«Паглядзеў і адразу ўбачыў, што няма на што глядзець», — падумаў я, крыху ўколаты яго халодным, пагардлівым позіркам. Мне захацелася спагнаць на кім-небудзь сваё раздражненне, і я звярнуўся да Мак Конара:
— Здаецца, ваш ход не зрабіў вялікага ўражання на чэмпіёна.
— Якога чэмпіёна?
Я растлумачыў яму, што чалавек, які толькі што прайшоў міма нас і так пагардліва паглядзеў на нашу гульню, быў Чэнтавіч, чэмпіён свету па шахматах. Я дадаў, што не варта засмучацца з-за яго ганарыстасці: для беднякоў гордасць — недапушчальная раскоша. На маё здзіўленне, гэтыя выпадкова сказаныя словы мелі на Мак Конара зусім нечаканае ўздзеянне. Ён адразу моцна расхваляваўся і забыўся пра нашу гульню. У яго ўзніклі славалюбівыя намеры. Ён нават і не падазраваў, што Чэнтавіч тут, на параходзе. Чэнтавіч абавязкова павінен згуляць з ім. Ён ніколі не гуляў з чэмпіёнам свету, за выключэннем аднаго разу, калі ўдзельнічаў у сеансе адначасовай гульні на сарака дошках; але нават гэта было вельмі захапляюча, ён тады ледзь не выйграў. Ці знаёмы я асабіста з чэмпіёнам? Не, не знаёмы. Ці не магу я папрасіць яго падысці да нас? Я адмовіўся і спаслаўся на тое, што Чэнтавіч, наколькі мне вядома, пазбягае новых знаёмстваў. Акрамя таго, якую цікавасць можа мець для чэмпіёна свету гульня з намі, трэцеразраднымі шахматыстамі?
Заўвага аб трэцеразрадных шахматыстах была для такога самалюбівага чалавека, як Мак Конар, бадай што залішняя. Ён сярдзіта адкінуўся назад у крэсле і гарачліва заявіў, што не ўяўляе сабе, каб Чэнтавіч мог адхіліць ветлівае запрашэнне джэнтльмена. Пра гэта паклапоціцца ён сам. Па яго просьбе я коратка апісаў знешні выгляд чэмпіёна, і Мак Конар, поўны нецярпення, пакінуў на волю лёсу незакончаную партыю і падаўся шукаць Чэнтавіча на верхняй палубе. Тут я зноў адчуў, што ўтрымаць чалавека з такімі магутнымі плячамі, калі ён убіў сабе што-небудзь у галаву, рэч зусім безнадзейная.
Я напружана чакаў, што будзе. Праз дзесяць хвілін Мак Конар вярнуўся, як мне здалося, не ў гуморы.
— Ну як? — спытаўся я.
— Вы мелі рацыю, — адказаў з прыкрасцю Мак Конар, — не вельмі прыемны пан. Я прывітаўся і назваў сябе, але ён нават мне рукі не падаў. Я паспрабаваў растлумачыць яму, якія мы ўсе, пасажыры, будзем гордыя і шчаслівыя, калі ён згодзіцца ўдастоіць нас сеансам адначасовай гульні. Але ён паводзіў сябе страшэнна афіцыйна і сказаў, што, на жаль, кантракт з імпрэсарыа, арганізатарам турнэ, абавязвае яго гуляць у час падарожжа толькі за ўзнагароду і што мінімальны ганарар складае дзвесце пяцьдзесят даляраў за партыю.
Я засмяяўся.
— Вось ужо ніколі не думаў, што перасоўваць фігуры з чорных на белыя квадраты — такая прыбытковая справа. Спадзяюся, што вы гэтак жа ветліва развіталіся.
Але Мак Конар застаўся зусім сур'ёзны.
— Гульня адбудзецца заўтра ў тры гадзіны дня тут, у курыльным салоне. Спадзяюся, што яму не так лёгка ўдасца разбіць нас нашчэнт.
— Што? Вы згадзіліся даць яму дзвесце пяцьдзесят даляраў? — усклікнуў я ў вялікім здзіўленні.
— А чаму б і не? С'еst sinmetіеr[31]. Калі б у мяне забалеў зуб, а на параходзе быў дантыст, то ці ж мог бы я патрабаваць ад яго, каб ён вырываў яго бясплатна? Ён робіць правільна, калі заломвае высокую цану; у любой прафесіі лепшыя спецыялісты адначасова і самыя выдатныя камерсанты. Што ж да мяне, то я за сумленную здзелку. Я лепей заплачу пану Чэнтавічу гатоўкаю, чым стану прасіць яго зрабіць ласку згуляць са мною ды яшчэ адчуваць сябе абавязаным потым дзякаваць яму. Мне даводзілася прайграваць за вечар у нашым клубе і болей, чым дзвесце пяцьдзесят даляраў, пры гэтым я не гуляў з чэмпіёнам свету. «Трэцеразраднаму» шахматысту не сорамна прайграць Чэнтавічу.
Мне было смешна, як моцна нявінны выраз «трэцеразрадныя шахматысты» раніў самалюбства Мак Конара. Паколькі, аднак, дарагая забава давала мне магчымасць пазнаёміцца з цікавым і рэдкім суб'ектам і яе аплачваў Мак Конар, я не стаў аспрэчваць яго недарэчнага славалюбства. Мы паспяшаліся паведаміць пра будучую падзею яшчэ чатыром-пяці чалавекам, якія выказалі цягу да шахмат, і патрабавалі пакінуць ім на матч не толькі наш столік, але і ўсе суседнія, каб пазбегнуць магчымых перашкод ад іншых пасажыраў.
На другі дзень дакладна ў вызначаны час наша кампанія сабралася ў поўным складзе. Цэнтральнае месца, насупраць чэмпіёна, было аддадзена, вядома, Мак Конару; ён хваляваўся, курыў адну за друтою моцныя цыгары і нервова пазіраў на гадзіннік. Чэмпіен прымусіў сябе чакаць добрых дзесяць хвілін (памятаючы расказы свайго сябра, я прадбачыў нешта падобнае), і гэта яшчэ больш падкрэсліла ўрачыстасць яго з'яўлення. Ён падышоў да стала са спакойным і абыякавым выглядам, але не прывітаўся. Мусіць, яго няветлівасць павінна была гаварыць: «Вам вядома, хто я, а мне зусім не цікава ведаць, хто вы», — і адразу ж сухім, дзелавітым тонам пачаў тлумачыць свае ўмовы. Таму што на параходзе няма дастатковай колькасці шахматных дошак, каб правесці сеанс адначасовай гульні, ён прапануе ўсім нам гуляць супраць яго супольна. Зрабіўшы ход, ён будзе адыходзіць у другі канец пакоя, каб не перашкаджаць нам раіцца. Мы ж, зрабіўшы ход у адказ, павінны будзем з-за адсутнасці званочка, стукаць аб шклянку чайнаю лыжкаю. Калі не будзе пярэчанняў, ён прапануе на абдумванне кожнага ходу максімум дзесяць хвілін. Мы, як нясмелыя вучні, прынялі, зразумела, усе яго ўмовы. Чэнтавічу дасталіся чорныя фігуры; ён застаўся стаяць, калі рабіў першы ход у адказ, а потым адразу павярнуўся, адышоў на дамоўленае месца, ляніва разваліўся там у крэсле і пачаў перагортваць ілюстраваны часопіс.
Наўрад ці ёсць сэнс апісваць гэтую партыю. Скончылася яна, як і трэба было чакаць, поўным нашым паражэннем, да таго ж ужо на дваццаць чацвёртым ходзе. Не было нічога дзіўнага ў тым, што чэмпіён свету, гуляючы, як кажуць, леваю рукою, ушчэнт разбіў з паўтузіна пасрэдных і зусім слабых шахматыстаў; але ўсім нам было непрыемна адчуваць ганарыстыя паводзіны Чэнтавіча, які ясна даваў зразумець, што ўправіўся з намі без ніякіх намаганняў. Кожны раз, калі ён падыходзіў да стала, ён кідаў на дошку беглы і наўмысна няўважлівы позірк, а на нас і зусім не звяртаў увагі, быццам мы таксама былі драўлянымі фігурамі. Гэтак нават лянуюцца зірнуць на костку, калі кідаюць яе бадзяжнаму сабаку. Мне здавалася, што каб у яго было хоць крышку чуйнасці і такту, ён мусіў бы звярнуць увагу на зробленыя намі памылкі або падбадзёрыць нас прыязным словам. Нават пасля завяршэння партыі гэты шахматны аўтамат не вымавіў ні гуку; ён сказаў «мат» і застаўся нерухома стаяць каля стала, мусіць, каб даведацца, ці не жадаем мы згуляць яшчэ адну партыю. Я ўжо ўстаў з месца і, як заўсёды, калі пасаваў перад бесцырымоннаю грубасцю, падрыхтаваўся даць зразумець жэстам, што я асабіста з задавальненнем буду лічыць наша знаёмства скончаным адразу пасля завяршэння гэтай фінансавай здзелкі. Але, на мой жаль, у гэтае імгненне Мак Конар, якія сядзеў побач са мной, хрыпла выгукнуў: «Рэванш!»
Мяне спалохаў выклік у яго голасе: Мак Конар цяпер хутчэй нагадваў баксёра, які збіраецца нанесці рашаючы ўдар, чым карэктнага джэнтльмена. Можа, яго абурылі зняважлівыя паводзіны Чэнтавіча ці прычынай было ўласнае моцна абражанае самалюбства, але, як бы там ні было, нават вонкава Мак Конар поўнасцю змяніўся. Ён пачырванеў па самыя вушы, ноздры ад унутранага напружання раздзьмуліся, твар пакрыўся потам, ад закушанай губы да ваяўніча настаўленага падбароддзя праляглі рэзкія маршчыны. Я з непакоем заўважыў у яго вачах агеньчык шалёнага азарту, які авалодвае звычайна гульцамі ў рулетку, калі патрэбны колер не выпадае шэсць-сем разоў запар пасля няспыннага падвойвання ставак. У гэты момант я ўжо ведаў, што гэты апантаны славалюб гатовы паставіць супраць Чэнтавіча ўсё сваё багацце і гуляць, гуляць з простымі ці падвоенымі стаўкамі, пакуль не выйграе хоць адну партыю. Калі б у Чэнтавіча хапіла цярпення, Мак Конар мог бы стаць для яго сапраўдным залатым дном, адкуль ён мог бы да Буэнас-Айрэса пакласці сабе ў кішэню не адну тысячу даляраў.
Чэнтавіч не скрануўся з месца.
— Калі ласка, — ветліва адказаў ён. — Цяпер, панове, вы будзеце гуляць чорнымі фігурамі.
Другая партыя мала чым адрознівалася ад першай, толькі наша кампанія крыху павялічылася за кошт яшчэ некалькіх цікаўных, і гульня зрабілася больш жывою. Мак Конар пільна глядзеў на дошку, быццам хацеў загіпнатызаваць шахматныя фігуры і здзейсніць сваё жаданне перамагчы; я адчуваў, што ён з захапленнем ахвяраваў бы і тысячу даляраў за тое, каб з радасцю крыкнуць «мат» у твар нашаму абыякаваму праціўніку. І дзіўна — яго зацятае хваляванне неяк несвядома перадалося ўсім нам. Цяпер кожны ход абмяркоўваўся куды больш актыўна, і мы спрачаліся да апошняй хвіліны, перш чым згаджаліся даць сігнал Чэнтавічу падысці да нашага стала. Дагуляўшы да семнаццатага ходу, мы са здзіўленнем заўважылі, што ў партыі ўзнікла пазіцыя, якая здавалася надзвычайна выгаднаю для нас: мы змаглі прасунуць пешку «с» на перадапошнюю лінію, і ўсё, што нам заставалася цяпер зрабіць, — гэта прасунуць яе наперад на «с1» і паставіць яшчэ аднаго ферзя. Але ў глыбіні душы ў нас не было поўнай упэўненасці: мы не верылі, што ў нас з'явіўся такі яўны шанц на выйгрыш. Усе мы падазравалі, што перавага, якой мы, здавалася, дабіліся, была пастка, пастаўленая Чэнтавічам, які прадбачыў развіццё гульні на шмат хадоў наперад. І ўсё-такі, як мы ні абмяркоўвалі і ні разглядалі становішча з усіх бакоў, мы не маглі разгадаць, у чым тут быў падвох. Нарэшце, калі дзесяць хвілін амаль прайшлі, мы вырашылі рызыкнуць зрабіць гэты ход. Мак Конар ужо ўзяўся за пешку, каб перасунуць яе на апошні квадрат, як раптам нечая рука затрымала яго і ціхі, але настойлівы голас прашаптаў:
— Богам прашу, не трэба!
Мы ўсе міжвольна павярнуліся. За намі стаяў чалавек гадоў пад сорак пяць, — вузкі, з рэзкімі рысамі твар яго ўжо раней на прагулках прыцягваў маю ўвагу незвычайнаю, змярцвелаю бледнасцю. Відаць, ён толькі што далучыўся да нашай кампаніі, і, паглыбленыя ў абмеркаванне чарговага ходу, мы не заўважылі яго з'яўлення. Убачыўшы, што мы глядзім на яго, ён хуценька дадаў:
— Калі вы цяпер паставіце ферзя, ён адразу возьме яго сланом, а вы забераце яго канём. Ён жа тым часам перасуне сваю прахадную пешку на «с17» і будзе пагражаць вашай туры; калі ж вы нават аб'явіце шах канём, усё роўна партыя будзе прайграна — праз дзевяць-дзесяць хадоў вы атрымаеце мат. Амаль такую ж камбінацыю прымяніў у 1922 годзе Алёхін, гуляючы супраць Багалюбава на шахматным турніры ў П'ешцяні.
Здзіўлены Мак Конар выпусціў з рукі пешку і, як і ўсе мы, з нямым здзіўленнем утаропіўся ў анёла-выратавальніка, які спусціўся так нечакана да нас з неба. Бо прадбачыць мат за дзевяць хадоў мог толькі шахматыст самага высокага класа, можа, нават удзельнік міжнародных спаборніцтваў, які ехаў на той самы турнір, што і Чэнтавіч, каб аспрэчваць першынство свету. Яго раптоўнае з'яўленне, яго ўмяшанне ў гульню ў самы крытычны момант здалося нам чымсьці звышнатуральным.
Першы апамятаўся Мак Конар.
— Што ж вы параіце? — прашаптаў ён усхвалявана.
— Пакуль што не перасоўвайце пешкі наперад. Манеўруйце. Перш за ўсё выведзіце караля з небяспечнай зоны — з «g8» на «h7». Тады ваш праціўнік, мусіць, перанясе атаку на другі фланг. Але гэтую атаку вы можаце парыраваць ходам туры «с8-с4»; гэта яму будзе каштаваць страты двух тэмпаў і адной пешкі і, такім чынам, усяе перавагі. У такім выпадку ў вас абодвух будуць прахадныя пешкі, і калі вы будзеце правільна абараняцца, то зможаце звесці партыю ўнічыю. Гэта самае лепшае, што вы можаце зрабіць.
Мы зноў не маглі схаваць здзіўлення. Дакладнасць і хуткасць яго разлікаў уразілі нас. Здавалася, ён чытаў хады па кніжцы. Дзякуючы яго ўмяшанню ў нас з'явіўся нечаканы шанц. Магчымасць згуляць унічыю з чэмпіёнам свету — гэта было так цудоўна! Аднадушна мы ўсе адсунуліся ўбок, каб не перашкаджаць яму глядзець на дошку. Мак Конар перапытаў:
— Значыцца, караля з «g8» на «h7»?
[31] Гэта яго прафесія (фр.).