Як няшлюбнае дзіця, яе выхавалі на сродкі абшчыны; ужо ў дванаццаць гадоў яна нанялася ў хатнія служанкі, потым стала пасудніцай на рамізніцкім заезным двары, дзе звярнула на сябе ўвагу шалёнаю працавітасцю; гэта дазволіла ёй узняцца нарэшце да кухаркі ў салідным турысцкім гатэлі. Дзень пры дні Крэсчэнца ўставала ў пяць гадзін раніцы і да позняй ночы скрэбла, падмятала, шаравала, паліла ў грубцы, чысціла шчоткаю, прыбірала, гатавала абед, мясіла, качала і прасавала бялізну, мыла і бразгала посудам. Ніколі не брала выхаднога дня, нікуды не хадзіла, акрамя царквы; сонца замяняў ёй агнявы круг фаеркі, а лес — тысячы і тысячы паленаў, наколатых ёю за доўгія гады.
Мужчыны не дакучалі ёй — ці таму, што чвэрць стагоддзя цяжкай працы вытруцілі з яе ўсё жаноцкае, ці таму, што яна сама рэзка і коратка клала канец усім спробам збліжэння. Яе адзінаю радасцю былі наяўныя грошы, якія яна збірала з прагнаю настойлівасцю сялянкі і фанатызмам адзінокай жанчыны, якая не жадае на старасці зноў давіцца горкім хлебам грамадскага апекавання ў якой-небудзь багадзельні. Толькі за грошы гэтая істота з прытупленымі пачуццямі ў трыццаць сем гадоў упершыню адважылася пакінуць сваю цірольскую радзіму. Прафесійная пасрэдніца па найме служанак, якая праводзіла летні адпачынак у тых мясцінах і бачыла, як Крэсчэнца з раніцы да вечара надрывалася на кухні і ў пакоях, перацягнула яе ў Вену, паабяцаўшы двайное жалаванне. Ехалі чыгункаю, за ўсю дарогу Крэсчэнца не сказала ні слова; цяжкі кош са сваім дабром яна трымала на каленях і, хоць ногі моцна нылі, адхіляла ўсе прапановы суседзяў прыладзіць яе на багажнай сетцы, бо крадзеж і падман былі адзінымі ўяўленнямі, якія ў яе непаваротлівым сялянскім розуме звязваліся з думкаю аб сталічным горадзе. У Вене, у першыя дні, яе прыходзілася вадзіць на рынак, бо яна баялася экіпажаў, як карова баіцца аўтамабіля. Але калі яна прывыкла да чатырох вуліц, што вялі да рынка, яна стала выдатна абыходзіцца без чужой дапамогі; утаропіўшы вочы ў зямлю, трухала з кашом ад дзвярэй да рынку і зноў прыбірала, паліла ў грубцы, поркалася гэтаксама каля новай пліты, як і раней каля старой, не заўважаючы ніякай перамены. У дзевяць гадзін вечара, па вясковай завядзёнцы, яна клалася спаць, спала, як жывёліна, з адкрытым ротам, да самай раніцы і прачыналася толькі ад гучнага звону будзільніка. Ніхто не ведаў, ці задаволена Крэсчэнца новым месцам, а можа, і яна сама гэтага не ведала; яна ні з кім не зблізілася, у адказ на распараджэнні толькі няясна бурчала «добра, добра» ці, калі была не згодная, наравіста пацепвала плячамі. На суседзяў і другіх служанак яна проста не звяртала ўвагі; насмешлівыя позіркі яе болей легкадумных таварышак скочваліся з яе абыякавасці, як вада з дублёнай скуры. Толькі неяк, калі адна служанка пачала перадражніваць яе цірольскую гаворку і, нягледзячы на ўпартае маўчанне Крэсчэнцы, доўга не адставала ад яе, яна раптам выхапіла з топкі гарачую галавешку і кінулася на дзяўчыну, якая адчайна закрычала ад страху. З той пары ўсе сцерагліся яе гневу, і ніхто болей не асмельваўся насміхацца з яе.
Кожную нядзелю раніцаю Крэсчэнца надзявала шырокую, з хвандамі, спадніцу, якая тапырылася на ёй, і пляскаты вясковы каптур і ішла ў царкву. І адзін толькі раз, у свой першы вольны дзень у Вене, яна пайшла на прагулку. Але ў трамвай яна не села, а пайшла асцярожна пешшу па мітуслівых ажыўленых вуліцах. Яна па дарозе не бачыла нічога, акрамя мураваных сцен, і таму дабралася толькі да Дунайскага канала; тут яна пастаяла крыху, паглядзела, як на нешта даўно знаёмае, на імклівую плынь, потым павярнулася і пайшла той самай дарогаю назад, трымаючыся бліжэй да дамоў і з апаскаю пазбягаючы праезнай дарогі. Гэтая першая і адзіная прагулка, відаць, расчаравала яе, бо з таго часу яна ў нядзелю ніколі болей не выходзіла з дому, а лічыла за лепшае сядзець каля акна і шыць або, склаўшы рукі, проста глядзець на вуліцу. І таму сталіца не ўнесла ў яе жыццё ніякіх змен; даўно заведзенае кола круцілася па-ранейшаму, з тою толькі розніцаю, што цяпер у канцы месяца замест дзвюх сініх паперак у яе агрубелых, патрэсканых ад працы за плітою руках было чатыры. Гэтыя крэдыткі яна кожны раз разглядала доўга і недаверліва, старанна разгортвала іх, потым амаль пяшчотна разгладжвала і нарэшце хавала ў жоўтую разную шкатулку, прывезеную з вёскі. Гэтая нязграбная драўляная скрыначка была яе галоўнаю таямніцаю, сэнсам усяго жыцця. Ключ ад шкатулкі яна клала ўночы пад падушку. Куды яна хавала яго ўдзень, ніхто ў доме не ведаў.
Такою была гэтая дзіўная чалавечая істота (назавём яе так, хоць менавіта чалавечыя рысы толькі цьмяна і прыглушана акрэсліваліся ў яе паводзінах), але, мабыць, толькі засланіўшыся шорамі і шчыльна замкнуўшы ўсе пачуцці, можна было вытрываць службу ў не менш дзіўным доме маладога барона Ф. Звычайна слугі вытрымлівалі напружаную атмасферу ў ім не даўжэй тэрміну, які належала працаваць па законе — ад заняцця пасады да звальнення пасля заканчэння вызначанага часу. Раздражнёны, узрушаны да істэрыкі тон задавала гаспадыня. Гэтая пераспелая дачка багатага эсэнскага фабрыканта, якая пазнаёмілася на курорце з прыгожым маладым баронам (не вельмі радавітым і з пустою кішэняю), спешна ажаніла на сабе шмат малодшага за яе абаяльнага выглянцаванага шалапута-арыстакрата. Але ледзь мінуў мядовы месяц, як маладая ўжо мусіла прызнацца сабе, што мелі рацыю яе бацькі, якія хутчэй аддалі б перавагу больш саліднаму і дзелавому зяцю і таму былі супраць паспешнага шлюбу. Бо, не кажучы ўжо пра ўтоеныя даўгі, вельмі скора высветлілася, што муж хутка астыў і куды болей увагі звяртае на свае халасцяцкія забавы, чым на шлюбныя абавязкі; зусім нязлосны, нават дабрадушны, як і ўсе легкадумныя людзі, барон, аднак, не абцяжарваў сябе правіламі маралі, а да ўсякага разумнага змяшчэння капіталу гэты паўарыстакрат ставіўся з пагардаю, як да сведчання плебейскай вузкасці і скнарлівасці. Ён шукаў лёгкага жыцця, яна — трывалай, саліднай хатняй утульнасці, як у рэйнскіх мяшчан. Гэта абурала барона, а калі высветлілася, што, нягледзячы на яе багацце, любую больш-менш значную суму трэба выкленчваць у ашчаднай жонкі і да таго ж яна адмовілася выканаць яго самае моцнае жаданне — завесці скакавую канюшню, ён ужо не бачыў ніякіх падстаў лічыць сябе мужам гэтай нязграбнай касцістай жыхаркі паўночнай Германіі, чый гучны катэгарычны голас непрыемна рэзаў слых. Ён проста, як кажуць, даў ёй адстаўку і без грубасці, але вельмі рашуча аддаліў ад сябе абражаную жанчыну. Калі яна спрабавала папракаць яго, ён ветліва і, здавалася, нават спагадліва выслухоўваў яе, але варта было ёй скончыць сваю казань, як ён адмахваўся ад яе горкіх папрокаў, як ад цыгарэтнага дыму, і рабіў што хацеў. Гэтая бездакорная, амаль афіцыйная ветлівасць злавала расчараваную жанчыну болей, чым адкрытае супраціўленне. Супраць яго нязменна далікатнай, ніколі грубай, проста-такі вытанчанай ласкавасці яна была бяссільная і таму спаганяла назапашаны гнеў на другіх: усю сваю — зрэшты, зусім зразумелую — злосць на бязвіннай чэлядзі. Вынікі не прымусілі сябе чакаць: за два гады ў яе змянілася цэлых шаснаццаць служанак, прычым змене адной з іх папярэднічала знявага дзеяннем, і толькі з дапамогаю вельмі значнай кампенсацыі ўдалося ўладзіць непрыемную справу.
У гэтай сямейнай буры толькі адна Крэсчэнца, як рамізніцкі конь пад праліўным дажджом, захоўвала несакрушальны спакой. Яна ніколі не станавілася на чый-небудзь бок, не цікавілася ніякімі зменамі вакол сябе і, мусіць, не заўважала, што ў чужых істот, з якімі яна дзяліла чалядню, раз-пораз мяняліся імёны, колер валасоў, пах цела і звычкі. Сама яна ні з кім не гаварыла і не звяртала ніякай увагі на сярдзітае груканне дзвярамі, на перарваныя абеды, істэрычныя прыпадкі і непрытомнасць. Яна дзелавіта і раўнадушна хадзіла з кухні на рынак і з рынку назад на кухню; тое, што адбывалася па-за гэтым трывала абгароджаным колам, не цікавіла яе. Быццам мерныя ўзмахі нястомнага цэпа, адзін за другім бясконцаю чарадою праходзілі яе дні; так пражыла яна два гады ў вялікім горадзе, без ніякіх прыгод, і нічога не змянілася ў яе маленькім унутраным свеце, толькі пачак сініх крэдытак у скрыначцы патаўшчэў на цэлую цалю, і калі Крэсчэнца пад канец года, паслініўшы палец, пералічвала паперкі, яна бачыла, што ўжо недалёка да запаветнай тысячы крон.
Але выпадак карыстаецца дыяментавым свердзелам, а лёс ведае мноства хітрасцей і нярэдка з самага неспадзяванага боку падступаецца да цвёрдакаменных, здавалася б, натур і трасе іх дашчэнту. Вонкавай зачэпкай для гэтай у жыцці Крэсчэнцы паслужыла акалічнасць, амаль гэтак жа прыкметная, як і яна сама: пасля дзесяцігадовага прамежку ўлады разважылі, што зноў прыйшоў час правесці перапіс насельніцтва, і ва ўсе дамы разаслалі вельмі доўгія і складаныя анкеты, каб атрымаць дакладныя звесткі аб жыхарах. Не разлічваючы на чытэльнасць почырку і веданне арфаграфіі сваіх слуг, барон палічыў за лепшае асабіста запоўніць усе графы і таму паклікаў у свой кабінет і Крэсчэнцу. І вось калі яна, адказваючы на баронавы пытанні, назвала сваё імя, узрост і месца нараджэння, выявілася, што ён, заўзяты паляўнічы і сябар тамашняга памешчыка, часта біў казуль у гэтым глухім альпійскім кутку, і аднаго разу яго суправаджаў на паляванні цэлых два тыдні праваднік з яе роднае вёскі. А калі ў дадатак выявілася, што гэты самы праваднік даводзіцца Крэсчэнцы дзядзькам, а барон быў у дабрадушным настроі, то паміж імі з гэтай выпадковай нагоды завязалася доўгая размова, падчас якой яны зрабілі яшчэ адно дзіўнае адкрыццё, менавіта: у тым самым гатэлі, дзе Крэсчэнца працавала кухаркаю, барону аднаго разу падалі выдатна прыгатаваную аленіну; усё гэта, канечне, была драбяза, хоць і незвычайная з-за яе выпадковасці, але Крэсчэнцы, якая ўпершыню ўбачыла ў горадзе чалавека, знаёмага крыху з яе радзімаю, яна здалася проста цудам. Яна стаяла перад баронам уся чырвоная, усхвалявана-зацікаўленая, няўклюдна і задаволена адварочвалася, калі ён жартаваў з ёю і, пераймаючы цірольскую гаворку, пытаўся, ці ўмее яна спяваць з пералівамі, як у Ціролі, і да таго падобнае. Нарэшце ён развесяліўся ад сваіх забавак і, па вясковай звычцы, шлёпнуў яе па цвёрдым азадку і з усмешкаю сказаў на развітанне:
— Ну, ідзі, слаўная Чэнці, і вось табе яшчэ дзве кроны за тое, што ты з Цылерталя.
Зразумела, гэтае здарэнне само па сабе не было ні рамантычным, ні значным. Але на прытупленыя, быццам дрымотныя на дне душы пачуцці Крэсчэнцы пяціхвілінная размова з баронам уздзейнічала як камень, кінуты ў балота: толькі паволі, ляніва ўзнікалі кругі на паверхні, павольна, вельмі павольна і цяжка разыходзіліся яны, пакуль не дакрануліся да краю свядомасці. Упершыню за апошнія гады маўчання Крэсчэнца зноў пагаварыла шчыра з чалавекам, і звышнатуральным здаўся ёй збег акалічнасцей, што гэты першы чалавек, з якім яна пагаварыла, жыве вось тут у мураваным хаосе і ведае яе горы і нават аднаго разу пакаштаваў прыгатаваную ёю аленіну. Да таго ж гэты бесцырымонны пляскач па азадку, які, згодна з правіламі вясковага абыходжання, абазначае нешта накшталт лаканічнага запытання-заляцання да дзяўчыны. І хоць дзёрзкая думка, што гэты элегантны знатны пан папраўдзе можа звярнуцца да яе з падобным запытаннем, і не прыходзіла ёй у галаву, але яго фамільярны жэст разбудзіў у ёй нейкія цьмяныя летуценні.
І вось гэтая выпадковая размова паслужыла штуршком да таго, што ў глыбіні душы ў Крэсчэнцы пачаўся рух, які паступова, пласт за пластом, захапіў яе ўсю і нарэшце спачатку ледзь прыкметна, а потым усё выразней выклікаў новае нязведанае пачуццё — так бяздомны сабака раптам інстынктыўна з усіх двухногіх стварэнняў, што мітусяцца вакол яго, выбірае адно і прызнае яго сваім гаспадаром; з гэтага часу ён бегае за тым, каго над ім паставіў лёс, добраахвотна падпарадкоўваецца яму, сустракае яго гучным брэхам, віляючы хвастом, і паслухмяна ходзіць за ім усюды па пятах. Тое ж адбылося і з Крэсчэнцай: у яе ўнутраны свет, надзейна абмежаваны дагэтуль толькі пяццю прывычнымі паняццямі — грошы, рынак, кухонная пліта, царква і ложак, — раптам уварвалася нешта новае, што ўладарна патрабавала сабе месца, а ўсё старое гвалтоўна адсоўвала ўбок. І як сяляне не любяць расставацца з дабром, якое аднаго разу папала ў іх цвёрдыя рукі, так і Крэсчэнца прагна ўхапілася за гэтае новае пачуццё і глыбока схавала яго на дне сваёй дрымотнай свядомасці. Між іншым, гэтае пераўтварэнне выявілася не адразу, дый першыя адзнакі былі мала прыкметныя; напрыклад, яна чысціла вопратку і абутак барона з нейкім асаблівым, фанатычным стараннем, па-ранейшаму пакідаючы вопратку і абутак баранесы пад нагляд пакаёўкі; яе часта бачылі ў калідоры і панскіх пакоях; пачуўшы шчоўканне замка ў дзвярах, яна хуценька падавалася ў пярэднюю — узяць у барона паліто і палку. З падвоеным стараннем завіхалася яна на кухні і нават, з вялікімі намаганнямі, пытаючы невядомай ёй дарогі ў прахожых, дабралася да галоўнага рынку, каб дастаць на смажаніну кавалак аленіны. І яшчэ яна пачала ўважлівей сачыць за сваім вонкавым выглядам.
Прайшло каля двух тыдняў, перш чым паказаліся першыя расткі, якія пусціла ў яе ўнутраным свеце новае пачуццё. І патрабаваўся не адзін тыдзень на тое, каб поруч з ім вырасла яшчэ адно пачуццё, якое неўзабаве набыло выразную форму і афарбоўку. Гэтым другім пачуццём, якое служыла як бы дапаўненнем да першага, была спачатку падсвядомая, а потым паступова непрыкрытая, гарачая нянавісць да баронавай жонкі, да жанчыны, якая мела права жыць у яго доме, спаць і размаўляць з ім і тым не менш не плаціла яму за гэта такою адданаю пашанаю, якую адчувала да яго сама Крэсчэнца. Ці таму, што яна міжвольна пачала прыглядвацца да сваіх гаспадароў і стала аднаго разу сведкам сямейнай сцэны, у час якой яе кумір быў агідна зняважаны жонкаю, ці таму, што пагардліва-халоднае абыходжанне са слугамі надзьмутай паўночніцы было ўдвая нязносна Крэсчэнцы ў параўнанні з жартаўліваю фамільярнасцю барона, — так ці інакш, але гаспадыня, якая нічога не падазравала, пастаянна натыкалася на нейкае ўпартае процідзеянне Крэсчэнцы, на яе калючую, дрэнна прыхаваную варожасць. Так, баранесе прыходзілася сама мала два разы званіць, перш чым Крэсчэнца з наўмыснаю маруднасцю і яўнаю неахвотаю з'яўлялася па выкліку, пры гэтым яе энергічна прыўзнятыя плечы недвухсэнсава сведчылі аб гатоўнасці да рашучага адпору. Даручэнні і загады гаспадыні яна выслухоўвала ў панурым маўчанні, і баранеса ніколі не ведала, ці правільна Крэсчэнца зразумела яе; калі ж яна, на ўсякі выпадак, паўтарала свае словы, тая ў адказ толькі сярдзіта ківала галавою або пагардліва кідала: «Ды ўжо чула!» Або калі трэба было ўжо ісці ў тэатр і баранеса нервова насілася па пакоях, раптам прападаў патрэбны ключ, а праз паўгадзіны яго нечакана знаходзілі ў якім-небудзь кутку. Калі баранесе прасілі што-небудзь перадаць ці званілі па тэлефоне, Крэсчэнца заўсёды забывала паведаміць пра гэта; на роспыты і папрокі яна, не выказваючы ніякага шкадавання, толькі адказвала са злосцю: «А я забылася!» У вочы гаспадыні Крэсчэнца ніколі не глядзела — можа, баялася выдаць сваю нянавісць.
Між тым сямейныя сваркі не спыняліся, і паміж мужам і жонкаю разыгрываліся ўсё болей цяжкія сцэны; магчыма, незразумелая злосць Крэсчэнцы часткова была прычынаю раздражняльнасці баранесы, якая расла дзень у дзень. Занадта працяглае дзявоцтва, якое разладзіла яе нервы, горыч ад халоднасці да яе барона, задзірлівыя варожыя паводзіны слуг — усё гэта прывяло да таго, што разнерваваная ўсё болей траціла кантроль над сабою. Дарэмна яе шпігавалі бромам і вераналам; штучна стрыманае ўзбуджэнне з падвоенаю сілаю прарывалася ў час сутычак, і ўсё заканчвалася істэрычнымі прыпадкамі і плачам, прычым ніхто не спагадаў ёй і нават не спрабаваў паказаць, што шчыра хоча ёй дапамагчы. Нарэшце доктар, да якога звярнуліся за парадаю, параіў ёй паехаць на два месяцы ў санаторый. Звычайна вельмі няўважлівы муж з такою раптоўнаю заклапочанасцю адобрыў гэтую прапанову, што баранеса, якою зноў авалодаў недавер, спачатку не згадзілася ехаць. Але ўрэшце яе ўсё-такі пераканалі; было вырашана, што пакаёўка паедзе з гаспадыняю, а Крэсчэнца застанецца адна на ўсю вялікую кватэру абслугоўваць барона.
Вестка, што клопаты пра гаспадара будуць давераны ёй адной, уздзейнічала на непаваротлівы розум Крэсчэнцы як моцны ўзбуджальны сродак. Быццам усе жыццёвыя сокі гэтай жанчыны дагэтуль былі змешчаны ў чарадзейнай бутэлечцы, і цяпер, калі яе моцна страсянулі, з самых глыбінь яе істоты, з самага дна, паднялася затоеная страснасць і цалкам перайначыла яе. Ранейшую няўклюднасць як рукою зняло; ледзяны панцыр, які быццам скаваў яе, растаў, і рухі, хада ў яе сталі лёгкія і энергічныя. Наэлектрызаваная радаснаю весткаю, яна насілася па пакоях, бегала ўгору і ўніз па лесвіцы; не чакаючы распараджэнняў, памагала рыхтавацца да ад'езду, сама адна спакаваля ўсе чамаданы і занесла іх у карэту. А ўвечары, калі барон вярнуўся з вакзала і, аддаючы Крэсчэнцы палку і паліто, з уздыхам палёгкі сказаў: «Шчасліва выправадзіў!», адбылося нешта небывалае. Раптам вакол шчыльна сціснутых губ Крэсчэнцы, якія дагэтуль, як у жывёл, ніколі не смяяліся, пачалося нейкае дзіўнае пацепванне, рот скрывіўся, расцягнуўся, і нечакана яе твар асвяціўся такою дурнаватаю, радаснаю, жывёльна адкрытаю ўсмешкаю, што барона гэта непрыемна ўразіла, і ён моўчкі, саромеючыся сваёй недарэчнай фамільярнасці, пайшоў да сябе ў пакой.
Але гэтая мімалётная збянтэжанасць хутка знікла, і ўжо ў бліжэйшыя дні абодва, гаспадар і служанка, аднадушна цешыліся чароўным адчуваннем спакою і прыемнай свабоды. Ад'езд баранесы як бы разагнаў навіслыя над домам навальнічныя хмары; вольны муж, шчасліва збаўлены ад пастаяннага абавязку даваць справаздачу пра ўсе свае ўчынкі, ужо ў першы вечар прыйшоў дадому вельмі позна, і маўклівая паслужлівасць Крэсчэнцы незвычайна кантраставала з вельмі ўжо шматслоўным прыёмам, які звычайна аказвала яму жонка. Крэсчэнца ў сваю чаргу з вялікім стараннем завіхалася ў гаспадарцы: уставала на досвітку, да бляску начышчала ручкі і клямкі, як заведзеная, скрэбла і мыла, прыдумвала надзвычайна смачныя стравы, і ўжо ў першы дзень, за абедам, барон са здзіўленнем убачыў, што дзеля яго аднаго пастаўлены каштоўны сервіз са срэбра, які бралі з буфета толькі ў асабліва ўрачыстых выпадках. Барон наогул не вызначаўся ўважлівымі адносінамі да свайго атачэння, але і ён не мог не заўважыць клапатлівай, амаль пяшчотнай паслужлівасці гэтай дзіўнай істоты; а таму што з характару ён быў чалавек дабрадушны, то і не скупіўся на пахвалу. Ён хваліў прыгатаваныя ёю стравы, час ад часу звяртаўся да яе з прыветлівымі словамі, а калі аднаго разу раніцаю ў дзень баронавых імянін на стале з'явіўся цудоўны торт з яго ініцыяламі і гербам, высыпаным цукрам, ён весела засмяяўся і сказаў:
— Ты ж мяне зусім збалуеш, Чэнці! А што я буду рабіць, калі, не дай бог, зноў вернецца мая жонка?
Аднак барон яшчэ некалькі дзён стрымліваўся і не даваў сабе поўнай волі. Але потым ён па многіх прызнаках пераканаўся, што Крэсчэнца яго не выдасць, і завёў у доме дашлюбныя халасцяцкія парадкі. На чацвёрты дзень свайго саламянага ўдаўства ён паклікаў да сябе Крэсчэнцу і без доўгіх тлумачэнняў абыякавым тонам распарадзіўся, каб яна ўвечары падрыхтавала халодную вячэру на дзве асобы, а сама ішла спаць, — астатняе ён усё зробіць без яе. Крэсчэнца выслухала яго моўчкі, не маргнуўшы вокам; нельга было вызначыць, што яна зразумела сэнс яго слоў, што ён дайшоў да яе нізкага лба. Аднак вельмі хутка барон з вясёлым здзіўленнем пераканаўся, што Крэсчэнца добра ведала, што меў на ўвазе яе гаспадар, бо калі ён позна ўвечары вярнуўся з тэатра дадому з маладзенькай вучаніцай опернай студыі, то не толькі стол быў вытанчана сервіраваны і ўпрыгожаны кветкамі, але і ў спальні побач з яго ложкам быў падрыхтаваны нанач яшчэ адзін і госцю чакалі пантофлі і шаўковы шлафрок баранесы. Муж, які вырваўся на волю, мусіў міжвольна ўсміхнуцца, пабачыўшы такую выключную стараннасць служанкі. Усякая сарамлівасць перад гэтай вернай саўдзельніцай знікла сама па сабе, і ўжо раніцай ён паклікаў яе званком, каб яна памагла адзецца даме яго сэрца; гэта канчаткова замацавала іх маўклівую згоду.
Тады ж Крэсчэнца атрымала новае імя. Вясёлая баронава сяброўка, якая якраз у тыя дні развучвала партыю Эльвіры і жартам называла свайго палюбоўніка Дон Жуанам, аднаго разу з усмешкаю сказала яму: «Пакліч сюды сваю Лепарэлу!» Гэтае імя насмяшыла барона — бо яно ніяк не пасавала да сухарлявай ціролькі, — і з гэтага часу ён інакш не зваў яе, як Лепарэла. Крэсчэнца, упершыню пачуўшы непрывычнае слова, неўразумела падняла вочы, але, захопленая мілагучнасцю гэтага, хоць і незразумелага ёй імя, успрыняла перайменаванне з гордасцю, быццам ёй надалі ганаровае званне: кожны раз, калі барон весела клікаў яе новым імем, яе вузкія губы рассоўваліся, адкрываючы жоўтыя конскія зубы, і яна лісліва, быццам сабака, падыходзіла да свайго літасцівага ўладара, каб выслухаць яго загады.
Імя далі жартам, але будучая прымадона і не падазравала, як беспамылкова трапна яна ахрысціла баронаву служанку і як надзвычай дакладна гэтае імя вызначала дзіўную істоту, бо высахлая векавуха, якая не знала кахання, — падобна супольніку Дон Жуана Дапонтэ[26], знаходзіла нейкую незразумелую радасць у прыгодах свайго гаспадара.
Ці радавалася яна, што кожнае раніцы бачыла ложак ненавіснай гаспадыні раскінуты і зганьбаваны то адным, то другім маладым целам, ці ў ёй самой абуджаліся таемныя жаданні, але гэтая набожная, непрыступная старая векавуха з нейкаю шалёнаю гатоўнасцю памагала барону ў яго любоўных прыгодах. Сама яна, змардаваная дзесяцігоддзямі цяжкай працы, даўно стала істотаю бясполаю і цяпер грэлася каля чужога агню, з пажадлівасцю зводніцы праводзячы позіркам да дзвярэй спальні спачатку першую, потым другую, а потым і трэцюю госцю: нібы пратрава, уздзейнічала на яе дрымотную свядомасць гэтая ўзбуджальная вострая атмасфера, гэтае далучэнне да баронавых любоўных уцех. Крэсчэнца сапраўды ператварылася ў Лепарэлу і стала такою ж разбітною, жваваю і кемліваю, як і яе жыццярадасны цёзка; у яе з'явіліся зусім новыя, нечаканыя рысы, як быццам яны выраслі ў гарачай атмасферы руплівага саўдзельніцтва, — мноства маленькіх хітрыкаў, знаходлівасць, нешта пранырлівае, цікаўнае, насцярожанае і дзёрзкае. Яна падслухоўвала каля дзвярэй, заглядвала ў замочную шчыліну, абшнарвала пакоі і ложкі; учуўшы новую дзічыну, падштурхнутая дзіўным узбуджэннем, яна насілася ўгору і ўніз па лесвіцы, і мала-памалу гэтая вострая цікаўнасць, гэтае прагнае саўдзельніцтва ператварылі неадчувальную статую, якою яна здавалася дагэтуль, у нешта накшталт жывога чалавека. На здзіўленне ўсім суседзям, Крэсчэнца раптам зрабілася гаваркою: яна балбатала з пакаёўкамі, няўклюдна жартавала з паштальёнам, на рынку ўступала ў размову з гандляркамі, а аднаго разу ўвечары, калі на дварэ ўжо патухлі ліхтары, служанкі ў доме насупраць пачулі дзіўнае мурлыканне, якое даносілася са звычайна маўклівага акна: няўмела, скрыпучым голасам Крэсчэнца напявала адну з тых песенек, якія ўвечары спяваюць цірольскія пастушкі на альпійскіх пашах; нязладжана, цяжка, быццам спатыкаючыся, вырывалася няхітрая мелодыя з неспрактыкаваных вуснаў, і ўсё-такі ў ёй чуваць было нешта замілаванае і далёкае. Упершыню з часу дзяцінства Крэсчэнца спрабавала спяваць, і гэтыя няўпэўненыя гукі, якія з цяжкасцю прабіваліся на святло з цемры страчаных гадоў, міжвольна бралі за сэрца. Менш за ўсіх заўважаў перамену ў Крэсчэнцы барон — ненаўмысны віноўнік гэтага дзівоснага пераўтварэння, бо хто ж аглядваецца на свой цень? Ведаеш, што ён увесь час бясшумна ідзе за табою па пятах, калі-нікалі забягае наперад, быццам яшчэ неўсвядомленае жаданне, але як рэдка чалавек прыглядаецца да яго і спрабуе пазнаць самога сябе ў гэтым недарэчна перакручаным абліччы! Барон нічога не бачыў у Крэсчэнцы, акрамя таго, што яна заўсёды была гатовая да паслуг, маўклівая, надзейная і самазабыўна адданая. Ён асабліва цаніў якраз гэтую маўклівую заўсёдную пачцівасць у самых рызыкоўных сітуацыях; часам спагадліва, быццам гладзіў сабаку, кідаў прыветлівае слова, іншы раз дазваляў сабе пажартаваць з ёю, нават гулліва тузаў за вуха, а то і дарыў крэдытку ці білет у тэатр — яму драбяза, якую ён, не раздумваючы, выцягваў з кішэні камізэлькі, а ёй — рэліквіі, якія яна свята захоўвала ў сваёй скрыначцы. Паступова ён прывык думаць услых пры Крэсчэнцы, даваў ёй усё больш складаныя даручэнні; і чым больш ён давяраў ёй, тым больш старанна і ўдзячна яна служыла яму. У яе ўсё мацней развіваўся нейкі дзіўны інстынкт, нешта падобнае на нюх ганчака — яна ўвесь час вынюхвала, высочвала і вышуквала самыя нязначныя баронавы жаданні і не толькі выконвала, але нават і папярэджвала іх; усё яе жыццё, уласныя планы і надзеі быццам перайшлі ў барона; яна на ўсё глядзела яго вачамі, слухала яго вушамі, дзяліла яго прыгоды і радасці ў нейкім амаль ненармальным натхненні. Яна ўся ззяла, калі гаспадар прыводзіў яшчэ адну новую жанчыну, і з яўным расчараваннем, амаль з крыўдаю ад няспраўджаных надзей сустракала яго, калі ён вяртаўся дадому без каханкі — яе калісьці сонны розум працаваў цяпер гэтак жа спрытна і імкліва, як раней працавалі толькі рукі, а ў вачах гарэў жывы, дапытлівы агеньчык. У загнанай, змардаванай цяжкаю працаю клячы абудзіўся чалавек, але чалавек цёмны, скрытны, хітры і небяспечны, поўны каварных намераў і гатовы на любыя інтрыгі.
Аднаго разу барон вярнуўся дадому раней звычайнага і са здзіўленнем спыніўся ў пярэдняй: што ён чуе? З кухні, дзе звычайна заўсёды панавала мёртвая цішыня, даносіліся цяпер дзіўныя галасы і смех. І вось ужо ў прачыненых дзвярах паказалася Лепарэла, збянтэжана і разам з тым задзірліва перабіраючы фартух.
— Прабачце, паночку, — сказала яна, утаропіўшы вочы ў падлогу, — у мяне тут сядзіць кандытарава дачка, прыгожая дзяўчына... яна так хоча з вамі пазнаёміцца.
Барон неўразумела паглядзеў на Крэсчэнцу, не ведаючы, ці злавацца яму на такое бессаромнае зводніцтва, ці пасмяяцца з яе празмернай стараннасці. Але мужчынская цікаўнасць перамагла, і ён сказаў:
— Ну добра, давай паглядзім на яе.
Дзяўчына — свежая шаснаццацігадовая бландзінка, якую Крэсчэнца паступова прывучыла да сябе ліслівымі словамі і ўгаворамі, — сапраўды часта паглядвала з паўдзіцячым захапленнем на элегантнага франта: уся чырвоная ад збянтэжанасці, так што Крэсчэнцы ўвесь час прыходзілася падштурхоўваць яе ззаду, яна выйшла ў прыхожую і з сарамлівым хіхіканнем спынілася перад баронам. Той убачыў, што яна прыгожая, і прапанаваў разам выпіць гарбаты ў яго пакоі. Дзяўчына не адважылася адразу пайсці ў пакой і азірнулася на Крэсчэнцу, але тая з незвычайнаю хуткасцю ўжо знікла на кухні, і ўцягнутай у прыгоду, счырванелай і ўсхваляванай дзяўчыне нічога не заставалася рабіць як прыняць небяспечнае запрашэнне.
Але прырода не робіць скачкоў: хоць пад уздзеяннем недарэчна скажонага пачуцця ў гэтай закасцянелай атупелай істоце і абудзілася нешта падобнае на духоўнае жыццё, усё-такі не прывучанае да працы мысленне не ўмела глядзець у будучыню і, як у жывёл з іх недальнабачным інстынктам, адгукалася толькі на непасрэдныя раздражняльнікі. Замураваная ў сваім імкненні ва ўсім служыць абагаўлёнаму гаспадару, Крэсчэнца зусім забылася пра баранесу. Тым жахлівей было абуджэнне: як гром сярод яснага неба прагучалі словы барона аднаго разу раніцаю, калі ён, хмурны і сярдзіты, трымаючы ў руцэ пісьмо, змрочна аб'явіў ёй, каб яна прыбрала ў кватэры, бо заўтра яго жонка вяртаецца з санаторыя. Крэсчэнца збялела і застыла на месцы з раззяўленым ротам: страшная навіна як нажом разанула па сэрцы. Яна нічога не магла сказаць і толькі вытарашчыла вочы, быццам не зразумела барона. І такі моцны страх, такая роспач былі напісаны ў яе на твары, што барон палічыў патрэбным крыху супакоіць яе:
— Ты, я бачу, таксама не вельмі радая, Чэнці, — сказаў ён. — Але тут ужо нічога не зробіш.
На акамянелым твары з'явіліся адзнакі жыцця, было відаць, што нешта падымалася з самых глыбінь яе істоты, з неймаверным намаганнем прабівалася наверх, паволі, быццам выштурхнутае страшэннаю спазмаю сэрца, падступала да горла. Змярцвелыя шчокі афарбаваліся ў барвовы колер. Нарэшце кадык сутаргава задрыжаў, і праз сціснутыя зубы глуха вырвалася:
— А можна было б... было б... што-небудзь і зрабіць.
Быццам смяротны стрэл выбухнулі гэтыя словы. І такою злосцю, такою хмурнаю рашучасцю перакрывіўся твар Крэсчэнцы, што барон здрыгануўся і міжвольна, здзіўлены, зрабіў крок назад. Але Крэсчэнца ўжо павярнулася да яго спінаю і пачала з такою сутаргаваю стараннасцю шараваць медную ступку, нібы хацела пераламаць сабе ўсе пальцы.
Пасля прыезду баранесы ў доме зноў паднялася бура — грукалі дзверы, па пакоях быццам гуляў вецер, праганяў узніклы тут у адсутнасць гаспадыні дух мірнай утульнасці і любоўных уцех. Відаць, ашуканая жанчына даведалася ад суседзяў ці з ананімных пісем, як бессаромна барон злоўжыў правам гаспадара дома, а мо яе пакрыўдзілі непрытоеная прыкрасць і раздражненне, з якімі ён яе сустрэў, — так ці інакш, але двухмесячнае лячэнне ў санаторыі, здавалася, мала памагло яе звышнапружаным нервам, бо, як і раней, істэрычныя прыпадкі рэгулярна змяняліся пагрозамі і агіднымі сцэнамі. З кожным днём адносіны паміж мужам і жонкаю пагаршаліся. Некалькі тыдняў барон яшчэ стойка вытрымліваў люты націск папрокаў, адбіваў яго выпрабаванаю зброяю: як толькі жонка пачынала пагражаць разводам або абяцала напісаць пра ўсё бацькам, ён рабіўся вытанчана-ветлівым і даваў няпэўныя абяцанні. Але яго бяздушная халодная абыякавасць толькі павялічвала хваравітую нервовасць адзінокай жанчыны, якая ўвесь час адчувала затоеную варожасць акружэння.
Крэсчэнца зноў замкнулася ў каменным маўчанні. Але цяпер гэтае маўчанне было агрэсіўным і небяспечным. У дзень прыезду баранесы яна ўпарта не выходзіла з кухні, а калі тая сама паклікала яе да сябе, то Крэсчэнца нават не прывіталася з гаспадыняю. Уцягнуўшы галаву ў прыўзнятыя плечы, яна стаяла як статуя і так сярдзіта адказвала на пытанні, што баранеса нарэшце страціла цярплівасць і адвярнулася; яна не бачыла, што Крэсчэнца кінула ёй у спіну шалёны позірк, поўны лютай нянавісці, якая сабралася за ўвесь час. Зварот гаспадыні пазбавіў яе ўсіх набытых правоў, яна адчувала сябе абакрадзенаю ў найлепшых пачуццях, несправядліва ўніжанаю; пасля радаснага самаадданага служэння гаспадару яе зноў спіхнулі на кухню, да пліты, пазбавілі такога блізкага імя «Лепарэла». Барон прадбачліва асцерагаўся выказваць пры жонцы сваю прыхільнасць да Крэсчэнцы. Але часам, знясілены ад чарговай сямейнай сцэны, адчуваючы патрэбнасць адвесці душу, ён у пошуках спачування ўпотай прабіраўся да яе на кухню, садзіўся на драўляны табурэт і са стогнам казаў:
[26] Аўтар лібрэта оперы «Дон Жуан» Моцарта.