі, не ведаючы, з якога боку да іх падступіцца, але куды грамчэй за цётак войкалі хлопцы са службы тэхнічнай падтрымкі, калі зразумелі, з чым ім давядзецца мець справу. Дырэктар запатрабаваў, каб усе камп’ютары былі запаралеляныя: а ну, як у Дом культуры праточыцца шпіён і скрадзе геніяльныя, ужо некалькі разоў скрадзеныя сцэнарыі? Цёткам выдалі паролі, і тыя, каб не забыцца камбінацыі літар і лічбаў, пазапісалі іх тоўстымі маркерамі на аркушы і павесілі над працоўнымі месцамі. Дырэктар схапіўся за галаву, а цёткі заенчылі: «Па-іншаму мы забудзем!» Аднак хлопцы з тэхпадтрымкі аказаліся кемлівыя і тут жа паставілі на ўсе камп’ютары адзін і той жа пароль: лічбу «1». Яго немагчыма было забыць.
Аліна націснула на клавіятуры адзінку.
На маніторы з’явіўся надпіс: «Код доступу пацверджаны, чакайце».
Дзіма пашкроб патыліцу:
— Ты ведала?
— Не. Я здагадалася. Тут на сістэмным блоку наклейка «Тэхноладжы прайм». Я ведаю гэтых хлапчаннят, яны дужа раскруціліся апошнім часам. А некалі ў Магілёве культработнікам яны прадавалі камп’ютары. Дарэмна арганізатары гэтага бункера не паклапаціліся пра тое, каб адразу ж змяніць паролі. Эх, беларускае «авось»! Давай далей сам!
Дзіма засяроджана ўтаропіўся ў экран і праз хвіліну выдаў:
— Тут патрэбная адмысловая праграма, якая на кампе яшчэ не стаіць. Я табе нічым не змагу дапамагчы. Да таго ж, тут усё па-англійску! Я не перакладчык, ты ўжо прабач, канешне, што я такі нерознабаковы…
— Эх, Яну, Яначку б сюды, дзяўчыначку маю залатую! Тая б хутка ўсё пераклала. Ну што за дзень! А ты чаго там села? Хоць выгляд зрабіла б, што табе цікава! — абурылася Аліна на Таню, якая забілася ў кут і раскладвала на адным з камп’ютараў «касынку».
Таня зласліва паглядзела на Аліну і працягнула раскладваць пасьянс.
— Так, казляткі-рабяткі мае дарагія, давайце адсюль выбірацца, я ўся змерзла! — абвясціла Аліна. — Не можа такога быць, каб у гэты бункер меўся ўваход толькі праз падпечак у хацінцы. Гэта, як мінімум, нязручна. Ёсць ідэі?
— Ну… тут можа быць датчык, які рэагуе на гук, скажам, удару далоні аб далонь! — выказаў меркаванне Дзіма.
Аліна гучна заапладзіравала. Ніякіх змяненняў у інтэр’еры памяшкання не адбылося.
— А можа, як у казцы: «Пацягні за вяровачку, дзверы адчыняцца»? — прапанавала яна.
— Аміга мія, тут столькі вяровачак, што мы да старасці будзем цягаць! Вакол адны правадкі! — сказаў Дзіма.