Мы доўга яшчэ гаварылі пра Мендаля, мы, апошнія, хто ведаў гэтага дзіўнага чалавека; нягледзячы на сваё мікраскапічна кароткае існаванне, ён даў мне, нявопытнаму хлапцу, першыя ўяўленні аб жыцці, цалкам засяроджаным у розуме, а для яе, беднай, змардаванай цяжкаю працаю прыбіральшчыцы, якая на сваім вяку не прачытала ніводнай кніжкі, ён быў не проста таварыш па няшчасці, а такі самы, як і яна, бядняк, якому яна дваццаць пяць гадоў чысціла паліто і прышывала гузікі. І ўсё-такі мы выдатна разумелі адно аднаго за яго старым апусцелым сталом, разам аднаўлялі ў памяці яго вобраз; бо ўспаміны заўсёды аб'ядноўваюць, і ўдвая — успаміны, прасякнутыя любоўю. Але раптам, у разгары размовы, старая схамянулася:
— А божухна, дзе ж мая памяць! Кніга, якую ён тады забыўся на стале, яна і цяпер у мяне. Я ж не ведала, куды знесці яе. А па яе ўсё не прыходзілі і не прыходзілі, і я падумала: пакіну я яе сабе на памяць. Дрэннага ж тут няма нічога, праўда? — Яна хуценька выйшла і прынесла са сваёй каморкі кнігу. Я ледзь схаваў усмешку; з якою ахвотаю вечна гуллівы, а часам і насмешлівы лёс не без злосці прымешвае да жыццёвых драм элемент камічнага. Гэта быў другі том «Віbliotheca Germanorum eritiса et curiosa»[29] Гайна, добра вядомы кожнаму бібліяфілу даведнік па галантнай літаратуры.
Якраз гэты пералік непрыстойнага — habent sua fata libelli[30] — стаўся апошнім запаветам, перададзеным нябожчыкам-магам і чарадзеем у навярэджаныя, чырвоныя, недасведчаныя рукі, якія ніколі, мусіць, не трымалі ніводнай кнігі, за выключэннем малітоўніка.
Я шчыльна сціскаў губы, намагаючыся задушыць міжвольную ўсмешку, і маё кароткае маўчанне збянтэжыла добрую жанчыну. Можа, гэта што-небудзь вельмі каштоўнае, ці яе ўсё-такі можна пакінуць сабе?
Я сардэчна паціснуў ёй руку.
— Пакіньце сабе. Наш стары сябар Мендаль быў бы рады, калі б ведаў, што сярод многіх тысяч людзей, якім ён дапамог дастаць патрэбную кнігу, ёсць адзін чалавек, які захаваў пра яго ўспамін.
Потым я пайшоў, і мне было сорамна перад гэтаю добраю старою жанчынаю, якая па прастаце душы, але са шчыраю чалавечнасцю захавала вернасць нябожчыку. Бо яна, непісьменная, хоць зберагла кніжку, каб часцей успамінаць яго, я ж на гады забыўся пра Мендаля-букініста, менавіта я, хто мусіў ведаць, што кнігі пішуцца толькі дзеля таго, каб і за межамі свайго існавання застацца чымсьці блізкім для людзей і гэтым засцерагчы сябе ад няўмольнага ворага ўсяго жывога — тлену і забыцця.
Шахматная навэла
На пасажырскім параходзе, які адплываў апоўначы з Ню-Ёрка ў Буэнас-Айрэс, панавала, як заўсёды ў апошнія хвіліны перад адыходам, дзелавітая мітусня. Праз натоўп сюды-туды праціскаліся тыя, хто прыйшоў праводзіць; рассыльныя з тэлеграфа ў зухавата ссунутых набакір каскетках насіліся сярод людзей, выкрыкваючы прозвішчы пасажыраў; неслі багаж і кветкі; па лесвіцах уверх і ўніз бегалі цікаўныя дзеці, а на верхняй палубе нястомна іграў суднавы аркестр. Я стаяў на прагулачнай палубе крыху воддаль ад гэтай штурханіны і гутарыў са сваім сябрам. Раптам паблізу два-тры разы ярка ўспыхнуў магній: мусіць, сярод пасажыраў была нейкая славутасць, і рэпарцёрам, якія перад самым адыходам узялі ў яе інтэрв'ю, спатрэбіўся яшчэ і партрэт. Сябар, зірнуўшы ў той бок, усміхнуўся:
— З вамі на параходзе рэдкі птах — Чэнтавіч.
Убачыўшы на маім твары, што прозвішча нічога мне не гаворыць, ён растлумачыў:
— Мірка Чэнтавіч — чэмпіён свету па шахматах. Ён толькі што разграміў на турнірах усіх шахматыстаў на ўсходзе і захадзе Амерыкі і цяпер едзе пажынаць лаўры ў Аргенціну.
Тут я ўспомніў не толькі імя маладога чэмпіёна свету, але і сякія-такія падрабязнасці яго маланкавай кар'еры; сябар, які сачыў за газетамі больш уважліва, чым я, папоўніў мае веды і расказаў у сувязі з гэтым некалькі анекдотаў. Прыкладна з год назад Чэнтавічу ўдалося адразу стаць на ўзровень з такімі прызнанымі шахматнымі карыфеямі, як Алёхін, Капабланка, Тартакавер, Ласкер, Багалюбаў. З моманту з'яўлення ў Ню-Ёрку на турніры 1922 года сямігадовага вундэркінда Рэшэўскага праслаўленая плеяда шахматыстаў не ведала ніводнага навічка, які ўварваўся б у іх асяроддзі з такім шумам і выклікаў такую ўсеагульную цікавасць. Разумовыя здольнасці Чэнтавіча зусім не прадвяшчалі яму такой бліскучай кар'еры. Хутка выявілася таямніца з яго прыватнага жыцця: чэмпіён свету ні на адной мове не мог напісаць без арфаграфічных памылак нават некалькіх слоў, і, як саркастычна адзначаў адзін зласлівы сапернік, «невуцтва яго ва ўсіх галінах было аднолькава ўніверсальнае». Ён быў сынам беднага югаслаўскага лодачніка, невялічкую лодку якога аднаго разу ўначы патапіў дунайскі грузавы параход. Дванаццацігадовага сірату ўзяў да сябе чуллівы святар з іх глухой вёсачкі. Добры айцец з усяе сілы намагаўся дадатковымі заняткамі дома нагнаць тое, чаго не мог вывучыць у школе тупаваты, негаваркі, шыракалобы хлопчык.
Але ўсе намаганні былі марныя. Соты раз няўцямна пазіраў Мірка на літары, але не мог іх ніяк запомніць. Яго непаваротлівы мозг не схопліваў самых простых рэчаў. У чатырнаццаць гадоў ён усё яшчэ лічыў на пальцах, і яму каштавала вялікіх намаганняў прачытаць два-тры словы з якой-небудзь кніжкі ці газеты. Але нельга сказаць, каб Мірка быў нядобрасумленны ці непаслухмяны. Ён выконваў усё, што яму загадвалі: насіў ваду, калоў дровы, працаваў у полі, прыбіраў на кухні, — адным словам, можна было быць упэўненым, што ён урэшце выканае любое даручэнне, хоць яго марудлівасць і выводзіла з цярпення. Але больш за ўсё засмучала добрага святара ва ўпартым падлетку яго абыякавасць да ўсяго на свеце. Ён ніколі нічога не рабіў без спецыяльнага загаду, ніколі ні ў кога нічога не пытаўся, ніколі не гуляў з другімі падлеткамі і ніколі не шукаў сабе сам якога-небудзь занятку, пакуль яму не казалі, што трэба рабіць. Пасля хатняй работы ён моўчкі сядзеў у пакоі, скіраваўшы адсутны позірк удалячынь, як авечка, што пасвіцца на лузе, не праяўляў ніякай цікаўнасці да таго, што адбывалася навокал. Вечарамі, калі святар, смокчучы доўгую сялянскую люльку, гуляў тры заўсёдныя партыі ў шахматы з жандарскім вахмістрам, светлавалосы хлапчук моўчкі масціўся побач і з-пад цяжкіх павекаў, як бы сонна і абыякава, глядзеў на клеткі дошкі.
Аднаго разу зімою ўвечары, калі абодва гульцы паглыбіліся ў чарговую партыю, за акном пачуўся звон бомаў. Па вуліцы да дома хуценька набліжаліся санкі. У пакой убег селянін у заснежанай шапцы і пачаў умольваць святара як мага хутчэй паехаць да паміраючай маці, каб паспець справіць над ёю сабораванне. Святар тут жа выправіўся з ім у дарогу. Вахмістр, які не дапіў свайго куфля піва, раскурыў на развітанне яшчэ раз люльку і ўжо сабраўся нацягнуць цяжкія боты, як раптам заўважыў, што Мірка неадрыўна глядзіць на шахматную дошку з незакончанай партыяй.
— Ну што, можа, хочаш давесці партыю да канца? — жартаўліва папытаўся вахмістр, перакананы, што вечна сонны хлапец не ведае нават, як перастаўляць фігуры. Хлопчык баязліва зірнуў на яго, але сцвярджальна кіўнуў галавою і сеў на святарова месца. На чатырнаццатым ходзе вахмістр пацярпеў паражэнне і мусіў прызнацца, што яго паражэнне зусім не было вынікам якога-небудзь выпадковага зяўка. Другая партыя скончылася гэтаксама.
— Валаамава асліца! — усклікнуў, вярнуўшыся, здзіўлены святар і растлумачыў вахмістру, не надта добра знаёмаму з Бібліяй, што дзве тысячы гадоў таму назад адбыўся такі самы цуд, калі бязмоўная дагэтуль жывёліна раптам загаварыла, і да таго ж вельмі разумна. Нягледзячы на позні час, святар не мог утрымацца ад спакусы самому згуляць са сваім паўпісьменным выхаванцам. Мірка гэтак жа лёгка абыграў і яго. Гуляў ён павольна, зацята, ні разу не падняў ад дошкі шыракалобай галавы, але гуляў з непахіснаю ўпэўненасцю. У наступныя дні ні святар, ні вахмістр не змаглі ні разу перамагчы яго. Святара, які лепей, чым другія, ведаў безнадзейную разумовую адсталасць свайго выхаванца, сур'ёзна зацікавіла, ці зможа гэты аднабокі незвычайны талент вытрымаць больш цяжкае выпрабаванне. З дапамогаю вясковага цырульніка Мірка прывялі ў больш-менш прыстойны выгляд, абрэзаўшы саламяныя валасы, і святар звёз яго на санях у бліжэйшае мястэчка, дзе ў кавярні на галоўнай плошчы збіраліся мясцовыя аматары шахмат, гульцы, як ён ведаў са свайго горкага вопыту, больш моцныя за яго. З'яўленне святара з русявым чырванашчокім падлеткам выклікала немалую цікаўнасць у наведнікаў кавярні. Пакуль яго не паклікалі да шахматнага століка, Мірка стаяў у кутку, нясмела ўтаропіўшы вочы ў падлогу, так і не зняўшы кажушка і высокіх цяжкіх ботаў. Ён прайграў у першай партыі, бо добры святар ніколі не гуляў сіцыліянскай абароны. Наступная партыя з лепшым шахматыстам горада скончылася ўнічыю. Але трэцюю, чацвёртую і ўсе наступныя партыі з рознымі гульцамі Мірка выйграў адну за другою.
У невялічкіх правінцыяльных мястэчках Югаславіі вельмі рэдка адбываюцца хвалюючыя падзеі. Таму першае выступленне вясковага чэмпіёна выклікала сярод паважаных грамадзян сапраўдную сенсацыю. Аднадушна вырашылі, што вундэркінд павінен застацца ў горадзе да заўтра, каб можна было склікаць усіх астатніх членаў шахматнага клуба; і асабліва каб паведаміць пра гэтую падзею старому графу Зімчыцу, заўзятаму аматару шахмат, які жыў у сваім замку. У душы святара змагаліся два пачуцці — гордасць за свайго выхаванца і доўг, які зваў яго назад у вёску на нядзельнае набажэнства. Пачуццё доўгу перамагло, але святар згадзіўся пакінуць Мірку ў горадзе, каб выпрабаваць яго яшчэ раз. Шахматысты змясцілі маладого Чэнтавіча ў гатэлі, дзе ён упершыню ў жыцці ўбачыў сучасную прыбіральню. У нядзелю пасля абеду шахматны пакой быў перапоўнены.
Чатыры гадзіны Мірка нерухома сядзеў за шахматнаю дошкаю, не гаварыў ні слова, не падымаў вачэй і разбіваў аднаго саперніка за другім. Нарэшце яму прапанавалі сеанс адначасовай гульні. Спатрэбілася нямала часу, каб растлумачыць недасведчанаму хлапцу, што яму трэба гуляць адразу супраць некалькіх гульцоў. Але як толькі ён уясніў сабе, чаго ад яго хочуць, ён тут жа ўзяўся за справу і пачаў хадзіць ад стала да стала, паволі перастаўляючы цяжкія скрыпучыя боты; нарэшце ён выйграў сем партый з васьмі.
Пасля гэтага пачалася сур'ёзная нарада. Строга кажучы, новы чэмпіён не быў жыхаром мястэчка, тым не менш мясцовы патрыятызм быў зачэплены за жывое. Можа, у малюсенькага мястэчка, якое наўрад ці было адзначана на карце, нарэшце-такі з'явіцца шанц назвацца радзімаю славутасці. Імпрэсарыа па прозвішчы Колер, які забяспечваў шансанеткамі і спявачкамі мясцовае афіцэрскае казіно, заявіў, што ён згодзен арганізаваць хлапцу на працягу года ўрокі ў свайго венскага знаёмага, неблагога знаўцы шахматнай гульні, калі знойдуцца грошы, каб заплаціць за навучанне. Грошы адразу ж згадзіўся даць граф Зімчыц — бо за шэсцьдзесят гадоў штодзённай гульні ў шахматы яму ні разу не даводзілася змагацца з такім надзвычайным сапернікам. З гэтага дня пачалася кар'ера сына дунайскага лодачніка.
Праз паўгода Мірка авалодаў усімі сакрэтамі шахматнай тэхнікі; праўда, адно яму не давалася — гэта пазней было заўважана спецыялістамі і часта выклікала іх насмешкі. Ніводнай партыі Чэнтавіч не мог запомніць, — кажучы на мове прафесіяналаў, не мог гуляць усляпую. Ён быў абсалютна няздольны ўзнавіць у сваім уяўленні шахматную дошку. Яму абавязкова трэба было мець перад вачамі сапраўдную дошку з шасцюдзесяццю чатырма чорнымі і белымі квадратамі і трыццаццю дзвюма фігурамі; нават калі ён зрабіўся сусветнаю славутасцю, ён нязменна насіў з сабою складаныя кішэнныя шахматы, каб мець магчымасць у любы момант наглядна ўзнавіць патрэбную яму класічную партыю ці рашыць цікавую задачу. Хоць сам па сабе гэты дэфект не быў асабліва важны, ён тым не менш сведчыў пра недахоп фантазіі і выклікаў ажыўленую гаворку ў колах дасведчаных людзей — такая гаворка ўзнікае, напрыклад, у асяроддзі музыкантаў, калі выяўляецца, што выдатны віртуоз або дырыжор не можа іграць ці дырыжыраваць па памяці, без нотаў. Але гэтая дзіўная ўласцівасць не перашкодзіла надзвычайнаму поспеху Міркі. У семнаццаць гадоў у яго ўжо было з дзесятак розных прызоў, у васемнаццаць ён стаў чэмпіёнам Венгрыі і, нарэшце, у дваццаць — чэмпіёнам свету. Самыя выдатныя шахматысты, якія, бясспрэчна, далёка перавышалі яго розумам, палётам фантазіі і смеласцю, не змаглі супрацьстаяць яго жалезнай, халоднай логіцы, як не мог Напалеон супрацьстаяць цяжкаму на пад'ём Кутузаву і Ганібал — Фабію Кунктатару, у якога, па сведчанні Лівія, рысы апатыі і прыдуркаватасці выразна выяўляліся ўжо ў раннім дзяцінстве. І таму атрымалася, што ў бліскучай плеядзе выдатных шахматыстаў, сярод якіх былі значныя прадстаўнікі ў самых розных галінах інтэлектуальнай працы — філосафы, матэматыкі, людзі з мастацкім чуццём, вынаходніцкімі здольнасцямі і нярэдка творчым талентам, — упершыню аказаўся абсалютны чужаніца — хмурны, маўклівы неразвіты вясковы хлапец. Самыя спрытныя журналісты не маглі выцягнуць з яго ні слова, якое можна было б скарыстаць для якога-небудзь артыкула. Калі Чэнтавіч быў вінен газетам вострыя словы, то замест іх ён даваў шчодрую спажыву мноству анекдотаў пра сябе. Варта яму было толькі ўстаць з-за шахматнай дошкі, дзе ён не ведаў сабе роўных, як ён адразу ж рабіўся забаўнаю, ледзь не камічнаю фігураю. Нягледзячы на бездакорны гарнітур, шыкарны гальштук і шпільку з занадта кідкаю жамчужынаю і старанна наманікюраныя ногці, ён заставаўся ў паводзінах і манерах такім жа, як і ранай — абмежаваным вясковым хлапцом, які яшчэ нядаўна падмятаў кухню ў святара. Выкарыстоўваючы свой талент і славу, ён стараўся зарабіць як мага болей грошай, праяўляў пры гэтым дробязную і нярэдка грубую прагнасць. Рабіў ён усё гэта з бессаромнаю адкрытасцю, якая выклікала раздражненне і пастаянныя насмешкі ў калег. Падарожнічаючы з горада ў горад, ён спыняўся ў самых танных гатэлях, згаджаўся гуляць у любым шахматным клубе, які гатовы быў заплаціць яму ганарар, прадаў фабрыканту мыла права змяшчаць свой партрэт на рэкламных аб'явах і, не звяртаючы ўвагі на пагардлівыя насмешкі сапернікаў, якія ведалі, што ён няздольны напісаць без памылак тры сказы, выдаў пад сваім імем кнігу «Філасофія шахматнай гульні» — напісаў яе бедны галіцыйскі студэнт па заказе аднаго прадпрымальнага выдаўца. Як звычайна бывае з людзьмі такога складу, Чэнтавіч цалкам быў пазбаўлены пачуцця гумару; стаўшы чэмпіёнам свету, ён пачаў лічыць сябе самым важным чалавекам на свеце. Усведамленне таго, што ён здолеў перамагчы ўсіх гэтых разумных і культурных людзей, бліскучых прамоўцаў і пісьменнікаў на іх уласным полі, і перш за ўсё той відавочны факт, што ён зарабляе больш за іх грошай, ператварылі яго ранейшую няўпэўненасць у халодную, адкрыта паказную ганарыстасць.
— Ці ж дзіўна, што лёгка здабытая слава закружыла вось такую пустую галаву, — скончыў мой сябар і прывёў некалькі класічных прыкладаў амаль дзіцячага славалюбства Чэнтавіча. — Чаму ж дваццаціаднагадоваму хлапцу з Баната не стаць звышпыхлівым, калі, рухаючы на дошцы фігуркі, ён можа за тыдзень зарабіць болей, чым уся яго вёска за цэлы год на лесапавале ці на якіх-небудзь іншых цяжкіх работах. І потым, шчыра кажучы, вельмі лёгка лічыць сябе вялікім чалавекам, калі ў тваёй галаве няма і следу думкі пра тое, што на свеце жылі калісьці Рэмбрант, Бетховен, Дантэ і Напалеон. Гэты хлапец ведае ў сваім абмежаваным мозгу толькі адно: ужо каторы месяц ён не прайграў ніводнай партыі. А не маючы аніякага ўяўлення пра тое, што на свеце існуюць іншыя вартасці, апроч шахмат і грошай, ён мае ўсе падставы быць у захапленні ад уласнае асобы.
Сябраў расказ, вядома, выклікаў у мяне вялікую цікавасць. Я ўсё жыццё цікавіўся рознымі відамі манаманаў — людзей ва ўладзе адной-адзінай ідэі, бо чым вужэй рамкі, якімі абмяжоўвае сябе чалавек, тым больш ён у пэўным сэнсе набліжаецца да бясконцасці. Якраз такія вонкава абыякавыя да ўсяго на свеце людзі ўпарта, як мурашкі, будуюць з нейкага асаблівага матэрыялу свой ні на што не падобны маленькі свет, які здаецца ім паменшаным адлюстраваннем сусвету. Таму я не схаваў ад сябра свайго намеру — пастарацца за час дванаццацідзённага падарожжа да Рыа бліжэй пазнаёміцца з гэтаю асобаю, надзеленаю такімі аднабаковымі здольнасцямі.
— Але наўрад ці гэта вам удасца, — папярэдзіў мяне сябар. — Наколькі я ведаю, яшчэ нікому не ўдалося вывудзіць з Чэнтавіча хоць крыху матэрыялу, прыдатнага на псіхалагічныя вывады. Пры ўсёй сваёй неверагоднай абмежаванасці гэты хітры селянін дастаткова разумны, каб не паказваць сваіх слабасцяў. Спосаб у яго просты: за выключэннем землякоў, дый то людзей свайго ўзроўню, з якімі ён сустракаецца ў танных гатэлях, Чэнтавіч пазбягае пачынаць з кім-небудзь размову. Адчуўшы, што перад ім адукаваны чалавек, ён адразу, як смоўж, хаваецца ў сваю ракавіну; таму ніхто не можа пахваліцца, што чуў ад яго нейкае глупства і здолеў ацаніць усю глыбіню яго невуцтва.
Мой сябар, здавалася, меў рацыю. Завязаць знаёмства з Чэнтавічам у першыя дні нашага падарожжа аказалася немагчыма — хіба толькі трэба было праявіць нахабства, — але я не прыхільнік такіх метадаў. Часам ён выходзіў на верхнюю палубу і гуляў там, заўсёды з рукамі за спінаю, паглыблены ў горды роздум, зусім як Напалеон на вядомым партрэце; але, гуляючы па палубе, ён заўсёды так спяшаўся, што мне, каб дасягнуць свае мэты, прыйшлося б бегчы за ім трушком. Ён ніколі не паказваўся ў гасцінай, у бары ці ў курыльным салоне; сцюард, ад якога я даведаўся пра гэта пад сакрэтам, сказаў мне, што большую частку дня ён праводзіць у сябе ў каюце за вялікаю шахматнаю дошкаю, разбірае згуляныя партыі ці рашае шахматныя задачы.
Праз тры дні я пачаў ужо сапраўды злавацца, што абарончая тактыка Чэнтавіча аказалася мацнейшай за маё жаданне як-небудзь да яго дабрацца. Дагэтуль мне не даводзілася сустракацца з выдатнымі шахматыстамі; і чым больш я стараўся зразумець гэты тып людзей, тым недаступнейшаю майму розуму здавалася праца чалавечага мозгу, якая цалкам сканцэнтравалася на невялічкай прасторы, раздзеленай на шэсцьдзесят чатыры чорныя і белыя квадраты.
З асабістага вопыту я быў знаёмы з таямнічаю чароўнасцю «каралеўскай гульні», адзінай з гульняў, прыдуманых чалавекам, якая не залежыць ад капрызу выпадку і ўвенчвае лаўрамі толькі розум, ці, дакладней, асобую форму разумовай адоранасці. Але ці ж не з'яўляецца вузкае азначэнне «гульня» абразаю шахматам? А можа, яны навука, нейкае мастацтва, нешта прамежкавае, што лунае паміж гэтымі двума паняццямі, як лунае паміж небам і зямлёю Магаметава труна; у гэтай гульні спалучаюцца самыя супярэчлівыя паняцці: яна і старажытная, і вечна новая; механічная ў сваёй аснове, але прыносіць поспех толькі таму, у каго ёсць фантазія; абмежаваная нерухомай геаметрычнай прасторай — і разам з тым бясконцая ў сваіх камбінацыях; яна няспынна развіваецца — і ўсё-такі зусім бясплодная; думка без вываду, матэматыка без выніку, мастацтва без твораў, архітэктура без камянёў. І тым не менш гэтая гульня вытрымала выпрабаванне часам лепей, чым усе кнігі і ўсё створанае людзьмі, гэта адзіная гульня, якая належыць усім народам і ўсім эпохам, і ніхто не ведае імя боства, якое прынесла яе на зямлю, каб развейваць нуду, удасканальваць розум, весяліць душу. Дзе пачатак яе і дзе канец? Яе простыя правілы можа вывучыць кожнае дзіця, у ёй спрабуе свае сілы любы аматар, і ў той жа час у яе нязменна цесных квадратах нараджаюцца зусім адметныя, ні з кім не параўнальныя майстры — людзі, адораныя выключна шахматнымі здольнасцямі; гэта асаблівыя геніі, якім палёт фантазіі, настойлівасць і майстэрства дакладнасці ўласцівыя не менш, чым матэматыкам, паэтам і кампазітарам — толькі ў іншым спалучэнні і з іншаю накіраванасцю. Раней, у час захаплення фізіянамічнымі даследаваннямі, які-небудзь Галь мусіў бы ў першую чаргу даследаваць галаўны мозг такіх геніяльных шахматыстаў, каб выявіць, ці няма ў шэрым рэчыве мозгу асаблівай звіліны, ці няма там якога-небудзь асаблівага шахматнага нерва або шахматнай шышкі. І якую цікаўнасць выклікаў бы ў фізіянаміста такі індывідуум, як Чэнтавіч, у каго гэтая асаблівая геніяльнасць угняздзілася ў мозгу, зусім некранутым і вялым, — як у глыбе пустой горнай пароды хаваецца адна-адзіная залатая жылка. У прынцыпе я разумеў, што такая па-свайму адзіная геніяльная гульня не магла не спараджаць і адпаведных славутасцей, і ўсё-такі мне было заўсёды цяжка, амаль немагчыма ўявіць сабе жыццё чалавека з дзейным розумам, які абмежаваў бы свой свет невялікаю бела-чорнаю прастораю і задаволіўся б толькі тым, што радасць у жыцці знаходзіў бы адно ў перасоўванні сюды і туды трыццаці дзвюх фігур. Я не мог зразумець псіхалогіі чалавека, які верыць у тое, што ход канём, а не пешкай у новым дэбюце можа прынесці яму славу і забяспечыць месцейка сярод бессмяротных, — хай толькі ў кароценькай заўвазе дзе-небудзь у настаўленні па шахматнай гульні, — чалавека, мыслячага чалавека, які, не будучы вар'ятам, на працягу дзесяці, дваццаці, трыццаці, сарака гадоў зноў і зноў аддае ўсю сілу свайго розуму бязглуздаму занятку — загнаць у вугал драўлянай дошкі драўлянага караля.
І вось нарэшце, упершыню ў жыцці, зусім блізка ад мяне, на адным караблі, усяго праз шэсць кают, апынуўся адзін з такіх феноменаў — выключны геній ці, можа, загадкавы дурань, а я, няшчасны чалавек, у якога жаданне пакапацца ў інтэлектуальных рэчах перарасло ў манію, ніяк не мог пазнаёміцца з ім. Я пачаў прыдумваць самыя хітрыя падыходы: то збіраўся сыграць на яго славалюбстве і папрасіць інтэрв'ю для ўплывовай газеты, то разлічваў на яго прагнасць і прапаноўваў яму прыняць удзел у выгадным турніры ў Шатландыі. Нарэшце мне прыйшоў у галаву выпрабаваны прыём паляўнічых, якія падзываюць глушцоў, імітуючы іх вабны кліч. Што, зрэшты, можа быць самым пераканаўчым, каб прыцягнуць да сябе ўвагу шахматнага маэстра, як не пачаць гуляць у шахматы самому?
Я ніколі не гуляў у шахматы сур'ёзна па той простай прычыне, што я заўсёды лічыў шахматы забаваю, і не болей; калі ж я і баўлю часам гадзіну за шахматнаю дошкаю, то зусім не дзеля таго, каб стамляць свой мозг, а наадварот, каб развеяцца пасля напружанай разумовай працы. Я ў поўным сэнсе гэтага слова «гуляю» ў шахматы, у той час як другія, сапраўдныя шахматысты, «сур'ёзняцца» ў іх, калі ўжываць незвычайнае, новае словаўтварэнне. Шахматы, як і каханне, патрабуюць партнёра, а я яшчэ нават не высветліў, ці ёсць на параходзе аматары гэтай гульні, акрамя мяне і Чэнтавіча. Каб выцягнуць іх з нор, я падрыхтаваў у курыльным салоне прымітыўную пастку: у якасці прынады за шахматны столік селі я і жонка, хоць яна гуляе яшчэ горш за мяне. І, канечне, варта нам было зрабіць некалькі хадоў, як каля нас ужо спыніўся адзін пасажыр, потым яшчэ адзін спытаўся дазволу паглядзець на гульню; а неўзабаве знайшоўся і жаданы партнёр, які прапанаваў мне згуляць з ім партыю. Звалі яго Мак Конар, ён быў горны інжынер з Шатландыі. Я даведаўся, што на нафтавых свідравінах у Каліфорніі ён сабраў вялікае багацце. Мак Конар быў здаравяк з квадратнымі сківіцамі і моцнымі зубамі. Чырвань на твары, несумненна, сведчыла аб празмерным ужыванні віскі, а вельмі шырокія плечы гэтага атлета сведчылі аб яго характары і даволі непрыемна ўздзейнічалі на нас пад час гульні. Бо містэр Мак Конар належаў да той катэгорыі самаўпэўненых, разбалаваных поспехам людзей, якія любое паражэнне, нават у самым бяскрыўдным спаборніцтве, успрымаюць не інакш, як удар па сваім самалюбстве. Гэтага вялізнага чалавека, які ўсім быў абавязаны толькі самому сабе, які прывык напралом прабівацца да мэты, настолькі перапаўняла пачуццё ўласнай перавагі, што любую перашкоду ён лічыў недапушчальным выклікам сабе, ледзь не знявагаю. Пасля пройгрышу ў першай партыі ён спахмурнеў і пачаў грунтоўна, дыктатарскім тонам растлумачваць, што гэтага не адбылося б, каб не выпадковая няўважлівасць. Адказнасць за пройгрыш трэцяй партыі ён усклаў на шум у блізкай гасцінай; ніводнай прайгранай партыі ён не жадаў пакідаць без рэваншу. Спачатку яго крыўдлівасць забаўляла мяне, але потым я ўспрыняў яе як непазбежную акалічнасць, звязаную з дасягненнем маёй уласнай мэты — прывабіць да стала чэмпіёна свету.
На трэці дзень мая задума здзейснілася, хоць і не поўнасцю. Можа, Чэнтавіч убачыў нас за шахматамі праз ілюмінатар, які выходзіў на верхнюю палубу, ці, можа, ён проста вырашыў ушанаваць сваёй прысутнасцю курыльны салон, — ва ўсякім разе, як толькі чэмпіён заўважыў, што ў сферу ягонага мастацтва асмеліліся ўварвацца непасвячоныя, ён міжвольна падышоў бліжэй і, трымаючыся на значнай адлегласці, кінуў дапытлівы позірк на дошку. Быў ход Мак Конара. Аднаго яго ходу аказалася дастаткова, каб Чэнтавіч адразу зразумеў, як мала цікавасці маюць для яго, маэстра, нашы аматарскія намаганні. З нядбайным жэстам, якім звычайна адмахваюцца ад прапанаванага ў кніжнай краме дрэннага дэтэктыўнага рамана, нават не пагартаўшы яго, чэмпіён адвярнуўся і выйшаў з салона.
[29] Бібліятэка нямецкай эратычнай і займальнай літаратуры (лац.).
[30] Кнігі маюць свой лёс (лац.).